Вы тут

5 прыкмет таго, што ў вас нізкая самаацэнка. Праверце сябе


Калі вы цалкам задаволены сваім жыццём, значыць, у вас усё выдатна. Можаце нават не чытаць гэты артыкул. Але калі ў нейкай сферы — асабістай цi прафесійнай ёсць прабел, — прычыну трэба шукаць у сабе. Бо мы атрымліваем ад жыцця роўна столькі, колькі дазваляем сабе мець. І калі лічым, што не заслугоўваем чагосьці большага, то большага ў выніку і не маем. Менавіта самаацэнка чалавека вызначае якасць яго жыцця. Некаторыя з нас часта блытаюць любоў да сябе з эгаізмам, але гэта абсалютна розныя рэчы. Несумненна, калі чалавек сябе любіць, то клапоціцца перш за ўсё аб сваім камфорце. Так і павінна быць! І самы галоўны чалавек у вашым жыцці — гэта вы. Бо вы не зможаце клапаціцца аб сваёй сям’і, калі ў вас няма энергіі. І гэта самая галоўная прычына па якой вы павінны ставіць свае інтарэсы на першае месца. Увогуле мець нізкую самаацэнку вельмі нявыгадна, паколькі людзі не ўпэненыя ў сабе звычайна найменш паспяховыя. Ім уласцівы набор комплексаў і псіхічных праблем: яны крыўдлівыя, схільныя да трывожнасці і дэпрэсій, балюча ўспрымаюць крытыку, і самае галоўнае — не вераць, што вартыя лепшага. Таму заўсёды абмяжоўваюцца толькі тым, што ёсць.


Самаацэнка — гэта ўяўленне чалавека аб важнасці сваёй асобы, дзейнасці сярод іншых людзей і ацэньванне сябе і ўласных якасцяў, пачуццяў і недахопаў.

Такім чынам, у вас не занадта высокае меркаванне аб сабе, калі вы робіце так:

Калі вы сябе параўноўваеце з іншымі. Самае правільнае, што вы можаце зрабіць — гэта параўноўваць сябе не з кімсьці, а толькі з самім сабой. Бо звычка параўноўваць сябе — дакладная прыкмета залежнасці ад чужога меркавання. Калі вы сваё жыццё ўвесь час параўноўваеце з жыццём навакольных — то непазбежна будзеце знаходзіць больш паспяховых і прадпрымальных людзей, і ад гэтага, натуральна, ваша самаацэнка пацерпіць яшчэ мацней. Адна з галоўных прычын, па якіх мы параўноўваем сябе, — патрэба ў адабрэнні. І гэта вялікая перашкода на шляху асабістага росту і шчаслівага жыцця. Праблема ў тым, што ў чаканні станоўчай ацэнкі вы дазваляеце людзям кіраваць сваімі адчуваннямі. Гэта як быць марыянеткай у чужых руках. Пазбавіўшыся ад гэтага пачуцця ў вас з’явіцца больш унутранай свабоды, каб рабіць тое, што сапраўды хочацца.

Што з гэтым рабіць? Самаацэнку можна павысіць двума спосабамі: альбо стаць больш паспяховым, альбо знізіць дамаганні і адмовіцца ад параўнання сябе з іншымі. Вырашаць, вядома, толькі вам.

Вам падабаецца канкурыраваць. Саперніцтва — асаблівы від адносін, у аснове якіх — барацьба за каштоўнасць: улада, прэстыж, прызнанне, каханне, фінансавыя поспехі. Нездаровае імкненне канкурыраваць з’яўляецца з-за адсутнасці пачуцця ўнутранай патрэбнасці і важнасці. Бясконцая канкурэнцыя вельмі разбуральная для псіхікі. Яна ўмешваецца ў вашыя адносіны з людзьмі, прымушаючы раўнаваць, параўноўваць, і ў выніку адчуваць сябе дрэнна. Акрамя таго, вы падсвядома схільныя выбіраць людзей — сяброў, калег і начальства, за чыё добрае стаўленне трэба пастаянна змагацца.

Што з гэтым рабіць? За дбайным жаданнем быць лепш за кагосьці хаваецца адчуванне сябе горшымі за іншых і спроба даказаць адваротнае. Заўсёды будуць тыя, хто лепшы і ў каго больш уласных перамог. Толькі мэта жыцця ў тым, каб быць сабой, а не сапернічаць.

Ошо: «Толькі няшчасны чалавек спрабуе даказваць, што ён шчаслівы; толькі мёртвы чалавек імкнецца даказаць, што ён жывы; толькі баязлівец спрабуе даказаць, што ён храбрац. Толькі чалавек, які ведае сваю нізіну, спрабуе даказаць сваю веліч».

Вы жывяце надзеямі. Калі вы не верыце ў сябе і свае магчымасці, то воляй-няволяй усё, што вам застаецца — жыць надзеямі і чаканнямі. I ў гэтым выпадку ўсё жыццё будзеце працаваць на нелюбімай працы, тым самым большую частку свайго часу прысвячаць нялюбаму занятку. Многія людзі баяцца заняцца тым, што ім сапраўды падабаецца. І ў гэтым заключаецца самая вялікая праблема. Мы самі абмяжоўваем сябе і свой выбар. І самая галоўная прычына — страх. Вас палохае жыццё, але адказнасць насцярожвае яшчэ больш. Але ўсё ж варта разумець, што страх існуе толькі ў вашай галаве. Так ці інакш, вы прайграваеце сваё жыццё, таму што знаходзіцеся і не ў будучыні, і не ў сучаснасці. Часцей задавайце сабе пытанне: «А што мне перашкаджае быць тым, кім я хачу?»

Што з гэтым рабіць? «Калі хочаш насмяшыць Бога, раскажы яму пра свае планы» — сапраўды так. Таму працуйце, адпачывайце, дасягайце, любіце, радуйцеся, — але не замыкайцеся ў цеснай скрыначцы ўласных чаканняў, а спадзявайцеся, прымаючы ўсю шырыню жыцця.

Маніпуляцыя — гэта форма эмацыйнага гвалту, таму яна шкодная для адносін і тых, каго вы кахаеце.

Вы маніпулюеце. Маніпулятары — гэта не спрытныя і цынічныя інтрыганы, а часта няўпэўненыя ў сабе людзі, якім не хапае адчування ўласнай каштоўнасці. І калі вы не верыце ў свае сілы і не можаце дамагчыся жаданага шчырымі намерамі, вы звяртаецеся да таксічных стратэгій. Гэта значыць, вы выкарыстоўваеце магчымасці іншых для дасягнення ўласнай выгады. І тады воляй-няволяй вы становіцеся маніпулятарам. Вам даводзіцца звяртацца да разнастайных выкрутаў: ціснуць на жаль, заклікаць да сумлення і гуляць на пачуцці віны. А калі метады састарваюцца, прыходзіцца шукаць новыя варыянты ўздзеяння. Але вось толькі прыніжаючы іншых, вы не ўмацуеце сваю самаацэнку.

Як быць? Замест таго, каб маніпуляваць, знайдзіце магчымасці для самарэалізацыі. Калі вы будзеце задаволены сабой, то не ўзнікне жадання самасцвярджацца за кошт прыніжэння іншых. 

Вы ўвесь час апраўдваецеся. Апраўданні хоць i не маюць па-сапраўднаму дрэннага намеру, але могуць стаць звычкай, якая прынясе сур’ёзныя праблемы ў будучыні. Новыя магчымасці хаваюцца за кожным вуглом. Аднак вы ніколі не знойдзеце іх, калі заблытаецеся бясконцымі апраўданнямі. Калі вы занадта шмат апраўдваецеся, людзі вам не будуць давяраць. Бо смелыя і ўпэўненыя ў сабе людзі, гатовыя да рызыкі і развіцця апраўдваюцца вельмі рэдка. Па-сапраўднаму мэтанакіраванаму чалавеку адгаворкі не патрэбны — ён проста дзейнічае. Як правіла, апраўдваюцца людзі з нізкай самаацэнкай, схільныя вінаваціць сябе. Любыя словы суразмоўцы, нават камплімент ці крытыку могуць інтэрпрэтаваць як прэтэнзію, і пры гэтым абараняцца і выгароджваць сябе. Трэба дакладна фільтраваць, што вы толькі што атрымалі ў свой адрас: пахвалу, камплімент, крытыку ці проста пытанне. І рэагаваць на гэта адпаведна: на добрае — падзякай, на дрэннае — тлумачэннем або пытаннем. 

Што з гэтым рабіць: ніколі ні перад кім не апраўдвайцеся — апраўданні пазбаўляюць вас жыццёвай сілы, ператвараюць у ахвяру абставін, пазбаўляюць упэўненасці ў сабе. Як гаворыцца: «Тваім сябрам гэта не трэба, а твае ворагі табе ўсё роўна не павераць». Таму забывайце звыклыя адмазкі, адвучайце сябе ад самаапраўданняў! Увогуле памятайце, калі вы не будзеце кідаць сабе выклік для дасягнення новых мэтаў, вы ніколі не даведаецеся, на што сапраўды здольныя.

Калі і як фармуецца ваша меркаванне аб сабе?

Няўпэўненасць у сабе часта ўзнікае ў вашым розуме з-за адзнак іншых. Людзі, як правіла, вельмі адчувальныя, і ў той момант, калі хтосьці пытаецца ў вас, кідае выклік ці пацешна глядзіць, вы пачынаеце сумнявацца ў сваіх здольнасцях.

Чым небяспечная нізкая самаацэнка?

1. Яна перашкаджае атрымліваць максімум задавальнення ад жыцця, бо чалавек увесь час імкнецца дагадзіць іншым, баіцца выглядаць недарэчна.

2. Ацэньваючы сябе «нізка», немагчыма быць шчаслівым, бо думкі аб недахопах і недасканаласці разбуральныя, і азмрочваюць жыццё.

3. Немагчымасць пабудаваць раўнапраўныя і гарманічныя адносіны.

Аказваецца, можна навучыцца быць больш упэўненымі, калі кожны дзень выконваць гэтыя няхітрыя парады:

• Кажыце «не» самакрытыцы і самакапанню — бо гэта шкодныя звычкі

• Хваліце сябе нават за маленькія перамогі

• Заўсёды старайцеся выглядаць дагледжана

• Развівайцеся і ўдасканальвайце свае навыкі

• Пазбаўляйцеся шкодных звычак

• Складзіце свой асабісты спіс якасцяў і дасягненняў

• Атачайце сябе пазітыўнымі і амбіцыйнымі людзьмі

• Знаходзьце час і магчымасці на тое, што вас натхняе

• Вера ў сябе неабходна, калі вы хочаце дасягнуць вялікіх мэт

• Вучыцеся на сваіх памылках і рухайцеся далей. Будзьце ўдзячныя за памылкі, бо гэта неабходны вопыт, які дазваляе вам развівацца.

Псіхолаг Алена ШАЎЧЭНКА

Фота: pexels.com

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.