Вы тут

Пярцоў: мы павінны змагацца за кожнага чытача


Мы павінны змагацца за кожнага чытача, інакш станем проста незапатрабаванымі. Такі пункт гледжання выказаў міністр інфармацыі Уладзімір Пярцоў на пленуме праўлення Беларускага саюза журналістаў, паведамляе БелТА са спасылкай на sb.by.


«Ідзе трансфармацыя журналістыкі. І наколькі адэкватна мы будзем успрымаць гэтыя змяненні і адэкватна на іх рэагаваць, ад гэтага і залежыць поспех нашай беларускай журналістыкі. Ці будзем мы заставацца лідарамі і ўплываць на грамадскае меркаванне і свядомасць людзей, ці будзем мы фарміраваць меркаванне або ж мы будзем глытаць пыл? Мы трансфармаваліся — і гэта асноўны пасыл сёння. Мы спачатку не адрэагавалі належным чынам на ўсе сучасныя выклікі журналістыкі. Чатыры гады таму Прэзідэнт, выступаючы на вялікім форуме, сказаў, што СМІ мяняюцца, але тады мы не асабліва разумелі, як менавіта яны будуць мяняцца», — сказаў міністр.

Паводле яго слоў, за гэты час ад фактаў і каментарыяў класічная журналістыка перайшла ў крыху іншую плоскасць. «Цяпер з’явіўся інтэрнэт, і ўстройствам для любога журналіста стаў мабільны тэлефон. І любы чалавек з адукацыяй або без можа лічыць сябе журналістам, з’явілася так званая грамадзянская журналістыка. Што яна нам прынесла? У першую чаргу грамадзянская журналістыка прынесла нам хуткасць падачы матэрыялу, аператыўнасць. Аднак мы атрымліваем іншы выклік — канкурэнцыя інтарэсу. Мы павінны змагацца за кожнага чытача, інакш мы станем проста незапатрабаванымі. Трэба разумець, што СМІ для ўсіх не бывае, таму мы павінны сегментаваць патрэбнасці мэтавай аўдыторыі і працаваць для яе», — адзначыў Уладзімір Пярцоў.

У сваю чаргу старшыня праўлення Беларускага саюза журналістаў Андрэй Крывашэеў выказаў некалькі асноўных тэзісаў, якія вызначаюць сёння парадак дня айчыннай журналістыкі.

«Мы бесперапынна змагаемся за суверэнную палітыку, за сваю грамадзянскую супольнасць, а адбываецца гэта ва ўмовах гібрыднай, інфармацыйнай вайны. Прычым галоўным фактарам поспеху любой рэдакцыі з’яўляюцца не тэхналогіі і тэхналагічная база, не рэсурсы і не грошы, якія мае рэдакцыя, а менавіта чалавечы капітал: якасць работы, патрыятызм, крэатыўнасць, прафесіяналізм, грамадзянская пазіцыя тых журналістаў, якія вядуць гэту інфармацыйную вайну і існуюць ва ўмовах інфармацыйнай вайны, — падкрэсліў ён. — Яшчэ адзін фактар — вяртанне да традыцыйных крыніц праверанай і праўдзівай інфармацыі: друкаваных СМІ, радыё, тэлебачання, інтэрнэт-парталаў або акаўнтаў і тых новых медыя, якія ствараюць нашы класічныя СМІ. Гэты працэс ідзе ва ўсім свеце. Мы павінны скарыстацца гэтым „вяртаннем“, каб нарасціць сваю аўдыторыю, не страціўшы даверу свайго новага чытача. Нельга забываць і пра фарміраванне аўдыторыі вакол рэдакцыі і любога таленавітага журналіста».

Фота БелТА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».