Вы тут

Кавярня і заасад. Калі хобі становіцца бізнесам


У заасад Валерыя Ланшакова прыходзяць людзі не толькі жывёлін паглядзець, але і паслухаць птушыныя сімфоніі. Жыхары вялікіх гарадоў, якія адпачываюць у санаторыі «Ружанскім», аднойчы вясной зладзілі цэлую экспедыцыю. Бо санаторый у сасновым лесе, там няма такой разнастайнасці пеўчага птаства. А гэтае месца крылатыя аблюбавалі даўно і кожную вясну даюць свае раскошныя канцэрты.


Спачатку Валерый Аляксандравіч разглядаў сваю невялікую падсобную гаспадарку выключна як хобі. Ён — даўні аматар жывёлін і птушак. На ўласным падворку разводзіў курачак, фазанаў, паўлінаў, індыкоў. Любіў, адным словам, важдацца з птушкамі. Неяк школьнікі напрасіліся ў госці. А дарослыя сталі пытаць: чаму, маўляў, не арганізоўваеце экскурсіі? Але ж не паказваць людзям дзясятак насельнікаў жывога кутка? Так паступова стала зараджацца ідэя стварэння сапраўднага заасада.

Валерый Ланшакоў родам аж з Забайкалля. Па адукацыі геолаг. Некалі па камсамольскаму закліку паехаў на БАМ. Там сустрэў свой лёс — Наталлю Яўгенаўну. Пасля развалу Саюза прынялі рашэнне пераязджаць на радзіму жонкі. Так аказаліся ў Ружанах. Маюць невялікі бізнес — прадуктовую краму. А калі паўстала пытанне, у якім кірунку развівацца, адказ нібыта быў на паверхні — уладкоўваць заасад як турыстычны аб'ект. На аўкцыёне купілі будынак былой школы ў вёсцы Малочкі, што зусім побач з Ружанамі. У ваколіцы пабудавалі вальеры. Цяпер тут жывуць яноты, лісы, іншыя драпежнікі, алені, лані, самае рознае птаства. Вавёркі карцінна грызуць арэшкі за сеткай, алені паслухмяна, нібы сабакі, бягуць на покліч гаспадара. Адразу кідаецца ў вочы, што жывёліны дагледжаныя, поўсць аж блішчыць.

Былую школу ўжо адрамантавалі, тут неўзабаве адкрыецца кавярня для турыстаў, будзе некалькі гасцінічных нумароў, каб людзі маглі адпачыць на прыродзе.

Вядома, заасад — справа нятанная. Кожнага звера трэба зарэгістраваць ва ўстаноўленым законам парадку. Пастаянна бываюць праверкі. Ды і на ўтрыманне патрэбна шмат сродкаў. Паводле слоў гаспадара, адным толькі драпежнікам мяса на месяц трэба больш чым на сто долараў, а яшчэ збожжа, кукуруза, агародніна, прэпараты для прафілактыкі хвароб... Але ж Валерый Ланшакоў аднойчы вырашыў, што рызыкнуць варта, асабліва калі ты займаешся любімай справай.

Святлана ЯСКЕВІЧ, фота аўтара

Пружанскі раён

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».