Вы тут

​Сенатары падтрымалі Ігара Карпенку на пасадзе старшыні ЦВК і абралі шэсць членаў Цэнтрвыбаркама


Прызначанага кіраўніком краіны старшыню ЦВК Ігара Карпенку, згодна з заканадаўчай працэдурай, павінны ўзгадніць члены Савета Рэспублікі.


— Я ўдзячны Кіраўніку дзяржавы за аказаны мне давер. Разумею ўсю адказнасць, якую нясе старшыня ЦВК па правядзенні рэспубліканскаму рэферэндуму, — звярнуўся да сенатараў Ігар Карпенка. — З прыняццем магчымых паправак у Канстытуцыю, нам прыйдзецца сур’ёзна працаваць у заканадаўчай галіне выбарчага права. Тут я спадзяюся на падтрымку дэпутацкага корпуса, членаў Савета Рэспублікі і ўсіх, хто прымае ўдзел у выбарчым працэсе.

Ён адзначыў, што сярод задач: аналіз існуючага айчыннага вопыту і іншых краін, каб выбудаваць сваю нацыянальную выбарчую сістэму ў інтарэсах беларускага грамадства і суверэнітэту дзяржавы.

— Я не па чутках ведаю гэтую працу, таму што працаваў у камітэтах гарадской камісіі, доўгі час удзельнічаў у дзейнасці ўчастковых камісій у якасці дэпутата Палаты прадстаўнікоў. На гэтую пасаду я абіраўся двойчы, таму ўвесь выбарчы працэс я бачыў і з іншага боку, — расказаў аб сваім вопыце Ігар Карпенка. — Я разумею ўвесь гэты працэс як ён працуе знутры. Таму з апорай на новую каманду, на членаў камісіі, на апарат усе зацікаўленыя бакі выбарчага працэсу будуць выконваць сваю працу сумленна, добрасумленна, у адпаведнасці з нашай Канстытуцыяй і заканадаўствам.

Як адзначыў намеснік кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Ігар ЛУЦКІ, даючы ацэнку кандыдатуры новага старшыні ЦВК, Ігар Карпенка – вядомы ў краіне чалавек, моцны, падрыхтаваны кіраўнік, які прайшоў добрую кіраўніцкую школу.

— Ён праявіў свае лідарскія і арганізатарскія здольнасці падчас работы на кіруючых пасадах у сістэме вышэйшай адукацыі. Затым паспяхова працаваў у органах заканадаўчай і выканаўчай улады, узначальваў Пастаянную камісію Палаты прадстаўнікоў па міжнародных справах і сувязях з СНД, быў намеснікам старшыні Мінгарвыканкама, міністрам адукацыі.

Ён падкрэсліў, што Ігар Карпенка прадэманстраваў высокі прафесіяналізм, уменне знаходзіць найбольш эфектыўныя шляхі вырашэння пастаўленых задач. Ён шчыра перажывае за лёс краіны.

— Ігар Васільевіч таксама вядомы сваёй актыўнай грамадскай пазіцыяй. Неаднаразова прымаў удзел у арганізацыі і правядзенні выбарчых кампаній. У 2006 і 2010 гадах узначальваў Мінскую гарадскую выбарчую камісію па выбарах Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. Цесна ўзаемадзейнічаў з Цэнтрвыбаркамам у перыяд працы ў Мінгарвыканкаме. На практыцы ўжываў нацыянальнае выбарчае заканадаўства, — адзначыў Ігар Луцкі.

Ён выказаў упэўненасць, што спецыфіка дзейнасці Цэнтральнай выбарчай камісіі новаму старшыні вядомая, таму ён можа адразу ўвайсці ў працоўны выбарчы працэс.

— Ігар Карпенка ўзначаліць Цэнтрвыбаркам ў вельмі няпросты і адказны перыяд, бо ў самы бліжэйшы час трэба будзе арганізаваць рэспубліканскі рэферэндум па змяненні Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, — нагадаў Ігар Луцкі і выказаў меркаванне, што з гэтай і іншымі важнымі задачамі ўвесь абноўлены склад ЦВК пад кіраўніцтвам Ігара Карпенкі паспяхова справіцца.

Сенатары падтрымалі яго кандыдатуру аднагалосна.

Як паведаміў старшыня Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі па заканадаўстве і дзяржаўным будаўніцтве Сяргей СІВЕЦ, 21 снежня 2021 года завяршаецца тэрмін паўнамоцтваў членаў Цэнтральнай выбарчай камісіі, які абмежаваны пяццю гадамі. У адпаведнасці з Выбарчым кодэксам, абласныя выканаўчыя камітэты ў склад ЦВК рэкамендавалі наступныя кандыдатуры:

— ГУРЖЫЙ Андрэй Анатольевіч, першы намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення, начальнік адзела арганізацыйна-метадычнай работы галоўнага ўпраўлення юстыцыі Гомельскага аблвыканкама;

— ДАРАШЭНКА Вольга Леанідаўна, намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення юстыцыі Магілёўскага абласнога выканаўчага камітэта, начальнік аддзела прававога забеспячэння дзейнасці Магілёўскага аблвыканкама;

— ЛАСЯКІН Аляксандр Міхайлавіч, дырэктар установы адукацыі Віцебскага дзяржаўна-тэхнічнага каледжа;

— КУНЦЭВІЧ Алена Канстанцінаўна, першы намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення арганізацыйна-кадравай работы Мінскага аблвыканкама;

— ТКАЧОЎ Аляксандр Генадзевіч, намеснік генеральнага дырэктара па бяспецы, рэжыму і кадрам рэспубліканскага ўнітарнага прадпрыемства вытворчага аб’яднання «Беларусьнафта»;

— ФЕДАСЕНКА Кацярына Аляксандраўна, начальнік аддзела па рабоце са зваротамі грамадзян і юрыдычных асоб Гродзенскага аблвыканкама. 

— Згодна з заканадаўствам, Цэнтральная камісія ствараецца з грамадзян Рэспублікі Беларусь, якія маюць як правіла вышэйшае. Усе кандыдаты — грамадзяне Рэспублікі Беларусь, якія маюць вышэйшую, у тым ліку юрыдычную адукацыю, а таксама вопыт у арганізацыі і правядзенні выбарчых кампаній рознага ўзроўню, — паведаміў калегам Сяргей Сівец. — Пры гэтым Гуржый Андрэй Анатольевіч, Дарашэнка Вольга Леанідаўна і Ласякін Аляксандр Міхайлавіч уваходзяць у дзеючы склад Цэнтральнай камісіі Рэспублікі Беларусь па выбарах і правядзенні рэспубліканскіх рэферэндумаў. 

Шляхам тайнага галасавання члены Савета Рэспублікі аднагалосна пагадзіліся з прапанаванымі кандыдатурамі.

Вольга АНУФРЫЕВА

Фота БелТА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».