Вы тут

Беларусы — у лідарах Кубка свету па біятлоне


У традыцыйным аглядзе «Звязды» расказваем важныя спартыўныя навіны.


Фота: biathlon.by

Героі тыдня. Беларускія біятланісты выступілі на трэцім этапе Кубка свету, які скончыўся ў Гохфільцэне (Аўстрыя). Ганна Сола стала пераможніцай спрынтарскай гонкі. Яна стартавала 17-й і выдатна прайшла дыстанцыю ў 7,5 кіламетра, не дапусціўшы ніводнага промаху на двух агнявых рубяжах. Вынік чэмпіёнкі — 2 хв. 44,4 сек. Для 25-гадовай біятланісткі гэта першая перамога ў кар'еры на этапах Кубка свету.

На гэтым жа этапе Кубка свету Ганна Сола заваявала «серабро» ў гонцы праследавання на 10 кіламетраў. Беларуска стартавала першай, але тройчы прамахнулася на агнявых рубяжах і ўступіла пераможніцы 4,1 секунды. Яшчэ адна беларуска Дзінара Алімбекава з восьмага месца паднялася да чацвёртага.

Антон Смольскі стаў бронзавым прызёрам этапу Кубка свету ў Гохфільцэне. Беларускі біятланіст пераадолеў спрынтарскую гонку на 10 км з двумя агнявымі рубяжамі на 20,5 сек. Антон Смольскі — першы з 2016 года беларускі біятланіст з мужчынскай каманды, які падняўся на п'едэстал.

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка павіншаваў нацыянальную каманду з паспяховым выступленнем на першых этапах Кубка свету. «Заваяваныя медалі ў асабістых гонках і эстафеце дораць балельшчыкам надзею на яркі алімпійскі сезон. Перамога Ганны Солы і бронзавы поспех Антона Смольскага — заканамерны вынік шматгадовых трэніровак, упартасці і мэтанакіраванасці. Упэўнены, што ваша таленавітае пакаленне з гонарам прадоўжыць слаўныя традыцыі беларускага біятлона. Моцнага здароўя, дабрабыту і ўдачы», — сказана ў віншаванні.

Чацвёрты этап Кубка свету па біятлоне 16—19 снежня прыме французскі Ансі.

Каманда тыдня. Хакеісты мінскага «Дынама» абыгралі фінскі «Ёкерыт» у дамашнім матчы чэмпіянату Кантынентальнай хакейнай лігі. Сустрэча скончылася вынікам 5:3 на карысць «зуброў». З перамогай мінчан павіншаваў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка.

Цытата тыдня. «Беларусь прыкладзе максімум намаганняў для пацвярджэння статусу адной са спартыўных дзяржаў і ўмацавання пазіцый на сусветнай арэне», — заявіў кіраўнік Нацыянальнага алімпійскага камітэта Беларусі Віктар Лукашэнка на ўрачыстым вечары, прысвечаным 30-годдзю арганізацыі.

Рэкорд тыдня. Беларускі канькабежац Ігнат Галавацюк устанавіў новы нацыянальны рэкорд на этапе Кубка свету ў Калгары (Канада). Спартсмен абнавіў уласнае дасягненне на дыстанцыі 500 метраў. Цяпер яно роўнае 34,123 секунды. У выніковым пратаколе ён заняў чацвёртае месца, уступіўшы ўсяго 0,22 секунды пераможніку Віктару Муштакову. У заліку Кубка свету беларус займае 10-е месца, маючы 233 балы.

Медалі тыдня. Беларускія спартсмены заваявалі 8 узнагарод на чэмпіянаце свету па тайландскім боксе. Сярэбраныя медалі на рахунку Андрэя Кулябіна (вагавая катэгорыя 71 кг). Бронзавыя ўзнагароды заваявалі Данііл Ярмоленка (60 кг), Дзмітрый Варэц (67 кг), Яўген Волчак (86 кг), Фёдар Коўтан (звыш 91 кг), Таццяна Паддубная (67 кг) і Дзіяна Емяльянава (звыш 75 кг).

У спаборніцтвах сярод юнакоў і дзяўчат беларускія спартсмены выйгралі 6 залатых, 4 сярэбраныя і 13 бронзавых медалёў. Чэмпіёнамі свету ў дадзенай узроставай катэгорыі сталі Цімафей Шуляк, Аліна Сазановіч, Кацярына Сахарава, Уладзіслаў Абрамовіч, Максім Валатковіч і Вадзім Шапяцюк. У стартах юніёраў і юніёрак, якія таксама прайшлі ў рамках планетарнага форуму, у беларусаў «золата», два «серабра» і «бронза». Узнагароду вышэйшай пробы заваяваў Ілья Сырыцкі.

Узнагароды тыдня. У Мінску прайшла ўрачыстыя цырымонія падвядзення вынікаў футбольнага сезона «Зорны мяч — 2021». Па выніках традыцыйнага штогадовага апытання, у якім узялі ўдзел беларускія футбольныя спецыялісты і спартыўныя журналісты, былі ўзнагароджаны найлепшыя футбалісты і трэнеры.

Нападаючы нацыянальнай зборнай Беларусі і «Гомеля» Андрэй Салавей упершыню прызнаны найлепшым футбалістам Беларусі. Найлепшымі па гульнявых амплуа сталі варатар Павел Паўлючэнка («Рух», Брэст), абаронца Андрэй Бацула («Дынама», Мінск) і паўабаронца Яўген Яблонскі (БАТЭ, Барысаў). Найлепшым трэнерам Беларусі і нацыянальнага чэмпіянату прызнаны Іван Біёнчык, пад кіраўніцтвам якога футбалісты «Гомеля» спыніліся за крок ад п'едэстала гонару, заняўшы 4-е месца.

Валерыя СЦЯЦКО

Фота з адкрытых крыніц

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзіцца на добраахвотнай аснове.