Вы тут

Вясёлыя гісторыі чытачоў


Што той мужык, што гэты...

У нашай вёсцы, як і ў многіх іншых, дзеці раслі, вучыліся ў школе, а потым...


Фота: pixabay.com

Не вам казаць — мала хто заставаўся пры бацьках, у большасці раз'язджаліся, разляталіся хто куды, асядалі ў вялікіх і малых гарадах. На радзіму, дамоў, прыязджалі хіба што ў водпуск ці ў госці... Пакуль мелі да каго прыязджаць...

Танінай матулі таксама не стала — апусцеў дамок і пры ім — ладны прысядзібны ўчастак. Разбіваць на ім грады больш не было каму, а вось бульбы нашчадкі пасадзілі. Час ад часу нехта з іх прыязджаў то абганяць, то палоць, то жукоў травіць, а ў канцы жніўня Косця, Танін муж, ужо касіў бульбоўнік.

Замарыўся тады з непрывычкі: не захацеў на ноч гледзячы педалі круціць — на ровары ехаць дадому. Ды і навошта, калі ў вёсцы жыве досыць блізкая жончына радня, з якой можна і чарку выпіць, і павячэраць, і пагутарыць?

...Маруся з Жэнем яму і праўда рады былі: пачаставалі, у так званай зале ложак адвялі. Праўда, спаць мужчыны не паспяшаліся. Галасы іх, пынячы гаспадарку, Маруся чула то з вітальні, дзе быў накрыты стол, то з залы, то чамусьці са спальні...

Зрэшты, задумвацца, што там і як, часу ў жанчыны не было: ведама, вёска, гаспадарка. Пакуль скаціну ўсю дагледзела, пакуль посуд памыла, бульбы свінням у печ наставіла, дровы злажыла...

Толькі пасля гэтага, трохі абмыўшыся (выгод у хатах яшчэ не было), пакіравала ў спальню. Святла не ўключала, хуценька раздзелася, лягла...

У нейкія іншыя дні, моцна змарыўшыся, засынала часам раней, чым галава ўпадзе на падушку, а тут...

Сон чамусьці не ішоў: нешта было не так, але што? Перабрала ў галаве ўсе свае справы — як быццам нічога не ўпусціла, не забылася. Прыслухалася... Як быццам ціха — і ў хаце, і на дварэ... Хіба муж пад бокам сапе. Праўда, неяк... не так, як звычайна?

Маруся тузанула яго за плячо і тут жа падхапілася, уключыла святло: замест Жэніка на іх шырокім сужэнцкім ложку соладка спаў... Косця.

...Як гэта атрымалася, чаму адзін апынуўся на месцы другога, высвятлялі назаўтра і гаварылі ў асноўным мужчыны.

Да чаго «дагаварыліся»?

Да таго, што, па-першае, трохі менш трэба піць... А па-другое, шанаваць, шкадаваць сваіх жонак. А то ж яны іншым разам могуць натупацца так, што потым і праўда не разбяруць, дзе свой чалавек, дзе — чужы.

Алена ПАНЦЯЛЕЕВА,

Нясвіжскі раён


Жарсці па каштарысе

Даўно гэта было, яшчэ пры Шушкевічы. Кіраўнік адной з жыллёва-камунальных кантор у нейкую зусім не цудоўную раніцу атрымаў з выканкама афіцыйную паперу на беларускай мове. У ёй разам са звыклымі «палепшыць...», «забяспечыць...» ды «наладзіць кантроль» змяшчаўся пункт, які ледзьве не ўвёў у ступар. Там было прадпісана падрыхтаваць для ўзгаднення і зацвярджэння план работ на будучы год і... «каштарыс».

Беларускай мовай дырэктар валодаў трошкі лепш, чым японскай, якой ён не валодаў зусім, таму слова «каштарыс» паўстала перад ім ўпершыню і літаральна загнала ў кут. Па сённяшнім часе выйсце ўмомант знайшлося б, а тады...

Ніякіх камп'ютараў з гугламі яшчэ не было, так што дырэктару прыйшлося адключыць усе тэлефоны і самому паглыбіцца ў пакутлівы роздум на тэму, што ж рабіць. Звярнуцца па тлумачэнне да вышэйшага начальства азначала б засведчыць сваю неадукаванасць (з усімі адсюль наступствамі...), спытацца пераклад у падначаленых — падарваць аўтарытэт...

Па селектары патурбаваў сакратарку.

— Восем літар, — тут жа сказала Света. — Пераклад можна знайсці ў слоўніку.

Аднак спачатку трэ было знайсці сам слоўнік.

А таму дзяўчына, заціснуўшы ў кулачок чырвонец, рушыла ў паход па крамах і кнігарнях...

Куды канкрэтна яна хадзіла, гісторыя замоўчвае, але назад вярнулася гадзіны праз дзве і з тым самым чырвонцам: слоўніка нідзе не было.

Пасля абеду дырэктар сабраў намеснікаў і галоўных спецыялістаў, аднак што такое каштарыс, не ведалі і яны. Праўда, галоўны інжынер успомніў, што іх кадравічка родам з-пад Лагойска, вучылася ў беларускамоўнай школе. Значыць, адказ на гэту загадку можа ведаць...

Жанчына, якую пачціва запрасілі ў шаноўную кампанію, была яўна не ў гуморы (адарвалі ад важных спраў), але ж спехам патлумачыла, што каштаваць азначае «пробоваць на вкус», а рыса — гэта «черта», напрыклад — «черта характера»...

Пасля такога тлумачэння «справа» з каштарысам пацямнела яшчэ больш, і дырэктару ўжо нічога не заставалася, як «распусціць» нараду: усіх і кожнага нацэліць на пошукі яснасці. Ім жа, гэтым пошукам, ён заняўся і сам...

Праўда, праблема знікла гэтак жа раптоўна, як і з'явілася: у кантору патэлефанаваў загадчык аддзела гарвыканкама і пацікавіўся: «Как абстоят дела с планом і сметой?»

— С ка-какой Светой? — перапытаў ледзь жывы ад страху дырэктар, падумаўшы, што нейкая падла ўсё ж данесла пра яго нефармальныя зносіны з сакратаркай.

— Да со сметой расходов — з каштарысам? Ты што, гэтага слова не ведаў?

— Ну, не тое... — скінуўшы камень з душы, зацягнуў быў дырэктар.

— ...А я — ведаў, — сам сябе пахваліў той начальнік і павучальна дадаў. — А табе, выходзіць, трэба яшчэ мову падцягваць — на курсы запісацца, беларускія кніжкі пачытаць... А калі не пад сілу, то пачынай з часопісаў, з газет.

І дырэктар, вядома ж, пачаў, раз начальства сказала...

Дарэчы, пра каштарыс. У тыя ж часы ў адным будаўнічым упраўленні мянялі шыльды на дзвярах. Зняўшы старую з надпісам «инженер-сметчик», мастак стаў пісаць новую — «інжынер-каштарыснік». Апошняе слова ці то не змяшчалася, ці то здалося задоўгім... І ён скараціў: на дзвярах з'явілася шыльда «інжынер-каштарык»...

Гэту мянушку спецыяліст пранасіў да выхаду на пенсію. І добра, што жыў не ў вёсцы. Там — яшчэ і дзецям бы мог перадаць.

Лявон ПЕРАГУД,

г. Мінск


«Добры доктар Бобрык, але страшны ножык...»

Пра людзей у белых халатах сёння гаворыцца шмат: ім, медыкам, адрасуюцца словы падзякі, апяваюцца іх гераізм і майстэрства... Усё гэта правільна і ўсё праўда, як, зрэшты, і тое, што некалі даўно адбылося са мной.

Тады, пасля вучобы ў інстытуце, я на два гады (размеркаванне!) трапіў у глыбінку, у адну досыць далёкую вёску. Працы там было шмат, часам нялёгкай, руціннай, але ж для мяне цікавай і нават творчай. Так што будні праляталі, можна сказаць, непрыкметна. А ў выхадныя чакалася свята: паход у лазню. Той гаспадар яе толькі што адкрыў, не мог нарадавацца, а таму запрашаў і радню, і сяброў, і проста знаёмых...

Дык вось. Неяк раз мы з мужчынамі памыліся. Потым па традыцыі (пасля лазні, кажуць, кальсоны прадай, але выпі) селі за стол, дзе чаго толькі ні было: салёныя агурочкі і грыбочкі, квашаная капуста, паляндвічка, сальцісон...

Я выпіў, нешта пакаштаваў і... схапіўся за жывот. Ён, трэба сказаць, і да лазні крыху непакоіў, але ж я не звяртаў увагі: думаў, што пабаліць ды пройдзе. А тут чую — не... Скруціла так...

Прыйшлося пакінуць прыемнае застолле, пабудзіць калгаснага шафёра — папрасіць, каб завёз у бальніцу.

Да яе, найбліжэйшай, было кіламетраў восем, а недзе на пятым, на скрыжаванні, нас спыніў міліцэйскі патруль. Шафёр, помню (я побач сядзеў), аж застагнаў ад гэтай неспадзяванкі, бо напярэдадні трохі выпіў (субота ж, лазневы дзень)...

На шчасце, стан кіроўцы міліцыю зусім не цікавіў (шукалі збеглага з турмы рэцыдывіста), а вось мой...

Праўду кажуць, што ўсюды ёсць і людзі, і нелюдзі. Мне пашчасціла, бо далей наша машына памчала ўслед за міліцэйскай — з мігалкай.

...Першае, аб чым мяне спыталі ў лякарні (хірурга там не было): што еў і што піў. Пачуўшы слова грыбы, тут жа прызналі атручэнне і сталі лячыць: гэта значыць, прамываць страўнік і калоць нешта для абязбольвання, каб зменшыць пакуты.

Аднак усё гэта было марна: ні ў той дзень, ні назаўтра мне лепш не стала. У фельчара з тэрапеўтам з'явілася падазрэнне на апендыцыт, і мяне вырашылі адправіць у адну з раённых бальніц.

...Там быў хірург — малады і не вельмі смелы. Убачыўшы, відаць, што справы мае — дрэнь, ён пабаяўся браць на сябе адказнасць — ноччу падняў «старога».

Той, яшчэ заспаны (выхадныя ж!), зноў агледзеў мяне, зноў спытаў, чым лячылі, і сказаў кароткае: «На стол».

...На такім вось, аперацыйным, я быў упершыню і таму не ведаў, чаго чакаць. Са здзіўленнем глядзеў, як мяне за рукі, за ногі прывязваюць да стальніцы, робяць укол у жывот (відаць, зноў для абязбольвання?), пачуў яшчэ ад хірурга, што будзе балець — «немножко».

А забалела мне так... На сцяну, здаецца, палез бы!..

Але ж стагнаць ды крычаць не выпадала: побач былі медсёстры, жанчыны. Адна з іх проста не паспявала сціраць мне пот...

Колькі працягвалася аперацыя, сказаць не магу... У канцы хірург паказаў мне «здабычу» — нешта цёмна-чырвонае, падобнае на палец. Сказаў: «Апендыкс... Яшчэ хвілін дваццаць, і ён бы лопнуў».

...Трохі перавёўшы дух і абапёршыся на плечы медсястры, я неяк дапоўз да палаты, лёг і толькі потым прыгадаў, што такую ж аперацыю рабілі Коласу, і пасля яе Максім Лужанін напісаў верш:

«Добры доктар Бобрык,

Але страшны ножык:

Выража апендыкс,

Пакладзе на ложак...

Час усё загоіць,

Час усё заліжа.

Дзякуй, дзядзька Бобрык,

Што не рэзаў ніжай».

Як сведчыць гісторыя, два апошнія радкі ў гэтым творы «завастрыў» сам дзядзька Якуб...

Якое прозвішча насіў мой хірург, на жаль, не ў памяці. Чаму ён аперыраваў без наркозу, не ведаю.

Дзеля чаго расказваю? Дзеля таго, каб заклікаць людзей цаніць жыццё і шанаваць уласнае здароўе. А калі што — не зацягваць, не спадзявацца на «авось» — своечасова звяртацца да ўрачоў.

Мікалай АРЛОЎ

г. Орша

Рубрыку вядзе Валянціна ДОЎНАР

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Актрыса НАДТ імя М. Горкага — пра шлях да сцэны і натхненне.

Грамадства

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

Тата і мама — два самыя важныя чалавекі ў жыцці кожнага дзіцяці.