Вы тут

З акна — у суп. Вырошчваем лаўровы ліст дома


Лаўровы ліст можна купіць у кожнай прадуктовай краме. Але куды больш прыемна адправіць у рондаль духмяны ярка-зялёны лісцік, сарваны з расліны, вырашчанай ўласнымі рукамі. А яшчэ лаўр чысціць паветра ў памяшканні, перашкаджае развіццю грыбкоў і бактэрый. А сама расліна ўпрыгожыць любы інтэр'ер. Яе можна размяшчаць нават на паўночным баку. Акрамя таго, паводле міфалогіі, лаўр засцерагае дом і ўсіх, хто жыве ў ім, ад негатыўнага ўздзеяння звонку, з'яўляючыся своеасаблівым абярэгам ад усяго дрэннага.


Фота: pixabay.com

Размнажэнне насеннем

У мясцовасці, дзе тэмпература зімой апускаецца ніжэй за -10 °С, расліну можна вырошчваць як пакаёвую і летам выносіць у сад або на балкон.

Як пакаёвая расліна лаўр даволі непатрабавальны. Ён можа расці нават пры недахопе святла, толькі крона тады будзе не такой пышнай і дэкаратыўнай.

Прасцей за ўсё вырасціць лаўр з насення, хоць ён размнажаецца і чаранкамі, але каб іх атрымаць, у вас ужо павінна расці такое дрэва. Насенне ж можна набыць у кветкавай краме.

Нярэдка ў пакуначку з лаўровым лістом можна знайсці галінку расліны з засохлымі кветканосамі. Некаторыя памылкова прымаюць іх за насенне. Насамрэч плод лаўра значна буйнейшы: 1,5 см у дыяметры і выглядае як неядомая ягада чорна-сіняга колеру.

Насенне лаўра прарастае 4-6 месяцаў, таму высяваць яго варта позняй восенню ці ў пачатку зімы. Тады ўсходы з'явяцца ў самы спрыяльны па асветленасці і тэмпературы час.

Для высявання лепш выкарыстоўваць свежае насенне, якое валодае высокай усходжасцю (да 95 %). Перад сяўбой яго змяшчаюць на месяц у халадзільнік для стратыфікацыі, пасля чаго замочваюць у вадзе на 3-4 дні, папярэдне зняўшы верхнюю абалонку.

Пасля набракання насенне высейваюць у кантэйнер з любым урадлівым грунтам, верхні пласт якога складаецца з увільготненага буйназярністага пяску (у ім яно лепш за ўсё прарастае). Глыбіня закладкі — 1—1,5 см. Тэмпература глебасумесі не павінна быць ніжэйшая за 18 °С.

Пасля сяўбы насення паверхню ўвільгатняюць з пульверызатара і накрываюць кантэйнер плёнкай. Ставяць яго ў цёплае светлае месца. Калі з'явяцца ўсходы, плёнку здымаюць. Пікіруюць расаду, калі на ёй вырастуць 2-4 сапраўдныя лісткі.

Чаранкаванне

Размнажаецца лаўр і чаранкамі, праўда, укараняюцца яны не так паспяхова, як прарастае насенне.

Неадраўнелы парастак зразаюць пад косым вуглом, пакінуўшы на ім 2-3 пупышкі. Ніжнія лісты выдаляюць, а верхнія абразаюць напалову. Месца зрэзу чаранка апрацоўваюць стымулятарам утварэння каранёў і змяшчаюць яго ў вільготны пясок. Зверху накрываюць плёнкай або слоікам.

Праз 3-4 месяцы чаранок укарэніцца.

Перасадка

Для перасадкі добра ўкаранелых чаранкоў або падрослых парасткаў лаўра можна выкарыстоўваць гатовы субстрат для сукулентаў.

Сумесь грунту для лаўра павінна быць нейтральнай або слабашчолачнай.

Пачынаюць вырошчванне лаўра з невялікага вазона. Дрэва развіваецца лепш, калі яму крыху цесна.

Пасля перасадкі расліну змяшчаюць у прыцененае месца, каб прамыя сонечныя прамяні на яго не пападалі. Праз два тыдні гаршчок можна пераставіць на падаконнік.

У далейшым маладыя расліны перасаджваюць у новую ёмістасць, якая ў дыяметры будзе большая за старую на некалькі сантыметраў. Рабіць гэта трэба штогод, дарослыя дрэвы маюць патрэбу ў такой працэдуры раз на 2-3 гады.

Догляд

Госцю з субтрапічнага клімату патрэбнае рассеянае, але досыць яркае святло.

Улетку гаршчок з ім можна выстаўляць у злёгку прыцененае месца ў садзе ці на балконе. Аптымальная для вечназялёнага дрэва тэмпература ў гэты перыяд — 20—27 °С, а вось зімой яму неабходная прахалода. Лепш за ўсё гэтым часам ён пачуваецца пры 12—15 °С.

Знаходзячыся ўзімку ў ацепленым памяшканні, лаўр мае патрэбу ў апырскванні лісця вадой пакаёвай тэмпературы і ўвільгатненні паветра. Паліў расліны залежыць ад пары года. У вяснова-летні перыяд ён багаты, але нельга дапускаць застою вады. Увосень і ўзімку паліваць лаўр варта ўмерана, не дапускаючы перасыхання глебавага субстрату.

Маладая расліна ў першы год не мае патрэбы ў падкормцы, а далей падкормку трэба пачынаць з лютага, калі дрэва прачынаецца ад зімовай спячкі і пускаецца ў рост. У кастрычніку падкормкі спыняюць.

З дапамогай абрэзкі лаўру можна надаць любую форму, ад шара да піраміды. Праводзяць яе восенню, каб «вочкі», якія засталіся на расліне, паспелі развіцца да зімы, і вясной лаўр стаў актыўна расці.

Правільная абрэзка не толькі дазваляе палепшыць знешні выгляд дрэва, але і стымулюе ўтварэнне новых парасткаў, робіць крону гусцейшай.

Пры выкананні правілаў догляду лаўр практычна не схільны да хвароб дзякуючы сваёй устойлівасці да грыбкоў і вірусаў.

Збор лісця са здаровага дрэва спецыялісты раяць праводзіць у лістападзе-снежні, калі ў тканках расліны змяшчаецца большая колькасць эфірных алеяў. Аптымальны ўзрост лаўра для гэтай працэдуры — 4—5 гадоў.

Лаўровае лісце не раяць захоўваць даўжэй за год, бо яно пачынае гарчыць і страчвае частку сваіх лекавых уласцівасцяў.

Ірына ТАМКОВІЧ

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.