Вы тут

Новыя губернатар, міністр, старшыня камітэта: Прэзідэнт зрабіў кадравыя назначэнні


Адразу два новыя назначэнцы прыйшлі з Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання. Яго кіраўнік Іван Крупко стаў старшынёй Гомельскага абласнога выканаўчага камітэта, а адзін з яго намеснікаў, Аляксей Багданаў — міністрам антыманапольнага рэгулявання і гандлю. Сяргей Шлычкоў зойме пасаду старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях.


Пра тэхналогіі і характар байца

Прэзідэнт адзначае, што Сяргей Шлычкоў добра знаёмы з галіной, у якой давядзецца працаваць, для дзяржавы там галоўнае — вызначыць кірункі дзейнасці, дзяржаўныя праграмы, што вартыя падтрымкі і фінансавання, і кантраляваць іх выкананне.

«Вы, верагодна, ведаеце асноўныя недахопы ДКНТ. І праграмы ёсць, і грошы выдаткоўваюцца, магчыма мы нешта і ствараем, але значнага выніку я не бачу. Таму гэта ваша асноўная, зямная задача. Неабходна, каб было бачна, што грошы патрачаны і ёсць вынік», — акцэнтаваў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт заўважыў, што даўно назірае за працай Аляксея Багданава і адзначыў у яго шмат рыс добрага кіраўніка. На новай пасадзе прыйдзецца іх рэалізаваць і аддана працаваць. 

«Міністэрства вельмі складанае. Пры любых даследаваннях нашага грамадства людзі называюць праблемы, што ляжаць на вашым міністэрстве», — сказаў кіраўнік краіны.

Ён з асабістага вопыту падкрэсліў, што больш складанай эканомікі, чым у гандлі, няма. Таму арганізацыя гандлю і эканоміка — сферы хоць і цікавыя, але цяжкія.

«У савецкія часы было прасцей. Там цэнаўтварэнне было стабільнае. Зараз мы кінуліся ў рынак, людзі скардзяцца на рост цэн, высокую інфляцыю. Гэта сапраўды так. Рыначныя адносіны... Сёння мы зразумелі, што ніякіх рыначных адносін няма. Нам падкінулі гэтую ідэю з-за акіяна тыя, у каго шмат грошай», — мяркуе кіраўнік краіны.

Ён спадзяецца, што Аляксей Багданаў разбярэцца з усімі цяжкасцямі сферы. Дапамогуць яму калегі — заўважыў Аляксандр Лукашэнка, што ў гандлі шмат разумных людзей.

«Вы сам малады чалавек і не варта баяцца прыцягваць да сябе такіх жа маладых людзей, каб яны маглі быць вашай апорай. Ва ўсё не ўнікнеш, але тое элементарнае, што наверсе ў МАРГ вам трэба будзе ведаць», — дадаў Прэзідэнт.

Ён звярнуў увагу, што шмат праблем у сферы антыманапольнага рэгулявання — неабходна будзе выкарыстоўваць пэўныя рычагі, каб трымаць цэны ў прымальным дыяпазоне.

«У нас людзі не вельмі багатыя для таго, каб адпусціць цэны. Калі адпусціш цэны быццам бы яны павінны самі па сабе ўпасці. Нешта не падаюць. Колькі я назіраю, нідзе не падаюць. Асабліва ў постсавецкіх рэспубліках», — мяркуе Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт адзначае, што хацелася б, каб яму ўнеслі прапановы па стварэнні сістэмы цэнаўтварэння ў краіне. Па яго словах, добры вопыт у гэтым мае Расія. 

«Трэба стварыць сістэму. Яе пакуль няма, — канстатуе Прэзідэнт і заўважае, што спартыўная падрыхтоўка, характар (Аляксей Багданаў мае адукацыю трэнера-выкладчыка па традыцыйным каратэдо) дапамогуць міністру на новай пасадзе.

Губернатар для асаблівых людзей

Прызначаючы на пасаду старшыні аблвыканкама Івана Крупко Прэзідэнт адзначыў, што дапамогу ў рабоце на Гомельшчыне таму акажа віцэ-прэм’ер Юрый Назараў як ўпаўнаважаны Прэзідэнта па рэгіёне.

«Ён мне і многія іншыя рэкамендавалі Крупко, але яго словы былі апошнімі. Мяне падкупіла тое, што ён сказаў: „Я яму падстаўлю плячо ў прамысловасці“. У Гомелі вялікая прамысловасць», — акцэнтуе Аляксандр Лукашэнка. Паводле яго, Чарнобыльская катастрофа пазбавіла населеныя пункты Гомельскай вобласці жыхароў, якія могуць працаваць у прамысловасці. 

Прэзідэнт дадае, што ў вобласці ідзе аднаўленне старых нафтавых свідравін і здабычы з іх сыравіны. Кіраўнік краіны заўважае, што нейкую частку выгады ад нафтаздабычы, магчыма, трэба пакінуць і ў абласным бюджэце.

Аляксандр Лукашэнка сцвярджае, што праблемы сельскай гаспадаркі вобласці Іван Крупко ведае не горш за былога губернатара. 

«Там прыйдзецца вельмі жорстка падыходзіць да кадраў, сфарміраваць кадравы патэнцыял. Мы ні адзін раз на гэтую тэму размаўлялі. Вы адзначалі, што трэба фарміраваць наверсе, у губернатара кадравы склад кіраўніцтва. Тут вас ніхто абмяжоўваць не будзе, падбірайце людзей», — адзначае Аляксандр Лукашэнка.

Паабяцаў ён дапамагчы і ў стварэнні комплексаў. З месцам і кадрамі павінны вызначыцца самі.

Нагадвае Прэзідэнт аб праблеме падзяжу жывёлы, крадзеж. Ён ставіць задачу падключыць да гэтага разнастайныя праваахоўныя органы і заняцца пытаннем.

«Трэба навесці парадак у вобласці, разабрацца з севазваротамі, падключыць прамысловасць, гарады да пад’ёму сельскай гаспадаркі. Гэта будзе ваша задача, — рэзюмуе Аляксандр Лукашэнка і заўважае, што людзі на Гомельшчыне асаблівыя: «Мне Гомельшчына вельмі падабаецца і людзі там вельмі добрыя. Яны шмат нацярпеліся і неабходна ім дапамагчы».

Для міністра сельскай гаспадаркі прызначэнне на Гомельшчыну стала нечаканым, але Іван Крупко адзначае: на яго ўскладаецца вялікая адказнасць, павінен апраўдаць давер Прэзідэнта. У Гомельскай вобласці Іван Крупко раней не працаваў, але за два гады на пасадзе міністра пазнаёміўся з асаблівасцямі ўсіх рэгіёнаў краіны — адносінамі людзей да сваёй працы, перспектывамі развіцця. Ды і Прэзідэнт паставіў яму задачу — займацца на Гомельшчыне праблемамі АПК, удасканальваць тэхналогіі, стварыць вакол сябе каманду аднадумцаў для дасягнення мэтаў, займацца дзеючымі прамысловымі праектамі і распрацоўваць новыя.

Журналісты запыталі ў былога міністра, як ён можа ацаніць вынікі сваёй працы ў ведамстве?

«Асабліва сёння на слыху ўнутраны харчовы рынак, экспарт прадукцыі. Мы сёння бачым рэалізацыю прадуктаў харчавання ў больш чым 100 краін свету і даход на ўзроўні шасці мільярдаў. Гэта высокае дасягненне ўсяго міністэрства ў сумеснай рабоце з урадам», — адзначыў Іван Крупко.

Свайму будучаму пераемніку міністр пакідае план развіцця аграбізнесу на 2021-2025, які, ён спадзяецца, дасць эфект для галіны.

Іван Крупко падзяліўся, якія прыярытэты ён паставіць на губернатарскай пасадзе: «Павышэнне ўзроўню і якасці жыцця людзей. Гэта будзе асноўны прыярытэт маёй работы і каманды аднадумцаў».

Па словах новага губернатара, на сераду запланавана сустрэча з актывам Гомельшчыны і прадстаўленне кіраўніком краіны яго на гэтай пасадзе.

Аляксей Багданаў на пасадзе намесніка міністра курыраваў знешнеэканамічную дзейнасць, перапрацоўчую прамысловасць, забеспячэнне ўнутранага рынку. 

«На гэта я глядзеў з пункту гледжання вытворцы: як забяспечыць рэнтабельнасць вытворчасці, выхад прадукцыі з тоны сыравіны, пашырыць асартымент прадукцыі, прасунуць яе на ўнутраны і знешні рынкі, забяспечыць прысутнасць на паліцах, маркетынг», — кажа Аляксей Багданаў і заўважае, што на пасадзе кіраўніка міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю прыйдзецца засяродзіць увагу на праблемах вытворцаў з іншага боку.

Ён сцвярджае, што Прэзідэнт паставіў задачу — забяспечыць інтарэсы звычайнага чалавека, каб ён атрымаў шырокі асартымент якаснай, айчыннай прадукцыі па адэкватных коштах.

«У свеце кошты растуць. Мы іх не можам спыніць, але адрэгуляваць цэнаўтварэнне на ўнутраным рынку — наш абавязак. Мы за гэтым будзем сачыць», — заяўляе міністр.

На новай пасадзе яму прыйдзецца, заўважае ён, знаходзіць баланс інтарэсаў спажыўца і вытворцаў, каб пакупнікі маглі купіць тавар на выгадных коштах, а кампаніі зарабляць грошы і ўкладаць іх у новую інфраструктуру.

Для кіраўніка падраздзяленне навукі і інавацыйнага развіцця Апарата Саўміна Сяргея Шлычкова поле дзейнасці ў дзяржаўным камітэце не новае. Да таго ж, дадае суразмоўца, і Прэзідэнт паставіў дакладныя задачы — дабіцца эфекту ад навуковых даследаванняў, распрацовак і інавацыйнай дзейнасці.

Марыя ДАДАЛКА

Фота БелТА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».