Вы тут

Аляксандр Крамко: Пазбавіць музыкі раўназначна смерці


Музыкальнасць яго натуры праяўляецца ва ўсім: у дырыжыраванні, у аранжыроўцы, у ігры на інструментах, у выкладанні студэнтам і нават у адпачынку, калі ён не-не ды дакранецца да інструмента, каб зайграць. Заслужаны артыст Рэспублікі Беларусь, дырыжор, прафесар, кавалер ордэна Францыска Скарыны (2013), ордэна Пашаны (2017) Аляксандр Крамко 24 снежня адзначыць свой 60-гадовы юбілей, а напярэдадні адбудзецца святочны канцэрт з гэтай нагоды. Адорваць шчырасцю і адкрытасцю — душэўная патрэба Аляксандра Крамко, музыканта, чый творчы шлях надзвычай цікавы. Пра любоў да музыкі і тонкасці ў творчасці — наша гутарка.


— Аляксандр Яўгенавіч, да вашага юбілею 17 снежня ў філармоніі прайшоў канцэрт. Калі з вамі на сцэне стаяць вядомыя выканаўцы, а вы дырыжыруеце аркестрам, душа спявае?

— Калісьці Нэлі Захараўна Багуслаўская пасля канцэрта падышла да мяне і сказала: «Сашачка, ты ж усе песні спяваеш, усе на памяць ведаеш!» Сапраўды, у мяне гэта атрымліваецца натуральна. Мне ж партытура патрэбна толькі на рэпетыцыі... Навошта ў яе глядзець?! Музыка павінна гучаць унутры — і тады ўсё атрымаецца. На творчым вечары ў гонар Юрыя Семянякі Нэлі Захараўна спявала песню «Люблю цябе, Белая, Белая Русь», на 70-годдзі Ігара Лучанка разам з Ізмаілам Львовічам — «Рыжую восень». Так мы і пазнаёміліся, потым неяк дамовіліся пра іншы канцэрт. Ізмаілу Львовічу вельмі спадабаўся аркестр і мой ансамбль. Многія эстраднікі, напрыклад, Ігар Карнялюк, Іосіф Кабзон, рок-група «Сузор’е», спярша думалі, што народны аркестр — гэта полька, але, прыехаўшы, здзіўляліся неверагоднаму багаццю гуку! Уражваліся і ўлюбляліся. Помню, Анатоль Ярмоленка, даўно ўжо, яшчэ з Алесяй прыйшлі і разгубіліся: столькі гукаў, перапляценняў, падгалоскаў... Тое ж было і з Аляксандрам Ціхановічам, калі прыходзілі з Ядвігай Паплаўскай. Я рабіў канцэрты на 40-годдзе «Песняроў». Таксама ўжо каторы год, 12 студзеня, праводзім канцэрты памяці Уладзіміра Мулявіна. Сёлета павінен прыехаць Пётр Ялфімаў (ён выкладае ў Гнесінцы ў Маскве).

— На вашых выступленнях заўсёды жывы гук?

— Абавязкова. На сцэне 45 музыкантаў нашага калектыву: цымбальная група (1-я, 2-я цымбалы), альты, тэнары, духавая група, баяны, ударныя. Яшчэ выкарыстоўваем у эстрадных праграмах фартэпіяна, сінтэзатар, але можам і без іх, бо ў чым унікальнасць аркестра? Калі іграць сімфанічную музыку, яна павінна гучаць у арыгінале. Той жа Чайкоўскі, Моцарт як мыслілі: тут тэмбральна габой, тут — кларнет, тут — скрыпка, тут — віяланчэль. Гэта значыць, ёсць эталон гучання.

А пры любым пералажэнні гучаць будзе горш. Ну, польку Штрауса сыграць — яшчэ куды ні йшло. Але калі віяланчэль замяняюць цымбаламі... У цымбалаў жа іншы моцны бок. Такім чынам, у сімфанічнай музыкі павінна быць эталоннае гучанне, а любое пералажэнне — рызыка сказіць. Іншая справа — эстрадная папулярная музыка, джазавая: напісаў мелодыю, а для якога аркестра аранжыруеш — выбірай. І тут я ўжо не пералажэнне раблю, бо няма куды дзецца, а наўмысна ўзвышаю кожны інструмент. Калі цымбалы — высвечваю іх моцны бок: перазвоннасць, піцэката, трэмала...

— А адкуль ведаеце моцны бок кожнага інструмента?

— Я ж аранжыроўшчык з дзяцінства. З двух гадоў мяне немагчыма было адагнаць ад радыёлы. Калі мае бацькі пажаніліся, маці з зарплаты то лыжку купляла, то відэлец, патэльню, а бацька перш-наперш набыў радыёлу. І яна стала для мяне магнітам. Помню, у сям’і перамешвалі канверты з пласцінкамі і прасілі: «Сашка, пастаў гэтую песню». Чытаць жа яшчэ я не ўмеў, а як знаходзіў патрэбную? Бачачы гэта, бабуля з дзядулем у чатыры гады мне падарылі маленькі акардэон. І я ўжо іграў на ім. У маім родзе дзяды рабілі скрыпкі. І на сцяне дома ў мяне дагэтуль вісяць работы дзеда. У мяне шмат братоў, якія працуюць у музычных школах. Бацька іграў на гармоніку, яшчэ — на акардэоне, гітары. Ні адно застолле не абыходзілася без песні. Як з чатырох гадоў асвоіў акардэон, праз тыдзень ужо іграў усё, падбіраў. Гэта ад прыроды дадзена. У шэсць гадоў мне купілі трохчацвяртны акардэон, але спярша не мог яго цягаць: я быў маленькі, худзенькі. Станавіўся на каленях на ложку, дарослыя расцягвалі, а я іграў. Калі ж нікога з дарослых не было, да акардэона толькі падыходзіў, бо падняць не мог. Потым ужо, калі здолеў трымаць сам, было такое шчасце: ні ад кога не залежу.

Будучы маэстра са сваім першым інструментам.

— Няўжо былі так апантаны інструментам? Мяне, напрыклад, за баян садзіцца прымушалі...

— Што вы! Мама мяне ад акардэона адганяла, а яшчэ — ад кніг. У пяць гадоў я быў запісаны ў бібліятэку.

Да школы перачытаў «Дуброўскага», «Маладую гвардыю», «Вайну і мір»... Хай не ўсё разумеў, затое мае сачыненні заўсёды пасылалі на выстаўку. Таксама мяне прыцягвалі лес, грыбы, рэчка, возера Стоўбцаў.

— На вашай старонцы ў «Фэйсбуку» шмат фатаграфій прыгожых краявідаў... Музыкальнасць, прырода і творчасць неяк звязаны?

— Не скажу, што гэта проста: маўляў, паглядзеў на поле, лес, уразіўся прыродай, і — о! — сеў пісаць. Не, гэта толькі ў тэорыі: чымсьці ўразіўся — і кінуўся тварыць. Насамрэч усё трэба вынасіць. Але, бывае, штосьці нараджаецца імгненна. Вось, напрыклад, у мяне ёсць элегія «Заўсёды са мною», якую прысвяціў жонцы. Лета. Яна яшчэ спала. Праз штору праменьчык прабіваўся — і пачало гучаць. Я пайшоў кудысьці — працягвала гучаць. Запісаў. Яшчэ падобная сітуацыя: калі нарадзілася старэйшая дачка Насця, іду, а ў мяне мелодыя гучыць. Гучыць і ўсё. Не звярнуў увагі. Вечарам перастала. Назаўтра — зноў. Запісаў. Цяпер гэта элегія «Настачка», якую іграюць мае студэнты, ды і не толькі мае, на конкурсах. Нават не толькі на дудцы (для якой зрабіў), але і на габоі, і на трубе, і на кларнеце. Такім чынам, прырода садзейнічае — можна і праз год-два штосьці ўспомніць: спалучэнне ценяў, павуцінкі, каласка з расінкай. Як мой твор «Росныя хвалі». Я жыву ў Малінаўцы, праз кальцавую перайшоў — і лес. Гуляю, збіраю грыбы.

І вось іду па гэтым лесе а палове пятай раніцы — проста як пакрывала гэтыя кропелькі на травінках і павуціне. Цудоўна! Я і фатаграфую, вядома. І вяртаюся ў дзяцінства. Акрамя акардэона, мяне прыцягвалі і іншыя інструменты. Не без сціпласці скажу, што перайграў на ўсіх. Ну, тая самая домра: рэ, ля мі — узяў строй і іграй! (бярэ і паказвае). Рускія народныя аркестры ж былі паўсюль. І на домрах, і на балалайках я іграў.

— Можна было не вучыцца з вашым спрытам самавуцтва!

— У культасветвучылішча, што было каля плошчы Свабоды па вул. Інтэрнацыянальнай, насупраць кінатэатра «Перамога», прыходзілі часам мясцовыя, прасілі: на вяселле патрэбен клавішнік ці іншы які музыкант. Я заўсёды згаджаўся.

А аднойчы быў патрэбен саксафаніст, запрасілі ў аўторак, а іграць — у суботу. Я саксафон толькі здаля бачыў, але ведаў, што ў выкладчыка Казючыца ляжаць тэнар і альт, а духавога аддзялення ў культасвеце не было. Я падышоў: «Васіль Ігнацьевіч, дайце саксафончык». — «Ну на». І я сам разабраўся. Калі закрыты ўсе клапаны — на любым духавым інструменце — гэта самы вялікі стоўп паветра, самы нізкі гук, рэгулюецца ён клапанамі. Укарочваецца слой паветра — і павышаецца гук. У суботу я ўжо іграў на халтуры. І танальнасць для мяне не ўяўляла складанасці, галоўнае — аплікатура.

— Кажуць, займаецца той, хто іграць не ўмее. Гэта дакладна пра вас!

— Ёсць шчасліўчыкі, каго матухна прырода ўзнагародзіла. У мяне ж уся радня музыкальная. Дзед Саша расказваў: «Так хацелася іграць на скрыпцы, ды... яна ж як карова каштавала. І пачаў рабіць сам, спачатку з адной струной». І атрымалася — нават на вяселлях іграў. Купіць інструмент тады было немагчыма. Раней жа плацілі за працадні ў калгасе.

— Ці ўяўляеце сябе па-за музыкай?

— Калі пазбавіць мяне музыкі — гэта раўназначна смерці. Я, напрыклад, не люблю адпачынак і шмат выхадных. Бывае, што канцэртаў няма, аранжыровак рабіць не трэба і збоку ніхто не заказвае. А іншы раз як наваліцца: і з Масквы заказваюць, і з Францыі, і тут у аркестры трэба, і ва ўніверсітэце. І думаеш адпачыць. Ды пасля 8 ужо не спіцца. Стрымліваю сябе: «Так, нічога рабіць не буду». Але не заўважаю, як на чымсьці пачынаю найграваць альбо штосьці запісваць. І што значыць адпачываць? Вось на рыбалку, у грыбы — адпачынак. Пакупацца.

Я моры аб’ездзіў: і Адрыятычнае, і Цірэнцкае, і Балтыйскае. На беразе Індыйскага акіяна, на востраве Рэюньён, жыў 1,5 месяца, калі ездзіў з «Маладой Беларуссю» — былым сімфанічным аркестрам кансерваторыі.

— А які вы дырыжор?

— Яўна не той, які мастацкай гімнастыкай займаецца: аркестр сам па сабе іграе, а дырыжор аж лётае. Чаго ты? Пачакай! Адкуль гэта пайшло, не ведаю. Не партытура ў галаве павінна быць, а музыка, і каб спявалася. А як і што рабіць, народзіцца ўжо само па сабе. Не ўсімі ж музычнымі тэрмінамі можна адлюстраваць пачуцці. Скажы легата, стаката — выканаюць механічна. Бывае, прыходзіш, і сёння не гучыць. Ты будзеш у іх «форту, піяну, крэшчэнду» прасіць, і яны табе будуць гэта іграць, але адчуваеш: не тое. Лепш тады адпусціць. Прыдуць праз дзень-два і ўсё зробяць. Як робім новы твор? Раз прайгралі — нічога не кажу, яшчэ разок — і адкладаем. Назаўтра прайгралі — адклалі. Вось калі ўжо тэкст будзе, тады можна парцыённа і фарбы. А бывае, нічога гаварыць не трэба. Іграецца добра: адчулі. Нават калі паўгрупы адчула правільна, то астатняя палова падцягнецца. Таму не трэба прыдумляць нічога штучнага. Гэта біцэпсы можна качаць, а тут — зусім іншае. Часам бываюць форс-мажорныя абставіны: раз — узнік канцэрт, а мы не ігралі даўно, але на выступленні ўсё аказваецца добра і нават лепш, чым было на пяці рэпетыцыях.

— У вас столькі амплуа: і аранжыруеце, і дырыжыруеце, і сачыняеце, і кіруеце сваім ансамблем...

— Ансамбль стварыўся ўнутры аркестра І. Жыновіча. Я прыйшоў у 1986-м і тады ўжо збіраў розныя малыя саставы: і тры, і пяць, і сем чалавек. Першы канцэрт адбыўся 14 лістапада 2005 года. Пасля гэтага я зразумеў, што трэба дадаць тры чалавекі. Чаму? Вось ёсць квартэт, дзе дзве домры, кантрабас і баян. І іграюць яны ўсю музыку, розную, сусветную. Але толькі адлюстроўваюць мелодыю. А мне захацелася, каб гэтыя мае дзесяць чалавек маглі ўвасобіць любую вялікую партытуру, але малымі сіламі. Некаторыя здзіўляюцца: навошта мне 5 цымбалаў. Я кажу, што шчыльнасці гучання не будзе. Іншая справа — калі ёсць аснова: тры прымы, два альты, бас-гітара ды яшчэ адзін баян, флейта, кларнет і ўдарная ўстаноўка — і ўжо тады рабі што хочаш.

— Як вы пішаце музыку?

— Аднойчы гэтым зацікавілася і тэлебачанне. Я сядаю ў крэсла, бяру дыпламат. Яны: «Як? А мы думалі, вы за фартэпіяна сядзеце!» — «Не, — кажу, — я без усякіх інструментаў». Як складаю? Не думаю бесперастанна дзень-два, а ў метро сеў — і да Малінаўкі ў мяне ўжо нарадзілася. Калі саспее ўнутры, паўдня — і партытура гатова. Напісаныя рукой партытуры для мяне жывыя, а на камп’ютары мёртвыя.

Я валодаю прафесійным відэарэдактарам, манцірую фільмы. Але на гэта пайшло дзесяць гадоў. Усе тонкасці асвойваюцца паступова. Узнавіў песняроўскія партытуры: пасля Мулявіна ж ні адной ноты не засталося. Ён прыходзіў, мог на паперы галасы накідаць, наспяваць Кашапараву, Барткевічу, папера згубіцца, і ўсё. Бывала, партыі перадавалі, хтосьці сыходзіў. Так ні адной партытуры не засталося. Для мяне ўсё пачалося з рок-оперы «Гусляр»: рэканструіраваў партытуру па запісе. Гэта былі мае самыя вялікія дыктанты (смяецца). Вось «Песня пра долю» — гадзіна музыкі: чатыры дні я здымаў, тры — партытуру пісаў. Калі Карнялюк (ён і музыкальную школу, і вучылішча заканчваў у Брэсце) прыязджаў да нас першы раз, тады яшчэ быў жывы Міхаіл Солапаў. А Ігар вучыўся, калі Солапаў узначальваў Брэсцкае музычнае вучылішча. І вось прыехаў на яго 95-годдзе. Я вырашыў зрабіць з «Майстра і Маргарыты» Карнелюка чатыры нумары. Дык Ігар дзівіўся: «Як?! Я ж не выдаваў ноты!» Не мог зразумець, як мне ўдалося дакладна запісаць яго музыку. Я, дарэчы, ноты магу не запісваць, яны ў мяне ў галаве круцяцца.

— А калі забудуцца?

— Значыць, яны не вартыя таго. Тое, што патрэбна, застанецца. Партытуры адразу пішу на чыставік гелевай ручкай, нічога не выпраўляючы.

Гутарыла Наталля СВЯТЛОВА

Фота з асабістага архіва Аляксандра Крамко

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».