Вы тут

Літоўская чыгунка загаварыла пра банкруцтва


Дзяржаўная кампанія Lіetuvos gelezіnkelіaі («Чыгунка Літвы») можа сутыкнуцца з рызыкай банкруцтва ў выпадку судовых іскаў з боку беларускай кампаніі «Беларуськалій» за спыненне транзіту калійных угнаенняў праз Літву. Аб гэтым заявіў кіраўнік прадпрыемства Мантас Бартушка, паведаміла ТАСС са спасылкай на агенцтва BNS.


Фота: pixabay.com

Па яго словах, Lіetuvos gelezіnkelіaі не плануе і не будзе спыняць транзіт беларускіх калійных угнаенняў, паколькі гэта пагражае ёй банкруцтвам. Аднак прыняцце ўладамі Літвы закона аб забароне на транзіт «Беларуськалія» магло б стварыць прававую падставу і абараніла б прадпрыемства. «Калі гэта не будзе зроблена і Lіetuvos gelezіnkelіaі скасуе дагавор раней за тэрмін, іншы бок можа запатрабаваць кампенсацыі страчаных даходаў. Калі суд задаволіць хаця б частку такога іску, Lіetuvos gelezіnkelіaі пагражае банкруцтва», — заўважыў ён.

Мантас Бартушка мяркуе, што нават у тым выпадку, калі дзяржавай будзе прынятае рашэнне аб спыненні транзіту «Беларуськалія», цалкам верагодна, што беларускі бок усё роўна звернецца ў міжнародны арбітраж. «У любым выпадку мы апынемся ў міжнародным арбітражы, таму для нас вельмі важна, каб было прынята цвёрдае ў прававых адносінах рашэнне», — адзначыў ён. Мантас Бартушка таксама заявіў, што санкцыі ЗША ў дачыненні да «Беларуськалія» не з'яўляюцца законнай падставай для спынення аперацый літоўскімі чыгункамі.

Сітуацыю пракаментаваў і міністр транспарту і камунікацый Літвы Марус Скуадзіс. Паводле яго слоў, прымаць «безразважныя і імпульсіўныя» рашэнні ў гэтым пытанні недапушчальна. «Я маю на ўвазе магчымыя судовыя працэсы, іх маштаб, і таму мы не можам дазволіць сабе прымаць хуткія, безразважныя і імпульсіўныя рашэнні на дадзеным этапе. Але ёсць факт, што іск будзе», — цытуе міністра Delfі.

Марус Скуадзіс таксама адзначыў, што пасля таго, як юрысты вывучылі дагавор з «Беларуськаліем» і прадугледжаныя ў ім абавязацельствы, стала зразумела: адказнасць за скасаванне кантракта і магчымыя фінансавыя наступствы ляжыць на праўленні літоўскай чыгуначнай кампаніі, якая знаходзіцца ў дзяржкіраванні. «Міністр не можа абавязаць ЛЧ скасаваць дагавор. Магу сказаць, але кіраванне чыгункі бярэ на сябе адказнасць практычна асабістай маёмасцю за наступствы рашэнняў, фінансавыя наступствы, магчымы ўрон, судовыя іскі», — сказаў Марус Скуадзіс.

9 жніўня ЗША, Канада і Вялікабрытанія ўвялі эканамічныя санкцыі супраць дзясяткаў беларускіх кампаній, уключаючы ААТ «Беларуськалій», якія набылі моц 8 снежня. Грузы «Беларуськалія» будуць праходзіць праз Літву да студзеня, заявіла 8 снежня кампанія Lіetuvos gelezіnkelіaі. Паводле яе даных, прадпрыемства грузавых перавозак LTG Cargo, якое ўваходзіць у групу, у снежні павінна перавезці каля 1 мільёна тон угнаенняў. Па дамове з Lіetuvos gelezіnkelіaі беларускі бок ужо загадзя разлічыўся за правоз гэтых грузаў.

Міністр замежных спраў Літвы Габрыэлюс Ландсбергіс раней заявіў аб гатоўнасці пайсці ў адстаўку, калі пацвердзіцца, што кампанія «Беларуськалій» унесла перадаплату па дамове з Lіetuvos gelezіnkelіaі, нягледзячы на ??санкцыі ЗША. Аб гатоўнасці пакінуць сваю пасаду з-за транзіту ўгнаенняў «Беларуськалія», які працягваецца праз Літву, таксама заявіў міністр камунікацый і транспарту Марус Скуадзіс. Прэм'ер-міністр Інгрыда Шыманітэ са свайго боку ўказала, што пакуль не прыняла рашэнне наконт адстаўкі міністраў.

Транзіт калійных угнаенняў «Беларуськалія» праз Літву не можа быць спынены, паколькі гэта ідзе ўразрэз з міжнароднымі пагадненнямі гэтай краіны, Еўрасаюза і ЗША. Аб гэтым заявіў Ігар Удавіцкі, найбуйнейшы акцыянер тэрмінала Bіrіu Krovіnіu Termіnalas у Клайпедзе, што спецыялізуецца на перавалцы беларускіх угнаенняў, паведамляе Delfі. «Ніякіх санкцый ЗША для транзіту беларускага калію праз Літву няма і быць не можа, таму што адносна транзіту як працэдуры прымяняць санкцыі нельга», — адзначаецца ў каментарыі Ігара Удавіцкага для агенцтва BNS.

Паводле яго слоў, для ўсіх дзяржаў, у тым ліку і для ЗША, абавязковыя міжнародныя дагаворы — пагадненне Сусветнай гандлёвай арганізацыі і Канвенцыя ААН па марскім праве. Яны гарантуюць свабоду транзіту для дзяржаў, якія не маюць выхаду да мора. «Зразумела, што і ЗША, і ЕС, якія ратыфікавалі гэтыя пагадненні, не могуць іх парушаць», — заявіў Ігар Удавіцкі. Акрамя таго, паводле яго слоў, літоўскі Сейм ратыфікаваў тры двухбаковыя пагадненні паміж Літвой і Беларуссю, якія ўстанаўліваюць свабодны рэжым грузавога транзіту праз Літву і Клайпедскі марскі порт. Паводле слоў Ігара Удавіцкага, усе ўдзельнікі транзіту калійных угнаенняў, у тым ліку органы ўлады Літвы, кансультаваліся і з Дэпартаментам казны ЗША, і з Еўракамісіяй аб прымяненні санкцый. Ім было растлумачана, што беларускі калій можа транспартавацца праз Літву, калі разлікі ажыццяўляюцца ў еўра, а не ў доларах ЗША, сцвярджае прадпрымальнік.

Усё гэта пацвярджае, што ў Беларусі дастаткова сродкаў, каб зрабіць жыццё палітыкаў, якія ўводзяць санкцыі, крыху больш складаным. Пра гэта заявіў старшыня праўлення беларускага таварыства «Веды» Вадзім Гігін у эфіры «Альфа Радыё».

«Прэзідэнт цалкам даходліва гэта растлумачыў падчас інтэрв'ю Дзмітрыю Кісялёву. Мы будзем прымаць тыя меры, якія мінімізуюць наступствы санкцый для нашай краіны. У Беларусі дастаткова сродкаў, каб зрабіць жыццё палітыкаў, якія ўводзяць санкцыі, крыху больш складанымі. Гэта паказала перакрыццё паветранай прасторы Беларусі, спроба адмовы ад беларускай электраэнергіі. Цяпер Прыбалтыка зрабіла заяўку на дадатковую пастаўку электраэнергіі з Расіі і нашай краіны. Беларусь — гэта бо найбуйнейшы транспартна-лагістычны цэнтр, праз нас ідуць шматлікія патокі. Я ўжо не кажу пра калій і гэтак далей, мы можам бясконца пералічваць лінейку прадукцыі, без якой на Захадзе ў тым ліку не могуць абысціся. А Літва і Латвія ў значнай ступені з'яўляюцца эканамічна залежнымі ад нас дзяржавамі. Гэта датычыцца і Украіны», — сказаў эксперт.

Вадзіма Гігіна здзіўляе саманадзейнасць некаторых сапернікаў Беларусі. «Яны казалі, што цэны на газ не вырастуць. Яны думалі, што пасля чацвёртага пакета санкцый Беларусь нічога не зможа. Варта параўнаць прагнозы гэтых «аналітыкаў» аб тым, з якімі паказчыкамі наша эканоміка павінна была скончыць 2021-ы, і рэальныя лічбы», — падкрэсліў ён.

Тым часам стала вядома, што Беларусь сёлета ў студзені — кастрычніку павялічыла экспарт тавараў і паслуг у параўнанні з аналагічным перыядам летась на 32 працэнты — да 39,472 мільярда долараў. Аб гэтым сведчаць даныя Нацыянальнага банка. Думаю, усе каментарыі тут залішнія.

Пётр ДУНЬКО

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».