Вы тут

На мове кінасяброўства


Цырымонія закрыцця і падвядзенне вынікаў XXVII Мінскага міжнароднага кінафестывалю «Лістапад» адбыліся 26 лістапада ў сталічным кінатэатры «Масква». Прагледжана амаль сотня фільмаў, названы дзясяткі пераможцаў… Аднак падчас фэсту было нямала адметных падзей: творчых сустрэч, майстар-класаў, круглых сталоў. Ёсць надзея і на перспектыўнае супрацоўніцтва — падпісана шмат пагадненняў…


Кадр з фільма «Ілхак».

Вынікі

Спецыяльны прыз Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь «За гуманізм і духоўнасць у кіно» прысуджаны ўзбекскаму рэжысёру Джахангіру Ахмедаву. Гран-пры «Золата “Лістапада”» атрымала яго карціна «Ілхак». Шэраг узнагарод — у германа-аўстрыйскай драмы «Каралеўская гульня» рэжысёра Філіпа Шцёльцля, якая сёлета адкрывала фестываль: прыз імя Юрыя Марухіна за найлепшую аператарскую работу, прыз глядацкіх сімпатый, а таксама ўзнагарода за найлепшую мужчынскую ролю (Олівер Мазучы). Уладальнікам прыза за найлепшую рэжысуру ў конкурсе ігравога кіно стала рэжысёр казахскага фільма «Агонь» Айжан Касымбек, у гэтай жа карціны і прыз за найлепшае гукавое (музычнае) рашэнне. Дзве актрысы былі адзначаны ў Асноўным конкурсе ігравога кіно: прыз за найлепшую жаночую ролю накіраваўся ў Кітай — актрысе Яншу Ву за ролю ў фільме «Ідучы за яе ценем», спецыяльны прыз журы за жаночую ролю — у Францыю: яго атрымала актрыса Лу Лампрос (фільм «Мая ноч»).

Спецыяльным згадваннем журы ўшанавана венесуэльская стужка «Унутранае ззянне». Прыз за найлепшы сцэнарый атрымаў ірана-французскі фільм «Герой» Асгара Фархадзі («Герой» сёлета стаў уладальнікам Гран-пры журы на Канскім кінафестывалі). Гэты ж фільм на «Лістападзе» заваяваў спецыяльны прыз журы кінапрэсы «За натхненне і аўтарскі погляд на кінамастацтва».

У конкурсе «Кіно маладых» найлепшым анімацыйным фільмам прызнана аўстралійская стужка «Жывапіс па нумарах» рэжысёра Джэгатхевы Радхэі. Дыплом за шчырасць у асвятленні праблем чалавечай годнасці прысудзілі рабоце французскага рэжысёра Каміра Айноўза «Мядовая цыгара». Дыплом за найлепшую рэжысуру — у Манзаралі Шэралі з Таджыкістана: за стужку «Абуза». Спецыяльны прыз журы аддалі французскаму фільму «Лулу» рэжысёра Юбера Віля.

За найлепшае ўвасабленне тэмы фестывалю «Кіно — сімфонія адзінства» ўзнагароджаны індыйска-афганістанскі фільм «Ад дзвярэй да дзвярэй». Дыплом за дакладную кінаіронію дастаўся расійскаму рэжысёру Глебу Росу (стужка «Белы гетэрасексуальны мужчына»). Дыпломам за дзёрзкасць задумы адзначылі кубінскі фільм «Сіняе сэрца». Найлепшым дэбютам стала расійская стужка «Маякоўскі». А прызам за найлепшы фільм конкурсу імя Віктара Турава ўзнагародзілі іранскі фільм «Сын» рэжысёра Нушына Мераджы.

У секцыі дакументальнага кіно некалькі ўзнагарод атрымала «Страла» беларускага рэжысёра Галіны Адамовіч: прыз глядацкіх сімпатый за найлепшы дакументальны фільм, а таксама прыз за адлюстраванне гісторыка-культурных і цывілізацыйных кодаў нацыянальнай ідэнтычнасці. Прыз рэжысёру за найлепшае ўвасабленне вобраза выдатнага дзеяча культуры і мастацтва, які прысвяціў сябе служэнню Айчыне, атрымаў Антон Нікалаеў за фільм «Іншым я ўжо не буду». Спецыяльны прыз журы прысудзілі балгарскай стужцы «Ціхая спадчына». Гран-пры ў секцыі атрымаў расійскі фільм «Далёкі план» рэжысёра Уладзіміра Галаўнёва.

Падчас цырымоніі былі ўручаны спецыяльныя ўзнагароды. Фільм «Лётчык» рэжысёра Рэната Даўлецьярава атрымаў прыз Мінскага гарадскога выканаўчага камітэта за ўвасабленне духоўнасці ў мастацтве. Стужка «QAZAQ. Гісторыя залатога чалавека» адзначана спецыяльным прызам Садружнасці Незалежных Дзяржаў «Кіно без межаў» за развіццё культурнага супрацоўніцтва і ўмацаванне сяброўства паміж народамі. Карціне грузінскага рэжысёра Георгія Харэбавы «Роварам да Месяца» была прысуджана спецыяльная ўзнагарода «Мова кіно — мова дружбы».

Культура

Адной з галоўных на фэсце стала прэм’ера дакументальнай стужкі «Іншым я ўжо не буду». Яе герой — пачэсны госць XXVII Мінскага міжнароднага кінафестывалю «Лістапад» расійскі акцёр, рэжысёр, дзяржаўны дзеяч Мікалай Бурляеў.

— Гэты фільм не пра мяне, а ў першую чаргу пра кінафестываль «Залаты Віцязь», якому ў гэтым годзе ўжо 30 гадоў, — расказаў падчас прэм’ернага паказу народны артыст. — Яго зняў адзін з найлепшых рэжысёраў тэлеканала «Культура» Антон Нікалаеў, які шмат гадоў збіраў і здымаў матэрыял пра фестываль.

Дакументальны фільм расказвае аб стварэнні «Залатога Віцязя» і самых галоўных задачах, якія бачыць перад сабой яго заснавальнік — прэзідэнт кінафоруму Мікалай Бурляеў. Вось ужо 20 гадоў ён не выходзіць на сцэну, пакінуў кар’еру ў кіно.

— Не ўдзельнічаю ў гэтым рыначным кінапрацэсе. Як сказана ў Бібліі: дарма атрымаў, дарма і аддавай.

А нас цяпер прымушаюць рабіць грошы на праектах, якія прыніжаюць духоўны ўзровень краіны. Трэба вяртаць культуру, яна страціла сваё месца, — падзяліўся Мікалай Бурляеў.

Нягледзячы на доўгі перапынак і ў тэатральнай кар’еры, акцёр прыняў удзел у гучнай прэм’еры тэатральнага сезона 2020—2021, сыграўшы адну з галоўных роляў у спектаклі «12» Мікіты Міхалкова. Запрасіў яго сам Мікіта Сяргеевіч, аднакурснік і даўні сябар Мікалая Пятровіча.

Завяршаецца дакументальны фільм «Іншым я ўжо не буду» размовай пра мару рэжысёра Бурляева — зняць важную для яго карціну пра заснавальніка Троіцкага манастыра Сергія Раданежскага.

Кадр з фільма «Каралеўская гульня».

Гісторыя

Вялікая ўвага і дакументальнай стуцы «QAZAQ. Гісторыя залатога чалавека», прысвечанай жыццю і палітычнай кар’еры першага прэзідэнта Казахстана Нурсултана Назарбаева. Выканаўчым прадзюсарам карціны і інтэрв’юерам стаў Олівер Стоўн, уладальнік трох прэмій «Оскар». Першы прэзідэнт Казахстана падзяліўся з ім успамінамі аб дзяцінстве, сталенні, распадзе Савецкага Саюза і першых гадах незалежнасці краіны.

— Як рэжысёр я стварыў чатыры карціны, як прадзюсар — трыццаць, — адзначае рэжысёр стужкі Ігар Лапацёнак. — Але гэтая — самая лепшая. Калі ты пачынаеш працаваць над фільмам, ніколі не ведаеш, якім ён атрымаецца ў выніку. І справа тут не ў бюджэце, кастынгу або тэме. Кіно — гэта магія. Яно можа скласціся, а можа і не скласціся. Гэтая стужка ўдалася. Ад папярэдніх работ яна адрозніваецца тым, што мы змаглі знайсці нейкі трэнд, які ўсё аб’яднаў — тое, што адбываецца на тэрыторыі былых краін СССР. Зараз час збіраць тыя супольнасці, якія раней былі раз’яднаны. Зразумела, ніхто не кажа аб аднаўленні СССР.

З Оліверам Стоўнам Ігар Лапацёнак супрацоўнічае не ўпершыню. Да стужкі «QAZAQ. Гісторыя залатога чалавека» яны працавалі над такімі праектамі, як кінагісторыя Эдварда Сноўдэна, фільм «Украіна ў агні», інтэрв’ю з прэзідэнтам Расіі Уладзімірам Пуціным.

Аб планах прасоўвання карціны, якая, дарэчы, стваралася 19 месяцаў, распавёў прадзюсар Ігар Кобзеў, ураджэнец Беларусі, які цяпер жыве ў ЗША:

— Я ганаруся тым, што прымаў удзел у праекце. Гэта трэці кінафестывальны паказ стужкі: мы ўжо з’ездзілі ў Рым і Лос-Анджэлес. Таксама ёсць 8-серыйны фільм, які плануем трансліраваць у якасці тэлесерыяла. Спадзяюся, у нас будзе не толькі кіна-, але і тэатральны пракат. Жанр карціны ў большай ступені нагадвае драму, чым дакументальны фільм.

Музыкай займаўся італьянскі кампазітар і дырыжор Карла Сіліота. Трэкі запісваліся ў адной з залаў Астана Оперы, што знаходзіцца ў Нур-Султане. Дарэчы, «QAZAQ. Гісторыя залатога чалавека» ўжо ўключыўся ў гонку за прэмію «Оскар» і нават атрымаў першую музыкальную намінацыю.

Супрацоўніцтва

У ліку сустрэч, якія праходзілі падчас «Лістапада», — круглы стол з удзелам членаў фестывальных дэлегацый у Нацыянальнай бібліятэцы. Пасля яго быў падпісаны Дагавор аб супрацоўніцтве кінематаграфістаў Беларусі і Узбекістана. У ім, між іншым, замацаваны дамоўленасці пра здымкі дзвюх сумесных стужак: «Узбекскі леў» — пра Героя СССР Мамадалі Тапвалдыева, якога вайна звязала з беларускай зямлёй, і «Узбечка» — пра дзяўчыну-снайпера (прататып — Зіба Ганіева, якая знішчыла сотні фашыстаў).

Пазней у штаб-кватэры Выканкама СНД у Мінску прайшла сустрэча прадстаўнікоў кінаіндустрый, кіраўнікоў нацыянальных кінастудый дзевяці краін — Арменіі, Беларусі, Казахстана, Кыргызстана, Расіі, Таджыкістана, Туркменістана, Узбекістана і Грузіі. Вынік сустрэчы — падпісанне 9-баковага пагаднення аб супрацоўніцтве.

Упершыню за гісторыю існавання кінастудыі «Беларусьфільм» падпісана Пагадненне аб доўгатэрміновым супрацоўніцтве беларускіх і японскіх кінематаграфістаў у сферы кіно. Дырэктар кінастудыі Уладзімір Карачэўскі і японскі акцёр, рэжысёр Тэцура Сімагуці маюць намер ствараць сумесныя праекты. Сусветную вядомасць апошні набыў у Галівудзе пасля супрацоўніцтва з Квенцінам Таранціна, дзе працаваў не толькі як пастаноўшчык баявых самурайскіх сцэн, але і сыграў адну з роляў у дылогіі «Забіць Біла». Тэцура Сімагуці шырока вядомы ў Японіі і за яе межамі як акцёр, рэжысёр, прадзюсар, заснавальнік і кіраўнік тэатра «Камуі». Таксама ён стваральнік стылю кенгіда — баявога майстэрства валодання японскім мячом.

Удзячнасць

Да кінафестывалю прымеркавалі і вечар памяці беларускага кінарэжысёра Віктара Турава, прысвечаны 85-годдзю з дня яго нараджэння. Удзельнікі і госці сабраліся ў Доме кіно.

— Віктар Тураў для мяне назаўсёды застаўся сонечным і мэтанакіраваным чалавекам. Аднойчы запрасіў зняцца ў фільме «Высокая кроў», тады мы і пасябравалі, — расказаў Мікалай Бурляеў. — Гэта класік. Цяпер такіх пранікнёных фільмаў з адчуваннем сваёй зямлі і каранёў не здымаюць. Нездарма стужка ўвайшла ў сотню найлепшых фільмаў усіх народаў. Шчыра віншую з тым, што ў нашым жыцці і гісторыі ёсць такая асоба, як Віктар Тураў.

На сустрэчы прысутнічалі таксама дзеці рэжысёра — Арцём і Алена Туравы, якія выказалі падзяку за памятны вечар арганізатарам фестывалю і ўсім, хто захаваў тую любоў, якую творца дарыў гледачу.

— Ёсць памяць, якую дзяржава нам дапамагае захоўваць: існуе вуліца імя Турава, адкрываюцца памятныя дошкі, у Магілёве штогод праводзяць цэлы кінатыдзень «Тураўская восень». Прыемна, што не перарываецца гэты ланцужок і юныя кінематаграфісты растуць і вучацца на яго фільмах, — адзначыла дачка майстра рэжысёр Алена Турава.

Між тым падчас фестывалю паказалі фільм «Цераз могілкі», а ў кіназале Музея гісторыі беларускага кіно быў арганізаваны рэтраспектыўны паказ найлепшых работ Віктара Турава, знятых на кінастудыі «Беларусьфільм». Дарэчы, ва ўстанове прадстаўлена выстаўка «Віктар Тураў. Подых жыцця», прысвечаная 85-годдзю з дня нараджэння майстра. Наведвальнікі могуць убачыць эскізы дэкарацый і касцюмы, зробленыя мастакамі-пастаноўшчыкамі, а таксама кінаплакаты, фотаздымкі і тэматычную інсталяцыю. Азнаёміцца з экспазіцыяй можна да 31 снежня.

Яўгенія ШЫЦЬКА

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.