Вы тут

Аляксандр Лукашэнка у Віцебску прадставіў новага губернатара


У Віцебскай вобласці кіраўнік краіны прадставіў актыву рэгіёна новага старшыню абласнога аблвыканкаму Аляксандра Субоціна.


Яшчэ на мінулым тыдні віцэ-прэм’ер Аляксандр Субоцін збіраўся ў сераду на эканамічны форум ва Уфу. Дэлегацыя Башкартастана на мінулым тыдні вывучала вопыт беларускага машынабудавання ў Мінску, а на гэтым — намеснік прэм’ера з калегамі збіраўся пазнаёміцца з практыкай уфімцаў па разгортванні мабільных шпіталяў і дзейнасцю ў нафтаперапрацоўцы. Прынамсі пра гэта Аляксандр Субоцін, расказваў журналістам у панядзелак у Палацы Незалежнасці пасля свайго прызначэння губернатарам Віцебскай вобласці. Новая пасада — новыя турботы. І вось у аўторак ён ужо ў Віцебску на адкрыцці першага ў Беларусі ганаровага консульства Расіі, а ў сераду ў абласным выканкаме спачатку на сесіі Віцебскага абласнога Савета дэпутатаў, а пасля на сустрэчы Прэзідэнта Беларусі з актывам рэгіёна.


Аляксандра Субоціна зацвердзілі на пасаду губернатара Віцебшчыны

Як і ў Магілёве, пасля прызначэння Прэзідэнтам, новага кіраўніка зацвердзіць павінны і члены абласнога Савета дэпутатаў на пазачарговай сесіі. Да рэгіянальнай дэпутацкай супольнасці далучыліся кіраўнікі падраздзяленняў аблвыканкама, старшыні гарадскіх, раённых Саветаў дэпутатаў і райвыканкамаў, кіраўнікі прадпрыемстваў АПК, будаўнічай галіны, прамысловасці, парламентарыі, рэктары.

Прадставіў Аляксандра Субоціна актыву Віцебскай вобласці кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта Ігар Сергеенка. Аляксандр Міхайлавіч вяртаецца на кіруючую пасаду ў родны рэгіён, дзе пачынаўся яго працоўны і навуковы шлях з Віцебскай акадэміі ветэрынарнай медыцыны. Займаў ён пасля пасаду і ў Адміністрацыі Прэзідэнта, намесніка міністра сельскай гаспадаркі, памочніка Прэзідэнта па Віцебскай, Магілёўскай абласцях, адстойваў інтарэсы Беларусі ў якасці члена калегіі ЕЭК. З 2020 года на пасадзе намесніка прэм’ер-міністра Аляксандр Субоцін курыраваў пытанні АПК.

Як адзначыў, кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта кандыдат на губернатарскую пасаду — вопытны, высокакваліфікаваны кіраўнік, спецыяліст у сельскай гаспадарцы, аўтарытэтны прафесіянал, які мае міжнародныя кантакты ў галіне сельскай гаспадаркі.

«Яго стыль кіраўніцтва вызначаецца адсутнасцю валакіты і фармалізму. Нельга казаць, што сышоўшы з Віцебскай вобласці, Аляксандр Міхайлавіч адышоў ад праблем рэгіёна. Ён непасрэдна прымаў удзел у распрацоўцы праграм па развіцці сяла Віцебшчыны і краіны, каардынаваў распрацоўку праграм сацыяльна-эканамічнага развіцця Аршанскага рэгіёна», — адзначыў Ігар Сергеенка.

Па яго словах, Аляксандр Міхайлавіч справіцца з ускладзенымі на яго абавязкамі.

Пасля кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта за Аляксандра Субоціна паручыўся былы калега — Мікалай Гаўрычэнка, рэктар Віцебскай дзяржаўнай акадэміі ветэрынарнай медыцыны. Іна Галубкова, дэпутат абласнога Савета дэпутатаў адзначыла, што былы віцэ-прэм’ер добра ведае праблемы глыбінкі, займаючыся пытаннямі сельскай гаспадаркі, надае ўвагу і пытанням сацыяльнай сферы. Алег Жынгель, член Савета Рэспублікі падкрэсліў, што Аляксандр Субоцін ужо шмат зрабіў для развіцця рэальнага сектара эканомікі Віцебшчыны, вырашэння праблем вёскі — папоўнілася матэрыяльна-тэхнічная база АПК, адрамантаваны многія жывёлаводчыя аб’екты, рэалізуюцца маштабныя інвестыцыйныя праекты.

Пасля зацвярджэння новы старшыня Віцебскага абласнога выканкама адзначыў, што многія віцябчане яго ўжо ведаюць па працяглай рабоце ў рэгіёне.

«Я пастараюся вас усіх не падвесці, і пальму першынства, што перадаў Мікалай Мікалевіч (Шарснёў, былы губернатар. — „Зв.“) несці так жа высока», — паабяцаў Аляксандр Субоцін.

Пра сацыялку і бяспеку

Для сустрэчы з актывамі абласцей Аляксандр Лукашэнка абраў нетыповую форму размовы. Прэзідэнт незапланавана выклікаў да трыбуны спецыялістаў, якія кіруюць пэўныя сферы грамадскага жыцця. Пачалі гэтым днём з сацыялкі, асаблівую ўвагу надалі ахове здароўя і сітуацыі з ковідам у вобласці. За паўгадзіны абмеркавалі і аснашчэнне клінік, міжраённых цэнтраў, і сацабслугоўванне насельніцтва.

Дакласці па сітуацыі з захваральнасцю на ковід у вобласці папрасілі намесніка старшыні аблвыканкама Уладзіміра Пеніна.

«На сённяшні момант у нас эпідэмія ідзе на памяншэнне. Што датычыцца Віцебска, у нас чатыры бальніцы прымаюць хворых на ковід. Сёння ў нас хварэюць менш 1000 чалавек. Гэта 25 працэнтаў ад піка», — сказаў намеснік губернатара.

У барацьбе з эпідэміяй ковіда, па яго словах, дапамагалі і выкладчыкі, і студэнты абласнога медыцынскага ўніверсітэта. Як расказаў намеснік старшыні аблвыканкама, 43 % жыхароў рэгіёна ўжо прышчэплена першым кампанентам супрацьковіднай вакцыны, да канца года мяркуюць выйсці на лічбу ў 50 %.

«Трэба адзначыць, што ў апошні час павялічылася захваральнасць на грып. Асабліва гэта бачна па дзецях», — заўважыў Уладзімір Пенін.

Прэзідэнт цікавіцца, як складаецца сітуацыя з кадрамі ў сферы сацыяльнага абслугоўвання: «Мы заўсёды кажам, што ў нас праблема з кадрамі, заробкамі. У вас што, няма гэтых праблем?»

«Заробак усім хочацца большы. Таму гэта праблема ёсць. Але ў той жа час сказаць, што гэта адна з галоўных праблем, — я б так не сказаў», — заяўляе намеснік старшыні аблвыканкама.

Гаворачы аб сферы культуры, Аляксандр Лукашэнка пацікавіўся, якія заробкі ў работнікаў гэтай галіны. Як далажылі Прэзідэнту, самыя нізкія ў бібліятэках, школах мастацтваў. У адказ атрымалі заданне — заняцца гэтай праблемай, асабліва паглядзець на магчымасць перафарматавання работы бібліятэк.

«Трэба даць дакладныя арыенціры, як тут рабіць. Гэтым пытаннем трэба займацца сур’ёзна. Я разумею, што тут і ўрад павінен даць арыенцір. А можа, нават і прыняць нейкае рашэнне, выпрацаваць сістэму», — адзначыў кіраўнік дзяржавы.

Найбольшую занепакоенасць чыноўніка выклікае недахоп грошай для паляпшэння матэрыяльна-тэхнічнага аснашчэння медустаноў. Асабліва ў абласной бальніцы, яе Уладзімір Пенін назваў адной з самых горшых сярод рэгіёнаў. Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што для яго гэта было непрыемным адкрыццём.

«Лішніх грошай няма, але гэта галоўнае. Лячыць людзей трэба», — дадаў Прэзідэнт.

Начальнік галоўнага ўпраўлення па ахове здароўя Міхаіл Вішнявецкі працягнуў тэму ковіда. Прэзідэнт пацікавіўся амбулаторным лячэннем хворых, шпіталізацыяй ковід-пацыентаў, рэабілітацыяй вылечаных.

«Большасць вылечвалася дома. Але ковід застанецца з намі назаўсёды. Выратуй вас Бог, адразу бегчы ў бальніцу. Трэба лячыцца дома. »

Прэзідэнт настойвае: у лячэнні немалаважную ролю іграе рэгулярнае праветрыванне палат, наведванне вуліцы, шпацыры.

Сярод праблем медгаліны вобласці спецыяліст назваў замацаванне медыцынскіх кадраў на месцах. Прэзідэнт яшчэ раз нагадаў пра адміністрацыйныя метады — абавязковую адпрацоўку, выплату грошай, затрачаных дзяржавай на вучобу студэнтаў.

«Паглядзець, напэўна, трэба па адпрацоўцы. Урача рыхтуем, гэта нам нятанна абыходзіцца, а ён — развярнуўся і з’ехаў. Абавязкова адпрацоўка. У наш час проста трымаць, утрымаць, не пускаць — цяжка. Калі цябе дзяржава падрыхтавала, а ты вырашыў кудысьці пераехаць ці з’ехаць, адпрацуй ці заплаці і едзь. Тады падумаюць тысячу разоў», — падкрэсліў кіраўнік краіны.

Наступная тэма — барацьба са злачыннасцю, забеспячэнне заканадаўства сілавікамі. Расказаў па тэме пракурор вобласці Іван Украінец. Адзначыў ён стабілізацыю крымінагеннай абстаноўкі, зніжэнне злачыннасці. Разам з тым ёсць рост цяжкіх і асабліва цяжкіх злачынстваў, звязаных з незаконным абаротам наркатычных сродкаў.

У цэлым пракурор вобласці канстатаваў, што паміж праваахоўнымі службамі наладжана цеснае ўзаемадзеянне, праводзяцца прафілактычныя мерапрыемствы, вядзецца сур’ёзная работа па процідзеянні карупцыі.

«Я памятаю, адкуль я сам»

Прэзідэнт сказаў, што Віцебшчына заўсёды была і застаецца калыскай духоўнасці нашага народа. «Тысячагоддзе таму тут зараджаліся вытокі нашай дзяржаўнасці, — заўважыў Прэзідэнт. — А сёння Віцебск — фактычна культурная сталіца Беларусі. Я ўжо не кажу пра тую прыродную прыгажосць, якой славіцца наша Віцебшчына».

Але па словах кіраўніка краіна ёсць шмат «момантаў», якія насцярожваюць у рэгіёне, таму падставы «расслабляцца » няма і не толькі праваахоўным органам.

«Нельга расслабляцца. І не толькі праваахоўнікам, яны задзейнічаны на ўсю шпульку. Дзяржслужачыя павінны страпянуцца. І самае галоўнае — трэба працаваць з насельніцтвам!» — дадаў кіраўнік краіны.

Прэзідэнт папрасіў чыноўнікаў знаходзіць час асабіста прымаць людзей і займацца іх праблемамі. Ён расказаў, як раніцай, пакуль знаходзіўся ў сваёй роднай вёсцы, да яго дома прыйшлі дзве пенсіянеркі з-пад Оршы. Яны прасілі дапамагчы з вырашэннем зямельна-маёмасных пытанняў. Не адмаўляцца ад асабістых прыёмаў грамадзян і ўважліва ставіцца да насельніцтва з рэгіёнаў заклікае Аляксандр Лукашэнка і актыў Віцебскай вобласці.

«Гэтыя пенсіянеркі, бедныя, вымушаны хадзіць па краіне. Гэта недапушчальна. Я памятаю, адкуль я сам. Не забываеце і вы адкуль і куды вернемся», — заявіў кіраўнік краіны.

Ён папрасіў адказна ставіцца да яго загадаў, бо яны ўзгадняюцца і прымаюцца на нарадах с шырокім колам спецыялістаў.

«Ад гэтага актыву залежыць, якой у нас будзе краіна. Я не хачу, каб вы мяне баранілі. Вы выконвайце свае функцыі. Ажыццяўляйце паўнамоцтвы, нават калі разгорнута санкцыйная вайна. Я чакаю аддачы, як бы ні было цяжка», — сказаў Аляксандр Лукашэнка.
І заўважае, што ў санкцыйнай сітуацыі неабходна не толькі знайсці выйсце з праблемы, але і магчымасці рухацца наперад. 

«Гэта маё жорсткае патрабаванне. Вычляняйце балявыя пытанні на Віцебшчыне і рашайце. Не будзе рашаць да мяне і ва ўрад не хадзіце. Мы вас больш падтрымліваць не будзем. Такіх велізарных рэсурсаў, якія былі накіраваны ў Віцебскую вобласць ад вёскі да нафтапераапрацоўкі, не адпраўляў ні ў адну вобласць. Я чакаю ад вас аддачы, як бы цяжка не было», — кажа кіраўнік краіны.
Прэзідэнт заяўляе, што ціск на Беларусь ідзе з мэтай змяніць улады і дзяржаўны строй.

«Мы гатовы змяняцца да лепшага, але цывілізавана трэба гэта рабіць», — сцвярджае кіраўнік краіны.

Па словах Прэзідэнта, міма нас не праходзіла ніводная вайна ў мінулым, і ў надзвычайным выпадку так будзе і ў сучаснасці. "Таму мая задача — захаваць дзяржаву і народ ад вайны. Ад вас патрабую маналітнасці і яднання. Трэба дзейнічаць, не разлічваючы ні на кога",- мяркуе Аляксандр Лукашэнка.

«Рэгіёну патрэбна перазагрузка»

Значныя сродкі для мадэрнізацыі выдзелены нафтахімічнай прамысловасці, беспрэцэдэнтныя льготы і прэферэнцыі для Аршанскага раёна сталі прыкладам для краіны, асаблівыя ўмовы работы мае аграпрамысловы комплекс у рамках інтэграцыйных структур, створаная эканамічная зона «Брэміна-Орша» ў Балбасаве, пералічыў дасягненні Віцебшчыны кіраўнік краіны. І гэта толькі некаторыя прыклады.
Многія з дадзеных праектаў былі асабіста ініцыяваныя былым губернатарам Мікалаем Шарстнёвым. Як акцэнтуе Прэзідэнт, гэта характарызуе яго як чалавека неабыякавага, які хварэе за справу. А тое, што па некаторых з іх ёсць праблемы ў рэалізацыі, пытанне не толькі да кіраўніка вобласці, але і ўрада.

«Дзеля справядлівасці ёсць прыклады дасягнення прыстойных вынікаў асобнымі прамысловымі і сельскагаспадарчымі прадпрыемствамі. Ды і нельга не адзначыць добрым словам усё, што было зроблена ў сферы культурнага развіцця рэгіёна, удасканалення інфраструктуры. Як Віцебшчына ўпрыгожваецца і наколькі стала больш парадку на зямлі, добра бачна з верталёта», — сказаў Аляксандр Лукашэнка і падзякаваў за працу Мікалаю Шарстнёву. Ён адзначыў, што знойдзецца годнае ўжыванне кампетэнцыям былога губернатара на новай пасадзе. 

Разам з тым хваліцца вобласці, шчыра заўважыў Прэзідэнт, асабліва няма чым. За апошнія 7 гадоў валавы рэгіянальны прадукт скараціўся больш чым на 8 працэнтаў. У бягучым годзе рэгіён адзіны, дзе прадаўжае зніжацца ВРП, у асноўным за кошт будаўніцтва і сельскай гаспадаркі.

У апошнія гады пагаршаюцца многія паказчыкі развіцця вёскі. Зніжаны пасяўныя плошчы і аб’ёмы збору сельскагаспадарчых культур. Скарацілася пагалоўе буйной рагатай жывёлы, вытворчасць малака і яек. Прычыны — нізкая арганізацыя працы і выканаўчай дысцыпліны, незахаванне агратэхнічных тэрмінаў і рэгламентаў.

Асабліва насцярожвае Прэзідэнта, што не дае адчувальнага эканамічнага эфекту Указ № 70: праца аграпрамысловых аб’яднанняў застаецца стратнай, без дзяржаўнай падтрымкі — стратныя 72 % сельскагаспадарчых арганізацый вобласці.

«Відавочна, што рэгіёну патрэбна перазагрузка. Калі хочаце — сур’ёзнае ўзварушэнне. Таму мной прынятае рашэнне аб прызначэнні на Віцебшчыну маладога перспектыўнага кіраўніка, для якога ваш край з’яўляецца роднай зямлёй, Аляксандра Міхайлавіча Субоціна», — патлумачыў выбар кіраўнік краіны.

Як паведаміў Аляксандр Лукашэнка, новы губернатар непасрэдна прымаў удзел у распрацоўцы новых падыходаў да развіцця аграпрамысловага комплексу, стварэння аб’яднанняў. У пэўнай ступені з’яўляецца іх сааўтарам і разумее, як усё павінна быць рэалізавана на практыцы.

«Перш за ўсё неабходны вельмі строгая тэхналагічная і выканальніцкая дысцыпліна, эканомія ўсіх рэсурсаў. Новы губернатар, як чалавек навукі, мяркую, гэта цудоўна разумее», — адзначае Прэзідэнт.

Паводле яго слоў, востра мае патрэбу ў мадэрнізацыі матэрыяльна-тэхнічная база аграпрамысловага комплексу. Зменшылася колькасць сельгастэхнікі: трактароў — на 10 %, збожжаўборачных і кормаўборачных камбайнаў на 30 %.

Акрамя таго, Прэзідэнт папрасіў прыглядзецца да кадраў. Толькі за апошнія пяць гадоў тройчы змяняліся кіраўнікі ў Шумілінскім і Аршанскім райвыканкамах, двойчы — у Браслаўскім, Талачынскім, Дубровенскім і Бешанковіцкім.

«Аляксандр Міхайлавіч, Вам трэба будзе разабрацца ў прычынах такой сітуацыі, знайсці рашэнні і выбудаваць дакладную кадравую вертыкаль Віцебскай вобласці. Адсутнасць сістэмнасці ў рабоце з кадрамі ў рэгіёне недапушчальная», — дзеліцца вопытам Аляксандр Лукашэнка.

Асобнае пытанне на сустрэчы з актывам — стагнацыя прамысловага комплексу вобласці. Вынікі застаюцца залежнымі ад двух прадпрыемстваў — «Нафтана» і «Віцебскэнерга».

«Відавочна, што без новых пунктаў росту праблемы не вырашыць. У Віцебшчыны ёсць свае, унікальныя перавагі, якія недавыкарыстаны, а значыць, павінны, але не даюць патрэбнай фінансавай аддачы. Гэта багатыя водныя і лясныя рэсурсы, шырокія плошчы прыродаахоўных тэрыторый, значныя мінеральна-сыравінныя запасы — гліністай сыравіны, даламіту, торфу, сапрапеляў. Яны маюць патрэбу ў распрацоўцы і запыт на іх ёсць», — канстатуе Прэзідэнт.

На сустрэчы ён нагадаў: пастаўленая задача па рэалізацыі аднаго буйнога інвестыцыйнага праекту ў кожнай вобласці. «Я думаю, Аляксандр Міхайлавіч свой праект прыдумае і створыць. І, вядома, завяршыць ужо пачатыя праекты трэба, якія „прабуксоўваюць“ і адцягваюць на сябе народныя сродкі. Усе яны павінны запрацаваць на поўную магутнасць і даць людзям годны кавалак хлеба, а дзяржаве — прыбытак», — заявіў кіраўнік краіны.

Сярод такіх аршанскія мясакамбінат і льнокамбінат, Мёрскі металапракатны завод і многія іншыя. Прэзідэнт нагадаў, што пабывае ў Мёрах асабіста і дэталёва азнаёміцца з дзейнасцю новага завода.
На поўную магутнасць павінен запрацаваць і мультымадальны прамыслова-лагістычны комплекс у Балбасава, пра які так шмат гаварылася. 

Сітуацыя ў рэальным сектары абласной эканомікі адмоўна адбіваецца на дабрабыце грамадзян.

«Нядзіўна, што такія ўмовы непрывабныя для насельніцтва рэгіёна. Задача новаму губернатару — падняць давер жыхароў да абласной улады. Людзі павінны паверыць, што Вы не толькі бачыце шляхі развіцця, але і здольныя іх рэалізаваць», — дадаў Прэзідэнт. 
Кіраўнік краіны дадае, што без гэтага даверу цяжка будзе вырашыць і палітычны блок пытанняў, які стаіць на парадку дня. У тым ліку і рэферэндум.

Калі народ Беларусі на рэферэндуме падтрымае праект абноўленай Канстытуцыі, то за гэтым рушыць услед вялікая і адказная работа.
«Важна, што будзе потым. Нам давядзецца пералапаціць сотні нарматыўна-прававых актаў. Трэба выбудаваць краіну ў цэлым. Не толькі ў плане нарматыўна-прававой культуры, але нам трэба будзе арганізацыйна дзе-нідзе па-новаму выбудаваць краіну.
Гэта мая найважнейшая задача як Прэзідэнта. За мяне ніхто гэтыя пытанні не вырашыць. Я павінен арганізаваць гэтую працу разам з урадам, губернатарамі, старшынямі гар- і райвыканкамаў, разам з вамі — актывам. Для таго каб краіна стабільна стаяла на тых апорах, на якіх павінна стаяць», — заявіў кіраўнік дзяржавы.

Напрыканцы сустрэчы Прэзідэнт ўручыў службовае пасведчанне Аляксандру Субоціну і заўважыў: «Вы — соль нашай зямлі. Трымайце краіну. Будзе Лукашэнка, не будзе — гэта ваша краіна. Мы з вамі яе выпеставалі за чвэрць стагоддзя і нікому не павінны аддаць».

Марыя ДАДАЛКА

г. Віцебск

Фота: БелТА

Выбар рэдакцыі

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Блізнятам – нямала спраў і праектаў, авену – усё будзе спорыцца ў руках.

Грамадства

Гаджэт для фельчара. Як працуюць ФАП і амбулаторыя ў самым аддаленым сельсавеце Пружанскага раёна

Гаджэт для фельчара. Як працуюць ФАП і амбулаторыя ў самым аддаленым сельсавеце Пружанскага раёна

Паведаміла Людміла Аляксееўна, якая загадвае фельчарска-акушэрскім пунктам і з'яўляецца фельчарам, акушэркай, медсястрой у адной асобе.