Вы тут

Абласны конкурс «Я самы рэабілітаваны» прайшоў у Віцебску — для тых, хто мае інваліднасць з-за праблем са зрокам


Сярод 1,2 мільёна жыхароў паўночнай вобласці краіны — прыблізна пяць тысяч людзей з такім статусам. А ўсяго ў вобласці каля 60 тысяч людзей з абмежаванымі магчымасцямі.


Традыцыйная акцыя штогод праводзіцца камітэтам па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Віцебскага аблвыканкама сумесна з грамадскім аб'яднаннем інвалідаў па зроку.

Удзельнікі «турніру» прадэманстравалі, як яны могуць карыстацца сродкамі мабільнай сувязі, камп'ютарам, наколькі добра засвоілі шрыфт Брайля. Вельмі стараліся і падчас выпрабаванняў, калі рухаліся па вуліцах з кіем. Усім канкурсантам уручылі падарункі на памяць.

«Я самы рэабілітаваны» — адно з пацвярджэнняў таго, што пра людзей з інваліднасцю памятаюць, іх турботы і праблемы вывучаюць, што яны — частка грамадства, да меркавання якой прыслухоўваюцца, ідуць насустрач у рэалізацыі ініцыятыў.

Старшыня камітэта па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Віцебскага аблвыканкама, намеснік старшыні Віцебскага абласнога Савета дэпутатаў Аляксандр Хрыстафораў канстатуе, што народныя выбраннікі шмат увагі ўдзяляюць звядзенню да мінімуму бар'ераў ва ўсіх сферах. Людзі з інваліднасцю могуць атрымаць работу, якая адпавядае стану іх здароўя, ёсць шмат магчымасцяў для заняткаў у клубах па інтарэсах, творчых гуртках, спартыўных секцыях. Між іншым, нават тыя, хто не выходзіць з дому, могуць цікава праводзіць час, бо для іх арганізаваны «хатнія гурткі».

На Аршаншчыне вельмі цікавы вопыт стварэння валанцёрскага цэнтра падрыхтоўкі персанальнага асістэнта інваліда, які стаў першай ластаўкай у вобласці і распаўсюджваецца ў іншых раёнах. Ды і ў цэлым на поўначы краіны шмат навацый, якія пераймаюць астатнія рэгіёны.

Менавіта ў Падзвінскім краі ў кастрычніку мінулага года стартаваў пілотны праект па прымяненні новых падыходаў ва ўзаемадзеянні з тымі, у каго істотныя праблемы са зрокам.

Старшыня цэнтральнага праўлення Беларускага таварыства інвалідаў па зроку (БелТІЗ) Алег Шэпель, знаходзячыся ў Віцебску, высока ацаніў тое, што мясцовай уладай робіцца для інклюзіі. У прыватнасці, адзначыў дзейнасць Віцебскага дома-інтэрната для састарэлых і інвалідаў. Ён лічыцца ўзорным, бо тут перадавая для краіны практыка аддзялення рэабілітацыі. На працягу месяца некалькі дзясяткаў чалавек можа атрымаць багаты спектр паслуг. Сярод іх — парады псіхолагаў, медыкаў. Тут можна навучыцца кухарыць, рабіць дома рамонт і г. д. Для навучання ёсць усё неабходнае. Напрыклад, выкарыстоўваецца каля ста цеплатэхнічных прыстасаванняў.

Напярэдадні бягучай пяцігодкі па даручэнні старшыні аблвыканкама стварылі рабочую групу, удзельнікамі якой сталі кіраўнікі грамадскіх арганізацый інвалідаў, у тым ліку і па зроку. Яны агучваюць праблемы і прапановы, якія мясцовыя ўлады стараюцца рэалізаваць.

Толькі летась у Падзвінні для інвалідаў па зроку набылі 150 спецыяльных смартфонаў, 90 гадзіннікаў, больш за 40 прыстасаванняў для праслухоўвання кніг. А студэнту ВНУ вельмі дарэчы дыктафон-плэер.

Між іншым, у Віцебскім дзяржаўным універсітэце імя П. М. Машэрава студэнты і выкладчыкі паспяхова займаюцца распрацоўкай ІТ-тэхналогій, каб спрасціць жыццё людзям з праблемамі са зрокам.

У Віцебскай вобласці каля трыццаці аддзяленняў дзённага знаходжання тэрытарыяльных цэнтраў сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва, дзверы якіх адчынены для ўсіх людзей з абмежаванымі магчымасцямі, а не толькі невідушчых. Там ахвотных навучаць выкарыстоўваць сучасныя сродкі рэабілітацыі. Створана каля 80 лячэбна-працоўных майстэрняў, 60 камп'ютарных класаў.

Высокі ўзровень інклюзіўнасці ў Падзвінні ўражвае іншаземцаў, у тым ліку з краін, дзе даўно займаюцца аналагічнай справай. Нашы спецыялісты дзеляцца вопытам з расійскімі калегамі. З нарошчваннем супрацоўніцтва паміж Беларуссю і Расіяй, рэалізоўваецца ўсё больш ідэй у межах сумесных праектаў.

Аляксандр ПУКШАНСКІ

Фота Алега КЛІМОВІЧА

Загаловак у газеце: «Я самы рэабілітаваны»

Выбар рэдакцыі

Экалогія

Які інтарэс ў Беларусі ля Паўднёвага полюса

Які інтарэс ў Беларусі ля Паўднёвага полюса

Антарктыка, далёкая і блізкая.

Грамадства

Да купальнага сезона падрыхтуюць 459 пляжаў

Да купальнага сезона падрыхтуюць 459 пляжаў

Існуюць строгія патрабаванні да месцаў для купання.

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.