Вы тут

Жамчужына позняга барока


Пра касцёл у Воўчыне раней пісала неаднойчы, у асноўным, праўда, у кантэксце страчанай спадчыны. Яго векавыя муры ў выглядзе пачарнелых сцен без усялякага даху, ды каменні навокал стваралі сабой карціну больш чым сумную. Здавалася, год-другі, і ад помніка архітэктуры позняга барока нічога не застанецца, як не засталося ад многіх гістарычных будынкаў у Воўчыне.


Та­кім быў кас­цёл у 2008 го­дзе.

Тайны стагоддзяў

Але касцёлу Святой Тройцы быў наканаваны іншы лёс. У 90-я гады яго ўнеслі ў спіс гісторыка-культурнай спадчыны Беларусі. І напрыканцы 2007 года храм быў перададзены ва ўласнасць Пінскай епархіі Рымска-каталіцкай царквы. На наступны год пачалася рэстаўрацыя будынка. Калі мы ў 2013 годзе купілі дом у суседняй з Воўчынам вёсцы, касцёл ужо не выглядаў занядбаным, ён стаяў ад зямлі да званіцы ў рыштаваннях.

Унікальны Воўчынскі храм трывала асацыіруецца з асобай апошняга караля Рэчы Паспалітай і вялікага князя літоўскага Станіслава Аўгуста Панятоўскага, які тут нарадзіўся, быў ахрышчаны, а потым і перапахаваны. Паводле гістарычных крыніц, фундатарам каменнага касцёла стаў бацька караля — падскарбі ВКЛ Станіслаў Панятоўскі, але давёў да канца будоўлю, аддзелку завяршыў новы гаспадар мястэчка магнат Міхаіл Чартарыйскі. Годам завяршэння будаўніцтва лічыцца 1733-ці. Дарэчы, каменны касцёл быў узведзены ўзамен драўлянага, які стаяў доўгі час да гэтага.

Амаль за тры стагоддзі сваёй гісторыі касцёл перажыў многае. Пасля паўстання 1863—1864 гадоў храм быў спачатку закрыты, а потым перададзены праваслаўным вернікам. Амаль сорак гадоў ён прабыў Свята-Троіцкай царквой, а ў 1918 годзе зноў быў вернуты каталікам. Адраджэнне з рамонтам, добраўпарадкаваннем перажыў ужо ў 30-я гады, тады ганарыліся тым фактам, што ў касцёле захоўвалася метрыка Станіслава Аўгуста Панятоўскага, які нарадзіўся ў Воўчыне. А ў ліпені 1938 года з Ленінграда прывезлі труну з астанкамі караля. Мясцовыя жыхары — з тых, хто дапамагаў на цырымоніі — расказвалі пазней сваім дзецям, што, акрамя труны, былі яшчэ карона, шабля, плашч, урна з забальзамаваным сэрцам. Усё гэта замуравалі ў крыпту. Але ў 1945 годзе касцёл закрылі. Яшчэ праз 43 гады знойдзеныя навуковай экспедыцыяй пад крыптай рэшткі абшыўкі труны, кавалкі плашча, іншыя прадметы былі перавезены ў Варшаву. Куды дзелася астатняе, ніхто не ведае.

Малая радзіма караля

А вось касцёл выкарыстоўваўся тутэйшай гаспадаркай як склад мінеральных угнаенняў і ядахімікатаў. Наогул, дзіва, што сцены выстаялі, не абрынуліся, раз'едзеныя солямі і ядамі, як аднойчы абрынулася званіца. І тады касцёл быў бы там, дзе сёння знаходзіцца маёнтак, — у небыцці. Ад велічнага некалі сядзібнага палаца засталіся фрагменты воднай сістэмы — вадаёмы, каналы, якія зарастаюць. Раней паміж гэтымі каналамі знаходзіліся аранжарэі, у якіх раслі мандарыны, апельсіны, іншыя паўднёвыя дрэвы. А перад маёнткам быў незвычайны вадаём. Дно штучнага возера выклалі шклом, а ў вадзе плавалі экзатычныя рыбкі.

Пра багацце і прыгажосць тутэйшых палацаў складалі легенды. Дачка Казіміра Чартарыйскага, гаспадара Воўчына, Канстанцыя выйшла замуж за Станіслава Панятоўскага, бацьку будучага караля. Станіслаў малодшы нарадзіўся ў 1732 годзе. Вучыўся, дарэчы, спачатку тут, у Воўчыне, у школе, якую арганізавала яго маці. Гэтыя звесткі ёсць у кнізе Анатоля Федарука «Старадаўнія сядзібы Берасцейшчыны». Да гонару Панятоўскіх, нягледзячы на сваю еўрапейскую вядомасць, яны трывала асацыіравалі сябе з малой радзімай. Аўтар піша: «Сваё паходжанне Панятоўскія тлумачылі лаканічна: «Мы лічым сябе радавітымі ліцвінамі, бо нарадзіліся і прынялі святое хрышчэнне ў Воўчыне, каля Брэста, а ў рыцарскім стане займалі пасаду стольніка літоўскага...».

Та­кі ён за­раз.

Асобу апошняга караля Рэчы Паспалітай гісторыкі звычайна называюць трагічнай. У многім ён быў перадавым чалавекам свайго часу — апекуном, фундатарам, аматарам мастацтва і навук. Засталіся сведчанні аб тым, што кароль наведваў прэм'еры балетных пастановак у Ружанскім палацы. Ён застаўся ў памяці сучаснікаў як кароль-рэфарматар. Пры ім была прынята Канстытуцыя 1791 года, першы падобны дакумент у Еўропе. Але ракавым для яго заўсёды быў расійскі прастол. Не без падтрымкі Кацярыны ІІ Станіслаў стаў каралём Аўгустам ІІ. Па яе волі адбыліся тры перадзелы Рэчы Паспалітай, пад яе прымусам ён адракаўся ад свайго прастола ў 1795 годзе. Праз два з паловай года пасля адрачэння былы кароль памёр. Пахаваны быў у С.-Пецярбургу ў касцёле св. Кацярыны. На каменнай пліце, пад якой змяшчалася крыпта, планавалі паставіць помнік. Але гэта не адбылося. І спакой аказаўся не вечным. І прах караля вярнуўся ў Воўчын. Недзе тут ён і развеяны.

У вёсцы жыве легенда, што пасля закрыцця касцёла астанкі караля ноччу тайна вывез і пахаваў набожны і адукаваны вясковец Антон Пратасюк. Пасля таго, як храм зачынілі, а святары з'ехалі, маёмасць рабавалі, святыню апаганьвалі, вось хрысціянін не ўтрываў і пахаваў па-чалавечы астанкі. А пра ўчынак свой маўчаў і тайну месца пахавання забраў у магілу. Але найбольш верагоднай выглядае іншая версія, што астанкі прывезлі з Ленінграда ў дрэнным стане, бо крыпту там неаднойчы падтоплівалі воды Нявы. І ад касцей да гэтага часу ў любым выпадку нічога не засталося, таму і шукаць іх не варта. Гэтай версіі прытрымліваўся, дарэчы, і польскі архітэктар Віктар Вільк, які аднавіў Воўчынскі касцёл.

Аднаўленне

Да гэтага ён ужо аднаўляў мінскі кафедральны касцёл Прасвятой Дзевы Марыі — галоўную каталіцкую святыню краіны, а таксама рэстаўрыраваў касцёл Успення Дзевы Марыі ў Пінску, манастыр францысканцаў, дзе цяпер знаходзіцца Міжепархіяльная вышэйшая духоўная семінарыя імя святога Тамаша Аквінскага.

Рэстаўратар прыйшоў у вёску ў 2009 годзе. А ў 2014-м у размове з журналістамі расказаў, як пераглядаючы фотаздымкі, зробленыя пяць гадоў таму, зразумеў, што час пражыты не дарэмна. Воўчынскі касцёл ён назваў тады сваёй лебядзінай песняй. Такіх касцёлаў, узведзеных у стылі позняга барока, па ўсёй Еўропе толькі тры. У раскопках і рэстаўрацыі Вільку дапамагаў дацэнт гістарычнага факультэта Брэсцкага дзяржаўнага ўніверсітэта імя А. С. Пушкіна Аляксандр Башкоў.

Паступова над касцёлам з'явіўся дах, заняла сваё ранейшае месца вежа з гадзіннікам. Гадзіннік тут быў асаблівы: яго цыферблаты, арыентаваныя па чатырох баках свету, паказвалі час, адкуль бы ты ні паглядзеў на храм. Пад заваламі знайшлі фрагмент аднаго з цыферблатаў са стрэлкай, што дазволіла не толькі аднавіць аблічча гадзінніка, але і яго параметры. Цяперашні гадзіннік стаў дакладнай копіяй таго, які стаяў тут некалі і які яшчэ памятаюць самыя сталыя вяскоўцы. Дыяметр цыферблата складае 1,42 метра. А механізм уманціраваны сучасны, ім кіруе складаная электроніка.

Праз чатыры гады ад пачатку рэстаўрацыі наверх узнялі скульптуру евангеліста Іаана. Раней тут было чатыры скульптуры евангелістаў. Нейкім цудам ацалела адна з іх, іншыя тры — Марк, Мацвей і Лука — даўно пападалі і паразбіваліся. Аднавіў Іаана беларускі скульптар Мікалай Андрэеў. Так павольна, крок за крокам набываў касцёл свае старыя-новыя рысы.

Яшчэ Віктар Вільк расказваў, што пры раскопках знайшлі магілу Антонія Чартарыйскага 1744 года пахавання, а таксама рэшткі іншых пахаванняў. А вось капсулу «фундатараву», якую звычайна закладваюць у аснову фундамента, не знайшлі.

Імша ў гонар адраджэння

На жаль, у лютым 2016 года архітэктар Вільк памёр, так і не закончыўшы свой воўчынскі праект. І рэстаўрацыя часова прыпынілася. Але з дапамогай ААТ «Белавежскага», Камянецкага райвыканкама, фундатараў асноўную частку работы ўдалося скончыць. І ў лістападзе мінулага года біскуп Пінскі Антоній Дзям'янка здзейсніў абрад блаславення адноўленага касцёла.

Убранне храма пакуль сціплае. Справа ад увахода размешчаны спісак іконы Бажай Маці Воўчынскай. На сценах па перыметры — 14 абразоў новазапаветнага эпізоду «Хрэсны шлях Ісуса Хрыста». Іх захавалі мясцовыя жыхары.

Пакуль што напаўразбураныя статуі трох евангелістаў прытуліліся на падлозе. Яны чакаюць свайго часу, каб быць адноўленымі і заняць сваё месца на даху. Настаяцель храма Андрэй Бародзіч лічыць, што вельмі важна вырашыць лёс будынка насупраць касцёла. Некалі менавіта там быў палац Чартарыйскіх, потым на яго месцы пабудавалі плябанію. Пасля вайны доўгі час у ёй размяшчалася праўленне калгаса. У 90-я будынкам зацікавілася мясцовая гаспадарка, яго часткова аднавілі, планавалі размясціць музей, але кіраўніцтва памянялася, новаму ж ідэя падалася нецікавай, працэс прыпыніўся.

Цяпер землі ў ваколіцах Воўчына перайшлі ў валоданне эканамічна моцнай і адметнай у вобласці і раёне гаспадаркі ААТ «Белавежскі». З'явілася надзея, што і гэты будынак набудзе новае жыццё. Добраўпарадкаванне тэрыторыі вакол касцёла «Белавежскі» ўжо праводзіў. Зараз яго спецыялісты займаюцца капітальным рамонтам і рэстаўрацыяй вялікай пабудовы, якая шмат гадоў стаяла без прымянення ў цэнтры вёскі. За польскім часам гэта была гміна, адміністрацыйны будынак мясцовай улады. Калі знялі слой позняй тынкоўкі, адкрыўся адпаведны надпіс. Паводле слоў старшыні Воўчынскага сельскага Савета Віктара Паляшчука, тут будуць кватэры для работнікаў сельгаспрадпрыемства. Абноўлены будынак упрыгожыць сабой цэнтральную вуліцу.

...У нядзелю ранкам адкрываюцца дзверы касцёла, праходзіць нядзельная імша. Зусім побач, менш чым за 500 метраў, пачынаецца богаслужэнне і ў старадаўняй праваслаўнай царкве Святога Мікалая. Менавіта тут давялося пачуць, што Камянец — гэта галава Камянецкага раёна, Высокае — яго сэрца, а ў Воўчыне — яго душа. Калі пачынаюцца богаслужэнні ў храмах, верыцца, што жыве душа.

* * *

Цікава, што, нягледзячы на пандэмію, амаль кожныя выхадныя каля касцёла спыняюцца экскурсійныя аўтобусы альбо машыны з сем'ямі, вандроўнікамі-адзіночкамі: падыходзяць, разглядаюць, фатаграфуюць. Значыць, многім цікавая гісторыя гэтых месцаў. А яна, гісторыя, пакінула свой след тут ледзь не на кожным метры. Чаго варты драўляны крыж, які перажыў усе войны, рэвалюцыі ды навальніцы! Ён адзначаны на карце 1762 года. Людзі верылі ў яго жыватворную сілу і прыносілі яму розныя ахвяры. Вось і зараз на крыжы вісяць рознакаляровыя стужкі. Іх павязваюць дзяўчаты так, як рабілі некалі іх бабулі і прабабулі. Ды шмат чаго ёсць цікавага ў Воўчыне. Значыць, музей быў бы запатрабаваны.

Святлана ЯСКЕВІЧ

Фота Валерыя КАРАЛЯ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Як сэканоміць на «камуналцы»? Інструкцыя ад спецыялістаў

Як сэканоміць на «камуналцы»? Інструкцыя ад спецыялістаў

Хто мае права на вяртанне грошай, а хто — заплаціць цалкам.

Культура

Канкурсант ад Беларусі на «Віцебск-2022» Ганна Трубяцкая: Маладыя маюць права быць на вялікай сцэне

Канкурсант ад Беларусі на «Віцебск-2022» Ганна Трубяцкая: Маладыя маюць права быць на вялікай сцэне

Артыстка з чароўным голасам сёлета прадставіць Беларусь на конкурсе эстраднай песні «Віцебск—2022».

Грамадства

Як самі бацькі псуюць сваіх дзяцей? 5 галоўных памылак дарослых. Не рабіце так ніколі

Як самі бацькі псуюць сваіх дзяцей? 5 галоўных памылак дарослых. Не рабіце так ніколі

Выхаванне дзяцей — не самая простая задача. Капрызы, істэрыкі — гэта толькі частка праблем, з якімі сутыкаюцца сучасныя бацькі.

Грамадства

Рызыкі лічбавай прасторы. Як не трапіць на вуду інтэрнэт-махляроў

Рызыкі лічбавай прасторы. Як не трапіць на вуду інтэрнэт-махляроў

Цалкам вырашыць праблему кібернебяспекі немагчыма.