Вы тут

Старшыня Лідскага райвыканкама Сяргей Ложэчнік:«У нас ёсць усё, што неабходна для жыцця»


Рэпутацыю буйнога прамысловага цэнтра Ліда набыла ўжо не адно дзесяцігоддзе таму. Прадукцыя, якая вырабляецца на мясцовых прадпрыемствах, на працягу многіх гадоў з'яўляецца не толькі брэндам краіны, але і добра вядомая за мяжой. Чым яшчэ славіцца рэгіён, на тэрыторыі якога знаходзіцца адзін з найпрыгажэйшых замкаў Беларусі і як у найбліжэйшы час ён будзе развівацца, карэспандэнту «Звязды» расказаў старшыня Лідскага райвыканкама Сяргей ЛОЖЭЧНІК.


— Сяргей Васільевіч, напрыканцы года прынята падводзіць вынікі. З якімі сацыяльна-эканамічнымі паказчыкамі завяршаеце 2021-ы?

— Выкананыя ўсе асноўныя вытворча-эканамічныя паказчыкі, павялічваецца рэальны заробак. Гэта дазваляе дасягаць таго, на што накіравана сёння наша краіна. У эканоміцы рэгіёна задзейнічана 56 % насельніцтва. Што датычыцца сацыяльнай накіраванасці, рэалізаваны ўсе планы, звязаныя з укладаннямі ў ахову здароўя, сістэму адукацыі. За гэты год у нас з'явіўся шэраг спартыўных аб'ектаў. Эканоміка, якая стабільна працуе, дазваляе жыць так, як плануем. Нас нішто не выбівае з каляіны.

— Прыцягненне інвестыцый уплывае на развіццё эканомікі рэгіёна. Чым прываблівае інвестараў Лідчына?

— Лідскі раён прывабны не толькі геаграфічным становішчам, але і тым, што на нашай тэрыторыі ёсць магчымасць ствараць прадпрыемствы ў свабоднай эканамічнай зоне. Увогуле, мы глядзім на інвестыцыйную прыцягальнасць больш шырока: гэта і працоўны патэнцыял, і сацыяльная інфраструктура горада — у нас ёсць усё, што неабходна для жыцця. Адзначу, што ў інвестыцыйным цыкле рэгіёна ўдзельную вагу (каля 35 %) займае прыватны бізнес. Мы сёння дыверсіфікуем рынкі збыту і больш актыўна асвойваем Кітайскую Народную Рэспубліку, Еўрасаюз і нават краіны Афрыкі. У нас шмат прадпрыемстваў са змешаным капіталам. Яны працуюць стабільна: не скарачаюць аб'ёмы вытворчасці, не аптымізуюць працоўныя калектывы, а толькі развіваюцца.

— Як прадпрыемствам удаецца трымацца на плаве падчас сусветнага эканамічнага крызісу?

— У прамысловым комплексе Лідскага раёна функцыянуюць 27 буйных вытворчасцяў і 83 прадпрыемствы з замежным капіталам. Прадукцыя экспартуецца ў 67 краін. Асноўнымі гандлёвымі партнёрамі з'яўляюцца Расійская Федэрацыя, Літва, Украіна, Польшча, Вялікабрытанія. Пашыраецца геаграфія экспарту: мы ўжо асвоілі рынкі Дамініканскай Рэспублікі, Конга, Іарданіі, Ірана, Емена, Новай Зеландыі і інш. Залог поспеху прадпрыемстваў — прафесіянальныя калектывы. Тыя ўмовы, якія створаны ў дзяржаве для работы, памножаныя на прафесіяналізм любога калектыву, даюць добрыя вынікі.

— У Лідзе вельмі актыўна будуецца жыллё. З гэтай мэтай нават створаны новы мікрараён. Хто там будзе жыць і з якімі тэмпамі вядзецца будаўніцтва?

— Будаўнічая галіна — драйвер для многіх іншых сфер жыццядзейнасці. Сёлета на жыллёвае будаўніцтва накіравана 57,3 млн інвестыцый. З пачатку года ў эксплуатацыю ўведзена 423 кватэры, забяспечана жыллём 232 шматдзетныя сям'і. Апошніх сёння практычна няма ў чарзе тых, хто мае патрэбу ў жыллі: сям'я, якая становіцца шматдзетнай, на працягу года атрымлівае дах над галавой. Актыўна ідзе будаўніцтва новага мікрараёна «Поўнач». Ён стане самым вялікім у горадзе: разлічаны на больш чым 33 тысячы жыхароў. Гэта будзе сучасны жылы комплекс: двары без заезду для аўтамабіляў, ліфты прадугледжаны нават у пяціпавярховіках, дзіцячы садок на 190 месцаў, школа з басейнам на 1020 месцаў. Поўнасцю ўвесці ў эксплуатацыю першы квартал мікрараёна, разлічаны на 7200 жыхароў, плануем у найбліжэйшую пяцігодку.

— Лідскія медыкі ўсёй краіне паказалі, як змагацца з каранавіруснай інфекцыяй. Якая сітуацыя з пандэміяй сёння?

— Дзякуючы санітарна-супрацьэпідэміялагічным мерапрыемствам, якія праводзяцца сярод насельніцтва, у тым ліку вакцынацыі супраць COVІD-19, сітуацыя па захваральнасці ў раёне пайшла на спад з памяншэннем колькасці тых, хто захварэў, на 30 % штотыднёва. Вакцынацыяй супраць каранавіруснай інфекцыі ў раёне ахоплена больш чым 45 % насельніцтва. Сёння Лідская цэнтральная раённая бальніца з'яўляецца міжраённым цэнтрам, куды шпіталізуюць хворых на COVІD-19 з найбліжэйшых раёнаў. Ложкавага фонду дастаткова. Больш за тое, да новага года пасля капітальнага рамонту ўвядуць у эксплуатацыю хірургічны корпус, у якім будзе ўсталявана сто дадатковых кіслародных пунктаў.

— Сёння Ліда — яшчэ і адзін з турыстычных цэнтраў краіны...

— І яго жамчужына — Лідскі замак. Аднак каб перастаць быць транзітным турыстычным горадам, нам яшчэ шмат чаго трэба зрабіць. Вакол замка плануем стварыць адпаведную інфраструктуру, каб пасля экскурсіі людзі ў нас паелі, а магчыма, і пераначавалі. У наступным годзе каля замка адкрыецца пешаходная вуліца, дзе размесцяцца зоны адпачынку, канцэртныя пляцоўкі, пад адкрытым небам будуць праводзіцца ўрокі музычнага каледжу. Над архітэктурным вырашэннем вуліцы ўжо працуюць студэнты Брэсцкага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Пушкіна. Адзначу, што ў нас сур'ёзна развіты і прамысловы турызм. Прадпрыемствы арганізоўваюць на сваіх тэрыторыях музеі, можна пабываць на вытворчасці, пра-дэгуставаць прадукцыю. Той жа шклозавод «Нёман» да пандэміі прымаў прыкладна 17,5 тысячы турыстаў за год.

— Нам вядома, што па вашай ініцыятыве ў райцэнтры будзе створаны батанічны сад...

— Ён размесціцца на плошчы ў 26 гектараў. Тут з'явяцца ландшафты, дарожкі, ва-
даёмы. Дапоўніць комплекс паркавая зона: ужо высаджаны першыя алеі. Галоўным аб'ектам стане аранжарэя — чатырохпавярховы вітражны будынак у форме кветкі з раскрытымі лістамі. Унутры размесцяцца ярусы з экзатычнымі раслінамі, якімі адначасова змогуць любавацца 170 наведвальнікаў. На тэрыторыі батанічнага саду таксама прадугледжаны кафэ з тэрасай, кветкавая крама, вучэбна-адукацыйны цэнтр з канферэнц-залай. Пралічана эканамічная выгада: зелянгас зможа ладзіць экскурсіі, прадаваць расліны, праводзіць канферэнцыі, запрашаць у кафэ. Рэалізацыя плана па стварэнні ў Лідзе батанічнага саду дапаможа не толькі павялічыць турыстычную прывабнасць рэгіёна, але і захаваць калектыў вузкапрафесійных спецыялістаў службы зялёнай гаспадаркі Лідскага ЖКГ, прадухіліць закрыццё ўстановы.

— Як высветлілася, Ліда — яшчэ і спартыўны горад...

— Усё, што нам неабходна зрабіць, падказваюць людзі. Менавіта рэагуючы на запыт жыхароў горада, мы пабудавалі міні-футбольны манеж, у якім можна трэніравацца ў любое надвор'е. Аднойчы да мяне ў сацыяльнай сетцы звярнуліся падлеткі і папрасілі стварыць у Лідзе скейт-парк. Пытанне вывучылі — і неўзабаве такая пляцоўка з'явілася. Цяпер займаемся мадэрнізацыяй школьных стадыёнаў пад сучасныя спартыўныя аб'екты для школьнікаў і дарослых лідчан. Кожны прышкольны стадыён у перспектыве будзе разбіты на пляцоўкі: міні-футбольную, для гульнявых відаў спорту, пляцоўку па варкаўце і тую, якую пажадаюць мясцовыя жыхары. Першы крок ужо зроблены: стадыён школы № 16 атрымаў новае асвятленне, заасфальтаваную бегавую дарожку і спортпляцоўку. Мадэрнізацыя працягнецца. Школьнікам стала больш зручна займацца фізкультурай, а пасля ўрокаў на стадыён прыходзяць удасканальваць сваю фізічную форму мясцовыя жыхары. І гэта не можа не радаваць!

Вераніка КАНЮТА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».