Вы тут

Нарачанская Чайка


Адметная зорка таленту Марыі Георгіеўны Захарэвіч запалілася ў Нарачанскім сузор’і асоб. Прырода Мядзельшчыны, яе людзі, карані продкаў і ёсць тая чыстая, бруістая крыніца, што натхніла і натхняе народную артыстку Беларусі, якой нядаўна споўнілася 85 гадоў.


Марыя Захарэвіч у спектаклі «Вольга» па п'есе фінскага драматурга Лаўры Руаханен.

Між іншым, аднойчы Марыя Георгіеўна сказала: «Маё жыццё ў нечым падобна на чэхаўскую Чайку…»

Як вядома, пасля тэатральна-мастацкага інстытута Марыя Захарэвіч прыйшла працаваць у Купалаўскі тэатр. І ён стаў яе адзінай любоўю на ўсё жыццё. Вось што сказаў пра сваю зямлячку народны мастак Беларусі Васіль Пятровіч Шаранговіч:

— У яе ёсць усё: унутраная абаяльнасць і знешняя прыгажосць, прыродная чуласць і далікатнасць, прага хараства і гармоніі, памножаныя на талент. Але горад не вытравіў з яе, як і з мяне, вёску. Самыя лепшыя вобразы ў Захарэвіч — беларускія жанчыны. Яна і сама вобраз! Ёй верыш на сцэне! Голас грудны, натуральны, мова чыстая, глыбінная…

Ну, вылітая чэхаўская Чайка.

Першыя крокі да жаданага вобраза Марыя Георгіеўна зрабіла яшчэ ў інстытуце. Цягнула яе да драматычных роляў, у тыя сцэны, дзе душа кіпіць цераз край. На трэцім курсе быў экзамен па маналогу. Яго трэба было здаць педагогу па сцэнічнай мове Паўлу Сцяпанавічу Малчанаву. Адно яго імя выклікала ў студэнтаў дрыжыкі. І не таму, што ён быў строгі. Проста сорамна перад такім аўтарытэтам выглядаць дылетантам.

А Марыя Захарэвіч да таго ж выбрала няпросты маналог Ніны Зарэчнай з любімай п’есы. Яна адчувала радство з гераіняй. Ніна жыла каля возера з чайкамі, і яе Навасёлкі — недалёка ад Нарачы. Абедзве хацелі стаць артысткамі.

А трэба яшчэ ўлічыць, што маналог для любога артыста — вельмі складаны сцэнічны жанр, дамінанта ролі. Артыст часцей за ўсё адзін на адзін з гледачом. На яго скіраваны тэатральныя ліхтары. Яны высвечваюць твар, рукі. Прыкмячаюцца ўсе дробязі: рух вуснаў, мірганне веек, бляск вачэй, дыханне, жэсты. О, гледачы ўсё бачаць! У момант маналогу на ім трымаецца спектакль, праяўляецца сіла акцёра, талент уплываць на публіку.

Марыя Захарэвіч назубок вывучыла складаную чэхаўскую п’есу, адчула атмасферу спектакля і з высокім пачуццём выканала маналог Ніны Зарэчнай.

Яе цягнула да сцэнічнай драмы.

На рахунку маладой актрысы ў Купалаўскім было ўжо нямала сцэнічных вобразаў у п’есах «Пакуль маладыя» Івана Мележа, «Святая святых» Іона Друцэ, «Вечар» Аляксея Дударава, «Сэрца на далоні» Івана Шамякіна, «Людзі на балоце» Івана Мележа. Аднак жыццё рыхтавала сваю драму.

Мелася адбыцца прэм’ера. Два саставы артыстаў гатовы былі выйсці на сцэну. Рыхтавалі афішы, праграмы, буклеты. У гэты час Марыя Захарэвіч атрымала тэлеграму з дому: «Прыедзь. Бацьку дрэнна…» Трэба ляцець! Стаяла снежная зіма. Віхурны баль гуляла злосная мяцеліца. Марыя выйшла з аўтобуса. Да бальніцы рукой падаць, але ж моцная завіруха, гурбы снегу. Ішла прама па дарозе, утуліўшыся тварам у каўнер чорнага футра. І раптам белай зданню на яе наляцеў аўтобус. У нейкую долю секунды кінулася ратавацца ў сумёцісты снег… Ачуняла толькі ў бальнічнай палаце. Ехала, ішла наведаць тату, а яго самога, знямоглага і схуднелага, падкацілі на калясцы да яе бальнічнага ложка. Зірнулі адно аднаму ў вочы і не стрымалі слёз…

Сцэна са спектакля «Безыменная зорка», 1973 г.

Тэлеграма прыляцела ад Івана Мележа: «Маша! Жадаю не залежвацца доўга…» Прыйшло пісьмо ад Уладзіміра Караткевіча. Доўгае, шчырае: «Ачуньвайце хутчэй. А мы Вас тут усе будзем чакаць, і спадзявацца на Вас, і верыць, што вялікага чалавека даў нам пан-бог…» Чытаю-перачытваю гэтыя лісты і зайздрошчу таму, іхняму часу, калі зналіся, верна сябравалі творчыя людзі. Калі пісаў аповесць пра заслужаную, народную артыстку Марыю Георгіеўну, яна расшчодрылася паказаць мне свой дзённік, прыгадала сустрэчы і размовы з Васілём Быкавым, Андрэем Макаёнкам. Божа, у яе, як руплівай пчолкі, назбірана ў душы столькі чалавечага мёду, што хопіць яшчэ не на адну аповесць.

Марыя Захарэвіч была на сцэне камісарам баявога карабля, багатай памешчыцай, шматдзетнай кабетай, удавой, дэпутатам, падпольшчыцай, Альжбетай, маці Паўлінкі. У марах засталася Ніна Зарэчная з «Чайкі» Чэхава. Не знайшлося смелага рэжысёра. А яшчэ Марыя Георгіеўна марыла сыграць Кацярыну ў «Навальніцы» Аляксандра Астроўскага. Што прываблівала яе ў гэтых гераінях? Яны кахалі і хацелі кахаць, былі гатовы да высокага пачуцця, не цярпелі фальшу, падману, няшчырасці. У іх вобразах Марыя Георгіеўна Захарэвіч бачыла сябе.

Быў час, калі голас Марыі Захарэвіч гучаў штодня на хвалі беларускага радыё. Хваля тая была адна-адзіная. І ўсё, што па ёй вяшчалі, даходзіла ў кожную хату. Яе называлі каралевай радыё. А сама яна лічыла радыё сваім другім домам. Народны артыст СССР, яе аднакурснік Віктар Тарасаў неяк сказаў: «Марыя нарадзілася актрысай. Паназірайце за жанчынай, калі яна чакае дзіця, у яе вачах — сполах і шчасце. Вось гэта і ёсць Марыя, калі яна атрымлівае ролю…» А Іван Шамякін адзначаў: «Мы па праве ганарымся ёй. Увесь народ ганарыцца. Такі талент трэба берагчы…»

Марыю Георгіеўну ахвотна запрашалі на здымкі фільмаў. Віктар Тураў — да экранізацыі рамана «Людзі на балоце». Яе заманілі ў свае фільмы рэжысёры Віталій Чацверыкоў, Міхаіл Пташук, Дзмітрый Зайцаў, Барыс Сцяпанаў, Вячаслаў Нікіфараў, Юрый Цвяткоў. Дубліравала на беларускую мову Людмілу Гурчанку ў фільме «Карнавальная ноч», ролі ў фільмах «Знак бяды», «Маці ўрагану» і шмат іншых.

Марыя Георгіеўна свая і сярод паэтаў. У дзяцінстве і юнацтве дыхала адным паветрам з Максімам Танкам. Іх вёскі, Навасёлкі і Пількаўшчына, не так ужо і далёка адна ад адной. Злучаны шумлівымі барамі, зялёнымі нівамі, ласінымі сцежкамі, спевамі жаўрукоў. Спавіты ў адным сузор’і азёраў, імя якому — Нарачанскі край. На творчым вечары Максіма Танка чытала Марыя Захарэвіч верш паэта пра маміны рукі:

 

Іх цалавала зямля

Сваімі пясчанымі вуснамі

І каласамі;

Неба спякотай, вятрамі,

                               дажджамі

Іх цалавала…

У гэты міг трэба было бачыць і чуць актрысу, адчуваць дыханне слухачоў. У кожны паэтычны радок яна ўкладвала нешта сваё, жаночае, магічнае, і верш набываў новыя мускулы, моцнае гучанне.

На кніжнай паліцы, у хатняй бібліятэцы Марыі Георгіеўны — кнігі з аўтографамі Пімена Панчанкі, Аркадзя Куляшова, Петруся Броўкі, Эдзі Агняцвет, Максіма Лужаніна, Еўдакіі Лось, Ніла Гілевіча, Анатоля Вярцінскага, Генадзя Бураўкіна, Раісы Баравіковай. Рыгор Барадулін пра яе:

Чытае вершы Захарэвіч,

Нібы сыходзіш на зямлю.

І звечарэеш,

Захварэеш

Жаданнем выгукнуць:

— Люблю!..

Яе, сапраўды народную, любілі і любяць, бо яна прывабная, добрая, шчырая, інтэлектуальная, сонечная, сціплая, працавітая, душэўная, настойлівая, эмацыянальная, мілая, абаяльная, даверлівая, цярплівая, галасістая, чуйная: «Я — актрыса, і ў палітыка мяне ніхто не пераробіць. Гэта іншая сфера дзейнасці. Мяне ж хвалюе разабрацца ў сутнасці чалавека, яго жыцця. Перажываю, што з твараў людзей знікае радасць, весялосць…» — гаварыла яна.

Марыю Георгіеўну ведаюць студэнты ўніверсітэта культуры і мастацтваў, дзе яна як прафесар вучыла моладзь майстэрству сцэнічнай мовы. Нейкі час, калі была вольнай ад роляў у Купалаўскім, працавала рэжысёрам-пастаноўшчыкам у Маладзечанскім абласным драмтэатры. Поспех рэжысёра замацавала ў сваім тэатры — паставіла п’есу англійскага драматурга Маё Саймана «Інструкцыя па выжыванні сталых людзей». У рэпертуар увайшла з назвай «Я цябе не пакіну». Ён стаў сюрпрызам для гледачоў, крытыкаў і нават для купалаўцаў. На сцэне ўсяго дзве гераіні, але якія! Марыя Захарэвіч і Наталля Гайда. Спектакль атрымаў міжнародныя ўзнагароды. Ён заканчваецца пажаданнямі гераінь: «Трэба жыць!.. Будзем жыць!..»

Марыя Захарэвіч чытае вершы Янкі Купалы.

Давайце ж і мы ад чытачоў «ЛіМа», усёй творчай інтэлегенцыі Беларусі пажадаем шаноўнай юбілярцы Марыі Георгіеўне Захарэвіч такога ж аптымізму на шмат, шмат гадоў. А вось што яна сама сабе жадае ў сваіх дзённікавых запісах: «Хачу, каб гледачы выходзілі з тэатра са слязамі. Але каб вочы вільгатнелі не ад жалю, перажывання, спачування да герояў (хаця і гэта добра!), а каб то былі слёзы ачышчэння, захаплення ад сустрэч з высокім мастацтвам. Мала абмываецца наша душа ўзвышаным, чароўным. Трэба абараняць у чалавеку ўсё чалавечае».

Марыя Георгіеўна ўмее трымаць пяро. Умее выношваць у душы словы. Застаецца толькі шкадаваць, што яна не піша мемуары, не занатоўвае ўспаміны пра людзей, з якімі ішла па жыцці, пра падзеі, сведкамі якіх была. Хочацца спадзявацца і верыць, што яна знойдзе калі-небудзь час, пакладзе перад сабой стос паперы, і — ажывуць думкі, перажыванні, радасці і трывогі адной з яркіх нашых сучасніц, адной з найпрывабнейшых жанчын, у вобразе якой бачыцца наша Беларусь — белая і чыстая.

І напрыканцы два бліц-пытанні юбілярцы:

— Чаго вы яшчэ хацелі б у жыцці дасягнуць ці дачакацца?

— Дачакацца таго часу, калі не будзе на свеце зла, зайздрасці, войнаў. Калі людзі сапраўды будуць як браты і сёстры.

— Вашы пажаданні гледачам.

— Каб ім хацелася бываць у тэатрах. Каб іх душы напаўняліся дабрынёй і любоўю.

Уладзімір ЛІПСКІ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».