Вы тут

Як даглядаць архідэю зімой


Догляд за цеплалюбівымі прыгажунямі-архідэямі зімой значна адрозніваецца ад трымання гэтых раслін у любую іншую пару года. Нюансы вырошчвання кветак абумоўлены іх біялагічнымі асаблівасцямі (большасць архідэй зімой «упадае ў спячку») і пэўным мікракліматам, які стварыўся ў дамах і кватэрах у гэты перыяд.


Што дзіўна, сярод хатніх архідэй сустракаецца нямала відаў, якія зацвітаюць менавіта ў снежні. Для таго каб кветкі былі буйнымі і здаровымі, раслінам трэба шмат святла. Як правіла, архідэя мае патрэбу ў 12-гадзінным светлавым дні — таму ў снежні кветкі трэба працягваць дадаткова асвятляць.

У снежні ўсе архідэі павінны атрымліваць мінімум угнаенняў. Паліваць расліны таксама трэба нячаста. Затое апырскванне кветкі вельмі чакаюць: выконваць яго трэба каля трох разоў на дзень. Каб павысіць вільготнасць паветра, вазоны з архідэямі можна паставіць у неглыбокія ёмістасці з вільготнай галькай. Карані расліны пры гэтым не павінны знаходзіцца ў вадзе — гэта можа прывесці да іх загнівання.

У студзені большасць архідэй знаходзіцца ў стане спакою. Гэта значыць, што яны на нейкі час спыняюць рост і маюць не такую моцную патрэбу ў добрым асвятленні, павышанай тэмпературы, частым паліве і падкормках. Але гэтак не ва ўсіх архідэй, паколькі ёсць і такія экзэмпляры, якія ў студзені якраз пачынаюць цвісці або закладваць кветкавыя пупышкі.

У цэлым, галоўнае правіла па доглядзе за эпіфітамі ў студзені — паліў і падкормкі варта праводзіць не больш за адзін раз. А тыя архідэі, у якіх перыяд спакою выразны (напрыклад, некаторыя віды дэндрабіуму), і зусім паліваць не варта.

Што да апырскванняў, то іх частата залежыць ад тэмпературы паветра: чым цяплей, тым часцей. Зімой такую працэдуру лепш праводзіць у другой палове дня. Пры гэтым вельмі важна сачыць, каб вільгаць не пападала ў пазухі лісця і не затрымлівалася там.

Ва ўмовах, калі ацяпляльныя прыборы добра абаграваюць памяшканне, а цыркуляцыя паветра адсутнічае, архідэя можа захварэць. Таму ў пакой заўсёды павінен паступаць прыток свежага паветра.

Начная тэмпература ўтрымання для цеплалюбівых архідэй не павінна апускацца ніжэй за 18 °С, а для холадаўстойлівых — ніжэй за 8 °С.

У апошнім месяцы зімы многія архідэі пачынаюць цвісці. Нягледзячы на гэта, догляд за раслінамі ў лютым амаль не адрозніваецца ад догляду ў студзені. Аднак з павелічэннем светлавога дня некаторыя архідэі ўжо выходзяць з «зімовай спячкі», і ў іх пачынаецца новы вегетацыйны перыяд.

З канца лютага трэба паступова пачынаць павялічваць інтэнсіўнасць паліву і ўнясення ўгнаенняў. У сонечныя дні пакой, дзе растуць архідэі, трэба праветрываць. Гэта не проста адзін са складнікаў добрага догляду, але і прафілактыка грыбковых і бактэрыяльных захворванняў.

Таксама люты — прыдатны месяц, каб заняцца перасадкай архідэі. Асобінам, якім ужо цесна ў старых вазонах, трэба падабраць больш прасторную пасудзіну. Некаторыя архідэі маюць патрэбу ў замене субстрата.

Перасадка

Спачатку трэба падрыхтаваць ёмістасці. Можна нават выкарыстоўваць абрэзаныя пластыкавыя бутэлькі (не забудзьцеся аплавіць край, каб ён не быў вострым).

У дне бутэлек гарачым нажом ці прутком абавязкова трэба зрабіць адтуліны.

На дно насыпаюць крыху керамзіту, астатняе запаўняюць карой дуба або сасны (можна купіць гатовы грунт для архідэй).

Пры перасадцы неабходна размеркаваць карані да бакоў. Карані архідэй удзельнічаюць у фотасінтэзе, менавіта таму ёмістасць для вырошчвання павінна быць празрыстай. Гэты прыём дапаможа і кантраляваць неабходнасць палівання: сухія карані, як правіла, светлыя.

Пасля перасадкі паліваюць архідэю толькі праз тры дні.

Паліў

Для паліву гаршчок змяшчаюць у міску з вадой, адтуль жа яе чэрпаюць і паліваюць па краі кантэйнера. Калі вада трапіла ў пазухі лісця, варта прасушыць расліну папяровай сурвэткай.

Калі з нейкай прычыны вы падсушылі архідэю, то ні ў якім разе не залівайце яе вадой. Дайце ёй часты, але ўмераны паліў.

У сярэднім архідэі паліваюць раз на тыдзень. Найбольш часты паліў можа спатрэбіцца кветкам, якія стаяць на падаконніку над батарэяй.

Ірына ТАМКОВІЧ

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.