Вы тут

Камп’ютар эпохі... князя Міхаіла Казіміра Рыбанькі


Хто такі Рыбанька, знаўцы нацыянальнай гісторыі ведаюць добра. Вядома ж, гэта адзін з прадстаўнікоў знакамітага роду Радзівілаў, у якім, дарэчы, распаўсюджаным было імя Міхаіл. Гэтага звалі Міхаіл Казімір. Такое падвойнае імя было і яшчэ ў аднаго Радзівіла. Але, дзякуючы ўдакладненню Рыбанька, іх і не блытаюць. А Рыбанькам ён стаў таму, што да суразмоўцаў, асабліва да прыгожай палавіны чалавецтва, звяртаўся гэтакім ласкавым словам.


У 1726 годзе Міхаіл Казімір Рыбанька ўзяўся за аднаўленне Нясвіжскага замка, зруйнаванага шведамі ў 1706-м. Гэты горад, які стаў яго рэзідэнцыяй, набыў свой непаўторны выгляд. Яго заслуга ў тым, што ў Нясвіжы адкрыліся друкарня, бібліятэка, карцінная галерэя. Без яго намаганняў не з’явіліся б першыя ў Вялікім Княстве Літоўскім мануфактуры. Найбольш вядомыя Навасвержанская фаянсавая і Слуцкая персіярня, у якой ткалі знакамітыя паясы.

Можна гаварыць і пра іншыя яго добрыя справы. Толькі пра адну чамусьці замоўчваюць. Без Рыбанькі на тэрыторыі Беларусі наўрад ці з’явіўся б першы камп’ютар. Неверагодна? Тым не менш гэта так. Патрабуецца толькі адно невялікае, але важнае ўдакладненне. Канешне, рабіў яго не сам ён. Аднак менавіта пры ім у Нясвіжы з’явіўся той, хто ажыццявіў такую важную справу.

Увогуле, ён любіў запрашаць у свой горад прадстаўнікоў розных прафесій. Безумоўна, надаваў увагу не нейкім перакаці-поле, а спецыялістам вышэйшага класа. З’явіліся і людзі з творчымі задаткамі: мастакі, гравёры, збройнікі. На яго прапанову працаваць у Нясвіжы адгукнуўся і майстар па гадзінніках, механік нехта Еўна Якабсон.

Нехта — прамоўлена невыпадкова. Хто ён і адкуль — невядома. Адзінокім быў ці сямейным — таксама ніякай пэўнасці. Магчыма, паходзіў з мястэчка Гнезна, што непадалёку ад Познані. Ускосна пра гэта сведчыць залаты кубак, што знаходзіўся ў мясцовым касцёле. Грануляваны надпіс на ім сведчыў, што яго вырабіў Еўна Якабсон. Пазначаны быў і год — 1786.

Але ж выраб такога кубка — справа ювелірная. Еўна ж Якабсон, які працаваў у Рыбанькі, як ужо было сказана, майстар па гадзінніках, механік. Як быццам навідавоку сумяшчэнне несумяшчальнага. Што ў нясвіжскага Якабсона быў аднафамілец, ды яшчэ каб у абодвух супадала не толькі прозвішча, але і імя — малаверагодна. Значыць, гнезненскі Еўна Якабсон і ёсць той самы Еўна Якабсон з Нясвіжа. Магчыма, пасля смерці свайго гаспадара 15 мая 1726 года ён не адразу развітаўся з гэтым горадам, а пасля перабраўся бліжэй да Познані. Магло быць і так, там нарадзіўся. А можа працаваў перад тым, як адгукнуўся на запрашэнне Рыбанькі. Быў майстар на ўсе рукі, таму і арыгінальны кубак стварыў. Аднак найбольш аб тым вялікім таленце, якім валодаў, сведчыць камп’ютар, выраблены ім.

Убачыць гэты цуд з цудаў можна ў калекцыі навуковых інструментаў Музея імя М. В. Ламаносава ў расійскім горадзе Санкт-Пецярбургу. Адзін з надпісаў з нямецкіх і лацінскіх слоў на вечку ўказвае аўтарства і месца яго стварэння. У перакладзе на беларускую мову гэта гучыць так: «Машына вынайдзена і выраблена яўрэем Еўнам Якабсонам, гадзіннікавым майстрам і механікам у горадзе Нясвіжы ў Літве, Мінскае ваяводства».

Гэты надпіс дазваляе даследчыкам прыкладна вызначыць, калі тварэнне Еўны Якабсона з’явілася. Усходняя частка Мінскага ваяводства адышла да Расійскай імперыі ў 1772 годзе. Астатняя, у тым ліку і Нясвіж, у 1793-м і стала часткай Мінскай губерні. Відавочна, што вынаходнік не мог завяршыць сваю работу пасля другой з названых дат. Інакш не зрабіў бы ўдакладненне «Мінскае ваяводства». Даследчыкі сыходзяцца на тым, што адбылося гэта не пазней 1770 года. Адкуль падобная выснова?

Меркаваць так дазваляюць некаторыя элементы якабсонаўскага камп’ютара, характэрныя менавіта згаданаму перыяду. Гэта формы асобных дэталей, іх апрацоўка і аддзелка. Малюнкі накладных дэкаратыўных разетак, іх формы. Канешне, нічога падобнага ў сучасных камп’ютарах няма. Але ж не трэба забываць, што гэта камп’ютар ХVІІІ стагоддзя. Асобнік яго, што трапіў у санкт-пецярбургскі музей, адзіны, які захаваўся. Яго ў 1812 годзе, разрабаваўшы нясвіжскую скарбніцу, забралі з сабой казакі атамана Мацвея Платава. Яшчэ пашчасціла, што не прапаў беззваротна.

Ён нагадвае сабой латуневую скрынку памерамі 34,2 × 21,8 × 3,4 см на чатырох вытачаных ножках дыяметрам 1,6 і вышынёй 1 см. Накрыўка аздоблена багатым арнаментам, а надпіс па-нямецку і па-польску сведчыць, што гэта «механічная вылічальная машына». Яшчэ адзін надпіс, толькі нямецкамоўны, гаворыць аб яе прызначэнні: «Дзеля задач складання, адымання, множання, дзялення ад аднаго да тысячы мільёнаў, і астатак ад дзялення тут можна падзяліць на дробы».

Такой кампактнасці свайго камп’ютара Еўна Якабсон дасягнуў за кошт удала прадуманага размяшчэння вузлоў на розных узроўнях. Паменшыць памеры яе дазволіла і тое, што механізмы зманціраваны на вечку каробкі з унутранага боку. А на вонкавым баку знаходзяцца ўсе ланцужкі, якімі ажыццяўляюцца вылічальныя аперацыі, і ўсе шкалы.

Колькасць механізмаў зменшылася дзякуючы таму, што асобныя з іх нясуць двайную нагрузку. Так множанне выконвалася праз паўторнае складанне. Дзяленне — як паслядоўнае адыманне з фіксацыяй адыманняў. Мелася і асаблівае прыстасаванне, дзякуючы якому аўтаматычна падсумоўвалася колькасць праведзеных адыманняў.

Аднак Еўна Якабсон усё ж быў не першы, хто пастараўся аблегчыць выкананне розных арыфметычных дзеянняў. Першынство ў стварэнні арыфмометра належыць нямецкаму вучонаму, астраному, матэматыку і ўсходазнаўцу Вільгельму Шыкарду. Ён прыдумаў «гадзіннік, які лічыць» — распаўсюджана і такая назва — у 1623 годзе. А ўвогуле вытокі камп’ютара недзе прыкладна ў другой паловы ІІ стагоддзя да н. э. Тады быў створаны так званы антыкітэрскі механізм. Ён выкарыстоўваўся для разліку руху нябесных цел. І нават дазваляў даведвацца пра даты 42 астранамічных падзей.

Ды выхадзец з Нясвіжа пра гэта не ведаў. А калі б і ведаў, значнасць здзейсненага ім ад гэтага не змяншаецца. Камп’ютар Еўны Якабсона з ХVІІІ стагоддзя — першая лічыльная машына не толькі на тэрыторыі Беларусі, але і ў суседніх славянскіх краін. У музеях Расіі гэта адзіны помнік вылічальнай тэхнікі ХVІІІ стагоддзя.

Барыс ГРАНОЎСКІ

Друкуецца ў газеце «Літаратура і мастацтва»

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.