Перамога тыдня. Ілья Шымановіч выйграў чэмпіянат свету па плаванні на кароткай вадзе ў Абу-Дабі. Пераможнай для беларуса стала дыстанцыя ў 100 метраў брасам. Вынік у 55,70 секунды прынёс не толькі залаты медаль, але і стаў рэкордам чэмпіянату ў дадзеным відзе праграмы. Другое месца заняў італьянец Нікола Марціненгі — 55,80 секунды, на трэцім — амерыканец Нік Фінк — 55,87 секунды.
З перамогай Ілью Шымановіча павіншаваў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка. «Спадзяюся, што ўпэўнены пачатак новага алімпійскага цыкла надасць табе дадатковую матывацыю для заваявання самых высокіх вяршынь», — гаворыцца ў віншаванні.
Героі тыдня. Беларусы заваявалі сем медалёў на Кубке Еўропы па лыжных гонках сярод параалімпійцаў, які праходзіў у Фінляндыі. Валянціна Шыц выйграла гонкі на дыстанцыі 5 і 7,5 км. Юрый Голуб і яго лідар Уладзімір Чапелін перамаглі ў гонках на 7,5 і 12,5 кіламетраў каньковым ходам. Залатыя медалі заваявалі Святлана Сахоненка і яе лідар Дзмітрый Будзіловіч. Яны сталі пераможцамі ў гонках на 5 і 10 кіламетраў. Дэбютант спаборніцтваў Раман Свірыдзенка стаў бронзавым прызёрам гонкі на 7,5 кіламетра.
Поспех тыдня. Хакеісты маладзёжнай зборнай Беларусі U-20 прабіліся ў элітны дывізіён чэмпіянату свету. У заключным матчы сусветнага першынства ў дывізіёне ІА беларусы абыгралі сапернікаў з Нарвегіі з вынікам 3:2. Каб заняць першае месца ў групе А і заваяваяць адзіную пуцёўку ў элітны дывізіён маладзёжнага чэмпіянату планеты, беларускім хакеістам трэба было не прайграць нарвежцам у асноўны час матча. Такім чынам, беларуская «маладзёжка» набрала 15 балаў з 15 магчымых і вярнулася ў эліту. У папярэдніх гульнях беларусы аказаліся мацнейшыя за каманды Даніі (9:1), Казахстана (4:2), Венгрыі (8:2) і Латвіі (2:1). Форвард беларускай зборнай Аляксандр Сувораў узначальвае спіс найлепшых бамбардзіраў, набраўшы ў пяці гульнях 11 ачкоў (4 шайбы і 7 выніковых перадач). Аляксей Коласаў стаў найлепшым галкіперам турніру.
Каманда тыдня. Юніёрская зборная Беларусі U-18 заваявала «серабро» хакейнага турніру зімовага Еўрапейскага юнацкага алімпійскага фестывалю ў Фінляндыі. Каманда Беларусі ў сваім заключным матчы на турніры абыграла каманду Чэхіі з вынікам 3:2. Пасля таго як каманду Фінляндыі перамагла каманда Расіі, стала зразумела, што беларусы сталі сярэбранымі прызёрамі.
Медаль тыдня. Беларус Эдуард Зязюлін, які выступае ў катэгорыі 109 кг, выйграў «малую бронзу» ў практыкаванні «рывок» і заняў чацвёртае месца ў класічным двухбор'і на чэмпіянаце свету ў Ташкенце. Беларус паказаў вынік 447 кг (рывок — 206 кг, штуршок — 241 кг), пабіўшы нацыянальныя рэкорды як у кожным з двух практыкаванняў, так і ў суме двухбор'я.
Пазіцыі тыдня. Беларуская біятланістка Дзінара Алімбекава скончыла 2021 год на трэцім месцы агульнага заліку Кубка свету. Пасля чатырох этапаў у актыве алімпійскай чэмпіёнкі 327 балаў. На першым месцы нарвежка Марце Алсбю-Ройселан — 417 балаў, на другім — шведская спартсменка Эльвіра Эберг — 387 балаў. На чацвёртай пазіцыі аўстрыйская біятланістка Ліза Тэрэза Хаўзер (321 бал). Замыкае пяцёрку лідараў беларуска Ганна Сола, у якой 320 заліковых балаў. У заліку Кубка нацый жаночая зборная Беларусі займае 5-е месца, маючы 2524 балы.
У мужчынскім заліку найлепшую пазіцыю сярод беларусаў займае Антон Смольскі. Ён размяшчаецца на восьмым месцы, маючы 256 балаў. У заліку Кубка нацый беларуская мужчынская каманда знаходзіцца на 6-м радку, набраўшы 2271 бал.
Аб'ява тыдня. Цэнтральны савет Прэзідэнцкага спартыўнага клуба зацвердзіў спіс з 333 стыпендый маладым перспектыўным спартсменам і трэнерам-выкладчыкам, паведамілі ў прэс-службе арганізацыі. Упершыню сярод стыпендыятаў прысутнічаюць прадстаўнікі коннага спорту Вікторыя Кармазіна (трэнер) і футбола Канстанцін Максак (трэнер). Са стыпендыятаў-трыумфатараў міжнародных форумаў можна вылучыць чэмпіёнку Еўропы сярод жанчын у пуле (9 шароў) Маргарыту Фефілаву, чэмпіёна свету сярод юніёраў па грэка-рымскай барацьбе (92 кг) Абубакара Хаслаханава, чэмпіёнку свету сярод юніёраў па сучасным пяцібор'і , пераможцу юніёрскага Wіmbledon у парным разрадзе і сярэбранага прызёра юніёрскага US Open у адзіночным Крысціну Дзмітрук, а таксама ўладальніцу 2-га месца агульнага заліку Кубка Еўропы па фрыстайле ў сезоне 2020/2021 Валерыю Балматаву. Сярэдні памер гадавой стыпендыі складзе Br7,7 тыс. (Br640 у месяц). Яна будзе выплачвацца спартсменам і трэнерам на працягу года штомесяц, пачынаючы са студзеня 2022 года.
Валерыя СЦЯЦКО
Прэв’ю: pixabay.com
«Гэта не толькі пра бізнес, але і пра чалавечыя адносіны».
«Нашы работы — жывыя, з энергетыкай любові і дабра».