Вы тут

“Вялес”: калі душа спявае


Дасведчаная ў спевах педагог-вакалістка Вікторыя Чарнова далучае студэнтаў, якія будуць працаваць у аграпрамысловым комплексе краіны, да беларускай фальклорнай спадчыны


Гурт "Вялес" пасля канцэрта ў Нацыянальнай бібліятэцы

У Вікторыі Чарновай вялікі песенны стаж, які пачаўся са студэнцтва, з ансамбля “Грамніцы” Беларускага дзяржуніверсітэта культуры й мастацтваў. На апошніх курсах адточвала майстэрства ў Заслужаным аматарскім фальклорна-этнаграфічным ансамблі “Неруш” БДУ. І сем гадоў была хормайстрам у Заслужаным аматарскім калектыве “Дударыкі”, спявала ў ансамблі народнай музыкі й песні “Мінскія музыкі” (абодвума гуртамі кіруе Дзмітрый Ровенскі). А пазней сама стварыла вакальна-харэаграфічны ансамбль “Вялес” пры Беларускім дзяржаўным аграрным тэхнічным універсітэце (БДАТУ). Назва гурта сімвалічная, бо, мы ведаем, у беларускай міфалогіі Вялес лічыцца богам палявання, жывёлагадоўлі й багацця. І называюць яго адным з найвядомых і найзагадкавых багоў старажытных славян.

“Праграма арт-фолк гурта “Вялес” вельмі цікавая, рэпертуар наш разнапланавы: няма ніводнай песні, якая была б падобная на іншую, – расказвае Вікторыя Чарнова. – Калектыў шмат выступае. Яго канцэрты відовішчныя: спевы суправаджаюцца беларускімі танцамі. Я лічу, што такія калектывы павінны быць у кожным універсітэце, а тым больш у нашым, аграрным. Раней жа быў тут толькі акадэмічны хор. Калі прыйшла сюды працаваць шмат гадоў таму, то сказала: па адукацыі я “народнік” і хацела б стварыць народны гурт. Мяне падтрымалі як маральна, так і матэрыяльна. Стварылі ўсе ўмовы: ва ўніверсітэце ёсць вялікая сцэна, можам там выступаць, спецапаратура, харэаграфічная зала… Карацей – усё для таго, каб маглі зберагаць і пашыраць традыцыйны беларускі фальклор. Юнакі і дзяўчаты ва ўніверсітэце – таленавітыя, прыходзяць у гурт з розным узроўнем падрыхтоўкі. Адметна, што ў “Вялесе”, у адрозненне ад іншых падобных гуртоў, шмат хлопцаў. Яны выступаюць не толькі з дзяўчатамі, але й асобна, спяваюць песні мужчынскія. І ўжо калі хлопцы нашы на сцэну выходзяць, то ўсе трымаюцца за сэрцы, бо яны добрыя артысты”.

“Вялес” па сваім складзе – гурт малады, у ім у асноўным студэнты. “Гэта юнакі і дзяўчаты, якім гадоў па 17-20, – удакладняе Вікторыя Валер’еўна. – Таму і рэпертуар адпаведны падбіраецца. Шмат спяваем беларускіх песень пра каханне, гучаць яны ў сучаснай апрацоўцы, суправаджаюцца танцамі – з намі працуе, дапамагае стварыць адметны стыль харэограф Вера Варашылава, якая працуе і ў Беларускай дзяржфілармоніі. Часта на цэнтральных пляцоўках краіны, каля Палаца Рэспублікі, Нацыянальнай бібліятэкі моладзь з “Вялеса” танцуе “Танцы з народам”. Тое цікава ўсім, і гледачы актыўна залучаюцца ў такую праграму: танцуюць разам са студэнтамі-артыстамі кракавяк, падэспань, польку, кадрыль…”.

Вікторыя Чарнова

Апошнім часам “Вялес” асвойвае й самы складаны вакальны кірунак – песні “а-капэла”, шматгалосныя, аўтэнтычныя і без інструментальнага суправаджэння: “Сярод іх – абрадавыя, пазаабрадавыя, прыгожыя настолькі, што проста заварожваюць. Калі мы заканчваем спяваць бяседную песню “Ой, сівы конь бяжыць” – у зале поўная цішыня, нібыта ўсё ў гуках песні растварылася. Гэта сапраўды беларускія спевы, у якіх ёсць і характар беларусаў, і менталітэт, і самабытнасць наша, і вобраз усёй нашай культуры. Якраз такія музычныя карункі, гэтае шматгалоссе, гармонія, гэтае перапляценне гукаў, беларуская манера выканання ўспрымаюцца і вітаюцца слухачамі”. Як дасведчаны педагог-вакалістка Вікторыя Валер'еўна пільна сочыць за манерай выканання: “Праводжу шмат індывідуальных заняткаў, каб паставіць голас, каб атрымаць традыцыйную беларускую манеру гучання, якая мала дзе збераглася”. Гурт любіць спяваць беларускія народныя песні “Чорны крумкач”, шматгалосную “Як пайду я ў белую канюшню”, дзявочую “Выганяй, маці, каваля з хаты”, мужчынскую “Ішоў казак з Дону”, песні “Што й на нашай на вуліцы”, “Цячэ рэчка” ды іншыя. Сёлета ў Дзень пасвячэння ў студэнты БДАТУ “Вялес” выканаў песню “Вёска”, сюжэт якой блізкі многім студэнтам, па нараджэнні вяскоўцам.

Як з дапамогай жэстаў, мімікі данесці новую песню да слухача, з якім эмацыйным тонам выканаць, як стварыць песенны вобраз – усё тое расказвае Вікторыя Чарнова студэнтам у часе рэпетыцый. Дарэчы, спецыяльна пад песні “а-капэла” кіраўніцтва ўніверсітэта дапамагло артыстам пашыць строі паводле аўтэнтычных узораў. “Калі наш “Вялес” выходзіць на сцэну, то ён адразу заўважны, яго нельга пераблытаць ні з якім іншым гуртом. Таму й слухачы аддаюць яму не толькі сэрцы, але й галасы, – рада грамадскаму прызнанню кіраўніца калектыву. – Мы пастаянна ўдзельнічаем у розных міжнародных і рэспубліканскіх конкурсах. І ўжо маем нямала ўзнагарод. Сёлета, напрыклад, атрымалі Гран-пры за ўдзел у Міжнародным on-line фестывалі "Musical star of Slovenia" (2021) у Славеніі, а нядаўна – дыплом І ступені за ўдзел у Міжнародным шматжанравым on-line фестывалі-конкурсе "Holy Land" у Ізраілі. Маем намер яшчэ раз паехаць у горад Пезара ў Італію: два гады таму паўдзельнічалі там у Міжнародным канцэртным туры ў гонар Дня Італьянскай Рэспублікі. На свяце спявалі “а-капэла” беларускую народную песню “Вецер вее”. Калі ўдасца патрапіць туды сёлета, будзем зноў спяваць песню без інструментальнага суправаджэння: мінулы раз такую вельмі ўпадабалі слухачы. Калі каранавірус унясе карэктывы ў планы, то будзем удзельнічаць у конкурсах on-line. Хутка падобны “сеткавы” конкурс пройдзе і ў Расіі”.

Апошнім часам маладыя артысты арт-фолк гурта “Вялес” БДАТУ працуюць над кампакт-дыскам беларускіх песен, запісваюць іх у студыі гуказапісу “Microfon”. На дыску будзе 8 беларускіх песен “а-капэла”, другая палова яго складзецца з 8 беларускіх песен у сучаснай апрацоўцы.

Ганна Лагун

Нумар у фармаце PDF

Загаловак у газеце: “Вялес”: калі душа спявае

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».