Вы тут

Якую ролю «Белгідрамет» адыгрывае ў Сусветнай метэаралагічнай арганізацыі


Аб'яднаць і ўмацаваць

Сусветная метэаралагічная арганізацыя (СМА) — установа Арганізацыі Аб'яднаных Нацый, якая забяспечвае каардынацыю дзейнасці ў галіне метэаралогіі, гідралогіі і сумежных галінах ва ўсім свеце, садзейнічае эфектыўнаму абмену гідраметэаралагічнай і іншай адпаведнай інфармацыяй паміж краінамі на карысць людзей. Яна існуе для таго, каб умацоўваць сусветнае супрацоўніцтва ў стварэнні сеткі станцый, якія праводзяць метэаралагічныя, гідралагічныя і іншыя геафізічныя назіранні. 


А таксама спрыяе стварэнню і падтрымцы цэнтраў, што забяспечваюць гідраметэаралагічны і іншыя віды абслугоўвання.

У аснове такога падыходу — разуменне таго, што пагодныя сістэмы выходзяць за межы нацыянальных граніц і пастаянна ўзаемадзейнічаюць адна з адной.

СМА ўзначаліла намаганні сусветнай супольнасці па папярэджанні чалавецтва аб магчымых наступствах павелічэння ўзроўняў канцэнтрацыі парніковых газаў, уключаючы глабальнае пацяпленне, змену клімату і павышэнне ўзроўню мора. Арганізацыя выступіла сузаснавальніцай Міжурадавай групы экспертаў па змене клімату і адыграла вызначальную ролю ў прыняцці Рамачнай канвенцыі ААН аб змене клімату, а таксама стала ініцыятарам распрацоўкі Глабальнай рамачнай асновы для кліматычнага абслугоўвання.

Функцыянаванне нацыянальнай гідраметэаралагічнай службы (НГМС) у любой краіне заснаванае на назіраннях і зборы даных і іх апрацоўцы; тэлекамунікацыях, падрыхтоўцы гідраметэаралагічных і кліматычных прагнозаў, папярэджанняў аб небяспечных і неспрыяльных умовах надвор'я, а таксама распаўсюджванні інфармацыі сярод карыстальнікаў праз СМІ і іншыя каналы. Гэта дасягаецца з дапамогай спалучэння мноства сетак, цэнтраў і канцэнтратараў у нацыянальным, рэгіянальным і глабальным маштабах для фарміравання цесна ўзаемазвязанага свету глабальнай гідраметэаралогіі. Сістэма Сусветнай службы надвор'я СМА складаецца з трох кампанентаў:

  • назіранне;
  • тэлекамунікацыя і апрацоўка даных;
  • прагназаванне.

З Васілевіч — у глабальную прастору

Дзяржаўная гідраметэаралагічная служба Беларусі, якая прадстаўлена Рэспубліканскім цэнтрам па гідраметэаралогіі, кантролі радыеактыўнага забруджвання і маніторынгу навакольнага асяроддзя (Белгідраметам), мае шмат напрамкаў для супрацоўніцтва з СМА. Гэта правядзенне гідраметэаралагічных назіранняў у адпаведнасці з міжнародна ўзгодненымі стандартамі, аператыўны абмен інфармацыяй, маніторынг клімату Беларусі, павышэнне эфектыўнасці практычнага прымянення гідраметэаралагічнай інфармацыі, гідралагічны маніторынг, ацэнка колькасці і якасці водных рэсурсаў і іншае.

Дзеючая дзяржаўная сетка прыземных метэаралагічных назіранняў нашай краіны складаецца з пунктаў назіранняў, якія з дастатковай дакладнасцю забяспечваюць вымярэнні метэаралагічных параметраў і характарыстык ва ўстаноўленыя тэрміны назіранняў Сусветнага каардынаванага часу. Восем разоў на суткі даныя назіранняў паступаюць у міжнародны абмен.

Гідраметэаралагічная інфармацыя перадаецца ў сусветныя цэнтры даных СМА: Усерасійскі навукова-даследчы інстытут гідраметэаралагічнай інфармацыі — Сусветны цэнтр даных (г. Обнінск, Расія), Міжнародны цэнтр даных па гідралогіі азёр і вадасховішчаў пры Дзяржаўным гідралагічным інстытуце (г. Санкт-Пецярбург, Расія). Даныя гідралагічных назіранняў выкарыстоўваюцца інфармацыйна-аналітычным цэнтрам маніторынгу паверхневых вод для падрыхтоўкі аналітычнай інфармацыі, штомесячнага прагназавання якасці вады вадацёкаў, для разліку масапераносу забруджвальных рэчываў на трансгранічных участках водных аб'ектаў.

Аграметэаралагічная станцыя «Васілевічы».

Ёсць у нашай краіне і пункты назіранняў, якія ўваходзяць у склад Глабальнай сістэмы назіранняў за кліматам СМА. Да 2020 года аграметэаралагічная станцыя Васілевічы была адзіным такім аб'ектам. Але ў пачатку 2021 года ў сістэму была ўключана яшчэ адна беларуская метэаралагічная станцыя — Верхнядзвінск.

Белгідраметам штомесяц фарміруецца абагульненая метэаралагічная інфармацыя і перадаецца ў СМА ў выглядзе зводак «КЛІМАТ-СІНОП» для міжнароднага абмену. Таксама рыхтуецца матэрыял па кліматычных асаблівасцях мінулага года для публікацыі ў Штогадовым бюлетэні па клімаце і Заяве СМА аб стане глабальнага клімату.

Інтарэсы карыстальнікаў — на першым месцы

Найскладанейшая глабальная сістэма назіранняў — адзін з найбольш маштабных і паспяховых прыкладаў міжнароднага супрацоўніцтва за апошнія 100 гадоў. Яна складаецца з шэрагу індывідуальных сістэм назіранняў, якія належаць і эксплуатуюцца мноствам НГМС. Праз Глабальную сістэму тэлекамунікацый Сусветная служба надвор'я збірае і распаўсюджвае інфармацыю, якая мае важнае значэнне для яе працэсаў. Гэтая сістэма ўкаранёная і эксплуатуецца нацыянальнымі гідраметэаралагічнымі службамі ў краінах — членах СМА і міжурадавых арганізацыях, напрыклад Еўрапейскім цэнтры сярэднетэрміновых прагнозаў надвор'я і Еўрапейскай арганізацыі па эксплуатацыі метэаралагічных спадарожнікаў EUMETSAT.

Пры гэтым галоўнае абавязацельства нацыянальных гідраметэаралагічных службаў — даваць гідраметэаралагічную, кліматычную і іншую інфармацыю ў інтарэсах грамадства і ставіць інтарэсы карыстальнікаў на першае месца. Ім патрэбныя паслугі гідраметэаролагаў не толькі ў штодзённым жыцці, але і пры прыняцці рашэнняў у выпадку прагназавання небяспечных прыродных з'яў. Імкнучыся да правядзення абслугоўвання, якое лепш за ўсё адказвае патрэбам людзей, НМГС Беларусі на належным узроўні забяспечвае выкананне сваіх абавязацельстваў. Правядзенне якаснага абслугоўвання ляжыць у аснове місіі і штодзённай работы Сусветнай метеэаралагічнай арганізацыі.

Ганна МАЦЭВІЛА, начальнік службы міжнароднага супрацоўніцтва і сувязяў з грамадскасцю «Белгідрамета».

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».