Вы тут

Інклюзіўны праект «Карціны, якія ажылі» прадстаўлены ў Нацыянальным мастацкім музеі


У Нацыянальным мастацкім музеі адбылася прэзентацыя сацыяльна-інклюзіўнага праекта «Карціны, якія ажылі». Асноўная мэта — дапамагчы людзям з парушэннямі слыхавога апарату пазнаёміцца са здабыткамі айчыннага і сусветнага мастацтва. Адзначым, што ў Рэспубліцы Беларусь аналагаў такіх распрацовак пакуль няма. Праект быў здзейснены дзякуючы супрацоўніцтву Інстытута інклюзіўнай адукацыі БДПУ з Нацыянальным мастацкім музеем.


Падчас адкрыцця мерапрыемства Уладзімір Пракапцоў, дырэктар Нацыянальнага мастацкага музея, адзначыў:

— Напярэдадні Новага года наш музей разам з Беларускім дзяржаўным педагагічным універсітэтам імя Максіма Танка зрабіў такі падарунак наведнікам. Прэзентацыя праекта сведчыць аб тым, што сёння ў нас няма ніякіх перашкод у частцы пазнання твораў мастацтваў. Галоўная місія нашага музея — даступнасць для ўсіх.

Працуе ўсё наступным чынам: трэба праз тэлефон адсканаваць QR-код, які знаходзіцца побач з карцінай. Спасылка вядзе да You-Tube-канала музея, дзе сабраны відэаролікі, у якіх сурдагід распавядае не толькі гісторыю стварэння мастацкага твора, але і знаёміць наведвальніка з біяграфіяй мастака і тэхнікамі, якімі ён карыстаўся. Пакуль перакладзена 15 карцін. На першы погляд можна падумаць, што гэта няшмат. Але, па словах вядучага навуковага супрацоўніка музея Надзеі Усавай, усё не так проста, як здаецца на першы погляд. Надзея Усава ўдзельнічала ў праекце «Карціны, якія ажылі» з самага пачатку — пісала тэксты, якія потым павінен быў перакласці сурдагід. Складанасці пачаліся амаль адразу: спачатку не маглі знайсці перакладчыка, а потым высветлілася, што шмат навукова-мастацкіх тэрмінаў проста немагчыма перакласці. Напрыклад, не ведалі, як растлумачыць, што такое імпрэсіянізм. За хуткімі, дзвюххвіліннымі ролікамі стаіць некалькі гадоў працы вялікай каманды.

Адным з галоўных кіраўнікоў праекта з'яўляецца дацэнт кафедры карэкцыйна-развіццёвых тэхналогій Інстытута інклюзіўнай адукацыі БДПУ Ірына Русаковіч:

— Упершыню ў краіне створаны такі ўнікальны праект, які дае магчымасць зрабіць усё, каб свет мастацтва стаў бліжэйшы і больш зразумелы людзям з парушэннем слыху. І сёння я адчуваю вялікую радасць. Спачатку здавалася, што рэалізаваць проста, але насамрэч гэта працаёмкі працэс, бо трэба было арганізаваць работу вялікай каманды. Уявіце: на здымкі першага роліка ў нас пайшло сем гадзін. У выніку засталося толькі дзве хвіліны.

Дарэчы, паглядзець ролікі можна і не выходзячы з кватэры. Дастаткова завітаць на канал Нацыянальнага мастацкага музея (усе ролікі знаходзяцца ў свабодным доступе).

Спадзяёмся, што праект паспяхова працягне сваю работу і ў хуткім часе падобныя QR-коды з'явяцца ў астатніх музеях краіны.

Арына КАРПОВІЧ

Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Блізнятам – нямала спраў і праектаў, авену – усё будзе спорыцца ў руках.

Грамадства

Гаджэт для фельчара. Як працуюць ФАП і амбулаторыя ў самым аддаленым сельсавеце Пружанскага раёна

Гаджэт для фельчара. Як працуюць ФАП і амбулаторыя ў самым аддаленым сельсавеце Пружанскага раёна

Паведаміла Людміла Аляксееўна, якая загадвае фельчарска-акушэрскім пунктам і з'яўляецца фельчарам, акушэркай, медсястрой у адной асобе.