Вы тут

Як па­ра­шу­тыст-дэ­сант­нік узяў ка­ва­лак зям­лі на Ма­ла­рыт­чы­не і стаў фер­ме­рам


Пётр Зварыч чвэрць стагоддзя праслужыў у 38-й дэсантна-штурмавой брыгадзе. Па роду службы ён, спартсмен-парашутыст, рыхтаваў маладых салдат да першага скачка. У самога ж гэтых скачкоў — 960. Ён па-ранейшаму лічыць самым лепшым, ні з чым не параўнальным уражаннем адчуванне палёту, тыя секунды, пакуль яшчэ не раскрыты парашут, і ты лунаеш у паветры сам-насам з небам. Некаторыя называюць такія імгненні найвышэйшай асалодай. Адрэналін яшчэ звязаны з рызыкай, бо чакаеш, ці спрацуе парашут. Вось ён раскрыўся — зноў ляціш і зноў непаўторныя адчуванні, а перад зямлёй ахоплівае новы неспакой, каб не зачапіць правады, будынкі, дрэвы, каб добра прызямліцца... Ну і навучыць гэтаму іншых таксама — асаблівае задавальненне.


Цяп­лі­ца з са­джан­ца­мі.

Стогадовая хата

Але ж у любой прафесіі ёсць свой час сыходу. І калі Пётр Несцеравіч пайшоў на ваенную пенсію, па чарзе стаў спрабаваць то адзін, то другі занятак, бо сядзець без справы — зусім не пра яго. Неўзабаве адчуў, што трэба вызначыць альбо знайсці нешта значнае, сваё, што прынясе задавальненне ад самой работы, яе вынікаў, і што пазней можна будзе пакінуць унукам. Рашыў рызыкнуць і паспрабаваць работу на зямлі. «Мусіць, недзе ўнутры альбо на ўзроўні падсвядомасці гены загаварылі, — разважае Пётр. — Мае бацькі ўсё жыццё працавалі на зямлі, як той казаў, усе мы родам з вёскі. Цесць мой, напрыклад, некалі быў галоўным аграномам у калгасе. Ведаў зямлю і разумеў. Ды і агульная тэндэнцыя такая, што людзі пакрысе пацягнуліся з вялікіх гарадоў у сельскую мясцовасць».

Адным словам, склікаў сваю вялікую сям'ю на раду, аб'явіў пра новую ідэю, папрасіў выказвацца на прадмет таго, ці можна будзе чакаць дапамогі. Варта сказаць, што сямейнікі даволі далёкія ад аграрнай сферы. Жонка — выкладчык англійскай мовы, дачка — урач, зяць супрацоўнік МНС, сын — юрыст. Але ўсе падтрымалі мужа і бацьку. Гэта надало яшчэ больш сіл, энергіі. Разважаў па-ваеннаму: задача пастаўлена, трэба яе выконваць. Спачатку шукалі дамок у вёсцы, вакол якога можна было б развіваць гаспадарку. Аб'ехалі многія вёскі Жабінкаўскага, Кобрынскага, Брэсцкага раёна. Хацелася, каб гэта была хата на краі паселішча, па сутнасці, хутар. Такую амаль выпадкова знайшлі у Дубічне Маларыцкага раёна. Хата, якой сто гадоў, паказалася асабліва прыдатнай: можа, яна мае добрую энергетыку?.. Яшчэ адзін фактар, што адсюль да яго роднай вёскі Тур Ратнаўскага раёна — нейкія 70 кіламетраў.

І ягады, і саджанцы

Як і многія брастаўчане, Пётр Зварыч родам з Украіны. Адтуль у 1985 годзе пайшоў у армію, з якой звязаў свой лёс. Спачатку служыў далёка ад малой радзімы, потым трапіў у Беларускую ваенную акругу. Да таго часу сястра і брат ужо жылі на Брэстчыне, тут і асеў. Служба, як ужо гаварылася, была звязаная з любімай справай. А пасля службы засталося ўменне заўсёды падтрымліваць добрую форму і жаданне рабіць патрэбную справу.

Адразу пасля пакупкі дома новы гаспадар узяў у арэнду 75 «сотак» зямлі для вядзення асабістай падсобнай гаспадаркі. З першых дзён узяліся за добраўпарадкаванне: прыбралі зараснік, выкарчавалі старыя дрэвы і кустоўе. Пачыналі, можна сказаць, з нуля, у новага гаспадара не было амаль ніякай тэхнікі, за выключэннем старога трактара Т-40. На другі год ужо было 5 гектараў зямлі. Спачатку паспрабаваў вырошчваць клубніцы, але хутка зразумеў, што названая культура вельмі патрабавальная. Ягады яе хутка псуюцца, патрабуюць шмат догляду, перасаджваць яе трэба кожныя два-тры гады.

Пётр Зва­рыч.

— Буякамі займацца, як для мяне, больш выгадна і цікава. Пасля першага іх ураджаю падлічылі, што нават для самаакупнасці, а не толькі для далейшага развіцця гаспадаркі, трэба больш зямлі, таму зноў звярнуліся ў мясцовы орган улады з заявай на пашырэнне ўчастка. І цяпер пад фермерскай гаспадаркай значыцца 25 гектараў. Займаюся не толькі ягадамі, але і саджанцамі буякоў, на тэрыторыі разбілі цяпліцы. Паступова зразумеў, што сваю невялікую гаспадарку трэба збалансаваць так, каб максімальна паменшыць рызыкі. Напрыклад, калі ягадай не дабярэш, папоўніць бюджэт можна продажам саджанцаў і наадварот, — разважае фермер-пачатковец.

Вучыцца ў час работы

Вучыўся садаводчай справе фермер Зварыч як па інтэрнэце, так і ў зносінах з калегамі. Выязджаў, глядзеў, распытваў. Першыя гады і першыя ўраджаі паказалі правільнасць выбранага кірунку. Сёлета буякі былі нядрэнныя. Тэхналогія захоўваецца, кропельны паліў засцерагае ад засухі, усе кампаненты ўносяцца своечасова. І яшчэ: у гэтай гаспадарцы не баяцца абразаць кусты буякоў. «Некаторыя разважаюць: чым больш галінак пакінуць на расліне, тым больш вырасце ягад. Мы аддаём перавагу якасці — на меншай колькасці галін атрымліваюцца буйныя ягады, яны лепш наліваюцца. Да таго ж гэты ўчастак аказаўся экалагічнай удачай. Буякі тут з пылком, спецыялісты ведаюць, што гэта такое, гэта азначае натуральнае апыленне», — кажа ён.

Сёння ў фермерскай гаспадарцы занятыя пяць чалавек. Трактарыст працуе на пастаяннай аснове, яшчэ ёсць бухгалтар, падсобныя рабочыя. Сам Пётр Несцеравіч таксама шчыруе ў сезон з ранку да вечара: пасадка, праполка, падкормка. Гаворыць, што навучыўся адчуваць расліну, размаўляць з ёй, каб зразумець, чаго ёй не хапае, якія хваробы падступаюць, што трэба ўносіць. Вось толькі прыехаў, адразу абышоў усе плантацыі, агледзеў, адным словам, за пару гадоў работы стаў амаль што аграномам. Так кожны раз: паглядзеў на саджанцы, на сталыя расліны, калі не хапае ведаў, разумення, — пачытаў, параіўся з іншымі фермерамі, спецыялістамі. Вось так прыходзіш да аптымальнага варыянту.

Сямейны «Дзівакрай»

У выхадныя сюды прыязджае сям'я, найперш каб дапамагчы, ну і яшчэ каб падыхаць свежым паветрам, папрацаваць фізічна, што карысна гарадскім людзям. Гаспадарка «Дзівакрай» — гэта ж сямейная справа. Цікава, што назвай яна абавязана першаму ўнуку Канстанціну. Ён паявіўся на свет, як толькі быў куплены домік і аформлены першы ўчастак зямлі. Нараджэнне новага чалавека ж — заўсёды цуд і здзіўленне. Вось так і нарадзілася гэтае слова за сямейным сталом, слова беларуска-ўкраінскае, як і сама сям'я.

Ста­га­до­вая ха­та, з якой па­чы­на­ла­ся гас­па­дар­ка.

А сям'я расце, літаральна нядаўна нарадзілася яшчэ двое ўнукаў. Для іх усіх побач са старой хатай узводзіцца новы дом, які абяцае стаць цэнтрам фермерскай гаспадаркі. Цяпер унутры ідуць работы па адстройванні. І хоць яшчэ справы нямала, Пётр Несцеравіч кажа, што на Новы год тут будзе пастаўлена ёлка і ўсе хоць на кароткі час збяруцца разам. Бо ў гэтага маладжавага і энергічнага дзядулі ёсць мара, каб нехта з унукаў з часам прадоўжыў справу.

А пакуль фермер будуе планы на развіццё гаспадаркі. На яго думку, варта ўзвесці цэх па ўпакоўцы прадукцыі, тады будзе больш варыянтаў прапаноўваць яе гандлёвым арганізацыям. Сёлета прадавалі ягады як на сваіх рынках, так і перакупшчыкам з Расіі. Трэба ўлічваць, што пасадкі буякоў растуць, цэны з прычыне канкурэнцыі будуць падаць, а прапанова тавару ва ўпакоўцы ў любым выпадку азначае новы цывілізаваны ўзровень рыначных зносін.

Калі ўсё будзе добра, можна думаць аб папаўненні тэхнічнага парку. Таксама Пятра Несцеравіча непакоіць кадравае пытанне. На дадзены момант у яго на пастаяннай аснове працуе адзін трактарыст. Спецыяліст, дарэчы, якіх пашукаць. Паводле слоў гаспадара, за справу хварэе, не трэба за ім правяраць альбо лішні раз нагадваць. І калі б удалося знайсці сям'ю такіх жа працаўнікоў, ён гатовы разглядаць пытанне аб будаўніцтве дома для іх на прымальных умовах. Ну а для гэтага, вядома, трэба развіваць гаспадарку.

— Цяпер зіма, мой любімы час, калі мароз, калі ўсё белае, — разважае Пётр Зварыч. — Тут прыгажосць такая — як вокам кінуць. Раней мы раз на год выбіраліся недзе на горныя лыжы. А цяпер гэтага і не трэба, прыроды, як быццам, і тут хапае. Мне падабаецца работа на зямлі, клопат пра расліну. Думаю, што я знайшоў сябе. З жалем гляджу на некаторых саслужыўцаў, якія сябе не знайшлі. Нехта расхварэўся, асобныя наогул сталі ў чарку заглядваць. Ваенны чалавек, ён як: калі зацягнуты, ідзе ў бой, толькі адпусціў партупею, сеў, разгубіўся — стаў сыпацца. І ў гэтым бяда адносна маладых ваенных пенсіянераў. Абавязкова трэба знайсці сваю справу, каб быць у форме і рухацца далей па жыцці. А зямля — яна дае сілы.

Святлана ЯСКЕВІЧ

Фота аўтара

Маларыцкі раён

Загаловак у газеце: Сам-на­сам з не­бам... і зям­лёй

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.