Вы тут

Лёгкасць быцця і радасць жыцця, або Як адчуць Новы год


У «Белпошты» — новая і, мяркуючы па ўсім, запатрабаваная паслуга — ліст ад Дзеда Мароза. Гэта калі не ты яму пішаш, а ён табе — у прыгожым «чароўным» канверце прыходзіць адмысловая паштоўка, падпісаная каліграфічным «дзедамарозаўскім» почыркам з навагоднімі пажаданнямі. Паколькі пісьмо не абы ад каго — яшчэ і падарунак невялікі ў тым канверце прыкладаецца — святочны пазлік. Карацей, для дзіцяці, якое верыць у барадатага чараўніка, нягледзячы ні на што, самае што ні ёсць матэрыяльнае пацвярджэнне, што ён насамрэч існуе. Бо тут нават бацькоў ці іншых сваякоў не западозрыш у прычыненасці да падману — яны ж і самі тое пісьмо ў рукі атрымаюць ад паштальёна, а заказаць яго ўвогуле можна праз інтэрнэт, нават на пошту не зазіраць... Такая вось выдатная прапанова падараваць малому (а можа, хто захоча, дык і даросламу) не адчуванне свята — хутчэй веру ў яго. Цана пытання — восем з нечым рублёў. А калі зможаш выдаткаваць у тры разы больш, дык твайму адрасату не толькі пісьмо — цэлы падарунак ад Дзеда Мароза паштальён прынясе...


Пасядзеўшы з паўгадзіны за камп'ютарам, я такіх пісьмаў аж тры штукі заказала і аплаціла іх тут жа ў інтэрнэт-банкінгу. Адразу прыйшоў на электронны адрас адказ: маўляў, усё правільна, заказ аформлены. Праз дзень атрымала яшчэ адно паведамленне — з указаннем нумара кожнага з заказаў, па якім я магу сачыць за іх перамяшчэннем. Карацей, шляхам невялікіх фізічных намаганняў і гэткіх самых грашовых укладанняў вырашылася пытанне, якое ў другой палове снежня стаіць,бадай, перад усім дарослым насельніцтвам краіны: чым парадаваць і здзівіць дзіця на Новы год. Бо ў тым, што нашы малыя (двое першакласнікаў і адна пяцігадовая гарэза) будуць радавацца тым пісьмам, можна нават не сумнявацца.

Што ж, можна задаволена ўздыхнуць, купіць яшчэ падарункі з цукеркамі (ужо ўласна ад сябе) і ехаць да малечы ў госці. Але нечага ўсё-ткі не хапае. А, вось яно — уласнага адчування свята і чароўнасці гэтага пераднавагодняга часу. Так-так, дакладна яго. І справа тут не ў адсутнасці снегу і марозу (бывала ўсякае), не ва ўзросце, у якім ужо верыць у цуды пад Новы год проста няёмка (верым жа, хоць трохі ўсё роўна верым, праўда?). Паклацаўшы пальцамі па клавіятуры, патузаўшы мышку на стале, яго дакладна не зловіш. Атрымліваецца, набыўшы вялікую палёгку ў арганізацыі святочнага настрою іншым, мы страчваем магчымасць стварыць яго сабе самім?..

Магчыма, да гэтага проста трэба прывыкнуць. Але ж не прывыкаецца. Размаўляла нядаўна са знаёмай, «маладой пенсіянеркай». Яна вельмі асцерагаецца ковіду і таму ў людныя месцы накшталт вялікіх магазінаў ці рынкаў не выходзіць увогуле. А тут — зазбіралася. «Трэба ж падарункі для родных купіць!». Пры гэтым на вельмі добрым узроўні валодае інтэрнэт-гандлем, шмат заказвае менавіта ў сеціве і выдатна ведае, як выбіраць тавар, як яго заказваць, аплачваць. Але ж не! «Новы год усё-ткі. Трэба яго адчуць. Лепш, чым на пераднавагоднім кірмашы, гэта нідзе не атрымаецца...» Вось так. Ужо і страх заразіцца па баку. Надзене дзве маскі на твар, але ўсё роўна пойдзе. Бо як жа яно — без адчування свята?

Думаю, яно заўсёды даросламу чалавеку патрэбна было. Узяць тыя ж карнавальныя касцюмы. Мама мне іх шыла (менавіта шыла!) аж да шостага класа. Не тое што не было грошай, каб купіць гатовую «лісу» ці «вавёрку» (хоць і ў меншай колькасці, чым цяпер, яны і сорак гадоў назад прадаваліся). Майстраванне касцюма ператваралася ў цэлы пераднавагодні рытуал. Памятаю, у нейкім часопісе матуля ўбачыла касцюм навагодняй ёлкі. Цэлы тыдзень мы адмяралі марлю, фарбавалі яе зялёнкай, рабілі з кардону аснову для марлевай сукенкі, адмысловую высокую шапку з зоркай наверсе, малявалі і выразалі з паперы «цацкі», якія пасля наклейвалі на «ёлку»... Праз гады я не памятаю, ці заняла мая «ёлка» якое месца ў конкурсе касцюмаў, але дакладна, нібы гэта было ўчора, помню адчуванне свята, якое пасялялася ў нашай хаце, як толькі мы пачыналі майстраваць той убор. І мамін звонкі смех, і яе вясёлыя вочы, у якіх загаралася гарэзлівая, бы ў дзяўчынкі, іскрынка.

Тое самае я назірала летась, калі адна маладая бабуля ўзялася майстраваць для ўнучкі на ёлку касцюм сарокі. Цэлы тыдзень галоўныя навіны па тэлефоне былі менавіта пра гэта: з чаго рабілі крылы, як прыдумалі дзюбу, які маленькі капялюшык змайстравалі, «бо гэта ж сарока — такая фарсуха»! Бабуля была ў гэты час у такім прыўзнятым настроі, што я ёй нават зайздросціла. І нават не стала ў яе пытацца, чаму тую самую «сароку» яны не знайшлі і не заказалі праз інтэрнэт. (Цяпер там такі выбар, што пры жаданні нават касцюм анаконды знойдзеш).

Канешне, усе гэтыя знаходкі прагрэсу многім з нас вельмі аблягчаюць жыццё, што ў гэты шалёны час з яго дзікімі хуткасцямі, бясспрэчна, важна. Толькі як бы ў гэтай лёгкасці быцця не страціць радасць жыцця, без якой... Карацей, без якой і Новы год — не Новы год, вось пра што хацела сказаць.

Таму паштоўкі ад Дзеда Мароза — гэта добра, гэта выдатная знаходка. Але ўсё ж на наступным тыдні я збіраюся пайсці на пошту «ножкамі», уважліва разгледзець навагоднія паштоўкі, выбраць чыстыя, на якіх няма кімсьці напісаных банальных пажаданняў. Вечарам сесці за стол, узяць звычайную ручку і панапісваць на кожнай добрыя словы блізкім людзям, паставіць дату, падпісаць «Ваша Лена». Пакласці ў канверты, напісаць дакладныя адрасы, укінуць ранкам у паштовую скрыню на слупе каля прыпынку... І нарэшце зразумець і адчуць: хутка Новы год!

Алена ЛЯЎКОВІЧ

Прэв’ю: pixabay.com

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».