Вы тут

"Кацюша" на брэсцкай вуліцы


Анастасія з Новасібірска пабывала сёлета ў Беларусі ды марыць яшчэ абавязкова наведаць вёску на Гомельшчыне, адкуль продкі яе перасяліліся ў Сібір


Анастасія Дзяменцьева ды Іван Чайка сустрэліся ў Брэсце

Гэты тэкст падаем у працяг публікацыі “Новасібірская вандроўніца” – ГР, 27.08.2021. Ён быў пра тое, што кіраўніца Новасібірскага цэнтра беларускай культуры, спявачка Анастасія Дзяменцьева ў чарговы раз пабывала ў Беларусі. Пабачыла некаторыя гарады, штодзень выстаўляла ў Інстаграм свае посты. Нават далучылася да культурнай праграмы “Славянскага базару ў Віцебску”: спявала там на Плошчы Перамогі песню “Белая Русь” – і ўдзячныя гледачы віталі яе авацыямі.

Незабыўныя сустрэчы былі ў Брэсце. Анастасія марыла пабываць у Брэсцкай крэпасці, а як патрапіла туды – была вельмі ўзрушаная: “Вось і цяпер згадваю той дзень – а ў мяне мурашкі па скуры... Настолькі моцнае там па энергетыцы, па нейкім патрыятычным зарадзе месца”. Надвячоркам у горадзе пабачыла дзядулю з гармонікам: граў для людзей. “І, вядома ж, не магла я прайсці міма. Кажу: вы грайце, а я буду з вамі спяваць. І заспявалі мы “Кацюшу”. Нас людзі абступілі, рабілі здымкі, на відэа здымалі. Потым гляджу – знаёмы твар на афішцы: Дзмітрый Ровенскі! Ён у Новасібірск прыязджаў, выступаў. А гарманіст у Брэсце – гэта Іван Мікалаевіч Чайка, яны з Дзмітрыем Дзмітрыевічам сябруюць. Так што, спадзяюся, мы яшчэ ўтрох сустрэнемся ды паспяваем добрыя песні”.

На памяць я падарыў госці рэдакцыі адну з ранейшых беларускіх грашовых купюр: з выявай Брэсцкай крэпасці-героя. А для новых сустрэч творчых людзей, разважалі мы, варта б заключыць “беларуска-новасібірскае пагадненне аб супрацоўніцтве”. Анастасіі ж хочацца без спеху агледзець тыя гарады, дзе пабывала. То можа ладзіць “настальгічныя туры” ў Беларусь з Новасібірска? Пандэмія ж пройдзе. Знайсці турфірму, каб сустракаць групы, рабіць праграму з улікам пажаданняў беларусаў з Сібіры. А ёсць у нас мясціны, адкуль былі родавыя карані вядомых акадэмікаў Валянціна Капцюга (вёска Козікі, Верхнядзвінскі раён), Андрэя Трафімука (Жабінкаўскі раён), а таксама й цяперашняга кіраўніка Сібірскага аддзялення РАН Валянціна Пармона (Уздзенскі раён).

У часе вандраванняў па Гомельшчыне Анастасію сагравала думка: з тых мясцін яе родавыя карані. “Здаецца, з Рагачоўскага раёна... Магчыма, вёска Светлае... Не ведаю, ці ацалела яна. Бабуля мая будучая, Агаф’я Лук’янаўна Зашчытава, маленькай была, калі з бацькамі ў 1939-м у Сібір пераехала. У мамы збярогся дзядулін “Пересяленчы білет”: можа дапаможа ў пошуках. У Агаф’і, мама расказвала, была старэйшая сястра Васіліса, і яна ў Беларусі жыць заставалася. Не ведаем, як склаўся ў яе лёс... Жыла сям’я Лукаша Зашчытава пасля перасялення ў Северным раёне. А Лукаш Сцяпанавіч, як пачалася вайна, пайшоў на фронт і прапаў там без вестак”.

І ўдалося-такі нам знайсці тую вёску, адкуль паехалі ў 1930-я ў Сібір продкі Анастасіі Дзяменцьевай! Што за вёска, і чаму “прыхаванай” аказалася назва яе – раскажам наступным разам.

Іван Ждановіч

Дарэчы. Анастасія Дзяменьцева цяпер вядзе на ютуб-канале цікавы, пазнавальны “Закулисный влог”, і адзін з яе відэасюжэтаў прысвечаны якраз яе брэсцкай сустрэчы. Іван Чайка грае на гармоніку, Анастасія – спявае, прычым і беларускія песні, а не толькі “Кацюшу” https://www.youtube.com/watch?v=ONesRPEOKdQ

Нумар у фармаце PDF

Загаловак у газеце: "Кацюша" на брэсцкай вуліцы

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».