Вы тут

Феномен Максіма Багдановіча


«Я ж кажу вам: добра быць коласам; але шчаслівы той, каму дадзена быць васільком. Бо нашто каласы, калі няма васількоў?»​ Так калісьці пісаў Максім Багдановіч пра лёс паэта.


Дом, у якім нарадзіўся Максім Багдановіч

Яму было дадзена стаць паэтам, прыгожым беларускім васільком, які чыстаю красою сваіх вершаў даводзіць хараство беларускай культуры і багацце душы беларускага народа.

Сёння Максіму Кніжніку, як ён сябе называў, 130 гадоў. Пра тое, чым адметныя асоба і плён Максіма Багдановіча, чаму яго творы актуальныя і сёння, разважаюць доктар філалагічных навук, прафесар кафедры тэорыі літаратуры Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта Вячаслаў Рагойша; паэт, намеснік дырэктара выдавецтва «Мастацкая літаратура» — галоўны рэдактар часопіса «Полымя» Віктар Шніп; намеснік генеральнага дырэктара — дырэктар па навуковай рабоце, сацыякультурнай і выдавецкай дзейнасці Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі Алесь Суша; літаратуразнаўца, кандыдат філалагічных навук, дацэнт, складальнік і навуковы рэдактар энцыклапедыі «Максім Багдановіч» (2011) Мікола Трус і рэжысёр-аніматар, аўтар мультфільма «Максім Багдановіч» Алена Пяткевіч.

— Чаму мы можам павучыцца ў Максіма Багдановіча?

Вячаслаў Рагойша: Найперш — патрыятызму. Сапраўднаму, дзейснаму, а не галаслоўнаму. Мала казаць пра любоў да Беларусі — трэба ведаць, шанаваць, узбагачаць яе мову, культуру, гісторыю. Як гэта рабіў Багдановіч. Нібы тая пчала, наш мысляр збіраў у беларускія соты мёд з многіх кветак, у тым ліку — «з кветак чужых палёў», выпрацоўваў для Беларусі «пашпарт на інтэлігентнасць», як казаў Іван Франко. Пакутуючы з васямнаццаці гадоў ад невылечных тады сухотаў, Багдановіч страх смерці пераадолеў думкай пра неўміручасць роднай Беларусі, духоўнаму адраджэнню якой прысвяціў усё сваё жыццё.

Віктар Шніп: У свой час, калі мне было дванаццаць гадоў, у школе на ўроку беларускай літаратуры я пачуў, што за дзесяць кіламетраў ад нашых Пугачоў нарадзіўся Янка Купала. Тое, што Купала загінуў у 1942 годзе, я не пачуў, і таму ў тое ж лета пайшоў у Вязынку да Купалы, каб ён павучыў мяне пісаць добрыя вершы. Схадзіў у Вязынку, але да Купалы ў хату пабаяўся зайсці. І калі б на ўроку беларускай літаратуры я даведаўся, што за пятнаццаць кіламетраў ад Пугачоў у Ракуцёўшчыне жыў Максім Багдановіч, я, відаць, таксама пайшоў бы да Багдановіча. Я б не пачуў, што гэта было даўным-даўно. Я панёс бы свае вершы Максіму Багдановічу, каб ён падвучыў мяне пісаць творы пра каханне.

Мікола Трус: Варта павучыцца мэтанакіраванасці, цэльнай самаадданасці беларускай справе. Была ў яго і дэталёва прадуманая праграма нацыянальнага будаўніцтва, і яе паэтапнае выкананне. Многае паэт свядома, самаахвярна ўзваліў на свае ўласныя плечы. Як пісаў бацька Максіма Багдановіча, «слабогрудый, хилый, поднял этот тяжелый, кропотливый, крохоборческий труд и нес его терпеливо, упорно, для всех окружающих незаметно». Ужо для сучаснікаў, калег па пяры малады беларус, які жыў на Волзе, быў прыкладам не толькі фенаменальнага авалодання беларускай мовай удалечыні ад яе жывога гучання. Максім Багдановіч заўважна вылучаўся сярод пісьменнікаў паслядоўнай арыентацыяй сваёй творчасці на найлепшыя ўзоры сусветнага пісьменства, уважлівым і патрабавальным стаўленнем да друкаванага слова, ступеняў росту нацыянальнага пісьменства. За ім — аўтарытэт старонняга крытыка, арбітра, чалавека з бездакорным мастацкім густам. Шырока вядомыя паэтычныя радкі — «Нашто ж на зямлі // Сваркі і звадкі, боль і горыч, // Калі ўсе мы разам ляцім // Да зор?» — гэта не толькі запавет, як мы прывыклі ўспрымаць, але і яго ўласнае жыццёвае правіла.

Алена Пяткевіч: Навучыцца не можам. Можам любіць і захапляцца ягонай творчасцю. Багдановіч выдатна кантактаваў з Сусветам. Паэт — празорлівец, цудатворац... Асаблівы Божы дар. Адметная ўласціваць гэтага дару — голас душы, уменне ўлавіць і перадаць словамі незвычайныя імгненні чалавечага жыцця.

Першы апублікаваны верш Максіма Багдановіча «Над магілай», газета «Наша Ніва» (№ 1) 1 студзеня 1909 года.

Алесь Суша: Максім Багдановіч — адзін з першых і найлепшых інтэлектуалаў у асэнсаванні беларускай культуры. Яго работы, найперш «Беларускае адраджэнне», а таксама іншыя — гэта вытокі беларускай культуралогіі. Багдановіч здзейсніў адну з першых спроб беларускай літаратурнай крытыкі: па-беларуску і знутры беларускай літаратуры. Для параўнання Яўхім Карскі — таксама беларус па нараджэнні, але ён тое робіць не зусім знутры — гэта такі антрапалагічны і этнаграфічны нарыс з пазіцыі высокай расійскай культуры, што вось у нас ёсць такая дробная народнасць, і давайце паглядзім, чым беларусы вылучаюцца. Багдановіч, мусіць, самы пазачасавы, самы актуальны беларускі пісьменнік. У нейкім сэнсе яго творы абганялі рэаліі беларускай літаратуры. Прыклад Багдановіча натхняе на асэнсаванне спадчыны многіх іншых творцаў, незаслужана забытых альбо недастаткова даследаваных.

— Які твор Максіма Багдановіча вам найбольш блізкі і чаму?

Вячаслаў Рагойша: Сёлета, у Год народнага адзінства, часта згадваюцца словы з верша «Я хацеў бы спаткацца з Вамі на вуліцы...»: «Нашто ж на зямлі // Сваркі і звадкі, боль і горыч, // Калі ўсе мы разам ляцім // Да зор?»

Алесь Суша: Вершы, пакладзеныя на музыку. Мне пашанцавала, бо маці мая працавала ў сферы культуры і я быў далучаны да культурнага жыцця. Нават на час перайменавання вуліцы Максіма Горкага ў вуліцу Максіма Багдановіча я ўжо добра ведаў, хто гэта такі. Плюс у той час шмат якія творы яго былі пакладзены на музыку, іх спявалі, яны сталі народнымі хітамі. І я сам, будучы дзіцем, у розных кампаніях спяваў гэтыя песні.

Віктар Шніп: Вершамі Максіма Багдановіча я пачаў зачытвацца толькі пасля дваццаці гадоў. У мой школьны час творчасць Багдановіча ці не вывучалася, ці я ўрок прапусціў. Не памятаю. Але калі мной быў прачытаны «Вянок», я адразу палюбіў Багдановіча. Кожны ягоны верш стаў для мяне цэлым сусветам, у якім штораз я адкрываў для сябе нешта новае. І самае галоўнае — чытаючы Багдановіча, хочацца самому пісаць. З усіх твораў паэта мне найбольш падабаецца санет «Паміж пяскоў Егіпецкай зямлі...», у якім ёсць радкі:

Хоць зернейкі

засохшымі былі,

Усё ж такі жыццёвая

іх сіла

Збудзілася і буйна

ўскаласіла

Парой вясенняй збожжа

на раллі.

У гэтых, здавалася б, простых радках — уся праўда жыцця. Усё жывое ў неспрыяльны для яго час замірае, але не памірае, і як толькі адыходзіць халоднае, зімняе, ажывае і квітнее. Гэты верш заўсёды дае надзею на лепшае, на добрае.

Мікола Трус: Вось ужо амаль тры дзесяцігоддзі, як жыццё і творчасць Максіма Багдановіча знаходзяцца для мяне ў пастаянным фокусе даследчыцкай увагі — музейнай, архіўнай, літаратуразнаўчай. Не магу сказаць, што з гэтай прычыны адчуванне непаўторнага смаку паэтычнага слова ў нечым страцілася. З задавальненнем перагортваю старонкі з добра знаёмымі тэкстамі, увесь час адкрываю для сябе нешта новае. Многія мерапрыемствы ў наш час актыўна пераносяцца ў сеткавую прастору. Гэта было ўлічана пры правядзенні ў 2016 годзе міжнароднай культурнай акцыі «Максім Багдановіч на мовах народаў свету», звязанай з перакладам верлібра «Я хацеў бы спаткацца з Вамі на вуліцы...» Аўтарам ідэі і мадэратарам выступіў ваш пакорны слуга. Асноўную медыйную падтрымку ўзяў на сябе Выдавецкі дом «Звязда». У выніку Багдановічаў твор загучаў на мовах усіх кантынентаў, а ўдзел узялі перакладчыкі велізарнай статуснай амплітуды: ад школьнікаў і студэнтаў да міністраў і паслоў замежных краін.

Алена Пяткевіч: Зборнік паэзіі Максіма Багдановіча «Вянок» — гэта сузіранне дабрыні чалавечага сэрца. Ён абуджае жаданне глыбока, пранікліва любіць.

— Якія адкрыцці наконт асобы і творчасці Максіма Багдановіча вам удалося зрабіць?

Вячаслаў Рагойша: Распачалася мая работа яшчэ ў 60-х гадах мінулага стагоддзя, калі і доступ да саміх сховішчаў быў абмежаваны, і апісанні іх былі няпоўныя ці зусім адсутнічалі, а сучасная алічбоўка дакументаў і ў сне не снілася... Асобныя свае знаходкі я апісваў у перыёдыцы. З часам з тых публікацый склалася кніжка «Вяршыні. З невядомага і забытага пра Янку Купалу, Якуба Коласа, Максіма Багдановіча», якая выйшла ў выдавецтве «Універсітэцкае» ў 1991 годзе. У кніжку ўвайшло адшуканае мной у тагачасных архівах. У Цэнтральным дзяржаўным архіве літаратуры і мастацтва СССР — пра першыя пераклады на рускую мову вершаў Максіма Багдановіча «Возера» і «Сэрца ные, сэрца кроіцца ад болю...», што належалі вядомаму ў свой час гісторыку літаратуры, перакладчыку і крытыку Чашыхіну-Вятрынскаму. У Дзяржаўным архіве-музеі літаратуры і мастацтва БССР — пра ліст Багдановіча ў «Нашу Ніву» з просьбай выпісаць газету на два летнія месяцы 1909 года і дасылаць яе на адрас: Ялта, Аутка, дача «Шалаш». У рукапісным аддзеле Цэнтральнай навуковай бібліятэкі АН УССР у Кіеве — пра рукапіс вядомага артыкула «Краса и сила (Опыт исследования стиха Т. Г. Шевченко)», з якога рабіўся друкарскі набор для маскоўскага часопіса «Украинская жизнь».

Пасля адкрыцця помніка Максіму Багдановічу 9 снежня 1981 года. Янка Саламевіч, Генадзь Шупенька, Іван Шамякін, Таццяна Кабржыцкая, Вячаслаў Рагойша.

Галоўнае, што тады адшукалася ў Музеі музычнай культуры імя М. І. Глінкі ў Маскве, — матэрыялы, звязаныя з публікацыяй у часопісе «Музыка» ў 1915 годзе артыкулаў І. Глебава (псеўданім Барыса Асаф'ева) «О романтической сущности творчества Мусоргского, попутно вообще о романтизме, все — в пределах полемического ответа эпигону «передвижничества» і Максіма Багдановіча «Об интересном мнении г. Глебова». Максім смела ўступіў у спрэчку з самім Асаф'евым, тады ўжо прызнаным музыказнаўцам, кампазітарам, у будучым — акадэмікам, народным артыстам СССР, даказваў (і даказаў!), што Мадэст Мусаргскі ў музыцы — не рамантык, а рэаліст. І хоць Асаф'еў спачатку пагардліва, нават абразліва паставіўся да свайго апанента ў лістах да рэдактара «Музыкі» Дзержаноўскага («эпигон «передвижничества», «письмо его, откровенно говоря, глупое» і г. д.), пазней вымушаны быў карэнным чынам перагледзець сваю ранейшую ацэнку Мусаргскага. Больш за тое, тая спрэчка, відавочна, падказала яму вызначэнне музыкі як інтанаванага сэнсу, а інтанацыі — як выяўлення думкі ў музыцы, стрыжань яго тэорыі інтанацыі. Адшуканыя ж музейныя матэрыялы дазволілі мне напісаць артыкул «Яркі дэбют Багдановіча-музыказнаўца», пакуль што (без пахвальбы) найбольш грунтоўнае і аб'ектыўнае даследаванне на гэтую тэму.

Віктар Шніп: У нашым выдавецтве «Мастацкая літаратура» выйшаў зборнік вершаў Максіма Багдановіча ў серыі «Народная бібліятэка». Кожны том серыі складаюць самі чытачы — з дапамогай бібліятэк мы даведваемся, якія творы яны лічаць вартымі ўключэння ў зборнік выбранага таго ці іншага класіка. Найбольш галасоў набралі такія вядомыя творы Багдановіча, як «Зорка Венера ўзышла над зямлёю» і «Слуцкія ткачыхі». Але атрымаўся і вялікі раздзел перакладаў — Максім ставіў за мэту давесці, што на беларускай мове можа прыгожа загучаць любая паэтычная форма. У ягоным пераказе дасканала чуецца сусветная паэзія ад Авідзія да Поля Верлена, і сучаснаму чытачу гэта таксама вельмі цікава. У асобным раздзеле сабраная мастацкая проза... Нешматлікі раздзел, але для мяне стала відавочна, наколькі выдатным, магчыма, найлепшым у сваёй эпосе празаікам мог бы быць Багдановіч.

Мікола Трус: У часы Вялікай Айчыннай вайны страчаны архіў паэта. А гэта асноўны корпус рукапісных збораў, эпісталярнай спадчыны. Сёння кожная «драбніца» не можа не радаваць. За апошнія гады я выявіў шэраг невядомых прыжыццёвых публікацый Максіма Багдановіча, зробленых у Аўстра-Венгрыі, Расійскай імперыі, ЗША. Даруйце даследчыцкую эйфарыю, але з гэтымі адшуканымі фактамі, за кожным з якіх шмат асобных сюжэтных ліній, як пабагацела беларуская літаратурная прысутнасць у размаітым культурным ландшафце планеты!

Алена Пяткевіч: Якога я адкрыла для сябе Багдановіча?.. Ён жыў з самага маленькага ўзросту ў катастрофах. Памёр рана. Але яго талент унікальны. Гэта паэтычны рэнесанс. Ён узвышае і натхняе нашчадкаў.

Алесь Суша: Па-першае, мы з калегамі знайшлі адносна нядаўна адзін з новых аўтографаў пісьменніка ў нашых фондах. Думаю, што ў нейкай ступені я вінаваты таксама ў пераасэнсаванні Максіма Багдановіча як пачынальніка беларускай культуралогіі. Багдановіч нядаўна быў асэнсаваны і як аўтар, стваральнік аднаго з першых беларускіх буквароў, альбо, як іх тады называлі, лемантарыкаў. Захаваліся ўспаміны брата Максіма Паўла Багдановіча пра тое, што яшчэ жывучы ў Яраслаўлі, прыблізна каля 1911 года, Максім Багдановіч зацікавіўся стварэннем буквара. Працаваў над ім вельмі актыўна. Зрабіў ужо кніжачку, якая суправаджалася ілюстрацыямі з адмысловым дызайнам літар-буквіц. Для афармлення Багдановіч прыцягнуў братоў Какуевых, і яны зрабілі каляровыя малюнкі. На той час беларускіх каляровых буквароў яшчэ не было, гэта магла б быць шыкоўная навацыя. Другі раз паэт звярнуўся да гэтай тэмы ўжо ў час Першай сусветнай вайны, працуючы ў Мінску разам з Аркадзем Смолічам і Зоськай Верас, якія шмат увагі аддавалі беларускай адукацыі і «дзіцячым» пытанням. У нарысе «Беларускі бежанскі прытулак» і яшчэ некалькіх Багдановіч кажа пра ролю беларускамоўнай адукацыі і важнасць адкрыцця беларускіх школ. Ён наведваў прытулак для дзетак бежанцаў у Ратамцы пад Мінскам, які працаваў па-беларуску. Але ў Расійскай імперыі аж да канца яе існавання беларускія школы так і не дазволілі. Максім Багдановіч вельмі шмат зрабіў для таго, каб яны ўзніклі. У 1915—1916 гг. ён актыўна працаваў над стварэннем чытанкі разам са Смолічам і Зоськай Верас. Пра аркушы з беларускага «Лемантара» згадваў бацька пісьменніка, які знайшоў іх, калі прыехаў вырашаць пытанні адносна пахавання. Адам Ягоравіч піша, што сын жыў гэтай ідэяй, да якой не вельмі быў падрыхтаваны складам свайго характару. Бацька недаацаніў важнасць задумы свайго сына. Дакументы Максіма, якія перадаў Адам Багдановіч, захоўваліся ў Інбелкульце ў 1920—1930-я гады ў складзе, здаецца, чатырнаццаці папак. Была і папка «Матэрыялы да беларускага «Лемантара», якая знікла з іншымі. Праўда, у 1927 годзе выйшаў «Лемантар для дарослых», аўтарамі якога былі пазначаны Сцяпан Некрашэвіч, Мікалай Байкоў і Максім Багдановіч. Хоць на той час ужо дзесяць гадоў прайшло са смерці Максіма, верагодна, што складальнікі часткова маглі выкарыстаць яго матэрыялы.

Варвара, Мікалай, Ганна і Рафаіл Какуевы.

— У чым загадка Максіма Багдановіча?

Вячаслаў Рагойша: Асоба і творчасць Максіма Багдановіча часам «правакуюць» пошукі і адкрыцці іншай, не багдановічаўскай, тэматыкі. Так, дзякуючы яму нам з Таццянай Кабржыцкай пашчасціла ўпершыню разгадаць «легенду Сяргея Палуяна», сустрэцца з яго родзічамі, у тым ліку з трыма роднымі сёстрамі.

Віктар Шніп: У свой час загадку стварылі з так званага інтымнага дзённіка Максіма Багдановіча, ягоных запісаў пра адносіны з жанчынай. Дасюль многія сцвярджаюць, што тыя запісы нельга было абнародаваць. Але творчыя людзі не могуць не быць публічнымі. Для чытачоў усё цікава з іх жыцця. У Багдановіча няма нічога заганнага, што трэба было б хаваць ад людзей. А тым больш што ён увесь у сваіх творах. І тут хутчэй не загадка Максіма Багдановіча, а феномен Максіма Багдановіча. І ў чым ён? А ў тым, што, пражыўшы дваццаць пяць гадоў, паэт напісаў столькі класічных вершаў, колькі не напісалі многія паэты, пражыўшы па 80, а то і больш гадоў.

Мікола Трус: Думаецца, прычына трывалай цікавасці да загадкі тоіцца ў яе неразгаданасці. Міхась Стральцоў, хоць і назваў сваё эсэ «Загадка Багдановіча», адказы таксама не агучыў. Перад намі спосаб белетрызацыі жыцця і творчасці паэта, лагічны ў кантэксце працэсаў міфалагізацыі: Максім Багдановіч — паэт-легенда.

У сучаснай беларускай гуманітарыстыцы «загадкавасць» яшчэ не саступіла месца, напрыклад, «кодавасці» як больш навуковаму падыходу. Але абнаўленчыя тэндэнцыі відавочныя. Менавіта яны і закліканыя працаваць на «прывабнасць» Багдановіча для розных пакаленняў, асабліва — для моладзі.

Алена Пяткевіч: Загадка Багдановіча — глыбокая мудрасць любячага чалавека, які сумуе па сваім шчаслівым дзяцінстве, па маці, вобраз якой зліўся з яго Радзімай. Дарэчы, мой мультфільм пра Багдановіча называецца «Я тайну ў глыбіні душы хаваю».

Алесь Суша: Творчасць Багдановіча не мае межаў у храналагічным дыяпазоне. Яго творы нярэдка цытуюць у даследаваннях старажытнага беларускага пісьменства тысячагадовай даўнасці. Гэтаксама яны абсалютна прыдатныя для рэалій ХХІ стагоддзя. У Беларусі перыяд, калі працаваў Максім, быў перыядам паўстання нацыі, фарміравання нацыянальных каштоўнасцяў. Для большасці еўрапейскіх народаў гэта быў ужо пройдзены этап, ім не трэба было адстойваць права «народам звацца». І пры гэтым пачатак ХХ стагоддзя — гэта час мадэрнізму, пошукаў новага ў літаратурнай творчасці. Багдановіч рабіў тое ж, што ўсе беларускія дзеячы, тыя ж Колас з Купалам, але пры гэтым у адпаведнасці з найноўшымі павевамі свайго часу. У гэтым сэнсе ён абсалютна незвычайны.

— Што яшчэ можна было б зрабіць дзеля ўшанавання яго памяці?

Вячаслаў Рагойша: На ўкраінскай мове, дзякуючы Раману Лубкіўскаму, у 2002 годзе ў Львове любоўна выдадзена грунтоўная кніга «Стратим-лебідь» — па сутнасці, поўны збор твораў Максіма Багдановіча. На жаль, да гэтага часу падобнага, поўнага збору твораў Багдановіча на рускай мове не існуе. Рускі чытач, за выключэннем перакладаў выбраных вершаў аўтара «Вянка», не ведае яго прозы, навуковых артыкулаў, публіцыстыкі, эпісталярыя. Варта было б у адным з маскоўскіх выдавецтваў — магчыма, за сродкі Саюзнай дзяржавы — арганізаваць такое выданне (відаць, у двух тамах)... Дзеля ўшанавання Багдановіча многае зроблена ў Мінску: адкрыты музей паэта, устаноўлены яму помнік, адной з вуліц прысвоена яго імя... Калісьці я выказаў прапанову надаць Нацыянальнаму акадэмічнаму Вялікаму тэатру оперы і балета Беларусі імя Максіма Багдановіча і пераназваць яго імем плошчу Парыжскай Камуны, што каля тэатра. Гэта было б правільна ва ўсіх адносінах... А што да звычаю надаваць тэатрам оперы і балета імёны выдатных нацыянальных пісьменнікаў, то гэта даўняя і даволі пашыраная традыцыя. Так, імя Пушкіна тэатры носяць (або насілі) у Ніжнім Ноўгарадзе і Кішынёве, Чарнышэўскага — у Саратаве, Шаўчэнкі — у Кіеве, Франко — у Львове, Абая — у Алматы, Ахундава — у Баку, Наваі — у Ташкенце, Махтумкулі — у Ашхабадзе, Айні — у Душанбэ, Мусы Джаліля — у Казані...

Віктар Шніп: Для большага ўшанавання Максіма Багдановіча сёння ўжо амаль нічога і не прыдумаеш. Ён стаіць побач з Купалам і Коласам. І ніхто ўжо іх тройку не парушыць. Яна вечная, як Беларусь. Мацуючы Беларусь, мы будзем мацаваць памяць пра Багдановіча.

Мікола Трус: Сёння ў Беларусі пра годнае ўшанаванне памяці і папулярызацыю творчасці паэта дбаюць дзяржаўныя літаратурныя музеі — у Мінску, Гродне і Ракуцёўшчыне (Маладзечанскі раён). У свой час агучвалася ідэя стварэння падобнай памяткі ў вёсцы Вяззе Асіповіцкага раёна. Варта было б яе рэанімаваць. У гэтым населеным пункце некалькі месяцаў 1895 года правяла Марыя Апанасаўна з трыма маленькімі сынамі. Новы музей тэматычна б не дубліраваў ужо існуючыя, змог бы прыўнесці свежую плынь у культурнае жыццё рэгіёна.

Алена Пяткевіч: Там, дзе стаяла хата Багдановічаў у Мінску, прыбраць «наш зручны быт» (тэнісную пляцоўку і смеццевыя бакі), пасадзіць бэз, шмат бэзу з Батанічнага саду, каб вока, убачыўшы яго, напаўнялася слязамі радасці...

Алесь Суша: «Інтымны дзённік» Максіма Багдановіча выклікаў дэбаты ў колах культурнай інтэлігенцыі, ці аддаваць яго публічнасці. З аднаго боку, ёсць пэўная мяжа. З другога, у навуковых даследаваннях мусіць аналізавацца і выходзіць на паверхню ўсё. Спробы нешта прыхаваць прыводзяць да павелічэння інтарэсу менавіта да гэтай часткі, і яна нярэдка пачынае дамінаваць па-над тым, што больш каштоўнае. Вядомыя творцы ва ўсім свеце цяпер пераасэнсоўваюцца і выступаюць у новых ролях, якія дазваляюць асучасніць іх і прыцягнуць большую цікавасць да іх асобы і творчасці. Мне падаецца, тое ж датычыцца і Максіма Багдановіча. Згаданы «Інтымны дзённік» можа фігураваць і ў культурных, і ў тэатральных ініцыятывах. Могуць выкарыстоўвацца іншыя, можа, менш папулярныя блокі творчасці паэта. Праз гэта мы не згубім Максіма. Урэшце, ён адзін з найвышэйшых у маральным і патрыятычным сэнсе прыкладаў нашай культуры. А перш за ўсё быў проста чалавек, які меў свой лёс.

Былі ў постбіяграфіі Багдановіча і складаныя перыяды, калі пра яго забываліся і рэдка згадвалі. Аднак сёння яму шанцуе. Ёсць музеі, помнік, вуліцы ў розных гарадах. Ёсць персанальная энцыклапедыя Максіма Багдановіча. Яго, на мой погляд, не стае яшчэ ў сучаснай інтэрнэт-прасторы. Не хапае паэта і ў нефармальных колах. Хай бы ствараліся ролікі ў «Цік-Току», коміксы, дзе Багдановіч увасобіўся б у ролі героя. Пакуль гэта ёсць у абмежаванай, невялікай колькасці. Няхай было б такіх ініцыятыў больш. Іначай паэт усё больш будзе нагадваць бронзавы помнік, аддаляцца і ператварацца ў міфічную асобу. А Максім Багдановіч можа стаць героем нашага часу.

Падрыхтавалі Алена ДРАПКО, Арына КАРПОВІЧ, Людміла РУБЛЕЎСКАЯ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?