Вы тут

У барацьбе са зменай клімату галоўнае — падтрымка


Адной з галоўных міжнародных падзей у сферы экалогіі ў канцы года стала 26-я канферэнцыя Бакоў Рамачнай канвенцыі ААН аб змене клімату (COP26) у горадзе Глазга (Шатландыя). Якія вынікі былі дасягнуты на гэтым форуме для нашай краіны?


Вынікам Канферэнцыі стала пагадненне, мэта якога — максімальнае скарачэнне выкідаў парніковых газаў да 2030 года. Яно прадугледжвае паступовае скарачэнне выкарыстання вугалю як самага разбуральнага для экалогіі віду выкапнёвага паліва, павелічэнне фінансавай дапамогі найменш развітым краінам і тым, якія развіваюцца, для барацьбы са зменай клімату, аналіз работы і атрыманых вынікаў на больш рэгулярнай аснове.

Па словах начальніка ўпраўлення рэгулявання ўздзеянняў на атмасфернае паветра, змену клімату і экспертызы Мінпрыроды Наталлі ІНЧЫНАЙ, якая прадстаўляла дэлегацыю Рэспублікі Беларусь, у цэлым правядзенне 26-й канферэнцыі Бакоў у фізічным фармаце зрушыла перагаворны працэс па рэалізацыі Парыжскага пагаднення з мёртвага пункта.

Якія ж асноўныя вынікі прынесла Канферэнцыя для Рэспублікі Беларусь?

Удзельнікі 26-й канферэнцыі Бакоў даведаліся аб рабоце, якая праводзіцца ў нашай краіне па выкананні нацыянальных абавязацельстваў у рамках Парыжскага пагаднення і новага ўкладу ў скарачэнне выкідаў парніковых газаў, які вызначаецца на нацыянальным узроўні. Да 2030 года ў Беларусі плануецца скараціць выкіды парніковых газаў на 35 %
да ўзроўню 1990 года за кошт фінансавых рэсурсаў краіны.

Дэлегацыя Беларусі змагла дабіцца пашырэння мандата рашэння «Пяты агляд ажыццяўлення рамак для ўмацавання патэнцыялу ў краінах з пераходнай эканомікай» у параўнанні з рашэннем 2017 года. У адпаведнасці з ім, групе краін з пераходнай эканомікай, да якіх адносіцца і Беларусь, будзе давацца падтрымка не толькі для падрыхтоўкі нацыянальных паведамленняў і двухгадовых дакладаў па Рамачнай канвенцыі ААН аб змене клімату і Кіёцкім пратаколе, але і для рэгулярнага абнаўлення і ажыццяўлення сваіх паказчыкаў скарачэння выкідаў, стратэгій па адаптацыі, распрацоўкі і рэалізацыі нацыянальных доўгатэрміновых стратэгій з нізкім узроўнем выкідаў у адпаведнасці з нацыянальнымі прыярытэтамі, што прадугледжана Парыжскім пагадненнем.

У рашэнні па Парыжскім пагадненні «Кіруючыя ўказанні для падрыхтоўкі Глабальнаму экалагічнаму фонду» і «Даклад Глабальнага экалагічнага фонду і кіруючыя ўказанні Глабальнаму экалагічнаму фонду» па ініцыятыве беларускага боку быў унесены тэкст аб неабходнасці аказання садзейнічання краінам, якія на дадзены момант з'яўляюцца атрымальнікамі падтрымкі ГЭФ па падрыхтоўцы двухгадовых справаздач па транспарэнтнасці, а таксама стварэння патэнцыялу справаздачнасці ў рамках Парыжскага пагаднення.

У працэсе фарміравання фінансавых і нефінансавых механізмаў Артыкула 6 Парыжскага пагаднення, які будзе працягвацца ў 2022—2023 гадах, Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя сумесна з зацікаўленымі будзе браць актыўны ўдзел для забеспячэння нацыянальных інтарэсаў пры стварэнні сістэмы гандлю выкідамі парніковых газаў і сумесных праектаў па зніжэнні іх узроўню ў рамках Парыжскага пагаднення.

У дні кліматычнага форуму таксама адбыліся двухбаковыя сустрэчы з кіраўніцтвам і экспертамі Глабальнага экалагічнага фонду, Ініцыятывы па забеспячэнні транспарэнтнасці дзеянняў у сферы змены клімату (ІCAT), Фонду кліматычных работ, прадстаўнікамі дэлегацый Расіі, Украіны, Швейцарыі, Ізраіля, Еўрапейскага саюза, у ходзе якіх абмяркоўваліся падыходы да рэалізацыі палажэнняў Парыжскага пагаднення, перспектывы супрацоўніцтва ў дадзенай сферы і прыцягненне дадатковага фінансавання для дасягнення Рэспублікай Беларусь укладу ў скарачэнне выкідаў парніковых газаў да 2030 года, што вызначаецца на нацыянальным узроўні.

Па выніках сустрэч рыхтуюцца праектныя прапановы ў сферы змены клімату для накіравання патэнцыяльным донарам і партнёрам.

Вераніка КОЛАСАВА

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.