Вы тут

Як сям'я з Мінска пераехала ў Докшыцкі раён на пастаяннае месцажыхарства


Маладыя муж і жонка Латковічы пераехалі з Мінску ў Докшыцкі раён на пастаяннае месцажыхарства. Жывуць у вёсачцы Рапяхі, ад якой да райцэнтра пятнаццаць кіламетраў. На сёння ў гэтым населеным пункце некалькі дамоў і ніякага сэрвісу: няма крамы, ФАП, клуба і ўсяго астатняга. Але былыя мінчане не плануюць з'язджаць, прынамсі ў найбліжэйшыя гады. У іх козы, цяля, куры, вялікі агарод. Збіраюцца купіць карову. Логіку былых мянчан паспрабаваў зразумець карэспандэнт «Звязды».


Латковічаў тут помняць

Тэму падказаў старшыня Віцебскага абласнога Савета дэпутатаў Уладзімір Цярэнцьеў на пасяджэнні прэзідыума, дзе абмяркоўвалі меры для скарачэння колькасці пустых дамоў. Ён пачуў гісторыю сям'і Латковічаў ад старшыні Докшыцкага райсавета Валенціны Рандарэвіч.

Паўлу і яго жонцы Надзі каля трыццаці гадоў. Сыну Івану тры годзікі, тата возіць яго ў садок у суседнюю вёску Параф'янава. Павел Латковіч працуе юрысконсультам Цэнтра традыцыйнай культуры і народнай творчасці Докшыцкага раёна, член маладзёжнага парламента пры Нацыянальным сходзе Рэспублікі Беларусь. Надзея працуе ў цэнтры па забеспячэнні дзейнасці бюджэтных арганізацый.

Дзед самага юнага жыхара Рапяхоў — Мікалай Аляксандравіч Латковіч — вядомы чалавек на Віцебшчыне. Працаваў галоўным архітэктарам у некалькіх раёнах, у тым ліку і Докшыцкім, дзе нарадзіўся Павел. На пенсію пайшоў з пасады начальніка галоўнага ўпраўлення праектных работ, горадабудаўніцтва і архітэктуры Міністэрства архітэктуры і будаўніцтва.

Павел — малодшы сын з чатырох у сям'і Латковічаў. З вялікай павагай распавядае пра бацькоў і братоў. Яго бацькі, дарэчы, пазнаёміліся на вяселлі ў Докшыцкім раёне, напэўна, лёсу трэба было вярнуць малодшага сына ў гэты край.

Не паганства і не бізнес

Увогуле, сталічныя перасяленцы ў глыбінку для Віцебшчыны — не дзіва. Сяліліся тут прыхільнікі новага рэлігійнага руху і шукальнікі лёгкіх заробкаў на турыстах.

— Не! Мы з жонкай не вегетарыянцы, — рассмяяўся Павел на мае здагадкі. — Пра турыстаў — не ўпэўнены, што гэта нам трэба, наадварот, мы пажадалі цішыні і жыць так, каб ні пад кога не падстройвацца, каб не было непрыемных нечаканасцяў ад тых, каго не ведаеш.

Да Рапяхоў Павел... служыў у мінскай міліцыі. Ахоўваў парадак на чыгуначным транспарце. Пачынаў у патрульна-паставой службе, потым быў оперупаўнаважаным крымінальнага вышуку.

— Дарэчы, на вакзале сталічным працавала мая палавінка: білеты прадавала. Я сапраўды адразу адчуў, што яна мая! Як вам растлумачыць? Міма праходжу, гляджу на яе і не магу позірк адвесці. Бландзінка з вачыма як зоркі... — не хавае закаханасці мужчына.

Між іншым Надзея дзесяць гадоў таму на конкурсе прыгажосці сярод супрацоўніц чыгункі была ўдастоена тытула «Віцэ-міс». Нездарма кіраўнік райсавета западозрыла, што новая жыхарка Рапяхоў, магчыма, на свае вочы тых жа коз у Докшыцкім раёне ўбачыла ўпершыню. Мае суразмоўцы гэтыя словы сустрэлі са смехам, але абвяргаць не сталі — Надзея мінчанка не ў першым пакаленні і сельскае жыццё дагэтуль ведала толькі па бацькоўскай дачы.

Але здаровы лад жыцця

У Рапяхі маладыя Латковічы прыехалі ўпершыню да сваякоў у госці. Спадабаўся спакой, чыстае паветра і натуральная, смачная ежа. Падумалі пра малое, якому лепш развівацца на прыродзе.

— Я не ведаю, як вам растлумачыць. Пацягнула! — спрабуе давесці малады мужчына.

Пасля службы ў міліцыі ён стварыў інтэрнэт-краму па продажы будаўнічых матэрыялаў, працаваў кіроўцам таксі...

— Дыспетчар агучвае мне заказ, еду, і галава не баліць. Але цягнула займацца іншым. Ды і танней жыццё ў вёсцы, чым у горадзе, — разважае ён. — Малако, мяса, яйкі, гародніна свае, ягады і грыбы — з лесу. У горадзе за ўсё гэта аддаюць вялікія грошы. У нас яшчэ і экалагічна чыстае. А да райцэнтра некалькі хвілін язды.

І печку — уласнаруч

Павел падрабязна распавёў, як звычайную вясковую хатку, якую купіў па вельмі прывабнай цане, пераўтварыў у жыллё з усімі выгодамі.

— Дзякую за дапамогу бацьку, у якога рукі залатыя і парады вельмі карысныя ў пытаннях будаўніцтва. У наш час шмат інфармацыі ў інтэрнэце, але тут можна памыліцца. Печку прыйшлося ў выніку перарабляць, затое цяпер магу ганарыцца: мая канструкцыя больш надзейная, — распавядае вясковец.

Яны з жонкай вывучаюць хрысціянскую літаратуру. Да жадання вянчацца прыйшлі праз пару гадоў сумеснага жыцця. Гулялі з сынам па Мінску і зайшлі ў царкву. Потым зноў. Потым адчулі нешта новае ўнутры сябе.

— Напэўна, праца душы. Пашанцавала адразу са святаром, які вельмі акуратна падвёў да веры, да хрысціянскага вобраза жыцця, — дзеліцца Павел.

Паміж мінулым і сучасным

Калі перасяліліся ў вёску, ён уладкаваўся ў мемарыяльны комплекс «Праклён фашызму» на месцы вёскі Шунеўка. «Хатынь Падзвіння» — так яшчэ часта называюць гэтае месца. Праводзіў экскурсіі, арганізоўваў мерапрыемствы. Зараз адказвае за юрыдычныя пытанні ў Цэнтры традыцыйнай культуры і народнай творчасці.

У вольны час, якога вельмі мала ў вяскоўца, займаецца фізкультурай. З задавальненнем бегае, катаецца на лыжах, падымае гіры.

Калі яму прапанавалі стаць членам раённага маладзёжнага парламента, здзівіўся, бо лічыць, што нядоўга яшчэ жыве ў Докшыччыне. Вельмі стараецца апраўдаць давер. Спадзяецца, што разам з іншымі прадстаўнікамі моладзі раёна прыдумае нешта цікавае для гэтых мясцін. Цяпер гэта — трэнд.

Аляксандр ПУКШАНСКІ

Фота з архіва сям'і Латковічаў

Загаловак у газеце: Са сталіцы — у глыбінку

Выбар рэдакцыі

Жыллё

Арэндная стаўка на здымнае жыллё працягвае зніжацца

Арэндная стаўка на здымнае жыллё працягвае зніжацца

Свежасць раёна, кватэры з новай планіроўкай — гэтыя фактары сёння маюць ключавое значэнне.

Адукацыя

У фокусе — прафесійная адукацыя

У фокусе — прафесійная адукацыя

Кіраўнікі адукацыйных ведамстваў упэўнены, што супрацоўніцтва ў сферы адукацыі з’яўляецца важным фактарам для ўстойлівага сацыяльна-эканамічнага развіцця дзвюх краін.

Грамадства

«Шэрая» зарплата — сумныя вынікі

«Шэрая» зарплата — сумныя вынікі

Што губляюць работнік і дзяржава?