Вы тут

Светлае Хрыстова Нараджэнне. Як не страціць за «бліскучай мішурой» глыбокі сэнс гэтага свята?


Нараджэнне Хрыстова — адно з найвялікшых свят у хрысціянскім календары. Католікі і пратэстанты адзначаюць яго 25 снежня, праваслаўныя Каляды святкуюцца 7 студзеня. Але незалежна ад даты з набліжэннем гэтага свята вернікі ўжо шмат стагоддзяў перажываюць радасную падзею нараджэння Сына Божага, пасланага Усявышнім для збаўлення чалавецтва.


— У калядныя дні перад намі прыадкрываецца таямніца нараджэння Бога, — кажа настаяцель Прыхода свяціцеля Спірыдона Трыміфунцкага ў Мінску святар Аляксандр Пальчэўскі. — Гэта нешта неспасціжнае: бязмежны Бог па сваёй волі прыняў абмежаванні — чалавечым целам, сіламі, неверагодна малым у параўнанні з вечнасцю тэрмінам чалавечага жыцця. Галоўная мэта, з якой гэта было зроблена, — любоў Бога да чалавека. Хрыстос прыйшоў у гэты свет, каб адкрыць людзям веды пра Бога, памёр на крыжы, уваскрос і праз усё гэта здзейсніў Адкупленне — даў чалавеку магчымасць духоўнага збавення.

Значнасць Нараджэння Хрыста немагчыма зразумець, не ведаючы гісторыі, апісанай у Евангеллі. Дзеве Марыі з'явіўся анёл і абвясціў, што яна народзіць немаўля мужчынскага полу, якому наканавана будзе памерці за грахі роду чалавечага. Калі ж Дзева Марыя ўжо павінна была нарадзіць, разам з Іосіфам ёй прыйшлося адправіцца ў Віфлеем (горад непадалёк ад Іерусаліма): у Рымскай імперыі праводзіўся перапіс насельніцтва, і кожны павінен быў з'явіцца ў горад, дзе нарадзіўся, а Іосіф быў родам з Віфлеема. Дарога была доўгая і цяжкая, усе гасцініцы аказаліся запоўненыя. Багародзіца і Іосіф знайшлі пячору каля Віфлеема, дзе ад непагадзі часта хаваліся пастухі. Там і нарадзіўся Збавіцель, і ў тое ж імгненне на небе з'явілася Віфлеемская зорка.

Чаму Хрыстос вырашыў прайсці чалавечы шлях — ад нараджэння і да смерці?

— Чалавек быў створаны для пазнання Бога. Але першыя людзі — Адам і Ева — парушылі запаведзь Божую, і грэх унёс падзел паміж Богам і чалавекам. Узнікла неабходнасць аднаўлення страчанага адзінства. Гасподзь прайшоў чалавечы шлях і аднавіў гэтую сувязь. Мэта Богаўвасаблення — гэта вяртанне чалавеку той часцінкі боскага, якая ў ім закладзена.

«Блажэнныя чыстыя сэрцам...»

Паводле Евангелля, першымі пакланіцца Збавіцелю прыйшлі пастухі. Пазней Віфлеемская зорка прывяла да Нованароджанага траіх вешчуноў, якія і прадраклі яму вялікую будучыню. Вешчуны прынеслі дарункі: золата, ладан і смірну. Імя дзіцяці далі Ісус, што значыць «Гасподзь ёсць Збаўленне», а пасля — Хрыстос, што значыць «Памазаннік». Гэтым прарокі падкрэслілі, што Ён ёсць Цар свету, які нясе людзям святло веры.

— Ісус прыйшоў на Зямлю не сярод раскошы, а ў прастаце і пакоры. І адкрываецца Бог перш за ўсё людзям простым, з чыстай душой і адкрытым сэрцам — таму першымі мелі гонар убачыць Яго пастухі. У Евангеллі сказана: «Шчаслівыя чыстыя сэрцам, бо яны Бога ўбачаць», — тлумачыць святар. — Пакланіцца Ісусу прыйшлі таксама вешчуны — то-бок людзі адукаваныя, мудрацы. Яны прыйшлі ўслед за Віфлеемскай зоркай, бо ведалі старажытнае прароцтва. Гэта значыць, праз веды, праз навуку таксама можна знайсці шлях да Бога.

Жорсткі цар Ірад, якому прадказалі нараджэнне сапраўднага Цара, спалохаўся за свой трон і загадаў забіць усіх немаўлят мужчынскага полу. Стражнікі вынішчылі ў наваколлях Іерусаліма ўсіх хлопчыкаў да двух гадоў — каля 14 тысяч дзяцей. Гэтыя дзеці лічацца першымі хрысціянскімі пакутнікамі. Марыя і Іосіф, ратуючы нованароджанага Хрыста, з'ехалі ў Егіпет. Вярнуліся ў Назарэт яны толькі пасля таго, як Ірад памёр.

Вечар напярэдадні Каляд, Куцця, мае асаблівае значэнне. У гэты дзень неабходна выконваць строгі пост. Лепш наогул нічога не есці да першай зоркі (яна сімвалізуе Віфлеемскую).

— Першыя і апошнія дні посту патрабуюць вялікай увагі, — кажа Аляксандр Пальчэўскі. — Выключаюцца мяса, малочныя прадукты. Застаецца раслінная ежа і гародніна. І толькі непасрэдна ў Калядны дзень накрываецца святочны стол, на якім ёсць мясныя стравы.

Традыцыйная трапеза ў вечар напярэданні Каляд — куцця. Класічная страва гатуецца з зерняў ячменю ці пшаніцы, а падсалоджваюць яе мёдам і сухафруктамі. У нашы дні куццю гатуюць з розных круп — часцей за ўсё з рысу, дадаюць цукаты, мак, арэхі. Кожны за калядным сталом павінен абавязкова з'есці хаця б лыжачку куцці.

Традыцыі і звычаі

Галоўны калядны сімвал — прыбраная ёлка. Хоць наогул старажытных калядных традыцый існуе вялікае мноства і ў кожнай мясцовасці яны адрозніваюцца.

— Мы не звязваем жыццё Царквы з гэтымі традыцыямі, але ў той жа час прымаем многія з іх, — кажа суразмоўца. — Напрыклад, на Каляды ёлачку ўпрыгожваюць і ў храмах — як дадатак да святочнага настрою. Але рэлігійнага напаўнення гэтая традыцыя не мае.

Упершыню на Каляды ёлкі сталі ўпрыгожваць у Германіі ў VІІІ стагоддзі. Легенда абвяшчае: святы Баніфацый некалі прапаведаваў друідам, якія жылі ў лясах і пакланяліся дрэвам. Якраз на Каляды пастар ссек вялізны дуб, які лічыўся ў мясцовага насельніцтва святым дрэвам. Падаючы, дуб паваліў усе дрэвы вакол, і толькі гнуткая маладая ялінка не зламалася, а паднялася зноў. Місіянер усклікнуў: «Няхай жа гэтае дрэва будзе дрэвам Хрыста!». Вечназялёная елка сімвалізуе вечнае жыццё, дадзенае людзям Хрыстом. Форма яе кроны — трохвугольнік — сімвал Святой Тройцы. Па старажытнай традыцыі, на верхавіну ялінкі ўзнімаюць Віфлеемскую зорку. Свечкі ці лямпачкі — гэта святло новага жыцця. Арэшкі вешаюцца на ёлку як сімвал крэпасці духу хрысціян, а прысмакі — сімвал дабрыні. У верхняй частцы ёлкі развешваюцца анёлы, а ў сярэдняй і ніжняй — птушкі і звяры, якія радуюцца Калядам.

Заходнееўрапейскі сімвал Раства — калядны вянок. Ім упрыгожваюць дзверы ці святочны стол. Круг сімвалізуе вечнае жыццё, зеляніна — здароўе і дастатак, а свечкі — радасць і будучае шчасце.

І, вядома, падчас Каляд на Беларусі заўсёды калядавалі: дзеці — днём, моладзь — калі ўжо сцямнее. Вясёлыя чародкі хадзілі па дварах, віншавалі суседзяў з Калядамі і збіралі падарункі — прысмакі, а часам і манеткі. Першым ішоў звяздар — ён нёс на тычцы Віфлеемскую зорку, следам — званар са званочкамі, былі сярод калядоўнікаў і «звяры»: «каза» сімвалізавала дастатак і багацце, «мядзведзь» — сілу і здароўе. Замыкаў працэсію механоша — ён нёс мяшок, куды складваліся дары.

Калядная батлейка, старажытны лялечны тэатр — яшчэ адна неад'емная частка народнай традыцыі сустрэчы Каляд на Беларусі. На маленькай сцэне перад гледачамі лялькі разыгрывалі фрагменты з Новага Запавету, звязаныя з Раством Хрыстовым. Класічная канструкцыя батлейкі трохпавярховая. У верхняй частцы — Віфлеемская пячора: Нованароджаны Ісус у яслях, над ім схіліліся Багародзіца і Іосіф, наводдаль — вол, ослік, авечкі. Дзеянне адбывалася ў сярэдняй частцы фанернай скрыні, а ў ніжняй знаходзілася пекла, куды і падаў у канцы цар Ірад.

Як святкаваць правільна?

Каляды заўсёды былі часам дабрачыннасці. Бо вешчуны прынеслі Наванароджанаму Ісусу дары. Адсюль жа, дарэчы, традыцыя рабіць падарункі родным і блізкім.

— Хрысціяне ва ўсе дні закліканы здзяйсняць добрыя ўчынкі, але Каляды — асаблівая нагода. Гэта выдатны час, каб дапамагчы тым, хто больш за іншых мае патрэбу ў дапамозе. Ёсць традыцыя запрашаць дадому на калядную трапезу адзінокіх пажылых людзей, інвалідаў, наведваць з падарункамі дзіцячыя дамы.

— Як не страціць за знешняй «бліскучай мішурой» глыбокі сэнс, закладзены ў гэтае свята?

— Усё проста: на першым месцы ў Каляды (як і ў любое хрысціянскае свята) павінна быць наведванне храма, богаслужэнне. Без богаслужэнняў, якія апісваюць гэтую евангельскую падзею, мы не можам адчуць усю яе прыгажосць сэрцам і на духоўным узроўні. Калядныя богаслужэнні складзены айцамі царквы многія сотні гадоў таму і іх канон усе гэтыя гады не мяняўся. Ужо зараз у ход богаслужэнняў дадаюцца калядныя тэксты, і прыхаджане выходзяць з храма з адчуваннем свята.

І, вядома, святкаваць трэба правільна: дакладна не лежачы на канапе і гледзячы ў тэлевізар. Не варта і сядзець гадзінамі за сталом з маянэзнымі салатамі і алкаголем.

— Мы маем запаведзь шанавання нядзельных і святочных дзён: шэсць дзён рабі, сёмы — Госпаду Богу твайму. Святочныя дні важна прысвяціць Богу і блізкім, сваёй сям'і, дзецям. Заняцца дабрачыннасцю ці самаадукацыяй. Вы здзівіцеся, наколькі адчуеце сябе як пасля адпачынку і поўнымі сіл пасля правільна праведзеных святочных дзён! Запаведзі дадзены нам Богам як найлепшы спосаб уладкавання міру і свайго жыцця. Калі выконваць іх, наша жыццё будзе рабіцца лепшым.

Аляксандра АНЦЭЛЕВІЧ

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзіцца на добраахвотнай аснове.