Вы тут

Аляксандр Лукашэнка: Мы мусім разлічваць толькі на свае сілы


Форум у рэжыме відэаканферэнцыі праходзіць у двух фарматах — вузкім і пашыраным складам. Лідары вузкім складам абмеркавалі выкананне сваіх леташніх рашэнняў аб кірунках развіцця інтэграцыі да 2025 года, разгледзелі прымяненне навігацыйных пломбаў у ЕАЭС і ўзаемадзеянне з Іранам. На парадку дня пашыранага складу савета каля двух дзясяткаў пытанняў — ад асноўных напрамкаў міжнароднай дзейнасці ЕАЭС на 2022 года да разгляду бюджэта.


Са снежня мінулага года сустрэчы Вышэйшага Еўразійскага эканамічнага савета ладзяцца ў відэарэжыме. Такім чынам яны праходзяць ужо шосты раз за два гады. Таму Аляксандр Лукашэнка разлічвае: гэты год будзе апошнім, калі лідары маюць зносіны «па тэлевізары». 

«Хопіць нам арыентавацца на заходнія памперсы і чыпсы»

У сваім дакладзе Прэзідэнт Беларусі засяродзіў асаблівую ўвагу калег на лічбавізацыі перавозак, змяненні некаторых палажэнняў Дагавора аб Саюзе, узаемадзеянні з Кітаем для спалучэння ЕАЭС з ініцыятывай «Адзін пояс, адзін шлях», заснаванні высокатэхналагічных праектаў для захавання дынамікі росту. Але перад тым як перайсці да разгляду гэтых пытанняў парадку дня, Прэзідэнт вырашыў праінфармаваць калег па тэме, якая зараз ва ўсіх на слыху — праблема бежанцаў на беларускай мяжы. Актуальнасць гэтага пытання на форуме ЕАЭС абгрунтавана тым, што прадстаўнікі заходніх дзяржаў і ЗША звярталіся ў міністэрствы замежных спраў членаў саюза з просьбай падключыцца да ціску на Беларусь. 

«Вы павінны разумець, што Злучаныя Штаты і калектыўны Захад ад сваёй палітыкі не сыдуць. Ім неабходныя нагоды для ціску на нашу брацкую Расію і нас у тым ліку. Вось чарговую нагоду знайшлі — бежанцы. Ведаеце, што не мы парадзілі гэтую праблему. І не вы, былыя постсавецкія рэспублікі. Але гэта выкарыстоўваецца як перадумова для ціску, перадусім на Беларусь», — сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт адзначыў, што супраць нашай краіны ўжо ўведзены пяты пакет санкцый, рыхтуюць яшчэ некалькі для «эканамічнага ўдушэння Беларусі, для змены не толькі ўлады, але і дзяржаўнага строю». Кіраўнік краіны падзякаваў Расіі і іншым краінам, што аказваюць падтрымку ў супрацьстаянні ціску.

«Яшчэ раз падкрэсліваю, вас будуць душыць, настройваючы супраць Беларусі, каб вы падключыліся да гэтых санкцый супраць нашай краіны. Мая просьба, каб мы, не адцягваючы ўвагу на гэтыя просьбы, былі разам, бо гэты ціск будзе нарастаць. Ціскам на Беларусь і Расію Захад не абмяжуецца», — заўважыў Аляксандр Лукашэнка.

Паводле яго слоў, відавочна, што рэальная мэта Захаду заключаецца ў метадычным знішчэнні канкурэнтаў. «Гэтая сітуацыя яскрава прадэманстравала, што сяброў у нас там няма. Таму мы мусім разлічваць толькі на свае сілы. І правы быў Нурсултан Абішэвіч (Назарбаеў. — „Зв.“), які казаў пра самадастатковасць нашага саюза. Мы можам сябе забяспечыць усім неабходным. І другое пытанне, што мне вельмі спадабалася — імпартазамяшчэнне. Хопіць нам арыентавацца на заходнія памперсы і чыпсы. Мы самі можам вырабіць нават гэта», — упэўнены кіраўнік краіны.

«Неад’емным элементам міжнароднай дзейнасці павінна стаць эфектыўная абарона эканамічных інтарэсаў нашага саюза»

Пераходзячы да пытанняў парадку дня сустрэчы Аляксандр Лукашэнка вырашыў падрабязней спыніцца на чатырох пытаннях — укараненне навігацыйных пломбаў, змены ў Дагавор аб Саюзе, узаемадзеянне з Кітаем і распрацоўка высокатэхналагічных сумесных праектаў.

Прэзідэнт адзначыў, што, нягледзячы на складаную сітуацыю на сусветным рынку, у бягучым годзе амаль усе краіны ЕАЭС маюць двухзначны рост экспарту на знешнія рынкі і гэта добры сігнал. 

«У планавым парадку ідзе рэалізацыя Стратэгічных напрамкаў развіцця еўразійскай эканамічнай інтэграцыі да 2025 года. Нягледзячы на некаторыя цяжкасці, працягваецца паслядоўная работа па фарміраванні агульных рынкаў саюза. Разам з тым, захоўваецца шэраг пытанняў прынцыповага характару ў частцы стварэння агульных рынкаў газу, нафты і нафтапрадуктаў. Думаю, мы ў бліжэйшыя часы зможам вочна абмеркаваць і гэтыя пытанні», — дадаў Прэзідэнт.

Ён падкрэсліў, што трэба будзе падпісаць Пагадненне аб прымяненні ў ЕАЭС навігацыйных пломбаў для адсочвання перавозак, якія з’яўляюцца адным з асноўных элементаў фарміруемай адзінай сістэмы мытнага транзіту саюзу.

«Лічбавізацыя перавозак сёння цалкам адпавядае духу часу. Прымяненне навігацыйных пломбаў дасць магчымасць павысіць узровень даверу ў гандлі паміж нашымі краінамі, аптымізаваць кантрольныя мерапрыемствы на ўнутраных межах, павялічыць транзітную прывабнасць ЕАЭС», — акцэнтуе ўвагу Аляксандр Лукашэнка.

На пасяджэнні будзе падпісаны другі Вялікі Пратакол аб унясенні змяненняў у Дагавор аб Саюзе па шырокім коле пытанняў: прымяненне антыдэмпінгавых мер у адносінах да трэціх краін, канкурэнцыя і дзяржаўнае рэгуляванне цэн спагнанне ўскосных падаткаў і механізм кантролю за іх выплатай, тэхнічнае рэгуляванне і шмат іншага.

Кіраўнік краіны прапанаваў засяродзіцца на некалькіх ключавых пытаннях на міжнародным трэку ў адпаведнасці з асноўнымі напрамкамі міжнароднай дзейнасці саюза на 2022 год. «Наша сумесная работа на знешнім контуры і дзейнасць Камісіі павінны быць арыентаваны перш за ўсё на вырашэнне практычных задач развіцця экспарту тавараў і паслуг. І Кітай тут займае асаблівае месца. Лічу неабходным акцэнтаваць увагу на ўзаемадзеянні з гэтай краінай у рамках спалучэння планаў развіцця ЕАЭС, ініцыятывы „Адзін пояс, адзін шлях“ і Пагаднення аб гандлёва-эканамічным супрацоўніцтве 2018 года», — адзначае Прэзідэнт. 

Ён настойвае на працягу дыялогу з Егіптам і Іранам для завяршэння перагавораў па пагадненнях аб свабодным гандлі, а таксама актывізацыі яго з Ізраілем. Чакае беларускі бок хуткага прыняцця рашэння па мэтазгоднасці пачатку перамоваў з Інданезіяй і Манголіяй аб зоне свабоднага гандлю.

«Акрамя таго, неад’емным элементам міжнароднай дзейнасці як у 2022 годзе, гэтак і ў доўгатэрміновай перспектыве павінна стаць эфектыўная абарона эканамічных інтарэсаў нашага саюза», — заявіў Аляксандр Лукашэнка. 

Падняў ён яшчэ адно важнае пытанне. Бягучая ўдалая кан’юнктура ў знешнім гандлі, на яго думку, мае цыклічны характар. Каб захаваць станоўчую дынаміку эканамічнага росту, у 2022 годзе трэба сфакусіравацца на рэалізацыі некаторых мерапрыемстваў.

«Перш за ўсё трэба актывізаваць прамысловую кааперацыю па сумеснай вытворчасці новай, запатрабаванай на сусветным рынку прадукцыі, — дадае Прэзідэнт. — Важным практычным крокам у гэтым напрамку будзе ўзгадненне пераліку сумесных маштабных высокатэхналагічных праектаў, а таксама вызначэнне ўмоў іх фінансавання і рэалізацыі. Над такімі праектамі мы з Расійскай Федэрацыяй працуем».

Для вырашэння гэтай задачы ў бліжэйшыя гады неабходна надаць асаблівую ўвагу укараненню інавацыйных тэхналогій, каб не страціць знешнія рынкі, акцэнтуе кіраўнік краіны і заўважае, што акумуляванне сумесных намаганняў і навуковага патэнцыялу краін дасць магчымасць зрабіць гэта з максімальнай аддачай.

«Яшчэ адным неабходным элементам для гарманічнага развіцця прамысловасці і паспяховай кааперацыі ў гэтай сферы з’яўляецца збліжэнне інструментаў і ўмоў дзяржпадтрымкі прамысловасці ў нашых краінах. Заклікаю адказна падысці да гэтай тэмы», — сказаў Прэзідэнт.

Ён адзначае, што ў рамках фарміравання агульнага рынку дзяржаўных закупак у наступным годзе неабходна забяспечыць узаемнае прызнанне электроннага лічбавага подпісу і вызначыць на ўзроўні саюза комплекс мер па далейшай лічбавізацыі дзяржаўных закупак у нашых краінах.

«Для гэтых мэт мы таксама павінны вырашыць ужо не новае пытанне — узаемнае прызнанне гарантый, якія выдаюцца банкамі нашых краін», — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

Ён дадаў, што трэба вывучыць мэтазгоднасць карэкціроўкі палажэнняў стратэгіі з улікам прынятай заявы аб кліматычным парадку дня і мэт па руху да нізкавугляроднай эканомікі.

У завяршэнні выступлення Прэзідэнт падзякаваў свайму казахстанскаму калегу Касыму-Жамарту Такаеву за завяршэнне плённага старшынства ў органах саюза і пажадаў поспехаў Кыргызстану, які прымае гэту эстафету ў наступным годзе. 


У тэму

Касым-Жамарт ТАКАЕЎ, Прэзідэнт Казахстана: «Аб’ёмы ўзаемнага гандлю за дзевяць месяцаў бягучага года выраслі на 32,5 працэнта і дасягнуў 52 мільярдаў долараў. Гэта больш паказчыка даковіднага перыяду на 16,5 працэнта. Вырас аб’ём экспарту паміж краінамі саюза. Напрыклад, рост аб’ёмаў экспарту Казахстана склаў 39 працэнтаў. У супастаўных лічбах вырас таксама экспарт і іншых краін-удзельніц саюза. Гэта сведчыць пра дынамічнае развіццё гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва, паляпшэнне яго структуры ў і рост канкурэнтаздольнасці адпаведных галін».

Нікол ПАШЫНЯН, прэм’ер-міністр Арменіі: «Яшчэ адным ключавым складнікам эфектыўнага развіцця аб’яднання, выдзеленай у стратэгіі, з’яўляецца пашырэнне гарызонтаў міжнароднага супрацоўніцтва і стварэнне шырокай сеткі гандлёва-эканамічных сувязяў. У гэтым кантэксце лічу важным яшчэ раз звярнуць увагу на зацікаўленасць у хутчэйшым заключэнні поўнафарматнага пагаднення ад свабодным гандлі паміж Іранам і ЕАЭС. Вопыт функцыянавання часовага Пагаднення з Тыгеранам наглядна дэманструе наяўнасць патэнцыялу і перспектывы далейшага паглыблення супрацоўніцтва».

Садыр ЖАПАРАЎ, прэзідэнт Кыргызстана: «Бягучы крызіс і яго пагубны ўплыў на эканоміку ўсяго саюза, уключаючы павышэнне ўзроўню беднасці, скарачэнне працоўных месцаў і нарастанне разрыву ў развіцці, безумоўна патрабуе ўвагі да пытання ўстойлівага развіцця эканомікі нашага інтэграцыйнага аб’яднання. У гэтых мэтах нам неабходна сумеснымі намаганнямі ўкараняць дзейсныя механізмы падтрымкі рэалізацыі кааперацыйных пректаў, ствараць лагістычную інфраструктуру і гандлёва праводзячыя сістэмы, што акажуць станоўчы ўплыў на павелічэнне аб’ёмаў экспарту тавараў і развіццё нашых эканомік у цэлым».

Уладзімір ПУЦІН, прэзідэнт Расіі: «Барацьба з каранавіруснай інфекцыяй стымулюе нашы краіны да больш цеснага партнёрства ў фармацэўтычнай індустрыі і ў цэлым у галіне медыцыны. Я памятаю, як прэм’ер-міністр Арменіі быў ініцыятарам як бы разгортвання нашай сумеснай працы па гэтым напрамку і нават прапаноўваў цэлую праграму ў сувязі з гэтым. Вось, уласна кажучы, мы цяпер яе і ажыццяўляем. У адпаведнасці з даручэннямі, якія мы далі ў рамках нашага пасяджэння ў снежні мінулага года, у большасці дзяржаў ЕАЭС паспяхова наладжаны выпуск расійскіх вакцын».

Як праходзілі перамовы кіраўнікоў краін ЕАЭС у закрытым фармаце вузкім складам, расказаў журналістам віцэ-прэм’ер Ігар ПЕТРЫШЭНКА. Ключавым пытаннем, па яго словах, было абмеркаванне рэалізацыі «Стратэгічных кірункаў развіцця еўразійскай эканамічнай інтэграцыі да 2025 года». Дакумент прыняты год таму ў перыяд старшынства беларускага боку.

«Кіраўнікі краін у сваіх выступленнях падтрымалі пагадненне ад прасочваемасці пломбаў. Яно доўга рыхтавалася, але дазволіць нам паскорыць транзітныя пастаўкі на прасторы ЕАЭС, па-за межамі. Мы паставім бар’ер многім шэрым схемам, што былі. Я думаю, празрыстасць рэалізацыі і аб’ёмы гандлю павялічацца», — сказаў намеснік прэм’ер-міністра.

Будзе створана адмысловая рабочая група, што зоймецца распрацоўкай адзіных мер аховы інфармацыі, змешчанай у навігацыйнай пломбе.

Таксама ўсе краіны прынялі рашэнне аб забароне вывазу леса-кругляку з Расіі за межы ЕАЭС. «То-бок лес будзе пастаўляцца для ўнутраных патрэб у краіны-члены ЕАЭС толькі ў тых аб’ёмах, якія неабходныя для спажывання суб’ектаў гаспадарання. То-бок знешні контур закрываецца», — расказаў Ігар Петрышэнка.

Марыя ДАДАЛКА

Фота: БелТА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Прыгажосць і трагедыя Краснага Берага

Прыгажосць і трагедыя Краснага Берага

З'ядноўваюцца супрацьлеглыя рэчы: вялікая прыгажосць і вялікі боль...

Грамадства

«Таблетка» шчасця ад мадэлі з Барысава Наталлі Клачко. На пенсіі жыццё не спыняецца

«Таблетка» шчасця ад мадэлі з Барысава Наталлі Клачко. На пенсіі жыццё не спыняецца

На пенсіі жыццё не спыняецца. А вось якім яно будзе — залежыць ад кожнага з нас.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на тыдзень

Усходні гараскоп на тыдзень

ЛЕЎ. У вашым жыцці надыходзіць добры перыяд, можна нават сказаць, новы этап.