Вы тут

Данільчык: Айчыннае радыёэлектроннае ўзбраенне адпавядае сусветным стандартам


Вопыт апошніх войнаў і ўзброеных канфліктаў паказаў, што радыёэлектронная барацьба — неад'емная частка шматлікіх аперацый і баявых дзеянняў самых розных маштабаў. Без радыёэлектронных сродкаў нельга ўявіць і мірнае жыццё. Дзякуючы ім, мы сёння можам абменьвацца інфармацыяй на любых адлегласцях, а таксама ў розных умовах. Як сёння развіваюцца сродкі радыёэлектроннай барацьбы і чаму без іх немагчыма ўявіць сучасную армію, расказаў начальнік упраўлення радыёэлектроннай барацьбы Генеральнага штаба Узброеных Сіл Беларусі палкоўнік Ігар Данільчык.


— Ігар Іванавіч, у ваенна-палітычным плане год быў напружаны. Як ён прайшоў для вашых войскаў?

— Год мы завяршаем з добрымі вынікамі. Напярэдадні вялікіх асенніх манеўраў «Захад-2021» правялі сумеснае спецыяльнае вучэнне разам з расійскімі калегамі. Прычым яно выпала на той перыяд, калі мы перажывалі спёку, неўласцівую для нашай краіны. Гэта дало магчымасць выпрабаваць усю нашу новую тэхніку ва ўмовах кліматычных перападаў. Немагчыма было знаходзіцца ў машынах старога парку, людзі працавалі на знос. Вытрымалі ўсе, нават нашы далікатныя дзяўчаты, якія ў такіх складаных умовах выканалі свае задачы на «выдатна». З новай тэхнікай, забяспечанай клімат-кантролем, працаваць больш камфортна: тэмпература, выстаўленая аператарам, падтрымліваецца ў любых умовах. Выпрабавалі тэхніку на стрэсаўстойлівасць, праверылі яе функцыянальнае прызначэнне. Мы яшчэ раз пераканаліся ў тым, што разам з Ваенна-прамысловым камітэтам мы стварылі годную тэхніку, якая мае ўжо сваё імя ў свеце, нам не сорамна, што ў нашых руках узбраенне, якое адпавядае найлепшым сусветным стандартам. І самае галоўнае, што гэтую найскладанейшую тэхніку мы ўмеем эксплуатаваць. Калі б не было навучаных экіпажаў, гэта ўсё пераўтварылася б у груду жалеза.

— Спецыялістаў радыёэлектроннай барацьбы называюць «інтэлектам» беларускай арміі: высокаадукаваныя ваеннаслужачыя ў любы момант здольныя выявіць радыёперашкоду або, наадварот, стварыць яе, каб дэзарыентаваць праціўніка. Хто сёння папаўняе шэрагі высокаінтэлектуалаў?

— Сёлета ў сувязі з пераходам з чатырохгадовага на пяцігадовае навучанне ў Ваеннай акадэміі быў двайны выпуск, таму афіцэраў мы атрымалі больш, чым звычайна. Акрамя таго, трыдыцыйна прызываем у свае войскі хлопцаў, якія скончылі ваенную кафедру грамадзянскіх ВНУ, у прыватнасці БДУІРа. Прыходзяць да нас і афіцэры, якія, адслужыўшы патрэбны тэрмін, застаюцца ў арміі. Галоўнае, каб у чалавека было жаданне вывучаць новае, павышаць сваю кваліфікацыю і ўвесь час удасканальвацца. Калі ж спецыяліст дасягнуў пэўнага ўзроўню і лічыць, што яму гэтых ведаў дастаткова, у нас яму не месца. Тэхніка і тэхналогіі настолькі імкліва развіваюцца, што калі застацца на папярэднім узроўні, то далёка наперад не пойдзеш.

— Якімі апошнімі навінкамі, што паступілі на ўзбраенне ў войскі радыёэлектроннай барацьбы, можаце пахваліцца?

— Раней, калі магчымасці навукі і прамысловасці былі не такімі шырокімі, як цяпер, і мікраэлектроніка з'яўлялася менш развітой, нашы ўзоры тэхнікі РЭБ мелі даволі вузканакіраваную спецыялізацыю. Калі ўзяць увесь дыяпазон ультракаротніх хваляў (ад 30 да трох тысяч мегагерц), то ў гэтым дыяпазоне ў нас было некалькі відаў тэхнікі. Цяпер жа ёсць тэхніка, якая дазваляе закрыць поўнасцю ўвесь дыяпазон ультракароткіх хваляў і нават вышэй (да шасці тысяч мегагерц) — і гэта ўсё адным узорам, які валодае магчымасцямі мінімум роты радыёперашкод старога парку. Дзве машыны, якія працуюць у адной звязцы, па факце могуць працаваць як асобны батальён. Той жа комплекс «Удар-АСП» закрывае ўсе нашы жаданні і здольны супрацьстаяць любым сучасным відам сувязі. Але мы не расслабляемся, бо сродкі сувязі ў віртуальнага праціўніка таксама ўдасканальваюцца. На ўзбраенне паступіла новая тэхніка, якая разлічана на сродкі мабільнай сувязі, паколькі гэта адзін з асноўных відаў сувязі, у тым ліку на полі бою. Ёю карыстаюцца ўсе, таму мы павінны ўлічваць гэты момант і думаць, як супрацьдзейнічаць. Вясной чакаем паступленне на ўзбраенне вопытна-канструктарскай распрацоўкі «Кветка» айчыннай вытворчасці, якая дазволіць нам атрымаць новы магутны комплекс перашкод у галіне кароткахвалевай радыёсувязі.

— Завяршаецца работа па будаўніцтве і ўводзе ў эксплуатацыю Цэнтра радыёманіторынгу Узброеных Сіл. Якія задачы будуць стаяць перад ім?

— Аналагічныя сістэмы ёсць у Беларускай дзяржаўнай інспекцыі электрасувязі. Наша задача — арганізаваць дакладную работу і ўзаемадзенне паміж двума цэнтрамі, каб праблемы па выключэнні ўзаемных ненаўмысных радыёперашкод вырашаліся больш аператыўна. Акрамя таго, мы будзем сачыць за парадкам у радыёэфіры, каб усе маглі карыстацца выгодамі цывілізацыі: каб у хаце ішоў тэлевізар і на экране не было перашкод, каб у нашых руках была надзейная сувязь у выглядзе тэлефона і пры гэтым мы добра чулі свайго суразмоўцу. Акрамя таго, на цэнтр будуць ускладзены функцыі пошуку і ліквідацыі ненаўмысных перашкод, правядзення шматлікіх інжынерна-тактычных разлікаў для таго, каб размясціць новыя радыёэлектронныя сродкі на мясцовасці, кантролю забеспячэння электрамагнітнай сумяшчальнасці на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь.

— Парушальнікамі электрамагнітнага асяроддзя часта з'яўляюцца беспілотныя лятальныя апараты...

— Тут праблема ляжыць у заканадаўчай плоскасці: неабходна навесці парадак у карыстанні беспілотнымі лятальнымі апаратамі, асабліва ў побытавай дзейнасці. Справа ў тым, што квадракоптары цяпер можна купіць у любой краме цацак. Таму, каб зламыснік не меў простага доступу займець гэты апарат, карыстанне беспілотнікамі трэба пакласці ў законнае юрыдычнае рэчышча. Праўда, большасць усё-такі набывае беспілотныя лятальныя апараты для таго, каб зрабіць сваё жыццё найцікавейшым, аднак гэта ніякім чынам не павінна перашкаджаць працы дзяржаўных органаў і сілавых структур. У плане сілавых уздзеянняў, за што мы, рэбаўцы, адказваем, у нас ёсць тэхніка, здольная ажыццяўляць супрацьдзеянне любым беспілотным лятальным апаратам. Сур'ёзныя лятальныя апараты-парушальнікі трапяць пад уздзеянне не толькі сродкаў радыёэлектроннай барацьбы, але і сродкаў супрацьпаветранай абароны. Асноўная праблема — выяўленне лятальных апаратаў малога класа. Яны маюць вельмі малую эфектыўна адлюстроўваемую паверхню і для сродкаў супрацьпаветранай абароны з-за сваіх габарытаў могуць з'яўляцца невідзімкамі. У гэтым выпадку большая надзея на сродкі радыёэлектроннай барацьбы, якія дазволяць іх выявіць, а далей прыняць рашэнне па спыненні дзеянняў — у нас ёсць сучасныя сродкі радыёэлектроннай барацьбы, якія дазваляюць гэта рабіць. Акрамя таго, у нашых інтарэсах вядзецца вопытна-канструктарская распрацоўка «Эгіда», якая дазволіць выконваць вузкаспецыялізаваную задачу па падаўленні шматлікіх дронаў нана-, мікра-, міні-класа. Гэта ў дадатак да таго, што ў нас ужо існуе. Практыка паказвае: ёсць сэнс у стварэнні вузкаспецыялізаваных сродкаў для выканання канкрэтнай задачы.

— Наколькі карысны міжнародны вопыт у развіцці войскаў радыёэлектроннай барацьбы?

— У нас добрае ўзаемадзеянне налажана з калегамі з Расійскай Федэрацыі. Яны маюць баявы вопыт, якім ахвотна з намі дзеляцца. Акрамя таго, сочым за тымі тэндэнцыямі ў развіцці РЭБ, якія назіраюцца ў нашых партнёраў. Аднак не думаю, што ў гэтым плане мы ў чымсьці ім саступаем. Беларусь у развіцці сродкаў радыёэлектроннай барацьбы знаходзіцца ў сусветным трэндзе. Наша тэхніка карыстаецца попытам на міжнароднай арэне. У прыватнасці, узбраенне, якое ствараецца прадпрыемствам «КБ Радар», станцыі перашкод «Граза», актыўна прадаецца на блізкаўсходнім рынку і ў іншых рэгіёнах, пры гэтым яны выйгралі жорсткую канкурэнтную барацьбу з сусветнымі вытворцамі еўрапейскіх і амерыканскіх краін.

Вераніка КАНЮТА

Загаловак у газеце: Служба з акцэнтам на інтэлект

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.