Вы тут

Генерал-маёр Алег Воінаў: Перыяд «адлігі» скончыўся


Генерал-маёр Алег Воінаў, начальнік Дэпартамента міжнароднага ваеннага супрацоўніцтва — памочнік міністра абароны па пытаннях міжнароднага ваеннага супрацоўніцтва:


— У 2020 годзе чарговы перыяд «адлігі» ў адносінах паміж нашай дзяржавай і калектыўным Захадам скончыўся. Суседнія краіны сталі яшчэ больш інтэнсіўна нарошчваць кантынгенты ў непасрэднай блізкасці ад Рэспублікі Беларусь і ўжо напрамую называюць нашу дзяржаву, а не толькі Расію, у якасці крыніцы пагроз. Фактычна поўнасцю згортваецца ваеннае супрацоўніцтва Беларусі і дзяржаў — членаў Еўрапейскага саюза і НАТА. І адбываецца гэта не па нашай ініцыятыве.

У сітуацыі, якая склалася, як ніколі выразна мы бачым неабходнасць захавання дамоўленасцяў у сферы кантролю над узбраеннямі і перш за ўсё ў адносінах да суседніх дзяржаў: іншых варыянтаў супрацоўніцтва проста не засталося. Характэрна, што разуменне таго, што акно для дыялогу павінна захоўвацца, ёсць і ў НАТА. Нягледзячы на згортванне практычных мерапрыемстваў супрацоўніцтва з намі, альянс заявіў аб магчымасці захавання ўзаемадзеяння па пытаннях, якія датычацца кантролю над узбраеннямі, мер умацавання даверу і бяспекі. Але, як аказалася, не ўсе дзяржавы — члены НАТА гатовы ісці далей заяў, сфармуляваных кіраўніцтвам гэтага ваенна-палітычнага блоку.

З канца кастрычніка 2021 года Рэспубліка Польшча працягвае нарошчваць колькасць вайскоўцаў, размешчаных на беларуска-польскай граніцы. Па афіцыйных даных польскага боку, у цяперашні час каля нашай граніцы засяроджана не менш чым 15 тысяч ваеннаслужачых Войска Польскага (гэта без уліку асабовага складу іншых сілавых ведамстваў). Польскі бок неаднаразова быў праінфармаваны аб тым, што размяшчэнне такога значнага кантынгенту ўздоўж беларуска-польскай граніцы выклікае ў нас глыбокую заклапочанасць і патрабуе, на нашу думку, дзеянняў у адпаведнасці з Венскім дакументам 2011 года і Наборам дадатковых да Венскага дакумента 1999 года мер па ўмацаванні даверу і бяспекі, прынятых Беларуссю і Польшчай у 2004 годзе.

Міністэрства абароны Беларусі прапаноўвала польскаму боку запрасіць беларускіх прадстаўнікоў для назірання за ваеннай дзейнасцю ў прыгранічным раёне ў адпаведнасці з палажэннямі Набору дадатковых мер. Іншым варыянтам магло быць наведванне беларускімі прадстаўнікамі раёнаў на польскай тэрыторыі, у адносінах да якіх існуюць падставы для заклапочанасцяў. Польскаму боку таксама неаднаразова прапаноўвалася правесці двухбаковую рабочую сустрэчу па лініі верыфікацыйных органаў з мэтай удакладнення шэрагу пытанняў, якія датычацца нарошчвання польскага кантынгенту на граніцы з Рэспублікай Беларусь і выпрацоўкі парадку далейшай сумеснай работы, накіраванай на зніжэнне ўзроўню напружанасці. На жаль, польскія калегі працягваюць настойваць, што практычна два дзясяткі тысяч вайскоўцаў разам з сур'ёзнай ваеннай тэхнікай не ажыццяўляюць ніякай ваеннай дзейнасці, а знаходзяцца каля нашых граніц толькі з мэтай аказання супрацьдзеяння мігрантам, якія спрабуюць трапіць у Заходнюю Еўропу ў пошуках лепшага жыцця.

Не менш непакоіць і сітуацыя на паўднёвым напрамку. Некалі шчыльныя ваенныя кантакты з Украінай з 2014 года фактычна пастаўлены на паўзу. І зноў не з нашай ініцыятывы. Неаднойчы нам даводзілася звяртацца да ўкраінскага боку і па тлумачэнні ў сувязі з інфармацыяй, якая з'яўлялася ў СМІ, аб мерапрыемствах баявой падрыхтоўкі, аб фарміраванні новай воінскай часці ў зоне прымянення мер даверу і бяспекі. Ва ўмовах фактычнага спынення двухбаковых кантактаў па ваеннай лініі фіксуюцца неаднаразовыя парушэнні ўкраінскім бокам Дзяржаўнай граніцы Рэспублікі Беларусь у паветранай прасторы. Да задач беларускіх Ваенна-паветраных сіл і войскаў супрацьпаветранай абароны адносіцца недапушчэнне беспакаранага парушэння парадку выкарыстання паветранай прасторы любымі лятальнымі апаратамі, незалежна ад іх дзяржаўнай або ведамаснай прыналежнасці. Мы не паддаёмся на правакацыі, але папярэдзілі суседнія дзяржавы, што ў выпадку далейшых падобных супрацьпраўных дзеянняў у адносінах да нашай краіны гатовы дзейнічаць рашуча і жорстка.

Суседзяў не выбіраюць. З суседзямі заўсёды найбольш блізкія гістарычныя, эканамічныя і культурныя сувязі. Ды і знайсці агульную мову ў прамым і пераносным сэнсе заўсёды прасцей. Хацелася б сказаць нашым суседзям: мы ў вас назаўжды. Давайце разам рабіць наш рэгіён стабільным і спакойным. Трэба толькі захацець і пачаць, дакладней, працягнуць. Беларусь настроена на сяброўства і ўзаемапавагу. Настроена на мір!

Вераніка КАНЮТА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».