Вы тут

Чаму пакуль нельга выходзіць на лёд


Зіма сёлета, як заўважылі многія, наступіла згодна з календаром. Выпала даволі шмат снегу, мароз з кожным днём мацнее. Аднак ці гатовыя да такога надвор'я, а таксама яго наступстваў людзі? Пра гэта падчас прэс-канферэнцыі на тэму «Асаблівасці работы ратавальнікаў у зімовы перыяд» пагаварылі спецыялісты, якія яшчэ раз нагадалі аб правілах бяспекі зімой, калі рызыка трапіць у надзвычайную сітуацыю ўзрастае.


Фота: pixabay.com

Начальнік Мінскай гарадской ратавальнай станцыі «Камсамольскае возера» Мінскай гарадской арганізацыі Беларускага грамадскага таварыства ратавання на водах Дзяніс Чашун заклікаў грамадзян не выходзіць на неакрэплы лёд. «У хуткім часе мы чакаем наплыў рыбакоў, — паведаміў ён. — Штогод ім даводзіцца інфармацыя аб тым, што выхад на ваду ў пачатку зімы небяспечны, бо лёд яшчэ не стаў моцны. Акрамя таго, каля вадаёмаў мы часта сустракаем дзяцей без суправаджэння дарослых, што таксама можа прывесці да сумных наступстваў».

Як адзначаюць спецыялісты, нягледзячы на мароз, лёд яшчэ дастаткова крохкі з-за асаблівасцяў надвор'я ў перыяд яго станаўлення. Структура яго неаднародная, таму можна праваліцца, нават стоячы на лёдзе дастатковай таўшчыні.

— Таварыства ратавання на водах штотыднёва размяшчае на сваіх рэсурсах інфармацыю аб таўшчыні лёду, а таксама аб абставінах, якія могуць накладваць абмежаванні на выхад на ваду, — расказаў начальнік станцыі «Камсамольскае возера». — Калі вы ўбачылі, што чалавек праваліўся пад лёд, неадкладна паведаміце аб гэтым па тэлефонах 101 або 112. Прафесійныя ратавальнікі прыедуць на месца і будуць гатовыя да любой сітуацыі. Добра, калі чалавек праяўляе гераізм, але трэба ведаць меру. Часцей за ўсё мы выязджаем на ратаванне аднаго чалавека, а ў выніку даводзіцца ратаваць некалькіх. Не варта пераацэньваць свае сілы.

Забараняецца выходзіць на лёд падчас ледаставу, да дасягнення таўшчыні лёду сямі сантыметраў, а таксама ў перыяд інтэнсіўнага раставання і разбурэння лёду. Падчас падлёднай рыбалкі не рэкамендуецца прабіваць шмат лунак на блізкай адлегласці, скакаць і бегаць па лёдзе, збірацца вялікімі групамі. Кожнаму рыбаку пры выхадзе на падлёдную рыбалку варта ўзяць з сабой выратавальную камізэльку і вяроўку даўжынёй 15—20 метраў з пятлёй на адным канцы і грузам (вагой 400—500 грамаў) на другім.

Ратавальнікі рэкамендуюць: калі вы праваліліся пад лёд, трэба дзейнічаць хутка і рашуча. У бок берага варта кінуць замацаваную на поясе вяроўку, шырока раскінуць рукі ў бакі і без рэзкіх рухаў спрабаваць выбрацца на трывалы лёд. Калі атрымалася, лежачы на жываце або на спіне, трэба рухацца да берага, адначасова клікаючы на дапамогу. Калі пацярпелы не змог самастойна выбрацца з вады і да яго прыбыла падмога, падчас ратавання варта выкарыстоўваць лесвіцы, дошкі, жэрдкі, вяроўкі і іншыя падручныя сродкі шляхам іх падачы таму, хто праваліўся пад лёд. Пры гэтым набліжацца да пацярпелага варта лежачы або паўзком, пажадана — абапіраючыся на прадметы, якія павялічваюць плошчу апоры. Калі ратавальнікаў двое ці больш, лепш утварыць ланцужок, утрымліваючы адзін аднаго за ногі.

Начальнік галоўнага ўпраўлення нагляду і прафілактыкі Міністэрства па надзвычайных сітуацыях Дзмітрый Турчын акцэнтаваў увагу на эксплуатацыі печаў у зімовы перыяд, а таксама падкрэсліў, што цяпер найбольш небяспечны час для пажараў. «За 11 месяцаў бягучага года ў стане алкагольнага ап'янення знаходзілася 325 загінулых падчас пажараў людзей (гэта 55 % ад усіх загінулых з гэтай прычыны ў краіне), — адзначыў прадстаўнік МНС. — Неасцярожнасць пры курэнні прывяла да гібелі 374 чалавек (63,5 % ад агульнай колькасці загінулых на пажарах)».

Павелічэнне ў зімовы перыяд зваротаў насельніцтва ў службу хуткай дапамогі адзначыў загадчык падстанцыі № 11 Гарадской станцыі хуткай медыцынскай дапамогі Яўген Юдакоў. «Гэта звязана як з сезоннымі прастуднымі захворваннямі, вірусам грыпу, а апошнім часам і з каранавіруснай інфекцыяй, часцей узнікаюць галалёдныя траўмы, — канстатаваў урач хуткай медыцынскай дапамогі. — Апошнім часам абвастрылася праблема дзіцячага траўматызму пры катанні на цюбінгах у неабсталяваных для гэтага месцах. Звяртаюся да бацькоў: не пакідайце сваіх дзяцей без нагляду і не дазваляйце катацца на цюбінгах там, дзе для гэтага не створана адпаведных умоў!»

Прадстаўнік аховы здароўя паведаміў, што ўсё часцей па медыцынскую дапамогу звяртаюцца з нагоды пераахаладжэння. «Як правіла, пацярпелыя ў асноўным знаходзяцца ў стане алкагольнага ап'янення, — падкрэсліў урач. — Ёсць памылковае меркаванне, што, ужываючы алкаголь, можна сагрэцца. Гэта абсалютна не так! Алкаголь выклікае ўяўнае адчуванне цяпла, пры гэтым, наадварот, узмацняецца цеплааддача і пераахаладжэнне, у тым ліку гібель, наступіць ад холаду нашмат хутчэй, чым у чалавека, які алкагольныя напоі не ўжываў». Яўген Юдакоў парэкамендаваў грамадзянам адзяваць цёплыя рэчы, выкарыстоўваць абутак з няслізкай падэшвай, увогуле ва ўмовах зімы, галалёду праяўляць больш асцярожнасці.

Вераніка КАНЮТА

Загаловак у газеце: Асцярожнасць — перш за ўсё

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.