Вы тут

Ігар Петрышэнка: У добры шлях, «Нашы дзеці»!


Марафон добрых спраў запушчаны сёння — па ўсёй краіне стартавала рэспубліканская дабрачынная акцыя «Нашы дзеці». Мяркуецца, што сёлета ў святочных навагодніх і калядных мерапрыемствах з нязменнымі падарункамі і сюрпрызамі возьме ўдзел каля 200 тысяч маленькіх беларусаў. Усяго ж мерапрыемствамі акцыі будзе ахоплена каля мільёна дзяцей. Учора ўрачыстае адкрыццё акцыі адбылося ў Нацыянальным цэнтры мастацкай творчасці дзяцей і моладзі — старт дабрачыннай кампаніі даў віцэ-прэм'ер урада Ігар Петрышэнка. Нагадаем, што асаблівасцю сёлета стане тое, што свой унёсак у скарбонку добрых спраў можа зрабіць кожны, пералічыўшы любую суму на дабрачынны рахунак Беларускага дзіцячага фонду. Сродкі пойдуць на дапамогу дзецям, якія маюць патрэбу ў дзяржаўнай падтрымцы.


Без перабольшання можна сказаць, што свята абнаўлення сёлета прыйшло найперш у капітальна адрамантаваны будынак Нацыянальнага цэнтра мастацкай творчасці дзяцей і моладзі на сталічнай вуліцы Фабрыцыуса. Вялікая колькасць жоўтых аўтобусаў з пазнакай «Дзеці» размясцілася на прылеглай вуліцы — маленькія ўдзельнікі ўрачыстасці прыехалі ў Мінск з усіх рэгіёнаў. Святочная мітусня ва ўпрыгожаных ёлкамі холах, навагоднія песні і роставыя лялькі адразу ствараюць асаблівую атмасферу, якая нават даросламу нагадвае пра тое, што хутка надыдзе асаблівая, чароўная пара, калі ўсе мы крыху становімся дзецьмі, загадваем самыя запаветныя жаданні і верым у цуд.

Сімвалічную кнопку, якая дала старт рэспубліканскай акцыі «Нашы дзеці», Ігар Петрышэнка разам са старшынёй праўлення Беларускага дзіцячага фонду Людмілай Кандрашовай і юнымі памочнікамі націснулі роўна ў 12 гадзін. Ва ўрачыстасці ўзялі ўдзел старшыня Цэнтрвыбаркама Ігар Карпенка, прадстаўнікі абласных і Мінскага гарадскога выканаўчых камітэтаў, рэспубліканскіх дзіцячых грамадскіх аб'яднанняў, педагогі і, вядома ж, дзеці з розных куткоў Беларусі. Такія ж мерапрыемствы ў гэты час распачаліся ва ўсіх абласных цэнтрах.

— Я рады вітаць усіх удзельнікаў у адрамантаваным будынку. Праўда, Дзед Мароз і Снягурка пакуль не стварылі чарадзейства — пах свежай фарбы яшчэ захоўваецца, — пажартаваў Ігар Петрышэнка. — Аднак, мяркую, яны зробяць сёння ўсё, каб у вас, рабяты, засталіся самыя станоўчыя эмоцыі ад старту нашай добрай акцыі «Нашы дзеці», якая праводзіцца па ініцыятыве Прэзідэнта нашай краіны ўжо больш за 25 гадоў. Гэтая акцыя ажыццяўляе цуд для кожнага дзіцяці. Дзякуй вам за вашу вучобу, добрыя адносіны да вашых равеснікаў, вашу творчасць, заняткі спортам. І няхай у жыцці вам спадарожнічаюць ўдача, моцнае здароўе і рэалізацыя ўсіх вашых задум. Усё, што робіцца ў нашай краіне, робіцца дзеля вас — і спартыўныя, і культурныя аб'екты, і высокі ўзровень адукацыі. Таму тварыце, удасканальвайцеся, а бацькі, педагогі і выхавальнікі заўсёды будуць надзейнай апорай на вашым жыццёвым шляху. З надыходзячым святам і ў добры шлях, акцыя «Нашы дзеці»!

У размове з журналістамі намеснік прэм'ер-міністра краіны адзначыў: вельмі важна, што з кожным годам да ўдзелу ў дабрачыннай акцыі далучаецца ўсё больш арганізацый і ўстанов.

— Гэта неабходна для таго, каб здзейсніць запаветную мару дзяцей, каб іх жаданні збываліся, каб яны задумваліся, кім стаць. Мы ствараем усе неабходныя ўмовы, каб дзеці атрымалі дастойную адукацыю. Наша задача, каб цеплыню і дабрыню, якую дораць дарослыя, дзеці перадавалі сваім аднагодкам, у цяжкую хвіліну маглі добрым словам, добрай справай, учынкам падтрымаць сваіх равеснікаў. Для нас гэта вельмі важна. На працягу месяца неабходна арганізавана правесці тэматычныя мерапрыемствы па ўсёй краіне, каб кожнае дзіця, дзе б яно ні пражывала — у буйным горадзе, сталіцы, абласным цэнтры або маленькай вёсачцы, — атрымала навагодні падарунак і яго жаданне спраўдзілася.

Як паведаміў Ігар Петрышэнка, ужо рыхтуецца ўрачысты навагодні баль «Чароўная казка» для дзяцей у Палацы Рэспублікі з удзелам кіраўніка дзяржавы. Ён запланаваны на 27 снежня, больш за 2,5 тысячы дзяцей з усёй краіны збярэцца на гэтае свята. Урачыстае мерапрыемства ў Палацы Незалежнасці пройдзе 24 снежня, дзе збяруцца стыпендыяты фонду Прэзідэнта, пераможцы рэспубліканскіх і міжнародных алімпіяд, грамадскія актывісты, пераможцы спартыўных спаборніцтваў. Такія ж балі з удзелам губернатараў пройдуць і ў абласных цэнтрах для дзяцей, якія дасягнулі поспехаў у вучобе, творчасці, спорце і грамадскай рабоце.

Па традыцыі ў акцыі «Нашы дзеці» возьмуць удзел і кіраўнікі міністэрстваў, ведамстваў, грамадскіх арганізацый, прадпрыемстваў, банкаў і іншых арганізацый, яны наведаюць дзіцячыя інтэрнаты і дамы сямейнага тыпу, апякунскія і прыёмныя сем'і, сем'і, якія выхоўваюць дзяцей-інвалідаў, цэнтры карэкцыйна-развіццёвага навучання і рэабілітацыі, бальніцы. Прадстаўнікі ўстаноў краіны павіншуюць дзяцей з Новым годам, Калядамі і ўручаюць падарункі, акажуць дапамогу ў вырашэнні праблем.

Без увагі не застанецца літаральна ні адно малое. Акажуць дапамогу і дзецям бежанцаў на беларуска-польскай граніцы.

— Мы спадзяёмся, што да Новага года колькасць дзяцей у гэтым цэнтры будзе меншая, бо разлічваем, што ў хуткім часе праблему ўдасца вырашыць. Калі ж па волі абставін там застануцца дзеці і дарослыя, то малыя не будуць абдзеленыя ні ўвагай, ні падарункамі. Яны паўдзельнічаюць у акцыі «Нашы дзеці». У нашай краіне ўсе дзеці роўныя, яны ўсе чакаюць цуду і ніхто не застанецца без падарункаў, — падкрэсліў Ігар Петрышэнка.

Алена КРАВЕЦ

Фота: БелТА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».