Вы тут

“Беларуская хата” ў самарскім парку


У вялікім Этнакультурным комплексе “Парк дружбы народаў”, які адкрылі ў Самары на пачатку верасня, ёсць і “Беларускі падворак”


Алег Ксяндзоў з жонкай у "Беларускай хаце"

Парк гэты – на паўвостраве ў старыцы Волгі, створаны ў Куйбышаўскім раёне горада ля жыллёвага комплекса “Волгарь”. І нават чыгуначная станцыя Красны Кражок перайменаваная цяпер у Парк Дружбы Народаў. Адвялі пад праект 12 гектараў, зрабілі 20 падворкаў, характэрных для этнасаў і народаў, якія жывуць на тэрыторыі вобласці: немцаў, беларусаў, дагестанцаў, украінцаў, яўрэяў, казахаў, таджыкаў, рускіх, чувашоў, татараў, асецін, армян, башкір, грузін, чачэнцаў, узбекаў, фіна-вугорскіх народаў, азербайджанцаў і туркмен. Будматэрыялы для падворкаў везлі й з тых земляў, дзе кампактна жывуць гэтыя нацыянальнасці, для будаўніцтва былі запрошаныя народныя ўмельцы.

Вялікае свята, знакавая падзея – адкрыццё Парка. У прывітальнай тэлеграме Прэзідэнта Расіі Уладзіміра Пуціна ў Самару гаворыцца, што адкрыццё Этнакультурнага комплексу “Парк дружбы народаў” – гэта маштабны, пазнавальны, асветніцкі праект, рэалізаваны пры актыўным удзеле рэгіянальнай арганізацыі Саюз народаў Самарскай вобласці. Што ініцыятыва гэтая важная й запатрабаваная: “Паяднаўшы на значнай тэрыторыі падворкі, уладкаваныя па старадаўніх самабытных традыцыях народаў, якія здаўна засялялі Самарскую вобласць, арыгінальныя нацыянальныя касцюмы, прадметы побыту й творчасці, этнакультурны комплекс у нагляднай займальнай форме дэманструе ўнікальную разнастайнасць моў, звычаяў, рэлігій, якія па праве з’яўляюцца неацэнным здабыткам нашай Айчыны. Упэўнены, што Парк дружбы народаў стане любімым месцам адпачынку для гараджан, турыстаў і гасцей вобласці, для ўсіх, хто шчыра цікавіцца гісторыяй роднага краю”.

Як адзначыў губернатар Самарскай вобласці Дзмітрый Азараў, парк сімвалізуе брацкае шматвяковае жыццё на самарскай зямлі людзей розных нацыянальнасцяў, розных веравызнанняў у міры і сяброўстве, узаемавыручцы. Сімвалічна, што Парк адкрылі ў Дзень горада Самары, і да таго ж у Дзень дружбы народаў Самарскай вобласці.

Газета пісала ўжо, што ў Парку ўзводзіцца й беларуская хата. Першыя зрубы з’явіліся там у 2017 годзе. Дакладныя копіі нацыянальнага жылля аднаўлялі з дапамогай архітэктараў і навукоўцаў. Акрамя нацыянальных падворкаў, у Парку плануюць адкрыць нацыянальную бібліятэку, рамесныя майстэрні, інтэрактыўныя пляцоўкі ды ЗАГС, дзе пары змогуць зарэгістраваць свой шлюб і згуляць вяселле з захаваннем нацыянальных традыцый. Праекты ўсіх будынкаў архітэктары распрацоўвалі разам з гісторыкамі ды этнографамі, пры будаўніцтве выкарыстоўвалі старажытныя тэхналогіі, аўтэнтычныя матэрыялы. Нацыянальныя дамы напоўнены экспанатамі, якія расказваюць пра побыт таго ці іншага народа, ёсць там і старадаўнія сапраўдныя рэчы.

Ініцыятарам стварэння этнакомплексу выступіў кіраўнік Саюза народаў Самарскай вобласці Расціслаў Хугаеў. Праект быў прэзентаваны й пачаў ажыццяўляцца ў 2016-м. Як лічыць Хугаеў, падобнага комплексу няма пакуль ні ў адным з рэгіёнаў Расіі. У часе ўрачыстага адкрыцця Парка ён выказаў вялікую падзяку ўсім, хто мае дачыненне да праекта, падтрымлівае пачынанне. Дарэчы, артысткі народнага ансамбля беларускай песні “Купалiнка” з Тальяці (кіраўніца Людміла Дзёміна) былі ў шматнацыянальным калідоры, па якім праходзілі ганаровыя госці свята. І на галоўнай сцэне ў святочным канцэрце ў выкананні гурта прагучалі беларускія песні.

Пасля канцэрта ганаровыя госці аглядалі падворкі. Наш, беларускі, створаны на падставе ўспамінаў пра дзяцінства і юнацтва тых, хто ўваходзіць у Самарскую рэгіянальную грамадскую арганізацыю па захаванні й развіцці самабытнасці беларускага народа “Белая Русь”. Праект узгоднены з этнографамі, гісторыкамі. Беларускую хату быццам перавезлі ў Паволжа з беларускай вёскі. Унутры ёсць ручнікі й фіранкі з традыцыйнай вышыўкай, стол, ложак, печ (у ёй можна паліць агонь, гатаваць стравы), шырокія палаці, лавы, калыска для дзіцяці. Нават жорны ёсць – у рабочым стане, зроблены ў нашым часе па даўнейшых чарцяжах. Страха ў хаты з чарату: так будавалі беларусы ў некаторых рэгіёнах. Уся мэбля (ложак, стол, зэдлічкі, лаўкі ды іншая) зроблены рукамі беларускага майстра Уладзіміра Вітаха – ён родам з мястэчка Бачэйкава, што ў Бешанковіцкім раёне Віцебшчыны. Шмат прадметаў побыту прывезлі з Бацькаўшчыны сябры беларускай суполкі: сям’я Ксяндзовых (Мінск), Васіль Плаўчанка (Давыд-Гарадок, Брэстчына), Анатоль Навумавец (вёска Замошша Іванаўскага раёна Брэстчыны) ды іншыя. Велізарную дапамогу ў дастаўцы прадметаў побыту, пасылкі ад Мінкультуры Беларусі аказаў Мікалай Мазырэц, кіраўнік дылерскага цэнтра “Белорусъ” (вёска Навасёлкі Хойніцкага раёна Гомельшчыны).

У нашай хаце ёсць прадметы з даўняй гісторыяй. Скажам, акардэон 1914 года з выдатным гучаннем (з Мінска), швейная машынка 1918 года з Гомельшчыны. Сям’я Дзёмкіных (Магілёў) падарыла ў хату касцюм жаночы з воўны, саматканы, ніткі фарбаваныя бураком і травой. Пашыты быў уручную на пачатку ХХ стагоддзя і добра захаваўся. На фатаграфіі духавога аркестра 43 пяхотнага корпуса Рускай арміі 1912 года з Магілёва ёсць прадзед Дзёмкіных. А Біблія (выданне 1889 года) у нашу хату трапіла з чырвонага кута былой хаты роду Навумаўцоў. Будзем і надалей папаўняць этнаграфічную калекцыю падворка, спадзяемся ў гэтай справе на падтрымку супляменнікаў. Паколькі я вызначаны куратарам падворка, жонка Зоя – памочніцай, то, прайшоўшы курсы экскурсаводаў, пачынаем па выхадных весці экскурсіі па нашых “уладаннях”. Так што – калі ласка ў нашу “Беларускую хату”!

Алег Ксяндзоў, кіраўнік Самарскай рэгіянальнай грамадскай арганізацыі па захаванні й развіцці самабытнасці беларускага народа “Белая Русь”

Нумар у фармаце PDF

Загаловак у газеце: “Беларуская хата” ў самарскім парку

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.