Вы тут

Прайшоў круглы стол, прысвечаны ўзаемадзенню царквы і Узброенных Сіл


Мітрапаліт Мінскі і Заслаўскі Веніямін, Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі таксама прыняў удзел у круглым стале «Беларуская праваслаўная царква — Узброеныя Сілы і іншыя воінскія фарміраванні Рэспублікі Беларусь: аспекты ўзаемадзеяння і перспектывы развіцця», які днямі адбыўся ў Цэнтральным доме афіцэраў. Прадстаўнікі духавенства і сілавых структур краіны абмеркавалі пытанні ўдасканалення ўзаемадзеяння Узброеных Сіл і іншых воінскіх фарміраванняў з Беларускай праваслаўнай царквой, а таксама аспекты духоўна-маральнага выхавання ў кантэксце сучасных выклікаў і пагроз.


Фота: «Ваяр».

Кіраўнік Беларускай праваслаўнай царквы паведаміў, што ў наступным годзе будзе адзначацца 30-годдзе супрацоўніцтва Беларускай праваслаўнай царквы з сілавымі структурамі краіны. «Векавая гісторыя Беларусі сведчыць, што праваслаўе заўсёды з'яўлялася духоўнай асновай менталітэту беларускага народа, хрысталюбівага воінства абаронцаў Айчыны, — заўважыў мітрапаліт Веніямін. — Зварот воінства да духоўных хрысціянскіх ісцін і патрыятычных каштоўнасцяў за ўсе гэтыя гады знаходзіў і знаходзіць разуменне і падтрымку з боку Міністэрства абароны, Дзяржаўнага пагранічнага камітэта, камандавання ўнутраных войскаў, іншых сілавых структур. Гэта стала дзейсным стымулам да развіцця нашага ўзаемадзеяння, якое будуецца на прынцыпах выканання заканадаўства Беларусі, павагі права ваеннаслужачых на свабоду сумлення, уліку асаблівасцяў воінскай службы, павагі канфесійнай і ваенна-прафесійнай культуры, традыцыях праваслаўнай царквы і органаў сістэмы забеспячэння бяспекі».

Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі падкрэсліў, што ўзаемадзеянне сілавых структур і праваслаўнай царквы добра ўплывае на маральны клімат у воінскіх калектывах, натхняе ваеннаслужачых на шчырае і добрасумленнае выкананне абавязкаў воінскай службы. «Час пераканаўча паказаў, што абсалютная большасць вайскоўцаў мае патрэбу ў пастарскім акармленні, — адзначыў мітрапаліт. — У іх узнікла цікавасць да духоўных ведаў, бо яны бачаць рэальную сувязь са сваім жыццём. Сёння знаходжанне святароў у воінскіх часцях і падраздзяленнях вельмі неабходнае. Назіраецца станоўчая дынаміка ў развіцці добрасуседскіх адносін паміж праваслаўнымі прыходамі і воінскімі часцямі».

— Сацыялагічныя даследаванні пацвярджаюць, што Узброеныя Сілы і рэлігійныя канфесіі — тыя дзяржаўныя інстытуты, якія маюць вельмі высокі ўзровень даверу ў нашых грамадзян, — заявіў Упаўнаважаны па справах рэлігій і нацыянальнасцяў Аляксандр РУМАК. — Людзям у пагонах, членам іх сем'яў таксама важная духоўная падтрымка ў гэты вельмі няпросты час. Неабходным з'яўляецца і фарміраванне маральнай матывацыі да воінскай службы. Цяпер дастаткова часта даводзіцца чуць, што многія маладыя людзі не разглядаюць для сябе магчымасць служыць ва Узброеных Сілах. Каб малады чалавек усвядоміў важнасць воінскага абавязку, неабходны ўдзел у гэтым і святароў. Абараняць сваю Радзіму — хрысціянская традыцыя. У цяперашні час, калі ў свеце існуе шмат ваенна-палітычных пагроз, вельмі важна, каб кожны чалавек, грамадзянін нашай краіны разумеў, што ёсць такі абавязак — абараняць Радзіму.

Па словах памочніка міністра абароны па ідэалагічнай рабоце — начальніка галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы Міністэрства абароны генерал-маёра Леаніда КАСІНСКАГА, праваслаўная царква заўсёды была правадніком хрысціянскіх і агульначалавечых каштоўнасцяў, якія маюць ключавое значэнне ў воінскай дзейнасці і ваенным супрацьборстве. «Сёння ў шэрагу краін на еўрапейскім кантыненце адбываецца разбурэнне сістэмы традыцыйных маральных каштоўнасцяў, — акцэнтаваў увагу прадстаўнік абароннага ведамства. — Беларусь знаходзіцца ў адкрытай інфармацыйнай прасторы, і ўсе мы сутыкаемся з комплексам праблем, звязаных з уздзеяннем на свядомасць людзей. Гэта адлюстроўваецца, у прыватнасці, на прызыўным кантынгенце. Перш за ўсё, адзначаецца прагматызацыя свядомасці і папулярызацыя ідэй спажывецкага грамадства. Гэта знайшло адлюстраванне ў размыванні ў грамадскай свядомасці грамадзян такой фундаментальнай каштоўнасці, як патрыятызм, зніжэнне гатоўнасці грамадзян да абароны незалежнасці, тэрытарыяльнай цэласнасці, суверэнітэту і канстытуцыйнага строю Рэспублікі Беларусь. Работа, якая праводзіцца ў межах умацавання маральна-псіхалагічнага стану ваеннаслужачых, паказала, што ў нашай краіне няма недахопу ў патрыётах, а Узброеныя Сілы, іншыя воінскія фарміраванні з гонарам выконваюць ускладзеныя на іх задачы».

Як рэзюмаваў начальнік упраўлення інфармацыі галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай абароны Міністэрства абароны палкоўнік Вадзім ЛУКАШЭВІЧ, удзел ваеннага ведамства ў круглым стале дазволіў нам падзяліцца найбагацейшым вопытам сумеснай работы з Беларускай праваслаўнай царквой і з нашымі калегамі па сілавым блоку. «Пэўны вопыт іх работы мы запазычылі і для сябе, — канстатаваў прадстаўнік абароннага ведамства. — Сумесная работа Узброеных Сіл з Беларускай праваслаўнай царквой мае найважнейшую ролю, асабліва сёння, ва ўмовах сучасных выклікаў і пагроз. Мы добра бачым, што наша Беларусь адчувае наймагутнейшае інфармацыйна-псіхалагічнае ўздзеянне звонку. Мы бачым вялізную ролю Беларускай праваслаўнай царквы ў першую чаргу ў фарміраванні паважлівага стаўлення да абароны Айчыны, да арміі, выхавання грамадзяніна-патрыёта, фарміраванні высокіх духоўна-маральных якасцяў чалавека. Гэта вельмі важна ў сучасных рэаліях абстаноўкі, якая складваецца, калі звонку нам спрабуюць навязаць чужую ідэалогію і сістэму каштоўнасцяў».

Вераніка КАНЮТА

Загаловак у газеце: Абараняць Радзіму — гэта па-хрысціянску

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».