Вы тут

Юлія Арцюх: «Мала хто ведае, які жыццёвы шлях я прайшла»


Сённяшняя госця «Сямейнай газеты» — тэлевядучая, грамадскі дзеяч, шматдзетная маці, жонка і цудоўная гаспадыня Юлія Арцюх. Яна лічыць, што трэба клапаціцца не толькі пра сябе, але і прыносіць карысць людзям. Юлія — старшыня рэспубліканскага грамадскага аб'яднання дапамогі дзецям, хворых на фенілкетанурыю «Будучыня без межаў», дзякуючы якой у нашай краіне наладжана вытворчасць прадуктаў харчавання для хворых дзяцей. Аўтарская рубрыка «Нягладка» на СТБ — тое, з чаго яна пачала свой шлях у журналістыку, і тое, з чым працягвае жыць цяпер. З лістапада тэлевядучая стала весці праграму «У людзях» на канале РТР-Беларусь, а яшчэ яна займаецца навуковай дзейнасцю. Як ёй удаецца сумяшчаць усё гэта, а таксама заставацца прыгожай і далікатнай жанчынай, нам раскажа сама Юля.


Ёсць чым падзяліцца

— У нас на СТБ шмат аўтарскіх рубрык, і ў гэтым заслуга генеральнага дырэктара канала Кірыла Казакова. Таму ў кожнага ёсць магчымасць даносіць сваё меркаванне, пазіцыю праз асабістыя адчуванні. Напэўна, час прадыктаваў гэты момант, і сапраўды важна даць шанц сказаць. Я непрафесійны журналіст, спецыяльнай адукацыі няма. Мабыць, мая рубрыка і стала незвычайнай, таму што ў студыю прыйшоў чалавек «з народа» і выказаў сваё меркаванне, але праз прызму ўласнага вопыту. Ад самага першага выпуску я сама пішу тэксты для сваёй перадачы, аднак над яе афармленнем, ідэяй працуе цэлая каманда прафесіяналаў.

З дзяцінства бачыла, як жыве мая сям'я, як жывуць мае бабулі і дзядулі і, натуральна, успрымала сваё жыццё добрым. Таму ёсць чым падзяліцца, дапамагае вопыт. Не магу сказаць, што мой лёс пасрэдны. Ёсць людзі, якіх, дзякуй богу, не закранулі пэўныя цяжкасці — хвароба блізкіх ці асабістая або прафесійныя ўзрушэнні, калі ты атрымліваеш спачатку адну адукацыю ў пэўнай сферы, а пасля так складваецца лёс, што неабходна працаваць па іншай, і табе даводзіцца праходзіць гэты шлях самастойна.

З лістапада я стала вядучай тэлепраграмы «У людзях» на РТР-Беларусь. Тут у мяне зусім іншае амплуа — я інтэрв'юер. Да мяне прыходзяць знакамітыя людзі краіны. Пэўная інфармацыя, канешне, пра іх маецца ў адкрытых крыніцах. Як правіла, гэта людзі вядомыя сваёй прафесіяй, і таму іншы бок іх жыцця часам паказаць вельмі няпроста. Гэта як пра мяне калісьці казалі, што я «многастаночніца»: і шматдзетная маці, і жонка афіцэра, і тэлевядучая, але гэта зусім не замінае быць яшчэ і памочнікам дэпутата, і весці навуковую дзейнасць — усё гарманічна спалучаецца.

На мой погляд, я не нейкае там выключэнне з правілаў, у Беларусі вельмі шмат жанчын, якія спалучаюць не менш, а значна больш. Гэта цудоўна, што ў нашай краіне ёсць магчымасць жанчыне быць і мамай, і рэалізоўваць сябе прафесійна, быць каханай жонкай і займацца грамадскай дзейнасцю.

Часта, вядома, сутак не хапае, хоць справа не ў часе, а хутчэй у сіле. Дадатковымі справамі можна займацца ў начны час, таму васьмігадзінны начны сон — гэта мая мара, бо паўнавартасна выспацца не атрымліваецца (усміхаецца).

Чэрпаю сілы ад іх

— Мой дзень пачынаецца з кубка кавы, а перад гэтым — з пад'ёму дзяцей, якіх абавязкова трэба абняць і пацалаваць. Затым я ці муж вязём малых у школу і садок, а далей ужо кожны па сваіх справах.

Адпачываем з сям'ёй часцей за ўсё актыўна. Стараемся катацца на роварах, у зімовы час — гульня ў снежкі, катанне на санках, то-бок для нас важна пабыць разам. Неабавязкова нават выязджаць кудысьці ў забаўляльныя цэнтры, хоць, вядома, і не без гэтага, але ў асноўным бавім час дома. Можам пачытаць кнігі, а можам паглядзець усёй сям'ёй мульцік ці фільм, пагуляць у развіццёвыя гульні. Бывае, у дзяцей з'яўляецца новае захапленне, і яны хочуць, каб мы для іх выдзелілі час, зрабілі разам што-небудзь ці пазбіралі пазлы. Душэўна я перазагружаюся і чэрпаю сілы ад іх, вельмі радуе тактыльны кантакт.

Маёй старэйшай дачцэ Ганне 12 гадоў, яна вучыцца ў школе. З 1 да 5 класа займалася тхэквандо, плаваннем, а праз пандэмію прыйшлося адмовіцца ад спорту. Пачала сябе шукаць, цяпер захапілася маляваннем, цікавіцца інфарматыкай, дадаткова гэтым займаецца. Сярэдняй, Алісе, у лютым споўніцца сем, яна творчая натура: хутка вучыць вершы, захапляецца танцамі, вельмі актыўная. Яраславу будзе шэсць. Сынок займаецца шахматамі і плаваннем. Аліса і Яраслаў ходзяць у дзіцячы садок. Дарэчы, сын просіць запісаць яго на барацьбу, але пакуль ён маленькі, трэба пачакаць.

Лепшай краіны няма

— Адкуль мой патрыятызм? Мы родам з Брэстчыны. Мой бацька Анатоль — афіцэр, два мае дзядзькі таксама ваенныя. Дзяцінства праходзіла на палігоне, дзе служыў дзядзька Юрый, які быў начальнікам 230-га агульнавайсковага Абуз-Лясноўскага палігона. Я туды прыязджала і знаёмілася з ваеннай справай, калі так можна сказаць (смяецца). Таму ўсё гэта я бачыла на свае вочы, знутры. Другі дзядзька, Канстанцін, палкоўнік, быў начальнікам Валькоўскага гарнізона, дарэчы, ён жа навучыў мяне плаваць. Ён з маёй цёткай жылі ў ваенным гарадку і таму пасля палігона ад аднаго дзядзькі я ехала ў ваенны гарадок (усміхаецца), дзе цётка — настаўніца, а дзядзька — афіцэр. І, вядома, там жылі ўсе ваенныя сем'і, стасункі былі з дзецьмі з гэтых сем'яў. Многае адбывалася строга па раскладзе (смяецца). Натуральна, што з дзяцінства закладваліся пэўныя моманты.

А што датычыцца патрыятызму, мой бацька заўсёды шмат ездзіў падчас службы па Беларусі і, калі атрымлівалася, браў мяне з сабой. Ён цікава расказваў пра пэўны горад, у якім мы знаходзіліся, заўсёды стараўся адвесці мяне да гістарычнага месца, калі такое было, тлумачыў назвы вуліц, па якіх нам прыходзілася ездзіць.

У 90-я многія з'язджалі шукаць шчасця за мяжу, я ж ад сваіх бацькоў ніколі не чула такіх размоў, нават думак не было. Жылі і працавалі на гэтай зямлі і іх бацькі. Таму гэта наша краіна і наша радзіма, як бы гэта банальна ні гучала. Паглядзець свет можна, я шмат дзе пабывала і заўсёды вярталася на радзіму — для мяне лепшай краіны няма. Мы — грамадзяне Беларусі, мы тут нечага вартыя, у нас ёсць грамадзянства, правы і, вядома ж, абавязкі. У нас вельмі добра развітая сацыяльная абарона, чаго не хапае ў іншых краінах. Цудоўна, калі ты атрымліваеш тут адукацыю, рэалізоўваешся і потым можаш прынесці карысць дзяржаве — перш за ўсё, сваім людзям, а не чужынцам. Так мы і павінны выхоўваць уласных дзяцей, так выхоўвалі і мяне. Памятаю, бацька мне казаў: «Юля, вучыся!» Я адвучылася ў школе на выдатна, пасля маёй задачай было паступіць ва ўніверсітэт на бюджэт, я паступіла, затым была магістратура, цяпер вось вучуся ў аспірантуры. Аднак для гэтага я прыклала шмат намаганняў.

Браць сябе ў рукі і вырашаць пытанне

— Я заўсёды ўдзельнічала ў дабрачынных праграмах. У 2015 годзе ў мяне нарадзілася дачка з дыягназам «фенілкетанурыя». Гэта захворванне звязана з парушэннем абмену рэчываў, калі неабходна ўжываць нізкабялковыя прадукты са спецыяльнай амінакіслотнай сумессю. Прыйшлося мабілізаваць высілкі бацькоў дзяцей з такой генетычнай хваробай і разам вырашаць пытанні.

Напачатку было цяжка даставаць такія прадукты, трэба было заказваць іх за мяжой, а ў той час змяніліся патрабаванні ўвозу, павысіліся мытныя пошліны. Таму з'явілася шмат праблем. Паўстала пытанне аб сацыяльным кошыку неабходных прадуктаў для дзяцей з фенілкетанурыяй. У нашым заканадаўстве з дадзенай катэгорыяй людзей былі пэўныя недахопы, іх неабходна было ліквідаваць. І вось дзякуючы Акадэміі навук, Цэнтру па харчаванні, а таксама інстытуту мяса-малочнай прамысловасці, нашаму грамадскаму аб'яднанню «Будучыня без межаў», вядома, бацькам дзяцей з фенілкетанурыяй, а таксама падтрымцы дэпутатаў парламента і Беларускага саюза жанчын патрэбны прадуктовы набор быў распрацаваны. І на сёння сацыяльны кошык сфарміраваны, то-бок сацыяльная гарантыя ад дзяржавы існуе — ежа для нашых дзяцей ёсць. Вядома, калі хочаш нешта дадатковае, напрыклад, імпартнае, калі ласка — аднак асноўным і неабходным наборам дзеткі забяспечаны.

Вельмі важна не сварыцца з дзяржструктурамі, а падыходзіць рацыянальна да пытання, браць сябе ў рукі і ісці вырашаць пытанне. Данесці людзям, якія валодаюць пэўнымі кампетэнцыямі, што вы прыйшлі не скандаліць, не нагрузіць дадатковай работай чалавека, а хочаце вырашыць праблему свайго дзіцяці. Не трэба сядзець дома на канапе, плакаць, біць сябе ў грудзі і сварыцца — ад гэтага лепш нікому не стане.

Восем курачак і пеўнік...

— Мы жывём ва ўласным доме, і ў нас ёсць невялікая гаспадарка — восем курачак і пеўнік (смяецца), якіх трэба не толькі накарміць, але і прыбраць за імі, вадзічкі наліць. Я далікатная, можа, толькі знешне (смяецца). У маіх бабуль заўсёды была гаспадарка: і куры, і козы, і свінні, і трусы, і нутрыі, і каго толькі не трымалі. І агароды былі, і бульбу садзілі, якую я дапамагала палоць. Ды і ў школе мы ездзілі на бульбу, буракі, і гэта было нармальна. Для чалавека такое натуральна — фізічная праца абавязкова павінна прысутнічаць у жыцці. У летні перыяд у мяне ёсць невялікі агародзік, вельмі прыемна пасля есці сваю зеляніну, памідоры, агуркі, гарбузы, кабачкі, бульбу. Цудоўна, калі можна ўбачыць плён сваёй працы.

Дзеці, безумоўна, дапамагаюць. Яны ўключаны ў гэты абсалютна натуральны працэс па меры сваіх магчымасцяў. Мы ім аддаём увагу, клопат, а яны робяць свой маленькі ўнёсак.

Памятаю, калі мне было 20 гадоў, па студэнцкай праграме я працавала няняй у Амерыцы — запомнілася многае. Для мяне гэта быў вялікі стрэс. У сям'і трое дзетак. Дзівілася ўсяму: там не гатавалі, ежа — толькі ў выглядзе фаст-фуду. Бацькі не ўдзялялі дзецям увагі. Малыя нічога не выконвалі па доме, нават не былі прывучаны прыбіраць за сабой цацкі. Карацей, зусім іншае выхаванне — для мяне такое непрымальна і незразумела.

Лічу, няправільна адгароджваць дзяцей ад дарослых турбот. А вось ад гаджэтаў стараемся дзяцей адвучаць. У старэйшай дачкі кнопачны тэлефон. Раней быў смартфон, але я заўважыла, што ён перашкаджае ёй засяродзіцца, замінае вучобе. Мой тэлефон дзеці ўвогуле не бяруць, толькі могуць папрасіць штосьці сфатаграфаваць. Міма іх навукова-тэхнічны працэс не праходзіць дакладна, усё гэта яны разумеюць, аднак не злоўжываюць. У меншых дзетак увогуле няма гаджэтаў: каб паглядзець мульцікі, у нас ёсць тэлевізар. На жаль, часта мы, дарослыя, самі з'яўляемся творцамі псіхічнага стану нашых дзяцей. Таму бацькам важна выбраць правільную стратэгію паводзін і, галоўнае, растлумачыць дзіцяці, для чаго неабходны тыя ці іншыя абмежаванні.

Наведванне храмаў і купанне ў купелі

— Адна з нашых любімых сямейных традыцый, у якой я таксама чэрпаю сілы, — наведванне храмаў і купанне ў купелі. Калі дрэнна на душы, збіраемся і едзем да крыніцы. Неяк былі ў Жыровічах, у Трафімавай крыніцы акуналіся. Аднак нам пашанцавала: крыніца ёсць недалёка ад нашага дома. Яшчэ адна традыцыя — сямейныя святы, якія мы святкуем заўсёды разам, па магчымасці прыязджаюць нашы бацькі. Любім, калі на святочным стале ёсць беларускія стравы: бульба са смажаным салам, запечанае мяса, традыцыйныя салаты.

Калі казаць пра адносіны ў сям'і, то ў мяне цудоўны муж — мужчына з вялікай літары, які бярэ на сябе адказнасць за сям'ю, за дзяцей, за мяне. Гэта чалавек, які падзяляе са мной, напэўна, усе абавязкі па доме. Ён ніколі не будзе сядзець на канапе і чакаць, калі яму хто-небудзь прынясе што-небудзь на сподачку. Калі ёсць магчымасць, ён праводзіць час з дзецьмі, робіць з імі ўрокі. У нас усё гарманічна. Мы з паўпозірку разумеем, хто сёння правярае ўрокі, хто будзе выконваць пэўную работу (смяецца). Усё, што ён можа даць як мужчына, перадае сыну. З дзяўчынкамі, вядома, крыху іншыя адносіны. Ён афіцэр, я дачка афіцэра, таму, зразумела, у нас было строгае выхаванне. І калі ўвесь час песціць дзяцей, будзеш пажынаць такія плады, што мала не падасца. Хапае прыкладаў, калі дзеці адмаўляюцца ад сваіх бацькоў. Таму, мне здаецца, бацькі павінны ўсё гарманічна спалучаць: і любоў, і строгасць, і клопат, а дзесьці і папесціць можна.

Сям'я — гэта няпроста. Лічу, што гэта вялізная праца дваіх. Калі чагосьці будзе жадаць толькі адзін, то наўрад ці атрымаецца жыць шчасліва. Трэба ўзаемадзейнічаць, гаварыць пра пэўныя моманты, якія турбуюць, бо мы ж прыходзім усе з розных сем'яў. Таму для сямейнага шчасця неабходна каханне, узаемаразуменне і пастаянная праца над сабой, адно над адным.

Хачу пажадаць усім, каб кожны нёс пазітыў, хоць часам цяжка: усе мы людзі. Па сабе ведаю: калі ты добра ставішся да таго, што робіш, то неяк усё складваецца і атрымліваецца. Многія бачаць мяне, быццам прыгожую абгортку, але мала хто ведае, які жыццёвы шлях я прайшла. Трэба жыць не з пазіцыі, што ўсе табе павінны. Важна задаць сабе пытанне: а што я зрабіў для іншых, для краіны, каб было добра не толькі табе, але і іншым? І верыць у сябе, умець аддаваць, а не толькі атрымліваць. І тады ўсё будзе цудоўна. А яшчэ я для сябе зразумела, што не трэба баяцца гаварыць аб нейкай праблеме. І калі ты хочаш яе вырашыць, то знойдуцца людзі альбо так складзецца сітуацыя, што гэта ўдасца ажыццявіць.

Надзея ЗУЕВА

Фота з сямейнага архіва гераіні

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.