Вы тут

Жывуць легенды ў Геранёнах


Старадаўняе мястэчка Геранёны, якое славіцца яблыневым садам, фабрыкай кветак, вялікім возерам, дзе водзіцца шмат рыбы, уваходзіць у турмаршрут “Залатое кальцо Іўеўшчыны”, што ў Гродзенскай вобласці. У нашы дні мястэчка вабіць турыстаў і сваёй мінуўшчынай: гісторыяй трагічнага кахання беларускіх Рамэа і Джульеты — караля Жыгімонта ІІ і Барбары Радзівіл, а таксама парэшткамі замка ХV–XVI стагоддзяў, у якім яны былі шчаслівыя.


Барбара Радзівіл і Жыгімонт II Аўгуст.  ЛІТАГРАФІЯ З КАЛЕКЦЫІ МАСТАКОЎ ВАЛЯНЦІНА І ЛІЛІІ ВАРЭЦАЎ.

У пару, калі мы падарожнічалі ўздоўж дзяржаўнай мяжы Беларусі (красавік — жнівень 1996-га), і падумаць не маглі, што гадоў праз 25 месцы, праз якія ішлі, стануць такімі прывабнымі для турыстаў. І што веламаршрут Іўе — Суботнікі — Жамыслаўль — Геранёны — Ліпнішкі — Іўе працягласцю 70 км (можа быць і даўжэйшым у залежнасці ад аб’ектаў наведвання) назавуць “Залатым кольцам Іўеўшчыны”. А мы ж фактычна прайшлі большую яго частку.

Сёння велатурыстам і тым, хто аддае перавагу аўто і аўтобусам (спецпалос на дарогах мясцовага значэння для веласіпедыстаў пакуль няма) прапануецца наведаць Іўеўскі музей нацыянальных культур, мячэць, касцёл Святых апосталаў Пятра і Паўла, царкву Святога мучаніка немаўляці Гаўрыіла Беластоцкага, будынак былой сінагогі, Іўеўскую крыніцу (г. Іўе), касцёл Святога Мікалая, руіны замка XV–XVI стагоддзяў (Геранёны), касцёл Святога Уладзіслава, магільны склеп роду Умястоўскіх (Суботнікі), сядзібу Умястоўскіх (Жамыслаўль), касцёл Святога Казіміра (Ліпнішкі). Карацей: ёсць шмат чаго цікавага.

Фрагмент карціны "Прывід Барбары Радзівіл". Мастак Ян Мацейка.

Пасля Жамыслаўля рушылі мы палявою дарогай да мястэчка Суботнікі, дзе і сустрэлі пагранічнікаў, з якімі павіталіся. Тыя нават не праверылі нашы дакументы. Відаць, таму, што былі мы спакойныя, у іх пацікавіліся: адкуль самі хлопцы, ці падабаецца служба… Ды яшчэ важкім аргументам на карысць таго, каб не хвалявацца ў прымежжы, быў наш афіцыйны дакумент за подпісам тагачаснага камандуючага пагранічнымі войскамі Маркоўкіна В. Ф. Дакумент сведчыў, што мы, журналісты, можам свабодна перамяшчацца ў прыгранічнай зоне “з мэтай вывучэння культуры і традыцый беларускага народа”. Пагранічнікі нам і параілі агледзець мясцовы касцёл Святога Уладзіслава. Крыху пазней непадалёк ад яго, у цэнтры Суботнікаў мы адпачылі, замалявалі ў дзённіку алоўкам прыгожыя па форме вітражы касцёла ХІХ стагоддзя. Даведаліся ад мясцовых жыхароў, што храм з высокай трох’яруснай званіцай, вытанчаным шпілем, які ўзносіцца высока ў неба, — асновная славутасць мястэчка.

Цяпер з інтэрнэта ведаем, што храм той будавалі Уладзіслаў і Яніна Умястоўскія — гаспадары палаца ў Жамыслаўлі. Асвечаны будынак быў у 1904 годзе, у ягонай крыпце і пахавалі яго заснавальніка, а затым туды былі ўнесены астанкі яго сваякоў. Пра тое паведамляе мемарыяльная дошка, усталяваная ў 1931 годзе ў крыпце храма, дзе знаходзіцца фамільны магільны склеп Умястоўскіх. На тым надмагіллі, што прызначалася для Яніны (прадбачліва паклапацілася пра яго сама), няма ні імені, ні дат. Як пазней мы даведаліся, графіня памерла ўдалечыні ад родавага гнязда — у Рыме…

Касцёлу Святога Уладзіслава ў мястэчку Суботнікі больш за 100 гадоў. З часам храм гэты, кажуць, зусім не змяніўся, да таго ж не страціў ніводнага прадмета свайго інтэр’ера. Касцёл гэты ўзведзены на сродкі мясцовых уладароў са знакамітага роду Умястоўскіх, і паглядзець там ёсць на што.  (ФОТА: PLANETABELARUS.BY)

У Суботніках мы не затрымаліся, вырашылі рухацца ў бок Геранён. Па дарозе сустрэлі вельмі прыемнага чалавека, які вяртаўся дамоў з працы. І па рабочым запыленым адзенні тое было відаць, і па стоме… Але жывыя вочы колеру валошак на смуглым твары свяціліся… І тое немагчыма было не заўважыць. Ён яшчэ звярнуў на сябе нашу ўвагу нейкай унутранай годнасцю, сказалі б, нават інтэлігентнасцю, што ўласцівая многім вяскоўцам, з якімі даводзілася сустракацца ў тых месцах. Ну нездарма ж кажуць: якасці высокародства перадаюцца праз пакаленні. Чаму б і не быць нашаму знаёмаму нашчадкам тых князёў ці іхніх фаварытаў, якіх у тых месцах пару-тройку стагоддзяў назад жыло нямала. Як даведаліся, працаваў наш суразмоўца на той час трактарыстам калгаса “Суботнікі” Іўеўскага раёна (цяпер там камунальнае вяскова-гаспадарчае унітарнае прадпрыемства “Суботнікі”). Праца, як вядома, нялёгкая: пыл, грукат, напружанне… Трактары ж тады былі зусім не такія, як цяпер.

Праз некаторы час у дзённіку мы запісалі “Сустрэлі трактарыста з чыстымі блакітнымі вачыма з вёскі Квяткоўцы. Ён зацікавіўся: хто мы і адкуль. Жонка ў яго, казаў, настаўніца, філолаг. У што верыць, спыталі. У сэрца, адказаў: бо яно не падвядзе. Працуе шмат, прычым нават у выхадныя…”

Алена Смалянічэнка, пісьменніца, краязнаўца заўсёды з імпэтам апавядае пра гісторыю кахання Барбары Радзівіл і караля Жыгімонта, а таксама пра беларускага мастака  Напалеона Орду, які ў 1875 г. напісаў карціну руінаў замка. А яшчэ яна аўтар песень — "Прыязджайце ў Геранёны", "Наш куток". (ФОТА: GRODNONEWS.BY)

Мы пазванілі на днях (пачатак лістапада 2021 года) у Квяткоўцы і даведаліся: Іван Сцяпанавіч Васілеўскі з жонкай Фаінай Віктараўнай на пенсіі. У іх трое дарослых дзяцей. Дзве дачкі і сын, чацвёра ўнукаў, двое праўнукаў, і трэцяга чакаюць. “Як збярэцца 13 чалавек за адным сталом (і гэта без унукаў і праўнукаў), так і сэрца радуецца, — расказвае Фаіна Васілеўская. — Усе вывучыліся. Праўда, жывуць не з намі. Сын у Піцеры асеў, адна дачка — у Гродне, філолаг, другая таксама філолаг: у Лідскім раёне ў мястэчку Дворышча ў школе выкладае. Яна ў нас часцей бывае: недалёка ж. Адна ўнучка на медыка вывучылася”. Увогуле, сям’я Васілеўскіх, так было чуваць па інтанацыях маёй субяседніцы, добрая, бацькоў у ёй паважаюць, хоць і не часта ўдаецца ўсім разам сустракацца, “хіба што на святы”.

Мы ўжо не раз казалі пра тое, што акрамя замкаў і храмаў, якія бачылі падчас вандроўкі, вялікай каштоўнасцю былі сустрэчы з людзьмі. Дык вось Іван Васілеўскі — адзін з тых добразычлівых і сціплых беларусаў-працаўнікоў, якіх памятаем з часу вандроўкі. Наш паклон яму не толькі за старанную працу на зямлі, але і за шчырасць, сардэчнасць, здольнасць адклікнуцца, выслухаць, дапамагчы.

Такія людзі — нібы каштоўныя брыльянцікі, залацінкі на нашым шляху ў трыдзясятае царства.

У Геранёны прыйшлі позна, пераадолеўшы 30 км (пра тое сведчыць запіс наступнага дня ў дзённіку). Начавалі ў спартзале мясцовай сярэдняй школы. Размясціла нас там дырэктар Ніна Гаўраева. Яе мы адшукалі дома: людзі падказалі, дзе жыве. У дырэктаркі быў вясёлы настрой і жаданне праявіць гасціннасць. Толькі што, як сказала, яна праводзіла гасцей, з якімі святкавала свой дзень нараджэння. Спадарыня Ніна і вершы свае нам чытала. Праўда, мы тады слухачы былі “ніякія”: хутчэй бы спаць, валіліся з ног ад стомы… Гатовы былі зваліцца прама на спартыўныя маты, не раскладваючы спальнікі. Але даводзілася цярпець, каб не выглядаць няўдзячнымі, таму ў меру сіл падтрымлівалі размову.

На раніцу пасля снедання знаёміліся са школай. Вось як пра тое пішам у дзённіку: “На ўсю школу ў Геранёнах было тады 400 дзяцей. Некаторыя з іх ходзяць у школу за 5-7 км. Вясковая школа працуе ў адну змену. Такіх тыповых школ у раёне 5, а настаўнікаў 40”. Спыталі ў дырэктаркі пра маральную атмасферу ў школе. Адказала: “Імкнёмся ствараць такую, каб усім нам было жыць цікава. Вывучаем родны край. Пажывілка Зоя Вікенцеўна — менавіта яна падарожнічае з дзецьмі. Мы аб’ездзілі ўсю Беларусь. Да таго ж у школе ёсць 2 танцавальныя групы, 2 фальклорныя калектывы. Пішам і гісторыю нашай вёскі. Ёсць вялікая рукапісная кніга. Выкладаецца ў школе прадмет “Сусветная мастацкая культура” — уведзены з 1989 года. Школьнікі з педагогамі адшукалі ранейшы герб Геранёнаў — ён ёсць у кнізе Анатоля Цітова “Гарадская геральдыка Беларусі”. На гербе выява: у зялёным полі чырвонае сэрца, пранізанае мячом. Атрыманы быў мястэчкам герб той 25 мая 1792 года”.

Геранёны сёння (ФОТА: GRODNONEWS.BY)

Менавіта ў школе пасля знаёмства, гутаркі з Аленай Смалянічэнкай, якая ў той час арганізоўвала з дзецьмі работу па даследаванні гісторыі краю, мы падахвоціліся агледзець мясціны, дзе ўсё дыхала даўніной. Дарэчы, Алена Іванаўна — пісьменніца, краязнаўца. Нарадзілася ў вёсцы Кудэйшы на Іўеўшчыне. Закончыла Гродзенскі дзяржпедінстытут імя Янкі Купалы. Працавала ў Геранёнскай школе педагогам-арганізатарам, выкладала сусветную мастацкую культуру. А нядаўна Іўеўскай раённай бібліятэцы Алена Іванаўна падаравала дзве свае кніжкі “Геранёны”: даведачна-інфармацыйны матэрыял” і “Касцёл Святога Мікалая ў аграгарадку Геранёны”, якія сёння можа ўзяць і пачытаць кожны.

Ад спадарыні Алены мы ў 1996-м даведаліся, што паселішча было вядомае з ХІІІ стагоддзя як Геранёны Мураваныя ці Гаштольдавы. І ўся ранейшая гісторыя мястэчка звязана з адным з наймоцных шляхетных родаў у Вялікім Княстве Літоўскім. Пра тое сёння шмат звестак у інтэрнэце. Цікава, што Магдэбургскае права Геранёнам падараваў кароль Аўгуст Панятоўскі ў 1752 годзе, а ў 1792-м быў зацверджаны герб Геранёнаў. Пра яго мы распытвалі ў спадарыні Алены. Яна і расказала нам гісторыю кахання Барбары Радзівіл і князя (пазней караля) Жыгімонта. Помніцца, сядзелі мы за партамі ў адным з класаў і з цікавасцю, не без хвалявання слухалі рамантычна-драматычны аповед, які потым, каля руін замка, дзе Барбара жыла 4 гады, падштурхнуў нас да думкі: мінулае заўсёды побач з намі.

Сёння на месцы замка, дзе 4 гады жыла Барбара Радзівіл, захаваліся толькі земляныя валы і невялікія фрагменты мураваных сцен. Першыя сур’ёзныя пашкоджанні замак атрымаў падчас вайны 1654 — 1667 гадоў. Але пасля таго быў адноўлены. У гады ж Паўночнай вайны (1700-1721) замак узарвала шведскае войска, і ніхто ўжо не ўзяўся за аднаўленне ягонай былой велічы. У нашы дні руіны замка закансерваваныя.  (ФОТА: TRAVELING.BY)

А гісторыя, калі коратка, была такая. Увосень 1543-га 24-гадовы вялікі князь Жыгімонт ІІ Аўгуст, пакінуўшы рэзідэнцыю ў Вільні, адправіўся ва ўладанні сваіх васалаў, каб разабрацца з прэтэнзіямі, скаргамі мясцовай шляхты, а заадно пацешыцца на зладжаных для яго шматлікіх балях і паляваннях. У часе паездкі павінен ён быў вырашыць пытанне пра вялізную спадчыну роду Гаштольдаў. Апошні прадстаўнік тае дынастыі па мужчынскай лініі, ваявода Станіслаў Гаштольд, памёр у 1542-м ва ўзросце 35 гадоў, не пакінуўшы спадчынніка. Паводле законах таго часу маёмасць роду ў такіх выпадках пераходзіла да вялікага князя і ўжо ён вырашаў яе далейшы лёс.

Некалькі гадзін, якія збіраўся вялікі князь правесці ў Геранёнскім замку, пераўтварыліся спачатку ў дні, затым і ў тыдні... Прычынай таму была прыгажуня-ліцвінка Барбара з вядомага княжацкага роду Радзівілаў. У пятнаццаць гадоў выдалі яе замуж за Станіслава Гаштольда. Жаніцьба тая была вынікам палітычнага разліку і не прынесла сужонкам шчасця. Пражылі ў шлюбе нядоўга, толькі пяць гадоў, ды і тыя для Барбары былі абцяжараныя частымі здрадамі мужа. У 1542-м Станіслаў памёр, пакінуўшы яе дваццацігадовай удавой. Вялікі князь быў знаёмы з шлюбнай парай Гаштольдаў, не раз сустракаўся з імі на балях у Вільні. Сам Жыгімонт II Аўгуст таксама быў жанатым чалавекам (з 1543 года), але сваю жонку Елізавету Габсбург (Аўстрыйскую), дачку імператара Свяшчэннай Рымскай імперыі Фердынанда I, ён першапачаткова, як і яго маці — каралева Бона Сфорца, паходжаннем італьянка — не прыняў. І каралева памерла ў 1545 годзе. На шлюбе ж настаяў бацька Жыгімонт I Стары і тая частка ягоных вяльможаў, якая жадала збліжэння з аўстрыйскім дваром.

Пра самога Жыгімонта II Аўгуста пісалі, што быў гэта высакародны брунет з невялікай барадой, сярэдняга росту, які не атрымаў у спадчыну атлетычнай знешнасці бацькі, але выдатна валодаў зброяй, быў загартаваны ў рыцарскіх турнірах і шматлікіх паляўнічых забавах. Ад маці ён пераняў тонкі мастацкі густ, цікавасць да мастацтва. У Вільні заснаваў бібліятэку, для якой скупляліся кнігі па ўсёй Еўропе.

Калі вялікі князь прыехаў у Геранёны, то пабачыў там не няшчасную ўдаву, а маладую, прывабную асобу. Паводле апісанняў сучаснікаў, Барбара была ці не самай прыгожай жанчынай дзвюх дзяржаў — Польшчы і ВКЛ. Яе дасканалыя прапорцыі, вытанчанасць манер, зграбнасць, далікатны позірк і ласкавая гаворка выклікалі захапленне мужчын.

У 1519 годзе князь Альбрэхт Гаштольд пабудаваў цагляны касцёл Святога Мікалая. У архітэктуры выкарыстаны элементы позняга барока і класіцызму. Ён і дагэтуль ахутаны духам беларускага сярэднявечнага дойлідства з дзіўнай і шматвяковай гісторыяй.  АБНЕСЕНЫ МУРАВАНАЙ СЦЯНОЙ. ГЭТЫ ХРАМ ПРЫЦЯГВАЕ ДА СЯБЕ ЯК ТУРЫСТАЎ, ТАК І ПАЛОМНІКАЎ, ЯКІЯ ПРЫЯЗДЖАЮЦЬ НА ГЭТЫЯ ЗЕМЛІ. (ФОТА: VEDAJ.BY)

Увесь кастрычнік 1543 года яны правялі разам... Іхні шлюб (заключаны ў 1547-м) амаль год быў таемным… Толькі калі ў 1548-м памёр Жыгімонт I Стары і вялікі князь літоўскі Жыгімонт II Аўгуст атрымаў польскую карону, высветлілася: у маладога караля ёсць жонка-ліцвінка. Тая навіна не спадабалася як магнатам абедзвюх дзяржаў, так і маці новага караля, якая люта ўзненавідзела абранніцу сына. Бона Сфорца патрабавала неадкладнага разводу, але сын быў непахісны. 1 снежня 1550 года Барбара Радзівіл была каранаваная і стала каралеваю Польскай дзяржавы. Польская шляхта вымушана была скарыцца волі свайго караля. Але не скарылася ёй Бона Сфорца… Яна ненавідзела род Радзівілаў, прыкладавала ўсе намаганні, каб Сейм не каранаваў Барбару. Дарэчы, для паспяховага вырашэння пытання Мікалай Радзівіл Чорны спецыяльна ездзіў у Рым да папы. Каралева-маці, не дамогшыся свайго, таемна пакінула Кракаў, з’ехала на радзіму — у Італію. Забрала з сабой увесь свой двор, але пакінула агентаў з заданнем атруціць ненавісную нявестку. Сярод іх быў яе асабісты аптэкар Монці, спецыяліст па ядах, ураджэнец Фларэнцыі. Кажуць, ягоны павольнадзейны яд за паўгода загубіў Барбару, і памірала яна ў страшэнных муках.

Кароль працягваў любіць сваю Барбару ўсё астатняе жыццё. Пасля смерці каханай вырашыў увекавечыць яе памяць. І гэта яму ўдалося. Знакаміты, апеты Адамам Міцкевічам ды іншымі паэтамі абраз Божай Маці Вастрабрамскай быў напісаны з партрэта Барбары Радзівіл. Гэта пацвярджаюць многія даследчыкі. Больш падрабязна пра гісторыю таго кахання можна пачытаць тут http://www.poznaibelarus.by/barbara_radzivill/ .

Паводле падання, душа Барбары з тых далёкіх часоў не знайшла супакаення, бадзяецца на зямлі. Чаму так? Бо, кажуць, у Нясвіжскім замку, родавым гняздзе Радзівілаў, калдун пан Твардоўскі ў прысутнасці караля Жыгімонта з дапамогай чарадзейнага люстэрка правёў рытул яе вяртання з мёртвых. І хоць было забаронена каралю дакранацца да прывіда, што ўзнік, але ж, пабачыўшы аблічча каханай, ён не мог утрымацца. Прывід растварыўся ў паветры і, мяркуюць, душа не змагла вярнуцца ў іншы свет, пасялілася ў Нясвіжскім замку. Перад жывымі яна нібыта з’яўляецца ў чорным адзенні: у знак жалобы па сваім загубленым каханні. Ва ўладальнікаў замка склалася ўражанне, што яна папярэджвае, калі пагражае ім якая небяспека — вайна, хваробы. З сярэдзіны XVIII стагоддзя Чорная Панна нібыта ўзяла на сябе новыя абавязкі: сачыць за паводзінамі маладых прыгожых дзяўчат і жанчын. Падчас баляў яна ў цёмных месцах правучвала тых прыгажунь, якія дазвалялі сабе празмерна адкрытыя ўборы. Немцы падчас вайны, знаходзячыся ў акупаваным Нясвіжы, вельмі баяліся Чорнай Панны і калі бачылі ў парку што-небудзь чорнае, то з крыкам “Шварц фрау!” стралялі ў тым напрамку ды беглі хавацца.

Гісторыю кахання Жыгімонта II Аўгуста і Барбары Радзівіл сучаснікі параўноўвалі з гісторыяй Рамэа і Джульеты. Яе апявалі, паэтызавалі як у эпоху Адраджэння, так і ў наступныя часы. Былі і ёсць розныя меркаванні наконт гэтай драмы. Аднак ніхто не можа адмаўляць глыбіню пачуццяў Жыгімонта і Барбары, якія ўнеслі ў нацыянальную і сусветную гісторыю чалавецтва яшчэ адно пацвярджэнне: вялікае, сапраўднае пачуццё кахання здараецца ў нашым свеце.

Расказвала нам спадарыня Алена і пра тое, якія таленавітыя людзі жывуць у Геранёнах, прапанавала пазнаёміцца з народным музыкам Іванам Станкевічам з вёскі Сіняўшчыны, з адной цікавай шматдзетнай песеннай сям’ёй у Геранёнах, але ж нам трэба было рухацца па маршруце. Мы былі вельмі ўдзячныя захопленай гісторыяй настаўніцы, якая пра сябе сказала: “Я тут як летапісец Пімен: вяду летапіс краю”.

У Геранёнах непадалёк ад руін замка ўзвышаецца велічны й прыгожы касцёл Святога Мікалая — храму ўжо хутка будзе 500 гадоў. Выбудавалі каменны гатычны касцёл у 1529-м на сродкі віленскага ваяводы Альбрэхта Гаштольда, і менавіта ў тым храме 1537-м быў асвечаны шлюб яго сына Станіслава і Барбары Радзівіл. На касцёле ёсць мемарыяльная дошка ў гонар Оскара Корвін-Мілеўскага (1817–1906) — аднаго з уладальнікаў Геранён, пахаванага ў сакрыстыі касцёла, якую дабудаваў ён за ўласныя грошы ў 1859-м. А каменная званіца створана была ў 1855 годзе архітэктарам Томашам Тышацкім.

— Мястэчка атрымала магутнае развіццё ў часы, калі мясцовы калгас “XXII партз’езд” узначальваў легендарны Уладзімір Баум, які там і атрымаў званне Героя Сацыялістычнай Працы, — гэта ў 2018-м расказваў нашым калегам з “Гродзенскай праўды” старшыня Геранёнскага сельвыканкама Віктар Вершаловіч. — На моцнай вытворчай базе развівалася і бытавая сфера. Новы імпульс у развіцці атрымала вёска ў 2006 годзе: тут пабудавалі дамы ў адпаведнасці з Прэзідэнцкай праграмай.

У Геранёнах створаны ўсе ўмовы для жыцця, працы, адпачынку, развіцця. Інфраструктура — як у горадзе, пры тым добрая экалогія. Сярэдняя школа, дзіцячая школа мастацтваў, дзіцячы сад, дом культуры, урачэбная амбулаторыя, аптэка, аддзяленні банка і сувязі, сталовая (дзе праводзяць і ўрачыстасці), лазня, шэсць магазінаў, два возеры для мясцовага люду і гасцей аграгарадка. І турыстам тут ёсць на што паглядзець. Вялікую цікавасць выклікаюць руіны замка. Здавалася б, што ў іх такога: руіны ды руіны… Але ж гэта нібы своеасаблівы партал, каб заглянуць у мінуўшчыну. Падключыць уяўленне ды ўбачыць унікальную для тых часоў сістэму абароны замка. Інавацыяй тады было стварэнне вакол муроў равоў і насыпаў — бо калі ўзвялі замак, то артылерыя не мела яшчэ належнай моцы, каб разбурыць такія ўмацаванні.

Сёння Геранёнам прысвечана нямала песень. Некаторыя з іх — “Прыязджайце ў Геранёны”, “Наш куток” напісаў на словы Алены Смалянічэнкі, нашай знаёмай, кампазітар Яўген Карпуць. Яскравая штогадовая падзея ў культурным жыцці Геранён — тэатралізаваны паказ “На балі ў Барбары Радзівіл”. І сёлета ў кастрычніку баль зноў збіраў аматараў падобных дзеяў.

Валянціна і Іван Ждановічы

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Актрыса НАДТ імя М. Горкага — пра шлях да сцэны і натхненне.

Грамадства

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

Тата і мама — два самыя важныя чалавекі ў жыцці кожнага дзіцяці.