Вы тут

А яны ўсё растуць...


Усе памятаюць гэты колішні хіт ад Сямёна Слепакова пра «пятую кропку» Ані Кузняцовай? Ну, якая ўвесь час расце, а ў каханні ёй не шанцуе? («Што яна толькі не рабіла: пасля шасці не ела-ла-ла, на трэнажоры бегала-ла-ла, вугляводы з бялкамі не змешвала-ла-ла, у саўне суткі пацела-ла-ла, мазала мазямі цела-ла-ла...)» Дык вось, такое бывае не толькі ў песні. 24-гадовая танцорка і спявачка Бетані Лаён з Лос-Анджэлеса выдаткавала 10 тысяч долараў на аперацыю па памяншэнні грудзей, але паступова яе бюст ізноў стаў... павялічвацца. У 2019 годзе дзяўчына перайшла з пятага да трэцяга памеру. Да гэтага рашэння яе прывялі болі ў спіне, складанасць у падборы адзення і дыскамфорт падчас заняткаў танцамі. «Навакольныя ўвесь час казалі пра мае грудзі, было адчуванне, што яны — гэта ўсё, што ўва мне заўважаюць. Да таго ж бюст быў вельмі цяжкі, таму замінаў мне танцаваць. Здавалася, што я выглядаю бязглузда», — успамінае дзяўчына. («— А гэта праўда, што ўсе дзяўчаты вельмі любяць рэвалюцыйныя песні?» — «Чаму вы так думаеце?» — «Ну як жа?! «І дарогу грудзямі пракладзём сабе...»)


Вынік аперацыі парадаваў Лаён, вось толькі з часам бюст зноў стаў расці. (Як там далей пра «пятую кропку» Ані Кузняцовай: «кармілі яе тараканамі, будзілі яе барабанамі, кідалі ў бярлогу з мядзведзямі і вось аднойчы заўважылі, што «пятая кропка» расце».) Гэта магло здарыцца ў выніку гарманальнага збою. «Праз два гады пасля аперацыі я ўсё ж прыняла свае вялікія грудзі, але не выключаю таго, што прайду праз паўторную працэдуру ў будучыні», — сказала Бетані. Пластычны хірург з Нью-Ёрка доктар Дуглас Стэйнбрэх даў свой каментарый наконт сітуацыі Лаён: «Пасля памяншэння грудзей часам здараецца адваротны рост тканак. Змяненне вагі, цяжарнасць, стрэс, хвароба, а таксама ваганні ў гарманальным балансе — усё гэта можа быць прычынай здарэння з Бетані». («У наш час новае — гэта добра абколатае ботаксам старое».)

А вось вам другая гісторыя ў тэму. Двухметровая прыгожая і стройная спартсменка не можа знайсці другую палавінку з-за росту. («Выйду замуж. Пра сябе: лёгкаатлетка, прабег — 40 тысяч кіламетраў».) Былая ўдзельніца Нацыянальнай зборнай Вялікабрытаніі па таэквандо Джэйд Слэвін вядомая ва ўсім спартыўным свеце. Яна — залатая медалістка і чэмпіёнка па ўсходніх адзінаборствах. Дзяўчына з дзяцінства пакутавала ад кпінаў з прычыны свайго росту. Дзеці і падлеткі могуць быць неверагодна жорсткімі. («— Замуж яшчэ не выйшла?» — «Ды якое там замуж?! Універ трэба скончыць, кар'еру зрабіць, увогуле — цэлы свет неспазнаных магчымасцяў!» — «Не прапануюць?» — «Не...») Яны называлі яе «пудзілам» і «страшыдлам». Гэтыя высмейванні доўжыліся да таго часу, пакуль дзяўчыне не споўнілася 16 гадоў, і Джэйд, каб павысіць самаацэнку, стала мадэллю. («Як толькі сустракаеш мужчыну сваёй мары, дык ён абавязкова ці на паўгалавы ніжэйшы, ці на паўжыцця маладзейшы».) «Я ненавідзела свой рост, хацела быць такой жа, як усе дзяўчаты вакол, насіць абутак на абцасах і не чуць за спінай гэтыя перашэптванні», — дзеліцца перажываннямі Джэйд. («— Дарагая, дзе ты была?» — «Бегала». — «А чаму ў «Інстаграме» пуста?») Акрамя таго, дзяўчыне заўсёды было цяжка знайсці адзенне прыдатнага памеру. Спартыўныя перспектывы дзяўчыны рэзка пашырыліся ў 21 год, пасля таго, як яна ўвайшла ў зборную Вялікабрытаніі па таэквандо. Вось тады Джэйд пачала цаніць свой рост за тыя магчымасці, якія ён дае ёй у спорце, і перастала шкадаваць аб ім. Толькі з абраннікам ёй пакуль не шанцуе... (А чым усё скончылася ў Кузняцовай: «І ведаеце, што Аня зрабіла? Інакш на жыццё зірнула-ла-ла, вырашыла пачаць усё спачатку і хутка каханне сваё сустрэла-ла-ла». Карацей, у Ані Кузняцовай падрастае дачка. Праўда, і «пятая кропка» ў яе па-ранейшаму расце...) Што тут скажаш? («Ажаніцца — не латарэя. У латарэі ў вас ёсць шанц».)

Профілі жывёл, сцэны з удзелам людзей, жаночае цела ў розных варыяцыях, адзенне ці нават звыклыя нам рэчы, такія як лямпачкі ці ахоўныя маскі... У «Інстаграме» ўсё больш папулярным становіцца акаўнт 23-гадовай мастачкі з Кот-д'Івуара Летыцыі Кай, якая стварае разнастайныя фігуры з уласных доўгіх валасоў. («— Ты нічога не заўважыў?» — «Валасы падрэзала?» — «Не!» — «Сукенка новая?» — «Не!» — «Ну, не ведаю тады...» — «Я валасы падрэзала!» — «Дык я ж адразу табе так і сказаў!» — «Ты здагадаўся, а я хацела, каб ты заўважыў!») Да таго ж проста ў сябе на галаве. У сваіх работах яна выкарыстоўвае металічны дрот, воск і штучныя пасмы. Для вырабу адной такой постаці ёй звычайна неабходна ўсяго каля 20 хвілін. («Жанчына павінна хутка рабіць тры рэчы: каптурок, салату і скандал».) Раю, пашукайце яе работы ў сеціве.

Нярэдка Летыцыя натхняецца тэматыкай фемінізму. У 2017 годзе дзяўчына выступіла супраць сексуальных дамаганняў фігурай мужчыны, які нібыта зазірае пад спадніцу жанчыне. Гэтым летам пратэставала супраць законапраекта аб забароне абортаў у ЗША. («Учора пастрыглася коратка. Муж заўважыў, але нічога не сказаў. Сёння падслухала, як звяртаецца да нашага сабакі: «Ты ведаў, што яна збіраецца зрабіць? Чаму ты адпусціў яе? Чаму не адгрыз ёй нагу?») Такая вось сіла росту... і сіла духу...

Кастусь ХАЦЕЛАЎ-ЗМАГЕЛАЎ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?