Вы тут

(Ня)шчасце кахання і самоты


Калі чытач захоча адпачыць ад пераднавагодняй мітусні, неспрыяльнага надвор’я ці надакучлівага інфармацыйнага шуму, няхай возьме ў рукі выданне, пра якое будзе ісці гаворка далей. Кнігу прозы пра маладую пару чалавечага жыцця, пра шчасце любіць і кахаць прапаноўвае Выдавецкі дом «Звязда». Зборнік Алеся Жука пад назвай «Сок манга», які пабачыў свет сёлета, складаецца з апавяданняў і аповесцей розных часоў. Расказваем пра думкі і пачуцці, што выклікае гэтая кніга.


Сакавітыя і лаканічныя апісанні самоты праз стан прыроды — сярод вартасцей новага зборніка Алеся Жука. У апавяданні «Жонка героя» сюжэт пра адзінокую ўдаву завяршаецца адлюстраваннем цяжкай ночы гераіні: «Вецер разагнаў хмары, і над зямлёю плыла асенняя ноч, абмытая сумным, халодным месячным святлом. Пасярод лагчыны, што пачынаецца ад самае яе — канцавое — хаты, роўным лускавіннем блішчэла сажалка, і над ёй хіліліся ў наклоне зламаныя старыя вербы, нібыта цягнуліся кашчавымі рукамі галля да месяца, што нерухома застыў далёка ад берага. За сажалкаю ўзбіраўся на ўзгорак чорнымі нагамі клёнаў стары парк, з дрэў якога час ад часу зрываліся і трапяталі на ветры, летучы да сажалкі, адзінокія дрыготкія лісцікі, нібы пісьмы, поўныя адчаю і невыказнага суму, пісьмы, якім ніколі нікуды не даляцець, ніколі не быць прачытанымі…» Гэты ўрывак — адзін з многіх падобных, якія перадаюць пачуццё неўладкаванасці чалавека ў жыцці, адчуванне няўтульнасці і душэўнай пустэчы. Ілюстрацыяй становяцца творы «Дачны туман», «І сніцца сон…», «Сок манга», «Эцюды вяртання» і многія іншыя. Як вынікае, адзінокага шчасця ў сусвеце Алеся Жука не існуе.

Аднак аўтар канцэнтруе ўвагу на тым, што водгукі стану адзіноты час ад часу можа пачуць любы, напрыклад, калі зрушылася «шчаслівая душэўная раўнавага». У цёплым апавяданні «Сонечны снег», прысвечаным брату Лёню, Алесь Жук прыводзіць трапны вобраз-сінонім трывожнасці: калі нават у прыветным хатнім цяпле нібы стаіш сярод зімовага поля.

Кніга так ці інакш прымушае засяродзіцца на чымсьці сваім, звярнуць увагу на хуткаплыннасць часу, падумаць пра нешта такое простае і значнае: як адыходзіць маленства, мінае маладосць, падыходзіць сталасць — і неяк заўсёды са шматлікімі справамі і турботамі, з рэдкім ці частым роздумам пра сябе ў імклівым жыцці. Гэтыя разважанні могуць быць сапраўды адметнымі, а часам вельмі простымі і зусім не новымі: «Сонечна мігцела мора, плыў параходзік, мяняліся, плылі па гарах сонечныя жывыя фарбы, няўлоўныя, мабыць, і вопытнаму воку мастака ў сваёй цякучасці і насычанасці.

Востра адчувалася і вечнасць каменных аграмад, і вады, і часовасць, слабасць маленькага, беленькага, як трэсачка, параходзіка сярод усяго гэтага, і людзей на ім. Падумалася пра сябе самога як пра пылінку, якую невядома чаго занесла сюды, за тысячы вёрст ад усяго свайго і быццам і ад самога сябе. Але нікуды не ўцёк, чамусьці пераварушваецца ў душы ўсё жыццё, не хоча душа згаджацца і прызнавацца — што было, тое прайшло, і нічога ўжо не пераменіш…» (аповесць «І сніўся сон…»).

Пры гэтай любові да апісання настрою прыроды і адпаведанага ёй стану душы чалавека відаць, што аўтару не вельмі даспадобы доўгія дыялогі (гаворка толькі пра апавяданні, бо да аповесцей гэта не адносіцца). Ён выхоплівае некалькі неабходных рэплік, каб паказаць стасункі паміж персанажамі: ці блізкія яны, ці даверныя, ці цёплыя. Астатняе — справа ненавязлівых павольных адлюстраванняў, за якімі хаваецца нешта большае, чым проста прыгожыя словы, з дапамогай якіх Алесь Жук трансліруе карцінку свету і самога сябе ў гэтым свеце. Гэтая своеасаблівая метафарычнасць заўсёды прымушае дадумваць нешта сваё, аналізаваць і станавіцца суаўтарам.

Вельмі часта ў зборніку «Сок манга» побач з самымі рознымі гісторыямі людзей ідзе размова пра каханне, як правіла, балючае, горкае і, натуральна, непадуладнае нікому. І, трэба сказаць, цяжкія хвіліны гэтага стану паддаюцца апісанню пісьменніка лепей, чым шчаслівыя. Варта параўнаць:

«— Ты ж толькі за намі не ўздумай ехаць, — наказала яна.

І Голуб не разумеў, ці яна гаворыць сур’ёзна, ці хоча пахваліцца перад сваімі спадарожніцамі — трыма вясковымі жанчынамі, — як ён кахае яе. Ён адчуў, што яму становіцца горача і хочацца закрыць рукою прыгожы белазубы рот.

— Ладна, — толькі і знайшоўся адказаць ён і асцярожна зачыніў дзверцы» (апавяданне «Водсветы зорак»).

І крыху дзіўнаваты, але ўвогуле нічым не прыкметны наступны ўрывак: «Ігралі павольнае танга. Ён не адчуваў Веру, толькі лёгенькі дотык яе грудзей і свежы дзявочы пах мытых валасоў. Ад гэтага паху, здавалася, усё больш і больш пачынала кружыцца ў галаве. Трэба было пра нешта гаварыць, але не знаходзіліся ні словы, ні пра што гаварыць. Ён адчуваў сябе нечакана вялікім і дужым і стараўся як абараніць, атуліць Веру рукамі, і гэтае адчуванне яе побач не давала яму прыдумаць тыя патрэбныя, простыя і лёгкія словы. Павінен быў хутка кончыцца танец, і гэтая думка пужала яго, і ён не мог звязаць хоць некалькі слоў» («І сніўся сон…»).

Катэгорыя часу гэтай павольнай па сваёй сутнасці прозы заслугоўвае асобнай гаворкі. Які б твор чытач ні адкрыў — крыху складана зразумець, што перад ім: ці то хрушчоўская адліга, ці то эпоха «застою», а што гэта перыяд СССР — дакладна (дарэчы, пытанне пра месца дзеяння не паўстае: улюбёнае месца дзеяння пісьменніка — вёска, што, вядома, невыпадкова). Ніякіх намёкаў на сучаснасць няма, хіба пры жаданні тыя ці іншыя гісторыі, дзе адсутнічаюць канкрэтныя адзнакі часу, можна з нацяжкай аднесці да дня сённяшняга ці хаця б учарашняга. Гэта здзіўляе: усё ж у зборніку, які выйшаў сёлета, хацелася б убачыць погляд на жыццё чалавека цяперашняга веку. Прытым гэтую заўвагу можна лічыць часткова пабочнай: усё ж Алесь Жук не разважае пра сацыяльна-палітычнае становішча краіны ў розныя эпохі, не дае ацэнку тым ці іншым з’явам мінулага (яны хоць і ўплываюць на існаванне герояў, але не вельмі істотна), не кажучы ўжо пра сучаснасць. Клопат пісьменніка — паказаць лёс чалавека, адлюстраваць яго часам у найгоршыя часіны. Найлепшым жа (з агаворкай, што падзеі гісторыі тут сыгралі значную ролю) падаецца адно з першых апавяданняў у зборніку пад назвай «Жонка героя», найбольш шчымлівае, дакладнае і выразнае.

Яўгенія ШЫЦЬКА

Выбар рэдакцыі

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.