Вы тут

Навошта Беларусі даследчы ядзерны рэактар


Мэта атамнай электрастанцыі дакладная — забяспечваць краіну электраэнергіяй. А вось магчымасці даследчага рэактара больш шырокія: вывучаць новыя віды ядзернага паліва, напрацоўваць ізатопы, змяняць уласцівасці матэрыялаў і іншае. Яго наяўнасць шматразова павялічвае станоўчы эфект прысутнасці атамнай галіны ў краіне, упэўнены эксперты.


Фота: прэс-служба Дзяржкарпарацыі «Расатам».

Уласны даследчы ядзерны рэактар дазволіць Беларусі ўкараняць перадавыя тэхналогіі ў прамысловасці, медыцыне, навуцы, сельскай гаспадарцы, а таксама пасадзейнічае практычнай падрыхтоўцы кадраў для атамнай галіны, упэўнены ў Аб'яднаным інстытуце энергетычных і ядзерных даследаванняў — Сосны.

Вопыт правядзення ядзерных даследаванняў, прынамсі, вядзецца ў Беларусі яшчэ з савецкіх часоў, калі ў інстытуце Сосны вяліся фундаментальныя работы. Даследаванні працягваюцца і зараз, а з будаўніцтвам АЭС яны набылі больш прыкладны характар.

— Для рашэння задач, якія стаяць перад навукай Беларусі, неабходна адэкватная навукова-вытворчая база з даследчым ядзерным рэактарам, — упэўнены генеральны дырэктар Аб'яднанага інстытута энергетычных і ядзерных даследаванняў — Сосны Андрэй КУЗЬМІН. — Гэтае пытанне Беларусь зможа вырашыць, рэалізаваўшы праект па будаўніцтве даследчага рэактара сумесна з Дзяржкарпарацыяй «Расатам», што стане важным крокам на шляху фарміравання адзінай навукова-тэхналагічнай прасторы Беларусі і Расіі ў галіне выкарыстання атамнай энергіі.

Прыклад работы такога даследчага рэактара — вучэбна-навуковы цэнтр «Даследчы ядзерны рэактар» Томскага політэхнічнага ўніверсітэта, дзе штогод навучаецца больш за 400 студэнтаў. Як паказала практыка, навучанне на дзейным даследчым рэактары дазваляе істотна пашырыць спектр кампетэнцый спецыялістаў.

— Ядзерны рэактар у сукупнасці са спадарожнымі ўстаноўкамі — гэта, па сутнасці, сучасны Цэнтр ядзернай навукі і тэхналогій, які дазваляе засяродзіць у адным месцы ўсе кампетэнцыі краіны ў галіне ядзернай навукі, адукацыі, радыяцыйных тэхналогій, — адзначыла кіраўнік міжнародных ядзерных адукацыйных праграм Томскага політэхнічнага ўніверсітэта Вера ВЕРХАТУРАВА.

«Расатам» гатовы прапанаваць сваім міжнародным партнёрам будаўніцтва падобнага цэнтра з шырокім функцыяналам, запэўніў віцэ-прэзідэнт па праектах даследчых рэактараў і цэнтраў ядзернай навукі і тэхналогій «Русатам Аверсіз» Дзмітрый ВЫСОЦКІ:

— Пры гэтым выбар канчатковага складу аб'ектаў будучага цэнтра залежыць ад бягучых патрэб заказчыка і яго планаў па развіцці навукова-даследчых кампетэнцый краіны.

Немалаважна, што даследчыя рэактары шырока выкарыстоўваюцца не толькі для навуковай дзейнасці, але і для вытворчасці камерцыйнай прадукцыі. Гэта, напрыклад, напрацоўка ізатопаў медыцынскага ці прамысловага прызначэння або ядзерна-легіраванага крэмнію для электроннай прамысловасці, электрамабіляў, а таксама накаплення і перадачы току ад сонечных панэляў і ветрагенератараў.

Ірына СІДАРОК

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?