Вы тут

Як Вальмен Аладаў адправіў трактар на дах і ўратаваў Раўбіцкі касцёл


Старэйшына мінскіх архітэктараў, доктар архітэктуры, прафесар, акадэмік Вальмен Мікалаевіч Аладаў пайшоў з жыцця на 92 годзе.


Аладаў быў сынам Алены Аладавай, легендарнага дырэктара Дзяржаўнага мастацкага музея БССР, і знакамітага кампазітара Мікалая Аладава. Ён нарадзіўся ў 1930 годзе ў Мінску. Дзіцем быў сведкам адкрыцця Карціннай галерэі ў 1939 годзе, эвакуацыі з Мінска ў 1941 годзе, адраджэння Мінска у 1950—1960-х гадах.

Бацькі марылі, каб стаў музыкантам, але ён выбраў (дзякуючы аднакласніку, сыну архітэктара Воінава) іншы шлях — архітэктара, у кім была на той час вялікая патрэба. Вучыўся ў Маскве, у Архітэктурным інстытуце, потым 10 гадоў працаваў пад кіраўніцтвам выдатнага беларускага архітэктара Георгія Заборскага. У 1965 годзе па ініцыятыве Вальмена Аладава быў створаны рэспубліканскі праектны інстытут «Белдзяржгіпрагандаль», якім ён кіраваў 15 гадоў.

Камароўка

Хто з мінчан не ведае будынка крытага Камароўскага рынка, спарткомплексу ў Раўбічах, знакамітых кавярань 1980-х — «Малочнага» з пано з каляровага шкла, «На ростанях» на плошчы Якуба Коласа, інтэр'ераў універсамаў «Цэнтральны», «Фрунзенскі», «Серабранка», дома на вул. Казлова, на першым паверсе якога быў магазін «Акіян» з адметным «лускаватым» афармленнем інтэр'ера?

Найбольш вядомы праект з гэтых, аладаўскіх, — Камароўскі рынак, які быў пабудаваны ў 1979 годзе. За аснову меркавалася ўзяць праект гандлёвага цэнтра ў Чалябінску і маскоўскіх Чаромушках. Але архітэктары на чале з Аладавым пайшлі сваім шляхам і стварылі ўнікальную канструкцыю даху. Трэба было накрыць купалам гектар гандлёвай плошчы лёгкім зборным бетонным перакрыццём. Адзінае, што ўзялі з праектаў папярэднікаў, — напружаныя канаты, якія трымаюць абалонку і нацягваюцца дамкратамі...

Нявестка архітэктара Ірына Аладава ўспамінае яго расказы, як чыноўнікі сумняваліся, што такі агромністы шматтонны купал вытрымае ўзімку «снежную шапку» і не абваліцца.

«Я адказваю, што гэты дах можа знішчыць толькі атамная бомба», — гаварыў архітэктар. Але ад Аладава патрабавалі доказаў надзейнасці. І тады ён правёў такі «перформанс»: на купал рынку паднялі трактар, які праехаўся па даху. Паверылі.

Спачатку на фасадзе рынку былі беларускія арнаменты з металу, але пасля рамонту яны зніклі. Шкада, што не ўдалося ажыццявіць усё задуманае — быў запланаваны гатэль, павільёны сустрэчнага гандлю: прадаў прадукцыю і тут жа купіў прамтавары. Алімпіяда-80 прыспешвала здаць аб'ект у тэрмін. І ўсё роўна сёння Камароўка як сімвал «прадуктовага раю» стала адметным месцам Мінска.

Абеды без чаргі

Час ставіў перад архітэктарамі амбіцыёзныя задачы. Раслі прадпрыемствы-гіганты. А як накарміць хутка і якасна цэлыя рабочыя змены на заводах, з тысячамі рабочых? Аладаў прыдумаў лінію раздачы ежы «Эфект» з падагрэвам, якая дзейнічае дагэтуль і патрабуе мінімум кухонных рабочых. Яна была увасоблена на «Гарызонце», МАЗе, Трактарным заводзе.

Камплектацыя абедаў на падносах на гэтай лініі ажыццяўляецца да прыходу спажыўцоў. Рабочыя заходзяць у залу адначасова, здымаюць са стоек-назапашвальнікаў падносы са стравамі (Аладаў жа ў ідэале прадугледжваў індывідуальны заказ). Пасля абеду ставяць падносы на ленту-канвеер, якая нясе посуд у пасудамыечную.

Па распрацаванай ім методыцы ў многіх гарадах былога Савецкага Саюза пабудаваны некалькі тысяч сталовых новага тыпу.

Міжнародныя выстаўкі

Вальмен Мікалаевіч меў авантурны характар, не баяўся рызыкаваць, быць першапраходцам. Калі ўсе праектныя інстытуты Мінска адмовіліся ад афармлення беларускіх павільёнаў міжнароднай выстаўкі ў Лейпцыгу («складана, адказна»), за іх узяўся «Белдзяржгіпрагандаль» пад кіраўніцтвам Аладава. Гэта была зусім не яго тэма, але супрацоўнікі натхніліся цікавай і новай задачай і выканалі праекты на высокім узроўні! Такім, што наступныя гады афармленне выставак дасягненняў народнай гаспадаркі Беларусі ў Лейпцыгу (1967), Плоўдзіве (1969), Мінску (1970), Маскве (1977) даручалі менавіта «Белдзяржгіпрагандлю».

Раўбічы

Вальмен Мікалаевіч быў адказным за праектаванне спарткомплексу па біятлоне ў Раўбічах у сярэдзіне 1970-х і ганарыўся тым, што не толькі пабудаваў першы ў Еўропе спарткомплекс з трыбунамі гледачоў, кафэ, гатэлямі, але і выратаваў раўбіцкі касцёл. Першым даведаўся аб намеры зносу руінаў Крыжагорскага касцела 1860-х. Своечасова папярэдзіў аб гэтым маці і супрацоўнікаў мастацкага музея, якія звярнуліся да Машэрава з прапановай аб рэстаўрацыі храма і арганізацыі ў ім Музея народнага мастацтва, што паспяхова і здзейснілася. Архітэктары-праекціроўшчыкі адрадзілі храм, зрабілі цудоўны інтрэр'ер, вітражы ў выглядзе беларускіх посцілак і адметнае арыгінальнае музейнае абсталяванне з каштоўных парод дрэў, якое дзейнічае ўжо на працягу 45 гадоў.

Музей Заіра Азгура

Калі у 1970-я сталі будаваць асобныя дамы-майстэрні для народных мастакоў, Аладаў сам прапанаваў спраектаваць такі дом для Заіра Азгура, які потым лёгка мог ператварыцца ў персанальны музей.

«Архітэктарам такога дома я бачу толькі цябе, Вальмен», — сказаў тады Заір Азгур. Разам выбіралі месца ў горадзе, дзе б мог стаяць такі дом. І выбралі — на Ляхаўцы, на вуліцы Трактарнай (зараз Азгура), на беразе Свіслачы, у ціхім куточку горада. Дом-майстэрня быў пабудаваны ў 1984 годзе, Азгур працаваў тут апошнія 11 гадоў свайго жыцця. Гэта быў узорны дом-майстэрня, дзе ўлічана ўсё: і для прыватнага жыцця (кабінет, бібліятэка, вялікая гасцёўня для шматлікіх наведвальнікаў), і для працы (вялізарная майстэрня з высокімі столямі, фармовачная і г. д.). Нездарма сюды вадзілі шматлікія замежныя дэлегацыі, каб паказваць умовы жыцця савецкіх творцаў...

«У мяне ўзнікае адчуванне роднай хаты ў гэтай майстэрні», — казаў скульптар. Зараз гэты дом, былы філіял Нацыянальнага мастацкага музея, стаў асобным муніцыпальным мемарыяльным музеем-майстэрняй Заіра Азгура.

Нашчадкі

Больш за 60 гадоў пражыў Вальмен Мікалаевіч са сваёй жонкай — Нінэль Іванаўнай, архітэктарам, прафесарам, спецыялістам па інтэр'ерах. Яны выхавалі дваіх сыноў. Малодшы, Вадзім Аладаў, стаў прафесійным мастаком, жыве і працуе ў Германіі. Яго персанальная выстаўка «Людзі і манекены» з поспехам прайшла ў 2004 годзе ў Нацыянальным мастацкім музеі ў межах святкавання 100-годдзя Алены Аладавай.

Разам з бацькам Вадзім аб'ездзіў амаль усе еўрапейскія краіны. Успамінае: «Бацька застыў перад саборам у Руане... «Што наша ўся сучасная архітэктура перад гэтым шэдэўрам — шкляныя скрынкі!»

Дарэчы, унучка, старшая дачка сына Андрэя, фізіка па прафесіі, Ксенія Місюра-Аладава стала рэстаўратарам ікон і графічных твораў, працуе ў Пушкіне пад Пецярбургам.

Настаўнік

У апошнія 30 гадоў Вальмен Мікалаевіч выкладаў у беларускай політэхнічнай акадэміі (БНТУ), і, як успамінаюць яго вучні, нягледзячы на салідны ўзрост, быў «заўсёды ў тэме», выдатна валодаў камп'ютарнымі праграмамі.

«Вальмен быў інтэлігентам «найвышэйшай пробы», — успамінае Сяргей Сергачоў, кіраўнік кафедры БНТУ. — «На пасяджэнне кафедры прыходзіў у парадным выглядзе з «гальштукам-матылём», як на свята. Яго імя, якое даў бацька-кампазітар, азначае «ясны розум». Ён меў ясную галаву да глыбокай старасці. У апошнія гады працы з-за яго ўзросту — амаль 90 — у кіраўніцтва былі сумненні з працягваннем кантракта. Калі надыходзіў час ісці ў аддзел кадраў, я ўважліва яго аглядаў: адбіраў кіёк (ён любіў з ім фасоніста хадзіць), здымаў любімую «дачную» кепачку. Вальмен Мікалаевіч усміхаўся, гаварыў кампліменты — і кантракт заўседы працягвалі. Я разумеў, што без працы ён пачне хварэць. Яго жыццё — гэта праца».

У Мінску, у Фрунзенскім раёне, у мікрараёне Дамброўка-6, ёсць вуліца Аладавых. І хоць яна прысвечана бацькам Вальмена Мікалаевіча, але гэта і яго вуліца, як прадстаўніка знакамітай мінскай творчай сям'і.

Вальмен Мікалаевіч пахаваны на Маскоўскіх могілках побач з бацькамі.

Надзея УСАВА, вядучы навуковы супрацоўнік Нацыянальнага мастацкага музея Беларусі

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Нараджаць не шкодна! Плюсы і мінусы цяжарнасці пасля 35

Нараджаць не шкодна! Плюсы і мінусы цяжарнасці пасля 35

Сёння жанчыны ўжо радзей глядзяць у свой пашпарт.