Вы тут

Што зрабіць, каб запаведныя тэрыторыі сталі цікавымі для наведвальнікаў


Каштоўныя тэрыторыі

Мерапрыемства прайшло пры падтрымцы праекта міжнароднай тэхнічнай дапамогі «Развіццё экалагічнага турызму для садзейнічання зялёнаму пераходу да інклюзіўнага і ўстойлівага росту». Канферэнцыя сабрала ў гібрыдным фармаце больш за 170 экспертаў у сферы экатурызму з 11 краін, уключаючы Беларусь, Арменію, Азербайджан, Эстонію, Германію, Казахстан, Малдову, Расію, Славакію, Таджыкістан і Узбекістан. У ліку ўдзельнікаў былі эколагі, прадстаўнікі прыродных заказнікаў, нацыянальных паркаў, НДА, ВНУ і аграэкасядзіб.


У краіне распрацавана 45 экалагічных сцежак  і 176 турыстычных  зялёных маршрутаў, 116 турыстычных стаянак.

Падчас адкрыцця мерапрыемства міністр прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Андрэй ХУДЫК адзначыў, што прырода — адно з галоўных багаццяў Беларусі і сярод усіх экасістэм найвялікшую каштоўнасць маюць асабліва ахаваныя прыродныя тэрыторыі (ААПТ). Менавіта гэтыя ўнікальныя прыродныя аб’екты найбольш цікавыя для развіцця экалагічнага турызму.

— Гэты перспектыўны кірунак закладзены ў Нацыянальную стратэгію развіцця сістэмы ААПТ да 1 студзеня 2030 года, зацверджаную Урадам Рэспублікі Беларусь, — адзначыў міністр.

Па яго словах, экалагічны турызм — гэта інструмент для павышэння ўзроўню ведаў аб важнасці прыроднай спадчыны, ён тым самым садзейнічае захаванню натуральных экасістэм, а таксама ў яго ёсць значны патэнцыял для ўстойлівага развіцця рэгіёнаў, паляпшэння дабрабыту мясцовага насельніцтва. Гэта адзін з кірункаў зялёнай эканомікі, які робіць значны ўнёсак у дасягненне Мэт устойлівага развіцця.

Андрэй Худык расказаў, што на тэрыторыях ААПТ узрастае папулярнасць правядзення экалагічных фестываляў, а Бярэзінскі біясферны запаведнік і нацыянальныя паркі сталі турыстычнымі брэндамі. Цяпер справа за рэспубліканскімі і мясцовымі заказнікамі, якія могуць павялічваць разнастайнасць і якасць экатурыстычных паслуг, фарміраваць зялёныя маршруты, уладкоўваць экалагічныя сцежкі, ствараць паўнавартасны экатурыстычны прадукт.

Як прыцягнуць турыста?

Падчас канферэнцыі сваім вопытам і найлепшымі практыкамі ў сферы развіцця экалагічнага турызму на асабліва ахаваных тэрыторыях падзяліліся прадстаўнікі розных краін.

Так, дырэктар Нацыянальнага парку «Себежскі» Надзея Падаплёкіна расказала пра тое, як прыцягваюцца турысты на гэту запаведную тэрыторыю. У 2020 годзе была распрацавана новая канцэпцыя экалагічнай асветы і турызму з кластарным падыходам. У яе аснове — знаёмства гасцей з нацпаркам праз дзевяць ключавыя прафесіі: арнітолага, паляўніцтвазнаўца, іхтыёлага, пчаляра і іншыя. Для гэтага ствараюцца тэматычныя музеі, эколага-асветніцкія зоны, экасцежкі.

Святлана Бялова, дырэктар Асацыяцыі для аховы прыроды «Махаон Інтэрнэшэнэл» (Славакія) падзялілася вопытам стварэння праграмы партнёраў у Нацыянальным парку «Гесойзэ» ў Аўстрыі, мэта якой — устойлівае развіццё рэгіёна, падтрымка дробных вытворцаў і прадпрымальнікаў. Быў створаны новы брэнд нацпарку, які выкарыстоўваюць усе арганізацыі-партнёры. А замест аднаго інфармацыйнага цэнтра на тэрыторыі вакол нацпарку існуе 100 невялікіх, дзе звычайныя людзі расказваюць гасцям пра гэтыя мясціны. За апошнія пяць гадоў колькасць знаходжанняў у нацпаку з начлегам павялічылася на 23 %.

Пра тое, як развіваецца турызм у Бярэзінскім біясферным запаведніку, расказала намеснік дырэктара па турызме гэтай установы Алена Альшэўская. У апошнія гады тут быў створаны Цэнтр міфалагічнага турызму, які ўключае Музей славянскай міфалогіі, сцежку «У свеце міфаў», праводзіцца фестываль «Шлях Цмока». Экалагічныя веды перадаюцца праз прызму беларускай міфалогіі, якая вучыць чалавека дружнаму суіснаванню з прыродай.

На тэматычных секцыях эксперты ацэньвалі, наколькі экалагічны турызм з’яўляецца важным элементам кіравання ААПТ, а таксама ці дапамагае ён устойліва развіваць рэгіёны, абмяркоўвалі асноўныя праблемы, якія сёння датычацца развіцця экалагічнага турызму.

Час змяняцца

Актыўны ўнёсак у арганізацыю канферэнцыі зрабіў праект «Развіццё экалагічнага турызму для садзейнічання зялёнаму пераходу да інклюзіўнага і ўстойлівага росту», які рэалізуецца ПРААН сумесна з Мінпрыроды пры фінансавай падтрымцы Расійскай Федэрацыі.

Пандэмія COVІD-19 моцна паўплывала на турыстычную галіну ў свеце, у тым ліку і ў Беларусі. Знізіліся знешнія турыстычныя патокі, упалі аб’ёмы выручкі ўнутранага турызму. Пры гэтым пандэмія паказала — тыя прыродныя тэрыторыі, дзе даволі развітая інфраструктура, больш выйграюць у такой сітуацыі. Таму іншым заказнікам важна шукаць і ўкараняць новыя бізнес-мадэлі ў сферы турызму, уключаючы стварэнне рэгіянальных турыстычных кластараў. Такое аб’яднанне дапамагае гульцам турыстычнага бізнесу спраўляцца з наступствамі COVІD-19 і развівацца далей. У рамках адпаведнага праекта будуць створаны тры такія кластары.

Лічбавая трансфармацыя

Ва ўмовах ковідных абмежаванняў стаў асабліва запатрабаваным віртуальны турызм. Ён дапамагае знаходзіць альтэрнатыўныя спосабы падарожнічаць па свеце і новыя кірункі развіцця галіны.

Падчас рэалізацыі праекта будуць распрацаваны віртуальныя туры, электронныя даведнікі з лічбавымі GPS-навігатарамі і іншыя рашэнні, якія зробяць падарожжы інтэрактыўнымі і дазволяць адпраўляцца ў віртуальныя прагулкі па заказніках з розных пунктаў свету.

Павялічыць інклюзіўнасць

Паводле даных СААЗ, сёння калі 15 % жыхароў планеты — людзі з інваліднасцю, і гэтая лічба пастаянна расце. Падарожнікі з інваліднасцю становяцца ўсё больш масавай турыстычнай аўдыторыяй.

У рамках праекта будзе палепшана інфраструктура заказнікаў, каб зрабіць яе больш даступнай для такіх турыстаў. Пройдзе таксама шэраг трэнінгаў для прадстаўнікоў прыродаахоўных устаноў, мясцовых жыхароў, прадпрымальнікаў, рамеснікаў і іншых, па сацыяльнай адказнасці і стварэнні роўных магчымасцяў для наведвання ААПТ людзьмі з інваліднасцю.

Бізнес для жанчын

Праект таксама зробіць унёсак у забеспячэнне гендарнай роўнасці і пашырэнне правоў і магчымасцяў жанчын. Паводле даных Сусветнай турысцкай арганізацыі, сёння ў свеце жанчыны складаюць большую частку занятых у сферы турызму — 54 %. У жанчын у рэгіёнах Беларусі з’явіцца магчымасць прайсці навучанне і стаць сертыфікаваным гідам-экскурсаводам, а ў гаспадынь аграсядзіб — навучыцца весці адказны бізнес у сферы турызму.

Настасся АЛЯКСЕЕВА

Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».