Вы тут

З анёлам-ахоўнікам, казачным Дзедам і новым аўтобусам


На свята адкрыцця галоўнай ёлкі Брэста сабралася шмат гараджан. Ішлі ў асноўным сем'ямі, не збаяліся нават дробнага дажджу, што імжыў з перапынкамі, нібы пасмейваючыся з удзельнікаў імпрэзы. Але да шасці вечара, калі праграма распачалася, дождж сцішыўся зусім, як і не было.


Свята пачалося з вясёлай, дынамічнай тэатралізаванай праграмы, галоўнай інтрыгай якой арганізатары зрабілі перамогу дабра над злом. Цёмныя сілы не давалі Дзеду Марозу са Снягуркай дабрацца на ёлку. Чаго толькі не прыдумвала пошасць, як не выварочваліся істоты ў чорных балахонах, але на ўсе іх кпіны і здзекі знаходзіўся адказ. З'явіўся велічны анёл-ахоўнік Брэста і разагнаў гэтых пачвар, зняў злыя чары — абудзіў ад сну Дзеда Мароза і Снягурку. Тэатральная дзея, якая разгортвалася з прымяненнем высокіх тэхналогій, склала цікавае відовішча. Усё трансліравалася на вялікі экран для зручнасці тых, хто стаяў далей ад сцэны. І калі казачны Дзед са сваёй чароўнай унучкай нарэшце вырваліся з лап злых чараўнікоў і пад заклікі вядучага заспяшаліся па вуліцы горада на брэсцкую ёлку, малы, што стаяў побач з намі, гучна прамовіў да сваіх бацькоў: «А чаму Дзядуля Мароз да нас не на аленях спяшаецца, а на «Яндэкс-таксі» едзе?». Але бацька знайшоўся: «Таму што снегу няма ў Брэсце, як жа ён на санях прыехаў бы? Спазніўся б, ёлку без яго не запалілі б».

І вось нарэшце героі дабраліся, анёл-ахоўнік са сваімі памагатымі закружыліся ў віхуры танцу ў знак перамогі светлага, чыстага над чорным і злым. Адпаведны настрой быў зададзены, і на сцэне — у белым — паявілася галоўная госця свята — заслужаная артыстка Рэспублікі Беларусь Ірына Дарафеева.

Разам са старшынёй гарвыканкама Аляксандрам РАГАЧУКОМ яна запаліла галоўную брэсцкую ёлку. Спявачка выканала некалькі хітоў, знаёмых і любімых для аўдыторыі.

Мэр горада цёпла павіншаваў гараджан і гасцей горада з надыходзячымі святамі, выказаў упэўненасць, што год будзе ўдалы для ўсіх нас. Кіраўнік Брэста асабліва падзякаваў медыкам, якія лечаць, будаўнікам, што ўпрыгожваюць і паляпшаюць горад, настаўнікам, работнікам вытворчай сферы — усім, хто штодня шчыруе на карысць горада і яго жыхароў.

Таксама ў гэты дзень непасрэдна каля ёлкі адбылася яшчэ адна знакавая падзея — прэзентацыя аўтобуса № 77. Гэта першы ў Брэсце гарадскі маршрут, які звяжа абласны цэнтр з горадам-спадарожнікам Жабінкай. Пры гэтым заехаць у райцэнтр можна за 70 капеек: менавіта столькі каштуе цяпер праезд у гарадскім транспарце Брэста. А нумар рэйса вызначалі галасаваннем. Раней мэр запусціў у сваім тэлеграм-канале апытанне з прапановай некалькіх нумароў. Напрыклад, ваша пакорная слуга галасавала за нумар 100 для згаданага аўтобуса. Але, як відаць, большасцю галасоў маршрут атрымаў нумар 77. І адправіўся ў Жабінку проста з-пад ёлкі, з галоўнай плошчы абласнога цэнтра пад гукі аркестра.

Сама ж ёлка запалілася каляровымі агнямі з пажаданнямі шчасця і дабрабыту ў новым годзе. Яны засвяціліся неонавымі літарамі на стужках, што абвіваюць навагоднюю прыгажуню. Было шмат музыкі і песень. Для ўсіх ахвотных была даступная фотазона з разнастайнымі інсталяцыямі, побач працавалі атракцыёны. Цяпер ёлка кожны вечар будзе радаваць наведвальнікаў святочнай праграмай.

Святлана ЯСКЕВІЧ

Фота Валерыя КАРАЛЯ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».