Вы тут

Вясёлыя гісторыі чытачоў


Ход канём, альбо Дзед — ён такі... Ён можа...

Калі не стала майго дзядулі (Пятром яго звалі), бабулі было 52... Усяго...

Гэта цяпер я разумею, што яна, як многія жанчыны ў такім узросце, была яшчэ о-го-го — квітнела і пахла! А тады, у мае 12, нават 40 гадоў здаваліся старасцю, прычым беспрасветнай. Якія могуць быць кавалеры ў такім узросце? Які яшчэ замуж?

Шчыра кажучы, бабуля туды не рвалася. На знаёмых мужчын, якія час ад часу заходзілі пагаварыць за жыццё (магчыма, не без дальняга прыцэлу?), глядзела раўнадушна, а то і раздражнёна: ідзі, маўляў, спачатку кашулю папрасуй, чаравікі пачысці, жаніх.

...У тое сумнапамятнае лета — першае без дзядулі — мы з ёй жылі ўдзвюх. Яна хадзіла на працу, а яшчэ даглядала жыўнасць (ладнага парсючка Ваську, некалькіх трусоў і з дзясятак курэй), шчыравала на градах, завіхалася ў садзе... Я старалася дапамагаць, а вось ці паспяхова...

Той дзень пачаўся з непрыемнасці: Васька, наш парсючок, злёг — не ўзяўся есці. Бабуля пазваніла ветэрынару.

Ён, помню, з'явіўся, агледзеў парсючка, прапісаў уколы. Прычым рабіць іх падрадзіўся сам: і адзін раз, і другі прыехаў... А перад трэцім бабуля паклікала мяне і кажа:

— Слухай, дзіцятка... Дзядзька Мікола сёння зноў будзе Ваську ўкол рабіць. Мы з ім пойдзем у хлеў. Дык ты прыдумай што-небудзь і хвілін праз дзесяць падбяжы — у дзверы пастукай, пакліч, каб я выйшла.

— А навошта? — спытала я.

— Ну, як табе сказаць? — пачырванела бабуля. — Ён да мяне прыстае, чапляецца...

— Хто? Васька? — не зразумела я.

— Ды не, — засмяялася бабуля. — Дзядзька Мікола.

Тут ужо разгубілася я. Ды што там — мяне аж затрэсла ад абурэння! Як яму не сорамна, гэтаму дзядзьку?! Як ён можа?! Як яму ў галаву прыйшло чапляцца да такой пажылой жанчыны?!.

І вось наступіў прызначаны час. Каля нашых веснічак спыніўся задрыпаны «УАЗік». Дзядзька Мікола выйшаў, паклікаў бабулю, і ўдваіх яны рушылі да хлява. Я паклала перад сабой гадзіннік і пачала адлічваць хвіліны: дзесяць... восем... пяць... адна і... Старт: я падхапілася, куляй паляцела да хлява і ўжо там з усёй сілы стала грукаць кулакамі ў дзверы. Яны тут жа адчыніліся:

— Што такое, дзіцятка? — спытала бабуля. — Што здарылася?

— Пайшлі дамоў, у хату! — залапатала я. — Хутчэй, бо там... Там...

— Што там? — не на жарт спужалася бабуля.

— Там цябе дзед Пеця шукае! — выпаліла я (нечакана нават для сябе).

Бабуля таксама здзівівілася: ледзь заўважна — краёчкамі вуснаў — усміхнулася, а дзядзька Мікола неспадзеўкі дык нават прысеў над сваім чамаданчыкам — нешта ў ім стаў перабіраць.

— Ну вы ўжо тут самі, Іванавіч, — сказала яму бабуля, узяўшы мяне за руку. — А мы пойдзем — паглядзім, хто там мяне шукае.

Па дарозе да хаты яна яшчэ неяк трымалася, а ўжо там, у калідоры, адвяла душу — рассмяялася.

— І як табе гэта ў галаву прыйшло? — пытала ў мяне. — Мікола ажно збялеў!..

Больш, дарэчы, ён да нас не прыязджаў, прынамсі пакуль я гасцявала... Можа, патрэбы не было (Васька, дзякуй богу, паправіўся, есці стаў за траіх), а можа, і дзядулі баяўся?

Мы ж з бабуляй пасля гэтага выпадку яшчэ больш пасябравалі. У мяне не было ніякіх сакрэтаў ад яе, у яе ад мяне, думаю, таксама, асабліва калі я крыху падрасла.

А вось замуж другі раз бабуля так і не выйшла...

Алена Петрашкевіч,

Мінскі раён


Хто пытае, той не блудзіць, хто шукае — знойдзе

Шкада, але ж з гэтым нічога не зробіш — лютуе каранавірус: адмяняе шумныя застоллі ды блізкія зносіны. З раднёй, з сяброўкамі ўсё больш па тэлефоне. І добра, што хоць так ды можна пагутарыць (а па скайпе дык яшчэ і ўбачыцца), нешта сваё ўспомніць...

Неяк раз пра пакупкі загаварылі, пра блат, дэфіцыт (амаль забытыя словы), і мая суразмоўніца, былая суседка, раптам прызналася, што я ў яе на падазрэнні была — у... крадзяжы.

Ад неспадзяванкі мне аж мову адняло! А справа, калі па парадку, выглядала так.

Некалі ў нашай вёсцы дзверы ніхто не замыкаў — нават ад чужых, а ўжо свае, суседзі дык адзін да аднаго часта шасталі: то запалак узяць, то цукру пазычыць, то грошай перахапіць, то пакупкі паглядзець...

Калготкі тады ў дэфіцыце былі. Дзяўчаты, жанчыны хадзілі ў панчохах, а зверху — у сукенках, спадніцах, сарафанах. Я, напрыклад, у дарогу яшчэ магла прыбрацца ў штаны, аднак на месцы (прыехаўшы на работу) абавязкова нацягвала спадніцу. Інакш проста нельга было: у школе ды іншых установах — дрэс-код, хоць слова гэтага ніхто і не ведаў.

...А калготкі пад тыя спадніцы найчасцей прывозілі з-за мяжы, даставалі мы іх па вялікім блаце і бераглі затым як зрэнку вока, можна сказаць, бо танюткія ж... Нечым зачапіў — «стрэлачка» пабегла. Каб «склеіць-злавіць», бралі лак для пазногцяў, шпількі-іголкі... І ўвогуле рэчамі тады не раскідваліся: куплялі рэдка, цэны помнілі доўга, а ўжо рады былі — дык кожнай абноўцы! Імпартным калготам — і пагатоў!

...Тая суседка шмат каму іх паказвала, хоць і здалёк: з пакеціка не даставала. А калі надумала дастаць, прымераць, пакецік... знік: як карова языком злізала, як не было!

Жанчына цэлы вечар шукала! Можна сказаць, што хату звярнула — няма!

Пасля гэтага ноч не спала: перабірала ў памяці, хто прыходзіў, дзе стаяў, як глядзеў, успамінала, што за кім вадзілася, ці не «быў заўважаны»...

Раніцай з хворай галавой паднялася, пайшла ў кухню. І сняданак там трэба рабіць, і з рук усё валіцца... Маразілку адкрыла, каб кавалачак сала ўзяць, і...

Аж вачам не паверыла: ляжыць там яе пакецік, яе калготачкі! Галоўнае — успомніла, што сама іх туды паклала, каб перамерзлі і мацнейшыя потым былі, каб даўжэй насіліся.

...Факт, што з самай раніцы ў жанчыны дзве радасці былі: адна — што абнова знайшлася, а другая — што не паспела агучыць сваіх чорных думак, не сапсавала адносінаў.

Цяпер — паўстагоддзя пасля — ім, вядома ж, ужо нішто не пагражала: разам пасмяяліся ды ўсё.

Любоў Чыгрынава,

г. Мінск


Мае манета і той бок, і гэты...

Гадоў трыццаць назад людзі ўжо забыліся на эпідэміі тыфу, халеры, чумы, а розныя там грыпы ды РВЗ і хваробамі не лічыліся. Бо яно ж і сапраўды: чаю з малінай напіўся, гарэлкай ногі нацёр, адляжаўся ў цяпле — глядзіш, і паправіўся.

...Ганна захварэла неяк не так: ні тэмпературы, ні кашлю, ні насмарку ў яе не было. А вось слабасць і боль у плячах дык адкуль і браліся! Падлогу ў пакоі памыць не магла — два разы адпачывала... І, вядома ж, лячылася — дома, чым магла і як магла! Праўда, марна: за два выхадныя ёй не палепшала — прыйшлося пайсці па дактарах.

Да патрэбнага трапіла толькі ў сераду. Ён уважліва агледзеў-распытаў, даў накіраванне на здымак пазваночніка, ад чаго да болю ў плячах і слабасці дадаўся яшчэ і страх. Ганна, бедная, усю ноч не спала, думала, што ж за хвароба там, у касцях, і як яе вылечыць.

Адказаць на гэта павінен быў доктар.

Ледзь дачакалася раніцы, а потым — сваёй чаргі. Нясмела зайшла. Доктар спытаў прозвішча, паглядзеў у яе навюткую картачку ды ў нейкія паперкі (відаць, аналізы) — не знайшоў здымка. «Вам не цяжка будзе яго прынесці?» — спытаў у хворай.

Ды калі б і цяжка...

Ганна пайшла.

...Жанчыну, якая рабіла ёй здымак, сустрэла каля дзвярэй: тая выходзіла са свайго кабінета. Але ж вярнулася, пабыла там, праз хвіліну-другую выйшла ў калідор да хворай, сказала: «Сохне ваш пазваночнік». — «Як сохне?! Чаму сохне?!» — спытала Ганна і, успомніўшы сваіх малых, пачала губляць раўнавагу.

Не бачыла, як вакол яе мітусіліся медыкі, як усцягвалі на крэсла — падсоўвалі нашатыр. «Не трэба так хвалявацца, — далятала да Ганны аднекуль здалёк. — Здымак ваш пакуль не гатовы: зараз дасохне, доктар паглядзіць і ўсё вам скажа».

...Ён і праўда сказаў: што трэба легчы ў бальніцу на абследаванне, што месцаў пакуль няма — прыходзьце заўтра.

...Праўду кажуць: калі нейкую хваробу лячыць, яна пройдзе за тыдзень, калі НЕ лячыць, то на гэта спатрэбіцца сем дзён.

На сёмы месца ў бальніцы ўсё яшчэ не было — Ганне трохі палепшала: захацелася нешта з'есці, нават зрабіць... І НЕ захацелася (яшчэ зноў спалохаюць — да страты прытомнасці) чакаць таго месца ў бальніцы, лажыцца на абследаванне. Таму яна сама паставіла сабе дыягназ — хранічны бранхіт — і лячылася таксама сама: ведала, як, і болей не баялася.

А вось цяперашніх хвароб ужо баіцца. Калі што якое, крый бог, то ў бальніцу, казала, абавязкова ляжа: дзеці выраслі, але пажыць усё роўна хацелася б...

Таццяна Новік,

г. Клецк

Рубрыку вядзе

Валянціна ДОЎНАР

Фота pixabay.com


Ад яе ж і яшчэ раз сумнае: «Апошнія лісткі ў календары, сыходзіць год — самотны і стары...». Агэта значыць, завяршаецца конкурс на найлепшую вясёлую і праўдзівую гісторыю, надрукаваную ў 2021-м, «малюецца» адмысловая табліца, дзе будуць пералічаны ўсе — з прозвішчамі аўтараў, з датамі публікацый... І дзе потым, ужо ў новым годзе, з'явяцца балы...

Нагадаем, што выставіць іх — свае ўласныя, вызначыць дзясятку тых, што найбольш спадабаліся, і даслаць у рэдакцыю — права кожнага з чытачоў. Дык чаму б не скарыстацца ім, не дапамагчы невялічкаму рэдакцыйнаму журы падвесці вынікі...

На пачатку 2022-га мы аб'явім іх: назавём прозвішчы пераможцаў, узнагародзім адмысловымі дыпломамі і прызамі.

Зрэшты, не будзем смяшыць бога — расказваць пра нашы планы. Будзем жыць! Пішыце.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?