Вы тут

Шляхам «жалезнага братэрства». Як развіваецца ўзаемадзеянне паміж Беларуссю і Кітаем?


Беларусь і Кітай насамрэч з'яўляюцца ўсёабдымнымі стратэгічнымі партнёрамі. Аб гэтым заявіў афіцыйны прадстаўнік МЗС КНР Ван Вэньбінь, каментуючы найбуйнейшаму выданню Паднябеснай і шматгадоваму партнёру «Звязды» газеце «Жэньмінь жыбаа» Дырэктыву Прэзідэнта Беларусі № 9 «Аб развіцці двухбаковых адносін Рэспублікі Беларусь з Кітаем». Як заўважыў дыпламат, пад стратэгічным кіраўніцтвам лідараў дзвюх краін традыцыйнае сяброўства ўмацоўваецца з кожным днём, няўхільна развіваецца супрацоўніцтва ў розных галінах, прадукцыйным з'яўляецца ўзаемадзеянне па пытаннях міжнароднага парадку дня. «Кітай гатовы і надалей рухацца насустрач Беларусі, умацоўваць узаемны палітычны давер на высокім узроўні, паглыбляць усебаковыя адносіны і супрацоўніцтва паміж дзвюма краінамі і садзейнічаць пашырэнню ўсёабдымнага стратэгічнага партнёрства», — падкрэсліў афіцыйны прадстаўнік МЗС КНР. Як развіваецца ўзаемадзеянне паміж Беларуссю і Кітаем?


Лідараў Беларусі і Кітая звязваюць не толькі рабочыя адносіны, а і шчырае сяброўства.

Усепагоднае партнёрства

Гэты год стаў на самай справе знакавым у прадукцыйным фармаце беларуска-кітайскага супрацоўніцтва, якое дынамічна развіваецца на працягу трох дзясяцігоддзяў. КНР займае выключнае месца ў знешняй палітыцы Беларусі, гэта наш асноўны стратэгічны партнёр у азіяцкім рэгіёне. Такім чынам акрэсліў узровень узаемадзеяння дзвюх дзяржаў намеснік міністра замежных спраў Беларусі Мікалай Барысевіч на цырымоніі адкрыцця Года рэгіёнаў Беларусі і Кітая. У межах гэтага глабальнага міждзяржаўнага праекта ў 2021—2022 гадах намечана правесці дзясяткі важных мерапрыемстваў. Міжрэгіянальнае супрацоўніцтва стала новым пунктам росту ў адносінах Беларусі і Кітая, падкрэсліў у эксклюзіўным інтэрв'ю «Звяздзе» Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Кітайскай Народнай Рэспублікі ў Рэспубліцы Беларусь Се Сяаюн.

Як адзначыў кіраўнік дыпламатычнай місіі, правядзенне Года рэгіёнаў Беларусі і Кітая з'яўляецца важнай дамоўленасцю, дасягнутай Прэзідэнтам Беларусі Аляксандрам Лукашэнкам і Старшынёй КНР Сі Цзіньпінам падчас тэлефоннай размовы сёлета ў студзені. Кіраўнікі дзяржаў абмяняліся віншаваннямі з нагоды чарговай гадавіны ўстанаўлення дыпламатычных адносін паміж Беларуссю і Кітаем (пад знакам гэтай даты і прайшла размова), падрабязна абмеркавалі розныя сферы супрацоўніцтва, паведамілі ў прэс-службе беларускага лідара. Аляксандр Лукашэнка падзякаваў старшыні КНР за падтрымку Беларусі на міжнароднай арэне. Як адзначыў у дадзеным кантэксце кітайскі лідар, толькі народ можа вырашаць і вызначаць будучыню сваёй краіны. У цэлым жа стратэгічныя партнёры Беларусь і Кітай будуць разам супрацьстаяць знешнім пагрозам. Беларусь таксама працягне аказваць Кітаю падтрымку па ўсіх ключавых пытаннях.

Значная ўвага ў размове была ўдзелена сітуацыі з пандэміяй COVІD-19. Бакі абмяняліся інфармацыяй аб мерах па супрацьдзеянні распаўсюджванню інфекцыі, якія прымаюцца. Як безумоўна пазітыўны факт Прэзідэнт Беларусі і Старшыня КНР адзначылі рост двухбаковага гандлю. Яны з задавальненнем канстатавалі, што спаду ўдалося не дапусціць нават у складаных умовах пандэміі і зніжэння дзелавой актыўнасці. У якасці прыкладу ў дадзеным выпадку былі прыведзены пастаўкі беларускай сельскагаспадарчай прадукцыі на кітайскі рынак.

У цэнтры ўвагі былі і пытанні далейшага развіцця і рэалізацыі патэнцыялу індустрыяльнага парка «Вялікі камень», які з'яўляецца ключавым элементам удзелу Беларусі ў ініцыятыве «Пояс і шлях». Аляксандр Лукашэнка запэўніў, што Беларусь традыцыйна будзе дзейным удзельнікам ініцыятывы. Прэзідэнт Беларусі і Старшыня КНР абмеркавалі і пытанне найбліжэйшай асабістай сустрэчы. З гэтай нагоды пазіцыі таксама цалкам супадаюць: як толькі крыху палепшыцца сітуацыя з пандэміяй, такая сустрэча для абмеркавання ўсіх пытанняў адбудзецца.

Адметна, што першым з лідараў замежных дзяржаў Аляксандра Лукашэнку з перамогай на прэзідэнцкіх выбарах у жніўні 2020 года павіншаваў менавіта старшыня КНР Сі Цзіньпін. Паводле яго слоў, Беларусь і Кітай — «жалезныя браты і ўсепагодныя партнёры». «Я надаю вялікае значэнне развіццю кітайска-беларускіх адносін і шаную добрыя рабочыя адносіны і асабістую дружбу з Вамі», — адзначыў у пасланні старшыня КНР.

Анлайн-пляцоўкі і транзіт

Прэзідэнт Беларусі яскрава акрэсліў стратэгічныя кірункі ўзаемадзеяння з Паднябеснай падчас свайго выступлення на прадстаўнічым Міжнародным форуме па гандлі паслугамі CІFTІS, які прайшоў у верасні ў Пекіне. Гэты форум — найбуйнейшая ў Кітаі экспазіцыя ў стратэгічнай галіне. CІFTІS праходзіць у Пекіне з 2012 года і з'яўляецца пляцоўкай для абмену вопытам аказання паслуг у сферах фінансаў, транспарту, лагістыкі, інфармацыйных тэхналогій, электроннага гандлю, аховы здароўя, навакольнага асяроддзя, турызму і іншых. Гэта адна з трох асноўных кірмашовых пляцовак Кітая разам з шанхайскім «Імпарт ЭКСПА» і Кантонскім кірмашом у Гуанчжоў. Сёлета ў форуме ўзяло ўдзел больш за 10 тысяч прадпрыемстваў са 153 краін і рэгіёнаў свету. Мерапрыемства стала платформай для дэманстрацыі, абменаў і супрацоўніцтва ў рамках развіцця гандлю паслугамі паміж Кітаем і краінамі Еўразіі.

«За гады трывалага сяброўства Беларусі і Кітая мы неаднаразова пераконваліся ў паслядоўнасці палітыкі Пекіна, які аб'яднаў мноства дзяржаў у рамках ініцыятывы «Пояс і шлях» на ўмовах справядлівага, раўнапраўнага, узаемавыгаднага супрацоўніцтва. Больш за тое, перажытыя ўзрушэнні, абумоўленыя пандэміяй і іншымі глабальнымі выклікамі, толькі ўмацавалі яго», — заявіў у сваім выступленні перад удзельнікамі Глабальнага саміту беларускі лідар. Ён падкрэсліў, што закрыццё граніц, зніжэнне турыстычнай актыўнасці, разрыў лагістычных ланцужкоў і рост пратэкцыянізму, каласальны ціск на сістэму аховы здароўя, адмена міжнародных культурных мерапрыемстваў сталі беспрэцэдэнтным выпрабаваннем для рынку паслуг. У той жа час, адзначыў Аляксандр Лукашэнка, крызіс стымуляваў бум лічбавых тэхналогій і паслужыў своеасаблівым імпульсам для якаснай перазагрузкі традыцыйнай сферы паслуг. «У гэтым кантэксце ўражвае перадавы вопыт Кітая па развіцці і ўкараненню паслуг дыстанцыйнай адукацыі, анлайн-дыягностыкі і лячэння, прымяненні лічбавых тэхналогій у галіне турызму», — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы.

«Беларусь удзяляе асаблівую ўвагу нарошчванню экспарту і імпарту паслуг. Разлічваем на пашырэнне супрацоўніцтва з Кітаем у гэтай сферы як адным з ключавых партнёраў нашай краіны. У якасці прыярытэтнага напрамку бачым сумесную работу дзяржаў па далейшай лібералізацыі гандлю паслугамі, устараненні бар'ераў, прыцягненні інвестыцый. У апошнія гады мы сталі сведкамі актыўнага росту глабальнай электроннай камерцыі, у тым ліку трансгранічнай, аб'ёмы якой прырастаюць на 50 працэнтаў штогод. Гэты інструмент стаў эфектыўным рэсурсам для аднаўлення эканамічнага росту. Беларусь бачыць вялікія перспектывы ў выхадзе на кітайскія анлайн-пляцоўкі для прасоўвання не толькі тавараў, але і паслуг у сферах адукацыі, турызму, медыцыны», — заявіў Прэзідэнт Беларусі.

Адзін з найважнейшых сумесных праектаў — Кітайска-беларускі індустрыяльны парк «Вялікі камень».

Аляксандр Лукашэнка канстатаваў, што каранавірус нанёс каласальную шкоду турыстычнай галіне. «Мы павінны актывізаваць распрацоўку мер для далейшага павелічэння аб'ёму аказання турыстычных паслуг», — упэўнены ён. Кіраўнік дзяржавы нагадаў, што свет перажыў і «лагістычны калапс». «Дзякуючы ўнікальнаму геаграфічнаму становішчу Беларусі наша транспартная інфраструктура карыстаецца актыўным попытам у якасці надзейнага транзітнага калідора «Паяса і шляху». З 2014 да 2020 года нам удалося ў 14 разоў павялічыць аб'ёмы чыгуначных кантэйнерных перавозак па маршруце Кітай — Еўропа — Кітай, якія накіроўваюцца праз нашу краіну. Рэспубліка Беларусь і ў далейшым будзе прымаць усе неабходныя меры для забеспячэння бесперабойнага руху чыгуначных саставаў па гэтым маршруце», — запэўніў беларускі лідар. Ён падкрэсліў, што Беларусь прадоўжыць уносіць свой уклад у больш хуткае аднаўленне сусветнай эканомікі і развіваць разнапланавае і ўзаемавыгаднае міжнароднае супрацоўніцтва ў сферы паслуг.

Старшыня КНР Сі Цзіньпін у сваю чаргу назваў мір, развіццё і ўзаемавыгаднае супрацоўніцтва «залатымі ключамі» да вырашэння праблем у міжнароднай эканоміцы, гандлі і інвестыцыях. Ён адзначыў, што Кітай гатовы падзяліцца сваімі дасягненнямі ў галіне тэхналагічнага развіцця са светам. На думку Сі Цзіньпіна, краіны павінны імкнуцца працаваць сумесна для стварэння лепшай будучыні.

Асаблівае месца

Беларусь і Кітай паслядоўна падтрымліваюць адзін аднаго на міжнародных пляцоўках. Яшчэ адно сведчанне таму — нядаўняе пасяджэнне Вышэйшага Еўразійскага эканамічнага савета. Падчас яго правядзення Прэзідэнт Беларусі выказаўся па ключавых пытаннях у парадку дня інтэграцыйнага аб'яднання. У адпаведнасці з зацверджанымі Асноўнымі напрамкамі міжнароднай дзейнасці ЕАЭС на 2022 год Аляксандр Лукашэнка прапанаваў засяродзіцца на некалькіх ключавых пытаннях. Паводле яго слоў, сумесная работа на знешнім контуры і дзейнасць Еўразійскай эканамічнай камісіі павінны быць арыентаваны перш за ўсё на вырашэнне практычных задач развіцця экспарту тавараў і паслуг. «Кітай тут займае асаблівае месца, — заўважыў беларускі лідар. — Лічу неабходным акцэнтаваць увагу на ўзаемадзеянні з гэтай краінай у рамках спалучэння планаў развіцця ЕАЭС, ініцыятывы «Адзін пояс, адзін шлях» і Пагаднення аб гандлёва-эканамічным супрацоўніцтве 2018 года».

Раней прэм'ер-міністр Беларусі Раман Галоўчанка абазначыў перспектывы ўзаемадзеяння з Шанхайскай арганізацыяй супрацоўніцтва падчас пасяджэння Савета кіраўнікоў урадаў дзяржаў — членаў ШАС. Ён звярнуў увагу на неабходнасць эфектыўнага выкарыстання транзітнага патэнцыялу ШАС для постковіднага аднаўлення эканомік, умацавання гандлёва-эканамічных сувязяў на прасторы арганізацыі, доступу на рынкі іншых рэгіёнаў. Паводле яго слоў, асаблівую ўстойлівасць да абмежаванняў ва ўмовах пандэміі прадэманстравалі чыгуначныя перавозкі. Транзітам па тэрыторыі Беларусі ажыццяўляецца больш за 90 працэнтаў усіх чыгуначных перавозак з Кітая ў Еўропу і ў зваротным напрамку. «Для нарошчвання патэнцыялу і пашырэння магчымасцяў чыгуначных перавозак мы сумесна з замежнымі партнёрамі абнаўляем адпаведную інфраструктуру, ствараем сучасныя лагістычныя цэнтры, робячы транспарціроўку грузаў праз Беларусь прывабнай і эфектыўнай. Беларусь адной з першых падпісала пагадненне паміж урадамі дзяржаў — членаў ШАС аб стварэнні спрыяльных умоў для міжнародных аўтамабільных перавозак. Мы гатовы ўнесці свой уклад у практычную рэалізацыю ініцыятывы Новага еўразійскага сухапутнага моста, стварэнне сучаснага наземнага транспартнага калідора з Кітая ў Еўропу праз тэрыторыю дзяржаў Цэнтральнай Азіі, Расію і Беларусь. Гэта дасць магчымасць забяспечыць высокую хуткасць дастаўкі і бяспеку грузаў, а таксама эфектыўна пераразмеркаваць лагістычныя патокі», — падкрэсліў прэм'ер-міністр.

Фактар рэгіёнаў

Усё больш важным складнікам кітайска-беларускіх адносін зараз становіцца міжрэгіянальнае супрацоўніцтва. Па меры паглыблення адносін усё больш і больш кітайскіх правінцый і гарадоў накіроўваюць свае дэлегацыі ў Беларусь. Зараз устаноўлены 33 пары пабрацімскіх адносін па лініі гарадоў і абласцей. Як паведаміў Се Сяаюн, падчас дзяржаўнага візіту Старшыні КНР у Беларусь у 2015 годзе ў Мінску паспяхова адбыўся Кітайска-Беларускі міжрэгіянальны бізнес-форум. Рэгіёны і прадпрыемствы дзвюх краін скарысталіся гэтай магчымасцю і падпісалі 25 дакументаў аб супрацоўніцтве на агульную суму амаль сем мільярдаў долараў. Роля міжрэгіянальнага супрацоўніцтва ў вывучэнні новых мадэляў і новых праектаў супрацоўніцтва паміж дзвюма краінамі расце з кожным днём. Год рэгіёнаў Кітая і Беларусі надасць новы імпульс паглыбленню ўзаемадзеяння паміж дзвюма краінамі.

«У нас ёсць усе падставы меркаваць, што рэгіёны дзвюх краін будуць падтрымліваць канцэпцыю ўзаемнай выгады і прытрымлівацца мэты сумеснага падзелу вынікаў супрацоўніцтва, — перакананы Се Сяаюн. — Яны скарыстаюцца магчымасцю правядзення Года рэгіёнаў Кітая і Беларусі, каб надаць яшчэ большы імпульс міжрэгіянальнаму супрацоўніцтву і зрабіць яго новым пунктам росту дзелавога ўзаемадзеяння дзвюх краін, а таксама ўнесці свой уклад у павышэнне якасці кітайска-беларускіх адносін».

Беларуская нацыянальная біятэхналагічная карпарацыя паспяхова ўкараняе найноўшыя тэхналогіі ў аграпрамысловы комплекс.

Як заўважыў БелТА першы намеснік прэм'ер-міністра Беларусі, сустаршыня Беларуска-кітайскага міжурадавага камітэта па супрацоўніцтве Мікалай Снапкоў, «мы планамерна пераходзім ад колькаснага напаўнення міжрэгіянальнага супрацоўніцтва да павышэння змястоўнай часткі гэтага ўзаемадзеяння, найперш эканамічнага і гуманітарнага. Такім чынам, рашэнне кіраўнікоў дзвюх дзяржаў правесці тэматычныя гады міжрэгіянальнага супрацоўніцтва — заканамерны і абгрунтаваны крок».

У КНР налічваецца 34 адміністрацыйныя адзінкі так званага першага ўзроўню. Кожная з абласцей Беларусі і сталіца ўстанавілі пабрацімскія сувязі як мінімум з дзвюма і больш правінцыямі Кітая. Напрыклад, Магілёўская вобласць — пабрацім рэгіёнаў КНР з сукупным насельніцтвам больш як 230 мільёнаў чалавек і ВУП больш за 1,8 трыльёна долараў. У Брэсцкай вобласці партнёрскія адносіны з рэгіёнамі з насельніцтвам больш як 200 млн чалавек і ВУП больш як $1,4 трлн.

«Гэта патэнцыйны рынак для нашага экспарту, доступ на які будзе значна спрошчаны падчас Года рэгіёнаў, — лічыць Мікалай Снапкоў. — Кожная правінцыя, горад па-свойму ўнікальныя, а мясцовыя ўрады адкрыты для партнёрства і ўзаемаабменаў. Чаго чакаць па выніках? Адказ відавочны — паглыблення і разнапланавага пашырэння гандлёва-эканамічных, інвестыцыйных, культурных, турыстычных і іншых сувязяў паміж нашымі краінамі. Міжрэгіянальнае супрацоўніцтва — лакаматыў нашых адносін, які вядзе за сабой вялікі патэнцыял сумесных праектаў і ініцыятыў, ведаў і вопыту».

Ад экспарту да фільмаў

Для Беларусі заўсёды важна было супрацоўніцтва з Кітайскай Народнай Рэспублікай. «Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка з 1990-х гадоў глыбока адчуў моц і паступальнасць развіцця Кітая, — адзначыў першы віцэ-прэм'ер. — Асаблівы шлях развіцця Кітая падтрымлівае наш уласны шлях развіцця. Мабыць, менавіта дзве краіны ў свеце на чале эканамічнай палітыкі ставяць рост дабрабыту грамадзян. У нас аднолькавыя прынцыпы і ідэалогія развіцця. І нам ёсць на каго раўняцца і на чыю дапамогу разлічваць». Мікалай Снапкоў падкрэсліў, што Беларусь і Кітай узаемна падтрымлівалі адна адну ў цяжкі перыяд барацьбы з COVІD-19, і гэта маштабная і сяброўская дапамога. «Падтрымка ёсць, і яна нарошчваецца ў сітуацыі палітычнага і эканамічнага ціску з боку краін, не здольных успрымаць адрозныя ад іх «стандартаў» падыходы да грамадскіх інстытутаў», — адзначыў першы віцэ-прэм'ер.

Ён звярнуў увагу на беларуска-кітайскае супрацоўніцтва, якое актыўна развіваецца, у тым ліку міжрэгіянальнае, што знайшло адлюстраванне і ў Дырэктыве № 9. «Сяброўства і ўсебаковае ўзаемадзеянне паміж абласцямі Беларусі і правінцыямі КНР, паміж гарадамі ствараюць падмурак сумеснага развіцця нашых краін, — заўважыў Мікалай Снапкоў. — Дырэктыва мае прыкладны характар ??і вызначае канкрэтныя задачы па нарошчванні і паглыбленні супрацоўніцтва ва ўсіх сферах. Абласцям пастаўлены мэтавы арыенцір — прыцягненне да канца пяцігодкі па 150 мільёнаў долараў прамых інвестыцый ад кітайскіх інвестараў».

Дырэктыва № 9 накіравана на далейшае паглыбленне стратэгічнага партнёрства Беларусі з Кітаем па шырокім спектры напрамкаў у 2021—2025 гадах. Прыярытэтнымі задачамі на найбліжэйшую перспектыву вызначаны ўмацаванне супрацоўніцтва ў палітычнай сферы, захаванне і прымнажэнне каштоўнасцяў дружбы і ўзаемнай падтрымкі, нарошчванне гандлёва-эканамічнага, фінансавага, інвестыцыйнага ўзаемадзеяння, рэалізацыя ініцыятывы «Пояс і шлях». Пры гэтым прадгледжваецца фарміраванне спецыялізацыі ў найбуйнейшым транснацыянальным праекце. Сярод важных задач таксама — пашырэнне міжрэгіянальных сувязяў, развіццё супрацоўніцтва ў ваеннай і ваенна-тэхнічнай галінах, у сферы лічбавай эканомікі і інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогій, умацаванне навукова-тэхнічнага ўзаемадзеяння, развіццё адносін у гуманітарнай сферы. У мэтах выканання названых задач органам дзяржаўнага кіравання і іншым уключаным у супрацоўніцтва з КНР суб'ектам эканамічнай дзейнасці даручаецца забяспечыць рэалізацыю каля паўсотні канкрэтных практычных мер. Эфектыўнае выкананне пастаўленых мэт будзе садзейнічаць вывядзенню двухбаковых адносін на якасна новы ўзровень.

За кошт рэсурсаў Паднябеснай у нашай краіне рэалізаваны 24 праекты амаль на $4,5 млрд. Працягваецца работа па іншых буйных праектах. Сярод самых значных — Беларуская нацыянальная біятэхналагічная карпарацыя, завод «БЕЛДЖЫ», аб'екты электраэнергетыкі. Адзін з найважнейшых сумесных праектаў?— Кітайска-беларускі індустрыяльны парк «Вялікі камень», які старшыня КНР па праве назваў жамчужынай Шаўковага шляху і ахарактарызаваў як узорны. «Парк ствараўся для рэалізацыі праектаў пераважна пятага і шостага ўкладаў, самых найноўшых распрацовак і інавацый, і ён выконвае сваю місію»,?— лічыць намеснік кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Дзмітрый Крутой. «Вялікі камень» — не проста свабодная эканамічная зона або лагістычны тэрмінал. «Гэта ў першую чаргу адна з ключавых платформаў Новага шаўковага шляху і адзіная ў нашым рэгіёне, — заўважыў сваім выступленні на VІ Усебеларускім народным сходзе кіраўнік адміністрацыі парка «Вялікі камень» Аляксандр Ярашэнка. — Яна з'яўляецца элементам глабальнага пазіцыянавання Беларусі і пунктам апоры для Кітая, як тэрыторыя паскоранага эканамічнага росту і тэхналагічнага развіцця, — адзначыў ён. — Палітычныя дамоўленасці і асабістая ўвага лідараў нашых краін да развіцця індустрыяльнага парка дазволілі яму стаць найлепшай асаблівай эканамічнай зонай «Паяса і шляху». Менавіта так у 2020 годзе яго назвалі эксперты Fіnancіal Tіmes». Аляксандр Ярашэнка падкрэсліў, што менавіта такія праекты складуць аснову эканомікі будучай Беларусі. «Мы высока цэнім удзел у іх Кітая. Як часта гавораць нашы партнёры: магчыма ўсё, на немагчымае проста патрабуецца больш часу», — дадаў ён. Мяркуеца, што «Вялікі камень» да 2025 года прыцягне мінімум пяць кампаній з аб'ёмам інвестыцый больш як $50 млн.

КНР другі пасля Расіі знешнегандлёвы партнёр Беларусі з гадавым абаротам $5,4 млрд. (такога ўзроўню дасягнулі летась, пры гэтым тэмп росту склаў 102,4 працэнта). Новы драйвер экспарту — пастаўкі сельгаспрадукцыі, заявіў падчас пасяджэння міжурадавага камітэта Мікалай Снапкоў. Стаўка сябе апраўдала — беларускай прадукцыі ўдалося ў кароткія тэрміны заваяваць рынак Кітая дзякуючы якасці і добрым адносінам лідараў дзвюх краін, заўважыў намеснік міністра сельскай гаспадаркі і харчавання Беларусі Аляксей Багданаў. Ён паведаміў, што з пачатку бягучага года ў КНР беларускіх прадуктаў харчавання пастаўлена на 36 працэнтаў больш, чым за такі ж час летась. Аб'ём паставак ужо перавысіў $250 млн, столькі ж было за ўвесь мінулы год. Як адзначыў міністр сельскай гаспадаркі і харчавання Іван Крупко, Беларусь разлічвае нарасціць экспарт прадуктаў харчавання ў Кітай да $1 млрд па выніках пяцігодкі.

Кампанія «БЕЛДЖЫ» да канца года плануе вырабіць 30 тысяч аўтамабіляў.

Першы віцэ-прэм'ер перакананы, што Дырэктыва прынясе канкрэтныя вынікі па ўсіх напрамках супрацоўніцтва: ад дасягнення экспарту да $2 млрд да 2025 года да стварэння сумесных мастацкіх фільмаў. Яе прыняцце адбываецца ў вельмі важны гістарычны момант, заўважыў БелТА Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Рэспублікі Беларусь у Кітайскай Народнай Рэспубліцы Юрый Сянько. «Нашы краіны — шчырыя, «жалезныя», як мы гаворым, браты, якія падтрымліваюць адна адну ў цяжкія часы, — зазначыў дыпламат. — Дырэктыва № — комплексны, глыбокі па сваім змесце дакумент, які распрацоўваўся даволі працяглы час з удзелам вялікай колькасці беларускіх органаў дзяржаўнага кіравання, суб'ектаў эканамічнай дзейнасці, вучоных і экспертаў. У ім сабраны канкрэтныя, прарыўныя напрамкі двухбаковага ўзаемадзеяння, якія, перакананы, выведуць беларуска-кітайскія адносіны на якасна новы ўзровень».

Залаты этап

Юрый Сянько адзначыў і такі важны момант: прыняцце дакумента адбылося напярэдадні 30-й гадавіны ўстанаўлення дыпламатычных адносін Беларусі і Кітая, якая будзе святкавацца налета 20 студзеня. «За гэты невялікі, але насычаны рознымі падзеямі перыяд нашы адносіны вытрымалі ўсе выпрабаванні, заўсёды заставаліся дынамічнымі і рэзультатыўнымі. У іх аснове — шчырасць і дружба народаў дзвюх краін, поўнае супадзенне поглядаў па ўсіх пытаннях міжнароднага парадку дня», — рэзюмаваў кіраўнік беларускай дыпламатычнай місіі.

Кітай — адна з першых краін, якія прызналі незалежнасць Беларусі і ўстанавілі з ёй дыпламатычныя адносіны. Як перакананы Се Сяаюн, далейшае ўмацаванне супрацоўніцтва ў якасці ўсебаковых стратэгічных партнёраў зможа не толькі эфектыўна абараніць агульныя інтарэсы абодвух бакоў, але і аб'яднаць намаганні для абароны міжнароднай справядлівасці. «Узровень кітайска-беларускіх адносін тройчы павышаўся: з «сяброўскіх адносін супрацоўніцтва» да «адносін усебаковага стратэгічнага партнёрства» і ў выніку да «адносін давернага ўсебаковага стратэгічнага партнёрства і ўзаемавыгаднага супрацоўніцтва», — заўважыў кітайскі дыпдамат. — Абодва бакі стварылі дзейсныя механізмы ўзаемадзеяння, у тым ліку Кітайска-Беларускі міжурадавы камітэт па супрацоўніцтве, цесна ўзаемадзейнічаюць у міжнародных і рэгіянальных справах, абараняюць агульныя інтарэсы дзвюх краін і ўнеслі важны ўклад ва ўмацаванне рэгіянальнага і глабальнага міру і бяспекі».

Як лічыць Се Сяаюн, прычына, па якой за 30 гадоў з моманту ўстанаўлення дыпламатычных адносін кітайска-беларускія адносіны набылі такую моцную жыццяздольнасць, у тым, што іх развіццё адпавядае фундаментальным інтарэсам двух народаў і доўгатэрміновым патрэбам Кітая і Беларусі ў стабільнасці і развіцці, а таксама прынесла адчувальныя выгады абодвум бакам. «За 30 гадоў нашы краіны сталі насамрэч блізкімі братамі, добрымі партнёрамі, супрацоўніцтва якіх прыносіць узаемную выгаду, а таксама сталі добрымі сябрамі, якія часта бываюць адзін у аднаго ў гасцях, — адзначыў кітайскі дыпламат. — У нас ёсць усе падставы меркаваць, што народы Кітая і Беларусі будуць ісці поплеч і адкрыюць наступны залаты этап двухбаковых адносін».

Дырэктывай № 9 мяркуецца павышэнне статусу беларуска-кітайскіх адносін да ўзроўню «жалезнага братэрства», узорнага ўсебаковага стратэгічнага супрацоўніцтва і ўсепагоднага партнёрства. «Фактычна на новы этап мы ўжо выйшлі. Аб гэтым сведчаць абсалютна ўсе паказчыкі нашага ўзаемадзеяння ў палітыцы, эканоміцы і гуманітарнай сферы, — адзначыў Мікалай Снапкоў. — Рашэнне па замацаванні дэ юрэ новага ўзроўню адносін — за Прэзідэнтам Беларусі і Старшынёй КНР».

Зразумела, мы не маглі застацца ўбаку і актыўна развіваем і пашыраем спрацоўніцтва з кітайскімі калегамі. У верасні 2015-га ў рамках Форуму медыясупрацоўніцтва «Адзін пояс і адзін шлях», у якім бралі ўдзел 170 прадстаўнікоў СМІ з 60 краін усіх кантынентаў, «Звязда» падпісала Мемарандум аб узаемаразуменні і супрацоўніцтве з адным з вядучых у сусветнай медыяпрасторы і самым уплывовым выданнем у Кітаі — газетай «Жэньмінь жыбаа». На партале zvіazda.by ў кастрычніку 2015 года быў запушчаны глабальны праект «Весткі з Кітая», кантэнт якога пераважна фарміруецца матэрыяламі ўплывовых кітайскіх выданняў і інфармагенцтваў, у першую чаргу — «Жэньмінь жыбаа». У сваю чаргу публікацыі «Звязды» актыўна выкарыстоўваліся пры фарміраванні навінавай стужкі на інтэрнэт-партале «Жэньмінь жыбаа» анлайн», дзе таксама з'явіўся тэматычны банер. Цікава, што ў музеі «Жэньмінь жыбаа» «звяздоўскаму» праекту адведзена пачэснае месца. Наша выданне ўвайшло ў склад глабальнай інфармацыйная сеткі «Адзін пояс, адзін шлях» (The Belt and Road News Network — BRNN). Як адзначылі ў дэпартаменце знешніх сувязяў газеты «Жэньмінь жыбаа», супрацоўніцтва паміж выданнямі будзе пашырацца, у тым ліку за кошт магчымасцяў BRNN. У добры шлях!

Мікалай ЛІТВІНАЎ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».