Вы тут

Круглы стол па прафілактыцы ўжывання і распаўсюджання наркотыкаў у грамадстве прайшоў у Савеце Рэспублікі


Удзельнікі абмеркавалі тэму фарміравання і рэалізацыі дзяржаўнай палітыкі па супрацьдзеянні незаконнаму абароту наркатычных сродкаў, псіхатропных рэчываў, іх прэкурсораў і аналагаў у кантэксце забеспячэння і абароны інтарэсаў грамадства і дзяржавы. Зацікаўленую гутарку ініцыявала Пастаянная камісія Савета Рэспублікі па заканадаўстве і дзяржаўным будаўніцтве.


Фота: БелТА

Круглы стол адкрыла Наталля Качанава, якая падкрэсліла неабходнасць дэталёва і усебакова прааналізаваць сітуацыю з наркотыкамі ў нашай краіне, вызначыць найбольш аптымальныя і эфектыўныя шляхі вырашэння гэтай праблемы.

— Сёння нельга быць абыякавым да існуючай у нашай краіне праблемы спажывання і распаўсюджвання наркатычных сродкаў, — падкрэсліла спікер верхняй палаты парламента. — Наркаманія — гэта бяда, і праблемы наркаманіі датычацца кожнага, таму вырашаць іх трэба комплексна. Гэта значыць, і дзяржаўныя органы, і грамадскія аб’яднанні, арганізацыі павінны працаваць разам. Намеснік міністра ўнутраных спраў — начальнік крымінальнай міліцыі Генадзь Казакевіч у сваім выступе падрабязна праінфармаваў аб стане нарказлачыннасці ў Рэспубліцы Беларусь. 

Згодна статыстычных даных, у першым квартале 2021 годзе выяўлена 1063 злачынствы, непасрэдна звязаныя з незаконным абаротам наркотыкаў, а таксама 615 — са збытам псіхаактыўных рэчываў. Зноў стала павялічвацца колькасць непаўналетніх, якія ўцягваюцца ў нарказбыт: затрымана больш за 70 маладых людзей, якія навучаюцца ў сярэдніх, сярэдніх спецыяльных і вышэйшых навучальных установах, большасці з якіх інкрымінуецца частка 3 артыкула Крымінальнага кодэксу. 

Павялічылася колькасць злачынстваў, здзейсненых групай асоб на 55,1 % (з 69 за аналагічны перыяд мінулага года да 107), а ў складзе арганізаванай групы — у 5,5 раз (з 11 да 60). Захоўваецца тэндэнцыя павелічэння колькасці перадазіровак псіхаактыўнымі рэчывамі (з 127 за аналагічны перыяд 2020-га да 138). Павялічыўся аб’ём канфіскаваных наркотыкаў (з 38,5 кг за аналагічны перыяд летась да 69,1 кг). 

Узбуджана 277 крымінальных спраў (у 2020-м — 180) у адносінах да 216 асоб (летась — 148), якія адносяцца да незаконнага абароту наркотыкаў з выкарыстаннем розных вэб-рэсурсаў. 

Намеснік міністра падкрэсліў, што жорсткасць закона — дзейсны інструмент, які ўплывае на стрымліванне распаўсюджвання гэтай бяды.

У прыватнасці, лібералізацыя заканадаўства (зніжэнне тэрмінаў па артыкуле 328 Крымінальнага кодэкса) не нясе той нагрузкі, якую на яе ўскладвалі заканадаўцы. 

Аб мерах па супрацьдзеянні незаконнаму абароту наркотыкаў і прафілактыцы наркаманіі, а таксама аб практыцы пракурорскага нагляду па справах аб незаконным абароце наркатычных сродкаў, псіхатропных рэчываў, іх прэкурсораў і аналагаў паведамілі адпаведна намеснік старшыні Вярхоўнага Суда Рэспублікі Беларусь Сяргей Кандрацьеў і намеснік генеральнага пракурора Сяргей Хмарук.

Згодна даных Вярхоўнага Суда, у 2020-м колькасць непаўналетніх, асуджаных за незаконны абарот наркотыкаў, зменшылася больш чым у пяць разоў. У прыватнасці, у 2016-м іх было 226 чалавек, у 2020-м — 42. Па артыкуле 328 Крымінальнага кодэксу было асуджана: па частцы 1 — 19 маладых людзей (да рэальнага пазбаўлення волі не быў прысуджаны ніводны з непаўналетніх), па частках 2-4 — 23 чалавекі (прысуд на тэрмін звыш 10 гадоў быў вынесены толькі аднаму маладому чалавеку, ад 5 да 8-мі — 13 непаўналетнім).

Намеснік генпракурора адзначыў, што заканадаўства патрабуе ўдасканалення і вывучэння падыходаў іншых краін, а таксама ўвядзення крымінальнай адказнасці за прапаганду (для так званых рэкламадаўцаў) на пляцоўках інтэрнэт-крам. 

Міністр аховы здароўя Дзмітрый Піневіч расказаў аб мерах, якія прымаюцца па аказанні дапамогі пацыентам з наркаманіяй. Ён падкрэсліў, што за пяць гадоў колькасць пацыентаў на ўліку зменшылася, прычым значна. Аднак супакойвацца нельга — важна бачыць латэнтнасць гэтай праблемы. Разам з тым, колькасць атручвання ад ужывання наркотыкаў з лятальным вынікам за 9 месяцаў 2021 года ў параўнанні з такім жа перыядам мінулага года вырасла з 65-і да 114-і, у Брэсцкай вобласці з 0 да 11-і, у Мінску — з 44-х да 63-х. І гэта выклікае занепакоенасць у медыкаў. Прафілактыка, ранняе выяўленне, рэабілітацыя пацыентаў — гэта важныя кампаненты ў барацьбе з гэтым злом.

Першы намеснік начальніка Акадэміі МУС Аляксей Башан паведаміў аб выніках апытання, якое было праведзена сярод насельніцтва. У прыватнасці, 68,7 % грамадзян лічаць неабходным узмацняць адказнасць за выкарыстанне і распаўсюджанне наркотыкаў, 14 % устрымаліся ад адказу і толькі 17 % адзначылі, што трэба ўвесці палёгкі ў заканадаўстве. 
Не менш цікавым аказаліся і вынікі апытання сярод асуджаных па гэтым артыкуле Крымінальнага кодэксу. Толькі палова — 51 % апытаных — раскайваюцца ў сваім учынку, 30 % — наадварот, не раскайваюцца, сярод іх 7 % — не выключаюць магчымасці вяртання да злачыннай дзейнасці.

Падводзячы вынікі круглага стала, Старшыня Савета Рэспублікі звярнула ўвагу на шырокае кола праблем, якое было абмеркавана падчас мерапрыемства, і прапанавала ўсім зацікаўленым накіраваць у Савет Рэспублікі прапановы ў рэкамендацыі круглага стала.

— Усе прапановы будуць акумуляваныя намі і накіраваны адпаведным дзяржаўным органам для выкарыстання ў дзейнасці, — падкрэсліла Наталля Качанава.

Адзначым, што ў мерапрыемстве прынялі ўдзел члены Прэзідыума Савета Рэспублікі, прадстаўнікі кіраўніцтва Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, Вярхоўнага Суда Рэспублікі Беларусь, Генеральнай пракуратуры, Нацыянальнага цэнтра заканадаўства і прававых даследаванняў, Следчага камітэта, міністэрстваў унутраных спраў, аховы здароўя, інфармацыі, працы і сацыяльнай абароны, адукацыі, абласных і Мінскага гарадскога выканаўчых камітэтаў, а таксама Мітрапаліт Мінскі і Заслаўскі, Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі Веніямін.

Вольга АНУФРЫЕВА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Сёння пачаў работу УНС у новым статусе

Сёння пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.