Вы тут

Мабільная амбулаторыя


Новая форма медыцынскага абслугоўвання замяніла некалькі ФАПаў у маланаселеных вёсках. Гэта дазволіць накіраваць сэканомленыя сродкі на паляпшэнне медыцынскай базы раёна. Пакуль ФАП на колах працуе ў тэставым рэжыме. Пазней будзе складзены графік наведвання населеных пунктаў. Тут пацыенты змогуць атрымаць першую медыцынскую дапамогу, здаць аналізы, прайсці вакцынацыю супраць грыпу і ковіду. Мяркуецца стварыць і аптэчны аддзел.


З намеснікам старшыні Зэльвенскага райвыканкама Сяргеем Лойкам мы едзем па маршруце незвычайнага ФАПа. Застаём яго ў Вількаўшчыне. Па словах участковага ўрача Веранікі Загорскай, чыя брыгада працуе на выездзе першы дзень, у некалькіх вёсках ужо прынятыя 13 пацыентаў. На перасовачным ФАПе на пастаяннай аснове працуе фельчар, але разам з ім па графіку выязджаюць участковыя ўрачы, пры неабходнасці — вузкія спецыялісты. Медыцынскі штат
укамплектаваны. Працуе нямала маладых спецыялістаў.

— Калі няма заявак, мы самі вызначаем, каго паглядзець, — кажа Вераніка Загорская. — Некаторыя звяртаюцца з павышаным ціскам, галаўнымі болямі, у такіх выпадках робім пацыенту кардыяграму.

Таксама бяром аналізы, можам правесці гінекалагічны агляд, для гэтага ёсць спецыяльнае крэсла. Усё, як на звычайным ФАПе. Вядома, праводзім вакцынацыю. Многія сталыя жыхары ўжо прышчэпленыя другой дозай. Усяго ў раёне вакцынавана 40 % насельніцтва.

Зрабіць прышчэпку мяркуе жыхар Вількаўшчыны Станіслаў Іванавіч. Ён прыйшоў у перасовачны ФАП са скаргамі на болі ў спіне. Тут у яго ўзялі аналізы, памералі ціск, далі рэкамендацыі.

— Людзі прывыкаюць да новай формы абслугоўвання, — заўважае Сяргей Лойка.- Магчыма, некаторым даспадобы стацыянарны ФАП, куды часам прыходзілі, проста каб пагаварыць. ФАП на колах па камплектацыі нічым не адрозніваецца ад стацыянарных. Разам са старастамі вёсак абмяркоўваем месцы прыпынку, каб людзям было зручна. Мяркуем рабіць некалькі прыпынкаў у вёсцы.

У Гродзенскай вобласці такія ФАПы пачалі раз'язджаць два гады таму. На Зэльвеншчыне падобны эксперымент стартаваў у канцы лістапада. Устаноўлена перасовачная амбулаторыя на аснове аўтобуса ПАЗ. Лесвіца зроблена такім чынам, каб было зручна заходзіць сталым людзям. У аўтобусе тры пакоі, у тым ліку працэдурны кабінет, ёсць кушэтка для тых, хто чакае сваёй чаргі.

Мабільны медыцынскі пункт абышоўся раённаму бюджэту ў 180 тысяч рублёў. Гэта нямала, але ён замяняе сем вясковых ФАПаў. Такая аптымізацыя, на думку яе аўтараў, дазволіць набыць сучаснае медыцынскае абсталяванне для камплектацыі цэнтральнай раённай бальніцы.

Дарэчы, ФАП на колах прадугледжвае выезды вузкіх спецыялістаў у рамках дыспансерызацыі насельніцтва. Згодна з графікам будуць вызначацца і катэгорыі насельніцтва. Пры неабходнасці прывязуць пераносны апарат для ультрагукавых даследаванняў.

— Магчыма, у рамках дыспансерызацыі ФАП і пульмаскан будуць ездзіць разам, і людзі змогуць прайсці медыцынскі агляд літаральна каля дома, што вельмі зручна, асабліва для сталых людзей, якіх цяпер большасць у вёсках, — адзначыў Сяргей Лойка. — Цяпер прыпынак доўжыцца ад трыццаці хвілін да паўтары гадзіны. Маршрут перасовачнага медыцынскага пункта будзем карэкціраваць. Не выключана, што ён будзе звязаны з прыездам аўтакрамы.

Пакуль новы медыцынскі комплекс не мае спецыяльных знакаў. Гэта проста белы аўтобус. Некаторыя жыхары часам блытаюць яго з аўталаўкай. Таму ў хуткім часе ён будзе пазначаны адпаведным лагатыпам, каб здалёк было відаць, што едзе медыцынская дапамога.

Маргарыта УШКЕВІЧ, фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзіцца на добраахвотнай аснове.