Нягледзячы на тое, што пасаду кіраўніка раёна займае адносна нядаўна, Іўеўшчына для яго добра знаёмая. Справа ў тым, што ў свой час Ігар Мікалаевіч узначальваў раённы аддзел унутраных спраў. Таму калі пасля звальнення ў запас палкоўніка міліцыі, які прысвяціў службе больш як 30 гадоў, прызначылі старшынёй Іўеўскага райвыканкама, ён выдатна ўяўляў, якімі праблемамі жыве рэгіён і што трэба зрабіць, каб ён развіваўся. З цікавасцю ўзяўся за даручаную справу яшчэ і з той прычыны, што раён, на яго погляд, незвычайны.
— Ігар Мікалаевіч, чым жа Іўеўшчына адрозніваецца ад астатніх раённых цэнтраў?
— Ужо хоць бы тым, што ў Іўі знаходзіцца самая старая мячэць краіны: 1882 года пабудовы. Для таго каб зразумець горад, абавязкова трэба там пабываць, а таксама наведаць Музей нацыянальных культур, які таксама адзіны такі на ўсю краіну. У якім яшчэ беларускім горадзе, пачынаючы з V стагоддзя, жывуць татары? Сёння татарская абшчына Іўеўскага раёна складае каля 800 чалавек. Іўе — гэта яшчэ і каталіцкі рэгіён: амаль 80 % насельніцтва з'яўляецца католікамі. Ёсць у нас і праваслаўныя жыхары, аб чым сведчаць прыгожыя цэрквы. Аднак колькасць касцёлаў у некалькі разоў большая. Самы знакаміты — касцёл у Геранёнах 1520 года пабудовы. Гэта нашы гісторыка-культурныя каштоўнасці, якімі мы ганарымся. Невыпадкова, каб яшчэ раз спазнаць Іўеўшчыну і адкрыць яе для маладых спецыялістаў, сёлета знаёмства апошніх з кіраўніцтвам мы аб'ядналі з экскурсіяй па нашым рэгіёне. Атрымалася ці не ўлюбіць іх у горад, скажам праз два гады. Калі адпрацуюць па размеркаванні і застануцца — значыць, атрымалася, калі з'едуць — гэта наша недапрацоўка.
— Увогуле, ці ахвотна маладыя спецыялісты едуць у рэгіён, ці застаюцца пасля адпрацоўкі па размеркаванні?
— Гэта дастаткова праблемнае для нас пытанне. Што ў першую чаргу патрэбна, каб заставалася моладзь? Жыллё. Гэта найбольш актуальны стрымальны фактар. З наступнага года мы залажылі ў інвестпраграму бюджэтныя сродкі для будаўніцтва жылля. З даху над галавой пачынаецца любоў да свайго краю. Гарадок маленькі, але ўсе адзначаюць даступнасць медыцыны: пасля рамонту ў Іўі адкрылася вельмі добрая бальніца. Магчыма, моладзь не задавальняе недасканаласць гарадской інфраструктуры: у нас няма вялікай спартыўнай пляцоўкі, фізкультурна-аздараўленчага комплексу, басейна. Гэта ў планах. Затое ёсць тое, чаго сабе не могуць дазволіць сталічныя жыхары, — вольны час. Жыхары малых гарадоў, будучы ў Мінску, імкнуцца ўбачыць славутасці, наведаць аб'екты культуры часцей, чым жыхары сталіцы, якія толькі на дарогу марнуюць нямала часу. У нас жа ўсё — у крокавай даступнасці. Такая спецыфіка рэгіёна. Самае галоўнае — яго палюбіць.
— А яшчэ Іўеўшчына ўнікальная сваёй шматканфесійнасцю. Прадстаўнікі якіх рэлігій тут пражываюць і ці не ўзнікае міжканфесіянальных канфліктаў?
— Праваслаўныя, каталікі і мусульмане. Да Вялікай Айчыннай вайны былі яшчэ і іудзеі. Нам няма чаго дзяліць. Шмат вякоў прадстаўнікі розных канфесій жылі на адной тэрыторыі, і ў гісторыі няма ніводнага прыкладу, каб на нацыянальнай глебе на Іўешчыне адбыўся пэўны канфлікт. Мы ведаем усе рэлігійныя святы адзін аднаго, паважаем традыцыі кожнага. Падчас буйных рэлігійных свят у тым ці іншым храме прысутнічаюць святары ўсіх канфесій.
— У горадзе няма вялікіх прамысловых прадпрыемстваў. Дзе працаўладкавана асноўная колькасць насельніцтва?
— Насельніцтва ў нас самазанятае. Акурат у гэтым — яшчэ адна спецыфіка раёна. На Іўеўшчыне вельмі працавіты народ: у нас шмат індывідуальных прадпрымальнікаў, рамеснікаў, фермераў. Спецыфіка прыватнага бізнесу — партнёрства з дзяржавай. 92 % бюджэту раёна фарміруе прыватная прамысловасць. Іўе даўно ведаюць як «памідорную сталіцу»: большая частка насельніцтва вырошчвае памідоры. У нас у жніўні нават ладзіцца памідорны фестываль, які абяцаў наведаць кіраўнік дзяржавы.
— У рэгіёне шмат увагі ўдзяляецца захаванню памяці аб падзеях Другой сусветнай. Асабліва гэта актуальна ў кантэксце распачатай Генеральнай пракуратурай крымінальнай справы аб генацыдзе беларускага народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны і ў пасляваенны перыяд...
— У нас ва ўрочышчы Стоневічы нядаўна адбылася дыялогавая пляцоўка, якую мы невыпадкова арганізавалі не ў цёплым утульным кабінеце, а на месцы масавага знішчэння мірных жыхароў. Да вайны Іўе з'яўлялася яўрэйскім паселішчам. У Стоневічах гітлераўцы знішчылі больш чым 2500 яўрэяў. Сёлета было ўстаноўлена месца гібелі яшчэ 48 яўрэяў з вёскі Бакшты, якіх карнікі з 118-га нацыяналістычнага батальёна знайшлі ў зямлянках на балоце, закідаўшы гранатамі. Мне ўдалося азнаёміцца з матэрыяламі справы, і я хачу сказаць, што гэта была жудасная карціна. Месцазнаходжанне сваіх аднавяскоўцаў карнікам выдаў мясцовы жыхар. Узамен на інфармацыю яны абяцалі яму жыццё. З-за здрадніцтва аднаго чалавека загінулі ўсе. Лёс здрадніка адрозніваўся ад усіх астатніх толькі тым, што яго застрэлілі апошнім. Я вельмі хацеў бы, каб мы, беларусы, вынеслі для сябе ўрок: віной многіх бед з'яўляецца здрадніцтва. Гэта самы страшны грэх, з-за якога ў нашай гісторыі адбываліся найбольш жудасныя падзеі. На жаль, шмат гадоў таму, калі спрабавалі жыць у дружбе і згодзе з іншымі народамі вялікай савецкай дзяржавы, многія рэчы мы проста замоўчвалі. І цяпер высветлілася, што маштаб трагедыі значна большы, чым мы яго сабе ўяўлялі.
— Ці будзе нядаўна выяўленае месца масавага знішчэння мірных жыхароў увекавечана?
— Даехаць да месца трагедыі сёння амаль немагчыма: яно знаходзіцца сярод балот у Налібоцкай пушчы. Можна дабрацца толькі зімой, калі добры мароз. Калі б не здраднік, гэтых людзей немцы ніколі б не знайшлі... Абмеркаваўшы з грамадскасцю, у Стоневічах мы дадаткова ўстанавілі помнік, на якім пазначаны каардынаты месца гібелі гэтых 48 чалавек. У 1973 годзе па дадзеным факце вялося расследаванне. Праводзіліся раскопкі, астанкі людзей перапахавалі: куды канкрэтна, нідзе не зафіксавана. Дарэчы, падчас расследавання былі ўстаноўлены асобы карнікаў 118-га батальёна, якія мелі дачыненне да забойства мірных жыхароў. З матэрыялаў справы вядома, што пасля сваіх чорных спраў яны трапілі ў Францыю, ваявалі разам з французамі супраць сваіх былых гаспадароў, многія з іх атрымалі ўзнагароды і дажывалі свой век як удзельнікі Вялікай Айчыннай вайны. Калі ж іх дачыненне да масавага забойства ўстанавілі, частку здраднікаў расстралялі, астатнія атрымалі вялікія тэрміны. Аднак зноў жа гэта прайшло амаль незаўважаным, вялікага грамадскага рэзанансу не было: мы не хацелі зняважыць нашых братоў па вялікай краіне.
— У вас ёсць уласная рубрыка ў мясцовай газеце, дзе вы адказваеце на пытанні жыхароў. Наколькі важна сёння быць заўсёды на сувязі з народам?
— Гэта заўсёды было важна. Усе мы — звычайныя людзі. І вельмі важна, каб чыноўнік адчуваў сябе звычайным чалавекам, адкрытым для дыялогу. У жыцці любога з нас, у тым ліку таго, хто знаходзіцца на дзяржаўнай службе, павінны быць пэўныя прынцыпы работы. І прынцып «стаўся да людзей так, як хочаш, каб яны адносіліся да цябе» вельмі добра дзейнічае. Таксама неабходна бачыць кожнага чалавека. У той жа час нельга быць на пабягушках у скаржнікаў. На жаль, такое таксама ёсць. Кожная неаб'ектыўная скарга, якая пацягнула вялікія затраты дзяржавы, павінна кампенсавацца за кошт таго, хто спрабуе такім чынам расхістаць работу дзяржаўнага органа.
Вераніка КАНЮТА
Інтэрв'ю з алімпійскім чэмпіёнам па фехтаванні.
Прафесійна, аператыўна, па-добраму.