Вы тут

Новы від дыназаўра, могілкі вікінгаў і карысць хот-догаў. Весткі з міра навукі


150 гадоў. Такая максімальна магчымая працягласць жыцця чалавека

Біёлагі з Расіі, ЗША і Сінгапура стварылі тэст, які па аналізе крыві можа вызначыць агульны стан арганізма і фізіялагічную ўстойлівасць. Пра гэта паведаміў навуковы часопіс Nature Communіcatіons.


Фота: pixabay.com

Група даследчыкаў пад кіраўніцтвам Пятра Федзічава з Маскоўскага фізіка-тэхнічнага інстытута прапанавала выкарыстоўваць для ацэнкі біялагічнага старэння ўніверсальны комплексны паказчык DOSІ (dynamіc organіsm state іndіcator — індыкатар дынамічнага стану арганізма). Па іх даных, гэты індыкатар залежыць ад наяўнасці хвароб, узросту і спосабу жыцця. Узровень устойлівасці навукоўцы разлічвалі пры дапамозе даных аб фізічнай актыўнасці, якія яны атрымлівалі з датчыкаў, прымацаваных да ўдзельнікаў даследавання.

Па словах біёлагаў, найменш устойлівы арганізм становіцца да 120-150 гадоў. Такім чынам, у артыкуле робіцца выснова, што 150 гадоў — максімальная тэарэтычна магчымая працягласць жыцця чалавека.

Як заявіў Федзічаў, навукоўцы падсумавалі: узроставая мяжа, якая прыводзіць да смерці, «з'яўляецца неад'емнай біялагічнай уласцівасцю арганізма, што не залежыць ад фактараў стрэсу і азначае фундаментальную або абсалютную мяжу працягласці жыцця чалавека».


Навукоўцы адкапалі астанкі новага дыназаўра

Гэта адбылося ва Узбекістане, ён мог быць галоўным драпежнікам экасістэмы ў Азіі і пераўзыходзіў нават тыраназаўра. Аб неверагодным адкрыцці піша Royal Socіety Open Scіence.

Знойдзенымі акамянеласцямі зацікавіліся навукоўцы з Канады і Японіі. Вывучыўшы іх, яны, можна сказаць, даведаліся пра колішняе існаванне новага дыназаўра. Аказалася, што рэптылія жыла на Зямлі 90 мільёнаў гадоў таму і пры гэтым была галоўным драпежнікам у харчовым ланцугу Сярэдняй Азіі. Да адкрыцця вяршыняй харчовага ланцуга свайго часу лічылі тыраназаўра.

Даследчыкі назвалі рэптылію Улугбегзаўрам (Ulughbegsaurus uzbekіstanensіs) у гонар выдатнага сярэднеазіяцкага вучонага і дзяржаўнага дзеяча па імі Улугбек.

На думку навукоўцаў, жывёліна адносілася да роду кархарадантазаўраў. У дыназаўра былі «акулавыя» зубы, якія вырасталі да 15 сантыметраў у даўжыню. Вышыня драпежніка дасягала васьмі метраў, вага вар'іравалася ад адной да сямі тон.


Ацэнены ўплыў ужывання хот-догаў на працягласць жыцця

Даследчыкі з Мічыганскага ўніверсітэта ЗША разлічылі, колькі часу жыцця адымае або дадае спажыванне таго ці іншага прадукту. Пра гэта паведаміла газета The Telegraph.

Спецыялісты распрацавалі стандартызаваную сістэму разліку, пры дапамозе якой змаглі ацаніць больш за 6 тысяч тыпаў страў і прадуктаў. У выніку навукоўцы высветлілі, што ў сярэднім кожны грам каўбасных вырабаў, з'едзеных чалавекам, пазбаўляе яго 27 секундаў жыцця.

Даследчыкі дадалі, што з улікам іншых фактараў адзін хот-дог «абыдзецца» чалавеку ў 36 хвілін працягласці жыцця, а порцыя колы — 12,5 хвіліны. Акрамя таго, адзначаюць спецыялісты, негатыўна адбіваецца на працягласці жыцця і спажыванне чырвонага мяса.

Між тым, падкрэслілі навукоўцы, існуе мноства карысных у плане доўгажыхарства прадуктаў. Напрыклад, порцыя арэхаў дадае 26 хвілін, а ласось — 16 хвілін, адзначае Pravda.Ru. Таксама да карысных прадуктаў спецыялісты аднеслі садавіну, гародніну і бабовыя.

На аснове разлікаў, якія таксама бралі пад увагу ўплыў прадуктаў на навакольнае асяроддзе праз спосабы вытворчасці і захоўвання, эксперты рэкамендавалі павялічваць спажыванне рыбы і расліннай ежы.


Тысячагадовыя могілкі вікінгаў знайшлі ў Швецыі

Вучоныя выявілі старажытнае пахаванне гэтых ваяроў, якое, як мяркуецца, датуецца X стагоддзем нашай эры. Пра гэта паведаміла брытанскае выданне The Daіly Maіl.

Археолагі знайшлі могілкі падчас абследавання тэрыторыі горада Сігтуна. Спецыялісты мяркуюць, што вікінгі, астанкі якіх былі знойдзеныя ў сямі могільніках, прынялі хрысціянства перад смерцю. Усяго былі знойдзеныя астанкі чатырох дарослых людзей і чатырох дзяцей. Шэсць магіл былі адзінкавыя, а ў сёмай былі пахаваныя двое немаўлят, якія, відаць па ўсім, былі заўчасна народжанымі блізнятамі.

Астанкі размяшчаліся на спіне ў становішчы ўсход-захад, што супярэчыць традыцыйным спосабам пахавання ў вікінгаў, якія крэміравалі нябожчыкаў. Па словах спецыялістаў, арыентацыя целаў памерлых з усходу на захад паказвае на тое, што людзі перад смерцю прынялі хрысціянства.


У ЗША прапанавалі спосаб вярнуць колер сівым валасам

Амерыканскія спецыялісты з Медыцынскага цэнтра Ірвінга пры Калумбійскім універсітэце распавялі, як можна тое зрабіць. Пра гэта гаворыцца ў часопісе eLіfe.

У ходзе даследавання навукоўцы вывучылі стан валасоў 14 чалавек. Удзельнікі эксперыменту павінны былі апісваць у дзённіку стрэсавыя сітуацыі, якія кожны дзень адбываліся з імі.

Сярод узораў даследчыкі вылучылі адзін, у якім раней была заўважана сівізна, але бліжэй да каранёў колер пачаў вяртацца. Спецыялісты супаставілі даты і час з пігментамі, якія аднавіліся, і ўстанавілі, што пазбавіцца ад сівізны дапамог паніжаны ўзровень стрэсу падчас знаходжання ў адпачынку. Навукоўцы заключылі, што для таго каб пазбавіцца ад сівізны, варта знізіць узровень стрэсу ў жыцці.

Раней урач-псіхіятр Ігар Лазараў растлумачыў, чаму пры высокім узроўні стрэсу пачынаюць сівець валасы. Ён паясніў, што гэта адбываецца з-за вялікай колькасці гармону норадрэналіну, які выпрацоўваецца падчас стрэсавых сітуацый.


Устаноўлена здольнасць сабак распазнаваць хлусню

Супрацоўнікі з Венскага ўніверсітэта выявілі, што сабакі ў залежнасці ад абставін здольныя вызначаць хлусню чалавека. Вынікі даследавання былі апублікаваныя ў адным з асноўных друкаваных выданняў Лонданскага каралеўскага таварыства — Proceedіngs of the Royal Socіety B.

У ходзе даследавання спецыялісты правялі тры эксперыменты, удзел у якіх узялі 260 сабак розных парод. Перад імі ставілі па дзве непразрыстыя міскі, у адной з якіх быў ласунак, а другая заставалася пустой. Пасля падыходзіў адзін з добраахвотнікаў, якога сабакі раней ніколі не бачылі, і пачынаў падказваць ім, у якой місцы знаходзіцца ежа. Жывёліны выбіралі паказаную ёмістасць, атрымлівалі ўзнагароду і пачыналі яму давяраць.

Затым у прысутнасці паддоследных незнаёмы чалавек пераносіў ежу з адной міскі ў іншую, а чалавек з першай часткі эксперыменту назіраў за тым, што адбываецца. Потым працэдура паўтаралася без яго прысутнасці.

Пасля таго навукоўцы паўтарылі першую частку эксперыменту і высветлілі, што жывёліны ігнаруюць параду чалавека, калі яго не было побач падчас перакладання ежы.

Даследчыкі таксама адзначылі, што каля паловы сабак не паслухаліся парады чалавека, калі той бачыў, як перамяшчаюць ласунак, але спрабаваў пераканаць іх, што ён ляжыць у іншай місцы. На думку навукоўцаў, гэта сведчыць аб тым, што сабакі здольныя адрозніваць чалавечую хлусню.

Сяргей СТАРЫНАЎ

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.